Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
Так, лес дае жыццё. Аднаго разу наш класны настаўнік сказаў: «Лес — добры доктар». Мы здзівіліся. Некаторыя нават запярэчылі: «Доктар лечыць. А лес хіба ўмее лячыць?»
І тады настаўнік пастараўся даказаць нам, што ўмее. У чалавека, які ўвайшоў у лес, зніжаецца частата пульсу. Чалавек супакойваецца, яму дыхаецца лягчэй. Лес ачышчае паветра ад пылу, дыму, паслабляе сілу ветру. У сонечныя дні адзін гектар лесу паглынае з паветра 220–280 кілаграмаў вуглякіслага газу, выдзяляе 180–220 кілаграмаў кіслароду.
Тады, калі настаўнік расказваў, я не задумваўся. Выдзяляе? Ачышчае? Ну і што? Лесу ў нас хапае. Прыкладна так разважаў. Відаць, гэтак жа і на планеце Сіз разважалі. Не думалі, не задумваліся, як і я, як і Васіль, як і многія іншыя.
Лесу ў нас хапае… Ен быў і будзе. Як чаравікі, якія купляе тата, як кнігі, якія даюць нам у школе, як бліны, якія пячэ мама, як фільмы, якія глядзім па тэлевізары… Быў і будзе. Дык навошта ж думаць…
…Лес — добры доктар. Лес вылечыць, выратуе. Чаму Піліп Макаравіч не хоча ляцець на планету Сіз, чаму не пагаджаецца пасеяць там лес? Няўжо баіцца? Сакс адкрыў сэрца. А ён?.. Мне здалося, што ён такі добры…
— На планеце Сіз людзі гінуць. На цэлай планеце! — вырвалася з маёй душы. — А вы насенне шкадуеце? Дайце Саксу. Ен і без вас пасее.
Піліп Макаравіч дакрануўся далонню да маёй галавы. Відаць, хацеў пагладзіць мой непадатлівы віхор. Я рэзка павярнуўся.
— Антон, непрыгожа так. Чаго ты крычыш? Не праверыўшы, я не маю права сеяць насенне. Што, калі планета Сіз зарасце непралазнымі джунглямі? Сем раз адмерай, а адзін раз адрэж.
На маіх вачах выступілі слёзы.
— Ніхто ніколі не дапаможа людзям планеты Сіз?
— Я думаў пра гэта, калі вы з Саксам размаўлялі. Усё-ткі злятаю я на тую планету. Пагляджу на ўсё сваімі вачыма. Магчыма, нешта прыйдзе ў галаву.
Сакс адразу павесялеў.
— Я верыў, што вы дапаможаце. Верыў. Толькі з валадаром Карпам не раю сустракацца. У ланцугі закуе.
— Там пабачым, — сказаў Піліп Макаравіч. — Сакс, дапамажы прынесці палатку. Цяпер жа паляцім. Адклад не йдзе ў лад.
— А мы? — пытаецца Васіль.
— Вы дамоў. На адной назе. Зразумела? І каб пра планету Сіз нікому ні слова. Вярнуся на Зямлю — сам пра ўсё раскажу. Цяпер не падымайце панікі.
У «Альбатросе»
Піліп Макаравіч і Сакс схаваліся ў лесе. Я павярнуўся да Васіля.
— Дамоў?
Васіль аж падскочыў.
— На паўдарозе спыняцца? І мы паляцім на планету Сіз.
Шчыра прызнаюся, не хацелася мне ляцець за свет, на планету Сіз. Мне нават на адзін дзень не хочацца расставацца з татам, з мамай, з рэчкай, з лугам, з лесам. Відаць, я нарадзіўся такім. Бывае, разам з аднакласнікамі паедзеш на экскурсію. На душы самотна, тужліва… А тут? Усё кінуць-рынуць і ляцець, нікога не папярэдзіўшы? Зарупіла ж Васілю! Быццам птушцы, якая ў вырай ляціць. Вось упарты. Яму цяпер хоць кол на галаве чашы.
— Васіль, не возьме нас Піліп Макаравіч на планету Сіз. Выкінь з галавы.
