ЖАНРЫ

Скарб Загорскай камяніцы

Водоносов Николай Михайлович

Шрифт:

Гэлька спынілася, яна ледзьве здыхвалася. Твар яе быў аж чырвоны, буйныя кроплі поту выступілі на дзіўна бледным ілбе.

— Во, гад! Хто б думаў… Будзе ім скора ўсім крышка… Дзякуй табе, Коля, — загаварыла яна. — Гэта ж каб не ты… — голас яе ўздрыгнуў, і яна змоўкла. Міколу падалося, што Гэлька плача.

— Я адразу яго заўважыў і пабег… — Яму хацелася суцешыць яе, нагаварыць многа харошых слоў, але іх не было. І ён дадаў весела: — Гэта ж я Сняжка навучыў на свіст бегчы, цукар даваў, хлеб…

Яны зноў ішлі — бо Мікола злез з каня — па дарозе і размаўлялі. Так і апынуліся каля сельсавета.

Тупік быў у сваім пакоі, перабіраў нейкія паперы. Убачыўшы іх узрушаныя твары, ён адразу зразумеў, што нешта здарылася, і ўстаў.

— Ці не гнаўся хто за вамі? — кінуўся ён да Гэлькі, якая выцірала хусткай узмакрэлы твар.

— Іменна — гнаўся… Зыгмусь… Мікола от мяне выручыў.

— Ён тады за мной пабег, аж на луг выскачыў,— уставіў Мікола. — Вялікі нож у руцэ трымаў…

— Ах, вось як загаварыў! Тады… — Тупік на хвіліну задумаўся, ускінуў галаву. — Зробім на хутары засаду. А ты, — звярнуўся да Гэлькі,— заначуеш тут, у маім пакоі… І ты, Мікола, пачакай, пойдзем разам.

Успомніўшы, што Алесь там адзін у рацэ рыбу ловіць, Мікола сказаў:

— Мне няма калі чакаць, ён можа і Алеся… нажом. Крычаў жа — разведчыкі!

— А дзе твой Алесь?

— У рэчцы рыбу ловіць.

— То паехалі. Хутчэй!

І яны выйшлі на падворак, дзе Сняжок, пакінуты без прывязі, скуб траву.

У засадзе

Счакаўшы яшчэ з гадзіну, Алесь схапіў аберуч таптуху, уздзеў яе краем дужкі на галаву і пашыбаваў дадому. Ён ішоў і губляўся ў здагадках — што ж там магло здарыцца з Міколам? За кім ён пабег? І чаму так доўга не вяртаецца?

Толькі цяпер тая трывога, якую, мабыць, Мікола адчуў адразу, перадалася і Алесю, усялілася ў яго сэрца. Ён ужо шкадаваў, што яны не пабеглі разам. Удвух яно было б куды як смялей і зручней, удвух ім заўсёды добра… А сёння ж яны яшчэ дамовіліся разам кнігу чытаць. Дзіўная тая кніга! Ні пачатку ў ёй, ні канца — лісткі навырываныя. А пра такія страхоцці ў ёй гаворыцца, што проста дух займае. Іншым разам, начытаўшыся той кнігі, страшна вечарам і на двор выйсці. Мікола от толькі нічому не верыць, кажа, што няпраўда ўсё тое, што ў кнізе напісана, у жыцці так не бывае. А якое яно яшчэ было ў іх, тое жыццё? Адным словам, малыя былі…

— Чаму ты адзін? — спытала ў Алеся Мар'я, калі той, скінуўшы таптуху адразу каля веснічак і зняўшы з пляча торбу з рыбай, хацеў быў прайсці у хату. — А дзе ж мой Коля?

Да такога пытання Алесь яўна быў не гатоў.

— Ён… у бярэзнік пабег, скора будзе, — не ведаючы, як усё растлумачыць, проста першае, што прыйшло ў голаў, сказаў Алесь, надаўшы пры гэтым голасу абыякавасць.

— Чаго гэта ён пабег у бярэзнік? — яшчэ больш насцярожана запыталася Мар'я, і па яе дробным, хударлявым твары прабег цень трывогі.

