Скарб Загорскай камяніцы
Шрифт:
Ды кожная таямніца вечна існаваць не можа, рана ці позна тайнае становіцца яўным…
У гэты дзень — а ён быў якраз нядзельны — Панас прачнуўся позна: шнуры ставіў на стронгу і лёг запаўнач. Заварыў сушаны чабор, добра насаладзіў той вар і выпіў аж два фарфоравыя кубкі — з пячэннем ды абаранкамі, якія ніколі не зводзіліся ў Панаса, бо прыносіў ён тых абаранкаў з горада ледзь не мяхамі і падвешваў на печы да столі — і ад людскога вока падалей, і мышы не пашкодзяць. Выйшаў на падворак і ўбачыў, як ад дарогі, што вяла на Замошша, завярнуў да яго Ігнат. Ён добра ведаў Ігната, лічыў яго сваім чалавекам, але недалюбліваў, як і ўсіх, хто вельмі ўжо дасціпна суецца ў яго асабістае жыццё, а Ігнат апошнім часам нешта вельмі часта, трэба ці не трэба, завітвае да яго на хутарок.
Ігнат здаля памахаў шапкаю і, ветліва ўсміхаючыся, прыязна выгукнуў:
— Добрага здароўя, паважаны Панасе!
Панас махнуў здаравеннай рукою і незадаволена прабурчаў:
— Ат, якое там здароўе…
Потым паднёс ад хлеўчука дзве калодкі, якія там заўсёды стаялі, паставіў пасярод двара і сам сеў на адну. Ён не любіў запрашаць людзей у хату.
Калі госць таксама сеў, махаючы каля твару шапкаю — ці то ад спёкі, ці то ад камароў,— загаварыў нецярпліва:
— Кажы, гэна самае, чаго прыйшоў… Не камароў жа ганяць, пэўна…
— Не, вядома…
— Выкладвай, а то мне часу няма, трэба ісці шнуры праверыць. І так во заспаў, без абеду застануся…
— Па-першае, прывітанне табе ад Зыгмуся… Яшчэ больш незадаволена нахмурыўся Панас, злінялыя рыжыя бровы сышліся на пераноссі.
— Якая ад яго цяперака, былога пана, карысць, калі ён голы, той пан…
— Можа быць і карысць, і немалая, — загадкава ўхмыльнуўся Ігнат, надзяючы тую шэрую шапку, якой махаў, і шапка насунулася аж да адтапыраных малых вушэй. — Я ўведаў, што пан і не голы!
— Бач ты-ы! — ажывіўся Панас. — Ці не вярнулі яму былыя ўладанні?
— Не вярнулі… Але сынок Гурэцкага мае план, у якім паказана месца, дзе захавана золата…
— Бач ты-ы! Золата! — усё яшчэ не даваў веры Панас. — І шмат у яго таго металу?
— Ды, відаць, нямала… Толькі вось бяда: план той зашыфраваны, па ім, акрамя гаспадара, ніхто таго скарбу не знойдзе…
Было бачна, як замкнёны і нахмураны Панасаў твар спакваля дабрэе, бялявыя вочы ажываюць.
— Хм-м… Золата яно і ёсць золата, за яго, вуньдзіка, у Таргсіне што хочаш можна купіць.
— Вось-вось, — падбадзёрваў яго Ігнат.
— Праўда, багаты быў стары Гурэцкі, не забраў жа ён, гэна самае, сваё дабро ў высылку… Гм-м… А як жа да таго Зыгмуся падступіцца? Кокнуць хіба? Усё роўна ніхто шукаць не будзе…
— Не тое гаворыш… Людзей ён набірае.
— У банду?! — Панас рэзка крутнуў галавою. — Не! Раней не хадзіў да Скуратовіча, а цяпер і падаўну не пайду. Поняў? І не агітуй…
— А ты толькі згоду дай. Ён ужо аднаго завербаваў, абяцаў добрую плату. Ды мы з табою — ужо трое. Патрэбуем грошыкі наперад, ён скарбонку сваю адкапае, а мы яго тут…
— Поняў,— кіўнуў кудлатай галавою Панас.
— Тады прыходзь заўтра, як звечарэе, у Мокры Лог. А гэта… — ён пакорпаўся ў бакавой кішэні пінжака і дастаў адтуль залаты кішэнны гадзіннік на важкім сярэбраным ланцужку. — Гэта задатак табе.
— Чаму так гарыць? Не люблю я пачынаць справу ў панядзелак… — беручы той задатак асцярожненька, бы ён быў са шкла, гаварыў Панас.
— Куй жалеза, пакуль гарачае… Гэта ж табе не краму абабраць! — адказаў на заўвагу Ігнат і пільна паглядзеў на Панаса. Ніводная жылка не здрыганулася на яго шэрым, пабітым воспінамі тварымасцы. Схаваўшы гадзіннік у кішэню штаноў, спытаў сваім хрыпатым голасам:
— Адкуль уведаў?
— Ад хаўруснікаў…
— Якіх? — каб упэўніцца, ці праўда гэта, спытаў Панас і ва ўпор зірнуў на субяседніка.
— Залатых, — намякаў Ігнат і паляпаў сабе па галаве. — Ведаеш такіх?
— З імі не быў і нічога не браў… От знайдзі ў мяне што! — павысіў голас Крывы Панас.
— Які ж гэта дурань дабро хавае дома… У мяне ты таксама дома нічога не знойдзеш…
— У цябе і дома свайго нямашака, поняў? Жывеш у калгаснай канторы, рахуеш там іхнія прыбыткі — эх-хе-хе-хе! — засмяяўся Панас. — Заробкі…
— А што… Па сёлетняму ўраджаю кіло па тры збажыны атрымаюць на працадзень. Ды бульбы — не менш як па сем…
— Хітры ты чалавек, Ігнат… Хітры і спрытны.
У бандзе быў — і як з гуся вада. У канторы працуеш… А муціць ваду не перастаеш…
— А хіба ты Скуратовічу не служыў? Хіба ў разведку на станцыю, як вайскоўцы прыехалі, не хадзіў? Га? Хто першы Скуратовічу тыя звесткі прынёс?
— Прымушаў ён мяне.
— Прымуша-аў! — махнуў рукою Ігнат. — Каб не быў такі крывабокі, то пайшоў бы з намі як міленькі… Як бачыш, і ты запэцканы, не чысценькі. Скажы от — дзе дабро хаваеш? Каму яго збываеш?
— Многае ведаць хочаш… Сваё дабро лічы! «Значыць, у самую кропку! Залатыя яго хаўруснікі па бандыцкіх налётах — факт. «Залатыя» — у іх і мянушка такая. Дык вось дзе вы аказаліся, галубчыкі-рабаўнікі, аж з-пад Слуцка сюды прыджгалі…» — падумаў Ігнат і ўстаў.
— Так і дамовіліся — збор заўтра ў Мокрым Лозе каля валуна. Без ніякіх цырымоній…
— Падумаю, ці вартая гульня, — дзеля прыліку паламаўся Крывы Панас.
— Вартая. Нам бы толькі скарб яго падзяліць, а там — каціся к чортавай мацеры.
— Добра, — глуха вымавіў Панас. — Чакайце.
І калі госць пайшоў, ён дастаў з кішэні гадзіннік, пстрыкнуў вечкам, прыклаў да вуха і нейкі час з задаволенай усмешкай слухаў звонкае ціканне.
— Я вам падзялю той скарб! — сказаў загадкава. Паклаў гадзіннік назад у кішэню, зайшоў у хату і неўзабаве зноў выйшаў, апрануты ў пінжак, пры шапцы-аблавушцы, якую насіў і зімою і летам. Заціснуў пад рэмень невялічкую сякерку — ён заўсёды браў яе з сабою, калі куды ішоў,— і пакіраваў на сцежку, якая вяла да рачулкі.
Толькі ішоў ён туды не рыбу здымаць, ішоў на сваё запаветнае месца ў балоце, месца, якое ахоўваў, якому ўжо колькі год маліўся.
Вось мінуў па кладцы — зваленай алешыне — рачулку, вось ужо схаваўся ў густым хмызняку і па аднаму яму вядомай сцяжыне выйшаў на невялічкі востраў сярод балота, парослы высокімі і тоўстымі, як гмахі-дамы, елкамі. Яны раслі так густа, што закрывалі лапамі-галінамі сонца, і ўнізе панаваў паўзмрок. І сярод гэтага ельніку, добра замаскіраваная ад чужога вока, скрытая маладым шчэццем-ельнічкам, была зямлянка. Над ёй таксама рос ельнік, а ўваход у яе быў завалены ламаччам.