— А мы залезем і схаваемся. Самі нас завязуць. Во дае! Схаваемся… Залезем… Быццам на воз. Не, даражэнькі. Гэта лятальны апарат. Тут і шчылінкі не знойдзеш, каб пралезці.
— Як ты залезеш? — запярэчыў я. — Дзе дзверцы? Скажаш магічнае слова, і адчыняцца? Так толькі ў казках бывае.
А Васіль пазірае на «Альбатрос», што на цукерку. Бачыць карова, што ў стозе салома. Не адыдзецца. Яго і за вушы не адцягнеш. Што ж зрабіць?
— Васіль, выкінь глупства з галавы. Дзверцаў няма.
— Знойдзем дзверцы. Павінны быць. Падышоў да «Альбатроса» і пачаў пальцамі стукаць, нібы дзяцел дзюбай.
Ага, дзверцы шукае. Лезе, як певень на плот. Ну і шукай, пакуль не надакучыць.
Я лёг на траву, выцягнуўся на ўвесь рост. Сонца свеціць, птушкі ў кустах шчабечуць, цвіркаюць. Добра! Можна і задрамаць. Думаеце, што задрамаў? Дзе там! Чую:
— Антон, сюды ідзі.
Вось упарты! З такім задрэмлеш! Хутка, мабыць, зусім перастану спаць. І што ён там выпараў?
— Чаго? — азваўся я.
— Антон, тут кнопка. Знайшоў.
Я ўскочыў на ногі, падышоў да Васіля.
— Дзе кнопка? У цябе на носе? Васіль анічуць не пакрыўдзіўся.
— Вось тут. Глядзі.
На жоўтай паверхні «Альбатроса» я ўбачыў белаватую плямінку велічынёю з дажджынку-кропельку. «Трэба мець вочы як у арла, каб заўважыць яе», — падумалася.
— Антон, бачыш кнопку?
— Па-твойму, гэтая плямінка і ёсць кнопка?
— Канешне, кнопка. Магу пайсці ў заклад. Хоць на тысячу рублёў. Хоць на дзесяць тысяч.
Дзівак! На дзесяць тысяч рублёў. Дзесяць тысяч ён і ў вочы не бачыў. Што ж, язык без касцей.
— Антон, я зараз націсну на кнопку. Далей адыдзіся. Што, калі дзверцамі па лбе табе стукне? Невядома, як яны адчыняюцца.
Я паспрабаваў спыніць сябра:
— Васіль, а раптам лятальны апарат узляціць, калі ты на кнопку націснеш?
— Не ўзляціць, — упэўнена прагаварыў Васіль. Я адступіўся назад.
— Націскай.
Мой сябрук выцягнуў руку, прыжмурыўся і націснуў на кнопку. Нячутна ўбок адчыніліся дзверцы, плаўна апусцілася невялікая лесвіца.
Васіль ступіў на прыступку.
— Антон, за мною.
Я стаяў, пазіраючы на яго. Неяк не верылася, што дзверцы адчыніліся, што праз хвіліну мы будзем у «Альбатросе».
— Баішся? — крыкнуў Васіль. — Нядаўна Піліпа Макаравіча папракаў. На словах адно, а на справе другое? Баішся? Га?
Баішся… Крануў за балючае месца. Пабачым, хто з нас спалохаецца. А, было не было. Я штурхнуў Васіля.
— Лезь! Чаго стаіш?
Калі б мне цяпер сказалі: «Антон, адзін ляці на край свету». Паляцеў бы не задумаўшыся.
Вось так мы з Васілём апынуліся ў «Альбатросе». Скажу вам, някепска было б тут, калі б крыху пасядзець, паўзірацца, як на экскурсіі. Жоўтыя сцены. З аднаго боку намаляваны квітнеючы сад, з другога — нейкая рагатая пачвара, падобная на чорта. Кнопкі, рычажкі, колцы… Паўз сцены цягнуцца доўгія металічныя лаўкі. На адной лаўцы — чорныя накідкі. Яшчэ я заўважыў дзверы. Відаць, «Альбатрос» падзяляўся на некалькі адсекаў. Аднекуль, ці то са столі, ці то з падлогі (паспрабуй здагадайся, дзе ў лятальным апараце, круглым, як кола, столь і падлога) лілося мяккае святло.