Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
Тое дорага, што нялёгка даецца
Вось так і жылі мы ў тую восень. Сумаваць не было калі. Хутка ляцелі дзянькі. А яшчэ ў нас нарадзіліся трусяняты. Мы вельмі баяліся, што яны замерзнуць, бо начамі лужыны ўжо пачало зацягваць лядком. Але трусяняты не замерзлі. У іх прарэзаліся вочкі, яны пакрыліся цёплай поўсцю і хутка маленькімі белымі клубочкамі бегалі па клетках.
Неяк Мікалай Аляксандравіч сабраў нас на лінейку і аб'явіў, што мы — гэта значыць Ігар, Дзяніс, Косця, Рая і я — узнагароджваемся за добрую працу.
Мы думалі, што нам дадуць граматы ці кніжкі, і таму вельмі здзівіліся, калі Вольга Пятроўна прынесла пяць маленькіх трусянят.
— Гэта вам, — сказала яна. І, усміхнуўшыся, дадала: — Толькі не забывайцеся, што і ў школе ёсць трусы.
Вось як незвычайна нас узнагародзілі.
Я ішоў дамоў і туліў да грудзей маленькае трусяня. Яно было для мяне самай дарагой узнагародай.
Тое дорага, што нялёгка даецца. Ці не ўпершыню я зразумеў гэта. А за мной бег Андрэй Скварцоў і ўсё прасіў:
— Можна, я паднясу? Дай, калі ласка.
— Трэба заслужыць, — з гонарам адказваў я.
Мы ўжо падыходзілі да майго дома. Андрэй спыніў мяне.
— Максім, а ты ведаеш, чаму вашы трусы на балота ўцяклі? Я іх выпусціў. Морквы ім прыносіў, а дзверы не зачыніў, забыўся. Потым успомніў, калі вы трусоў у малых забіралі. Максім, ты не будзеш на мяне сварыцца?
За што сварыцца? Хіба ён, Андрэй, знарок трусоў выпусціў? Са мною таксама ўсялякае здаралася.
— Бяры. — Я працягнуў Андрэю трусяня. — Крыху паднясі. У цябе яшчэ ўсё наперадзе. Паразумнееш.
Андрэй узяў трусяня, і мы пайшлі далей.