— А хто яго ведае… Нешта крыкнуў і пабег. Тут падышла і Міроніха ў сукенцы з закасанымі па локці рукавамі, з бруднымі — у зямлі — рукамі, якія яна неяк смешна адтапырыла ў бакі, быццам то былі крыллі і яна збіралася ўзляцець. Яна ўзяла ў Алеся торбу, узважыла ў руцэ, памацала другой рукою мянькоў і сказала:

— Нешта мала сёння вы натапталі…

— Я адзін таптаў,— прызнаўся Алесь, і яму давялося расказаць усё як ёсць.

— А божачка! А чаго ж ён пабег немаведама за кім? — пляснула далонямі Мар'я. — А трэба ж зараз ісці ды шукаць яго, хаця б чаго не здарылася…

Міроніха яе супакоіла:

— Што там магло здарыцца? Можа, дзе белку ганяець, яны гэтакія — абы-чым заняцца.

— Ой, не кажы, Клавачка, мой Коля попусту час не бавіць, ён парадак любіць… Трэба ісці шукаць! — стаяла на сваім Мар'я, яна адразу і пайшла, але яе спынілі.

— Чакай ужо, разам пойдзем, толькі вось рукі спаласну, — Міроніха завіхнулася да сянец, прынесла конаўку вады і збольшага абліла, памыла рукі, выцерла аб зашмальцаваную на жываце сукенку, і яны рушылі былі ўжо за веснічкі, як убачылі, што ад рэчкі, ведучы Сняжка за повад, ішоў паперадзе Мікола, а далекавата ззаду за канём крочыў Тупік.

— Так і ёсць! Нешта здарылася, — зноў пляснула далонямі Мар'я і пабегла насустрач, але на паўдарозе спынілася, пачакала і вярнулася разам з сынам, заклапочаная і строгая: нешта ж ёй Мікола сказаў такое, што азмрочыла яе твар.

— Вось бачыш, Алесь твой дома ўжо, — паказваючы на Алеся бізуном-пляцёнкай, весела сказаў Тупік, падыходзячы да іх і прыпадаючы на нагу. — Шмат рыбы налавіў?

— Ды ўсяго кіло са два, — сказала за сына Міроніха. — А што, скажыце, у вас там здарылася такое, што вы ўдвух ідзяцё, га?

— Сустрэў во па дарозе, — цяпер Тупік паказаў на Міколу і перавёў гамонку на другое: — Ці не будзе ў вас халодненькай, крынічнай глынуць, а то нешта рот абсмяжыла, хоць салёнага і не еў, здаецца, — усміхнуўся, выцер сасмяглыя вусны, і ад гэтай просьбы, ад добрага настрою, ад спакойнага голасу ўсе адразу супакоіліся, быццам нічога і не здарылася.

Алесь прынёс з сянец тую ж медную конаўку вады, і Тупік асушыў яе да дна, нават і кропелькі палічыў. Аддаў Алесю конаўку і звярнуўся да жанчын: — Трэба мне ў вас тут гаспадарку агледзець, абору, млын… Можа, што і ў калгасе спатрэбіцца, трыер там які…

Ён пусціў каня ў сад пасвіцца, а сам і праўда пайшоў адразу да млына.

— Хадзем, Клаўдзя, даполем твае грады, а то гэтыя непаседы толькі з работы зрываюць, — сказала Мар'я. Па ёй відаць было, што яна ўжо ведае, чаму так доўга не было Міколы і чаму ён прыйшоў з Тупікам. Ды Клаўдзя не такая дапытлівая, каб назаляць сваімі пытаннямі, у яе і свайго клопату хапае. Толькі махнула рукою:

— Хадзем…

Калі хлопцы засталіся адны, Мікола ціха сказаў:

— От добра, што я пабег!.. Гэта ж такое магло здарыцца, нават не верыцца цяпер…

— Што? Што магло здарыцца? — аж падаўся да сябра Алесь, з нецярпеннем чакаючы адказу. Тут Мікола і расказаў Алесю ўсё, што з ім здарылася ў лесе, ніколечкі не прыбаўляючы, не перабольшваючы. Алесь і так толькі войкаў ды аберуч хапаўся за галаву.

— Што цяперака будзе! — пабедаваў ён. — Ён можа наш хутар спаліць…

— Не спаліць, Тупік тут пільнаваць яго будзе, засаду на яго зробіць.

— Якую засаду?

— Звычайную. Засядзе куды-небудзь у патаемнае месца і будзе чакаць…

Поделиться с друзьями: