Сачыненне на вольную тэму: Вучэб. дапаможнік
Шрифт:
«Розум спераду» — здольнасць усвядоміць важнасць ці марнасць справы ў свой час і адпаведна да гэтага паставіцца, спрычыніцца, а не тады, калі вярнуць час і змяніць нешта ўжо немагчыма. Такая здольнасць і ёсць найвялікшая мудрасць, ад якой і залежыць шчасце чалавека.
«Усяму свой час, — сцвярджаецца ў Бібліі. — Час нараджацца і час паміраць, час плакаць і час весяліцца, час раскідаць камяні і час збіраць камяні…».
Добра, калі ўсё прыходзіць у сваім часе. Нават самае жаданае, самае галоўнае і добрае, калі яно прыйдзе не ў сваім часе, можа абярнуцца злом і бядой, скончыцца трагічна. «У багатага селяніна Жука, без пары нарадзіўшы малое, памерла нявестка…» — так пачынаецца апавяданне Я. Брыля «Марыля» — гісторыя адной загубленай душы. I яблыня, што зацвіла без пары, таксама абавязкова загіне. I грымотныя навальніцы ў маі, чэрвені — ачышчальныя і гаючыя, а ў лютым — знак бяды. Пра стваральную сілу пары і разбуральную сілу таго, што прыйшло не ў сваім часе, выдатна сказаў А. Вярцінскі: «Есці з голаду, жаніцца змоладу — іначай вы ні к сялу ні к гораду».
Афарыстычна, вобразна, вычарпальна пра час, яго выявы, адметнасці сказау Кандрат Крапіва ў апавяданні «Мой сусед»: «Ёсць час наш і час даўнейшы, час залаты і час пракляты. Час даўнейшы і час кароткі. Адзін у свой час быў вялікім чалавекам, у нашы часы нічога не варт. Другі стаў бы вялікім чалавекам, але ён не мае часу, каб заняцца сваёю вялікаю справаю…»
Час залаты — час раўнавагі, гармоніі, згоды і ў прыродзе, і ў народзе. Гэта час панавання дабра, людскасці. Час у многім залежыць ад асобы, якая здольна разумна ім распарадзіцца, скарыстаць яго. Веліч гістарычнай асобы і вызначаецца яе здольнасцю ўплываць на час, як тое сцвярджае М. Гусоўскі ў «Песні пра зубра»:
Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы Росквітам княства Літоўскага, нашага краю, I называюць той век залатым.Залаты час княжання Вітаўта прыклад, навука нам, што і сёння, калі хочам «людзьмі звацца», заняць «свой пачэсны пасад між народамі», жыць годна, а не пакутаваць і не смяшыць свет, трэба «перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна» ставіць «багацце духоўнае — злата дзяржавы».
«Час пракляты» — час, калі «дабро і зло ў аднолькай мерцы». Яшчэ страшней, калі «няпраўда праўду акілзала і едзе людскасці на спіне», як вобразна сказаў пра выявы «праклятага часу» Янка Купала. I гора таму, каму наканавана жыць у такі час і ў такіх абставінах… Хведар Роўба, герой аповесці В. Быкава «Аблава», з адчаем і скрухай усвядоміў увесь трагізм свайго становішча: «Пракляты лёс, які наканаваў яму ў такі час нарадзіцца селянінам».
Што залежыць ад няшчасных, якім наканавана жыць у такі «пракляты» час? Што ім застаецца? Толькі пакутаваць, толькі цярпець і з адчаем глядзець у неба: «За што?!» Дарэчы, пошукі адказу на гэтае пытанне былі асабліва цяжкімі і пакутлівымі і для Хведара Роўбы. Пракляты час і самыя трагічныя моманты яго жыцця сталі тым люстэркам, у якім ён убачыў сябе і ўласную віну за сваю трагедыю. I віна тая была не толькі ў тым, што слепа верыў новаму і нязнанаму, што не працівіўся жудаснай машыне (ёй якраз ён супрацьстаяць і не мог), а ў тым, што не змагаўся хаця б за душу свайго сына. На яго вачах і пры яго маўклівай нязгодзе руйнавалася, вынішчалася вера і сумленне ў душы сына. А ён нічога не рабіў для таго, каб уратаваць яго душу. Супакойваў сябе і глушыў трывогу развагамі, што, можа, «цяпер так і трэба», што ніякай шкоды, як і карысці, ад выкінутых абразоў нікому не было. Калі ж сын адрынуў веру бацькоў, а потым і пераступіў цераз сябра, заявіўшы, што «камсамол такіх ашуканцаў сцірае ў парашок», Хведар разважаў: «Малое — дурное, падрасце — паразумнее». Падрос, «паразумнеў», і сцёр у парашок не толькі сябра — бацьку роднага загнаў у Багавізну, узначаліўшы аблаву на яго.
На жаль, не кожны здольны тут і цяпер убачыць, што будзе потым, якімі будуць наступствы яго цяперашніх слоў і дзеянняў ці, наадварот — маўчання і пакоры. Народная мудрасць сцвярджае: час пакажа, час усё рассудзіць; час — найлепшы лекар. I сапраўды, тое, што чалавек лічыць самым галоўным і важным у дадзены момант, дзеля чаго высільваецца, з цягам часу можа стаць мізэрным, дробязным, не вартым увагі. Тое, што сёння цешыць і радуе, у будучым можа стаць прычынай трагедыі; тое, што засмучае, праз нейкі час прыгадаецца з усмешкай, а можа нават і выйсці на дабро. Нездарма ж у народзе кажуць: няма таго ліхога, каб не вынікла на добрае.
Ёсць у народзе яшчэ адна мудрая перасцярога: ніколі не гавары «ніколі». Чалавек да пары да часу — таямніца, загадка не толькі для іншых, але найперш для самога сябе. Ён не можа сёння гарантаваць менавіта такія, а не іншыя паводзіны ў экстрэмальнай сітуацыі, якая здарыцца заўтра.
Паводзіны чалавека ў сітуацыі выбару і ў час пік — люстэрка, у якім ён бачыць нарэшце бервяно ў воку сваім, як некалі бачыў сучок у воку брата свайго. I толькі ў такі час і ў такой сітуацыі адкрываецца чалавеку ўся глыбіня і мудрасць аднаго з законаў вечнасці: не судзі!
Якія высновы, здабыткі, урокі вынесе чалавек, убачыўшы сябе ў люстэрку, — залежыць зноў жа толькі ад яго самога. Іншага, на жаль, і ўбачаная ў люстэрку ўласная выява не мяняе да лепшага. Быкаўскі герой Сурвіла з апавядання «Жоўты пясочак» так і памірае з цвёрдым перакананнем у сваёй выключнасці і невінаватасці.
Высокае неба ідэала ззяе над тым, хто ўстаў і ідзе, хто, адмаўляючы, сцвярджае, хто пераглядае каштоўнасці ўласнай душы, хто сумняваецца. Каго вучыць і мяняе да лепшага час, — тая душа жыве!
Чалавеку не дадзена ведаць, што будзе заўтра, але ад чалавека ў многім залежыць, якім яно будзе. Памяць пра будучыню — самая мудрая памяць чалавека.
«Мінулае вучыць нас, як жыць сёння» (1) (Ян Баршчэўскі)
Найбольшае зло ў нашым жыцці — спрадвечнае наша бяспамяцтва.
В. Быкаў.
Ёсць старая, як свет, ісціна: мінулае павінна вучыць нас, як жыць сёння. I хто гэтага не ўсведамляе, асуджаны на нябыт. Пароль неўміручасці, гарантыя і падмурак будучага — памяць пра мінулае, веданне яго. Галоўны герой рамана М. Зарэцкага «Вязьмо» Сымон Карызна так усведамляе свой крах і трагедыю: «Няма мінулага ў мяне… разумееш? Будучыня — глупства, а галоўнае — мінулае… Звычайна кажуць іначай, а ў мяне, наадварот, акурат так… Няма на што абаперціся, каб ступіць у будучыню… Няма падставы, як кажуць, будучыні…»
«Знішчыць нашы ўсе сляды, каб не ведалі і ўнукі, хто такія іх дзяды» — такі «вір ашукі» ўсіх заваёўнікаў, што ішлі «мілы край наш зваяваць» (Якуб Колас). Любая таталітарная сістэма таксама ставіць на мэце «нашы скарбы апаганіць, душу вынесці на здзек». I вынішчэнне душы найперш пачынае з вынішчэння памяці народа, з разрыву самых моцных повязяў паміж вякамі і пакаленнямі.
«Хто згубіў памяць — згубіў усё», — папярэджвае нас У. Караткевіч. Даследчыкі сівой мінуўшчыны бачаць сваё прызначэнне, паводле слоў Караткевіча, у тым, каб нанава ствараць свой народ, у якога некалі, адбіраючы яго край, разбураючы яго гнёзды, адабралі і памяць. Памяць пра мінулае ёсць памяць пра будучыню.
«На гістарычных сюжэтах я стварыў сваю матрыцу будучага… Кожны гістарычны сюжэт — гэта адкрытая размова з сучаснікам» — так пра сваё пісьменніцкае крэда сказаў сам У. Караткевіч. Ён «размаўляе» з намі пра многае. Яго кнігі — гэта кнігі не толькі і не столькі пра паўстанні, войны, змаганні, колькі кнігі пра годнасць і гонар, «о подвигах, о доблести, о славе», пра тое, што трэба жыць не прыніжаючы і не прыніжаючыся.
Мінулае ў кнігах У. Караткевіча вучыць нас, што гонар і годнасць чалавека ў тым, «каб быць незалежным з моцнымі, роўным з роўнымі, памяркоўным для ніжэйшых. У тым, каб быць добрым для жанчын, дзяцей, слабых, пераможаных. У тым, каб быць літасцівым да звяроў…».
Разам з Алесем Загорскім, героем рамана «Каласы пад сярпом тваім», і мы ўсведамляем, што ёсць самае страшнае, «страшней за чуму, вайну, страшней за ўсё на свеце». Гэта — няволя, прыгон, бо яго выявай з'яўляецца рабская псіхалогія, а не толькі галеча і фізічнае вынішчэнне народа. Духоўнае вынішчэнне намнога страшнейшае. Не ўсведамляць гэта — знішчыць будучыню, бо «ў рукі галодных беднякоў будуць аддадзены ворагі ўсіх краін, бо прыніжаны будуць самыя магутныя». I адданне тое і прыніжэнне заўсёды адбываецца з «сякерай пры дрэве».