Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сказ пра Робін Гуда

Фінемар Джон

Шрифт:

— Едзьце за намі,— загадаў манахам Маленькі Джон, і тыя паслухмяна прышпорылі коней. Нічога іншага ім не заставалася.

Мач з Уілам Скарлетам пайшлі ззаду з лукамі напагатове — на выпадак, калі хто з манахаў надумаецца ўцячы. Маленькі Джон гнаў наўючаных коней. Яму памагалі паж і конюх. З усяе шматлікай світы толькі яны засталіся вернымі манахам.

Маленькі атрад неўзабаве апынуўся на паляне, дзе іх чакаў Робін Гуд. Ён зняў шапку, вітаючы гасцей, але старшы манах не адказаў тым жа. Маленькі Джон зазлаваў:

— Гэта нявыхаваны чалавек, атаман. Зараз ён у мяне зніме шапку.

— Ніякага прымусу, Маленькі Джон, — стрымаў яго Робін Гуд. — Сілы не ўжывай. Калі ён не хоча зняць шапку, не трэба. Колькі з ім было людзей?

— Пяцьдзесят два чалавекі аховы, але ўсе яны паўцякалі.

— Падай сігнал нашым людзям, што ў нас госці. Маленькі Джон затрубіў у ражок, і праз хвіліну на паляне выстраіліся сто сорак узброеных хлапцоў у пунсовых плашчах. Убачыўшы гэтых бравых малайцоў, манахі з трывогай глянулі на сваіх наўючаных коней.

Неўзабаве падалі абед. Манахі селі за стол, і Робін Гуд з Маленькім Джонам пачалі частаваць іх самымі смачнымі стравамі.

— Ешце, ешце, — запрашаў Робін Гуд старшага манаха.

— Вялікі дзякуй, ласкавы ёмен, — падзякаваў манах. — Я з задавальненнем паабедаю, стол у вас шчодры.

— З якога вы манастыра? — спытаў Робін Гуд.

— Святой Марыі,— адказаў манах.

Бровы Робін Гуда высока ўскінуліся, ён усміхнуўся.

— А якую вы ў ім пасаду займаеце?

— Я — галоўны келар, — важна адказаў манах. Робін Гуд зарагатаў.

— Чаго вы смеяцеся, ёмен? — спытаў келар.

— Мяне смех разбірае, як падумаю, што галоўны казначэй і аканом манастыра Святой Марыі завітаў да мяне ў госці якраз сёння, а не ў які-небудзь іншы дзень года, — адказаў Робін Гуд.

— А чым сённяшні дзень такі адметны?

— Тым, што роўна дванаццаць месяцаў таму назад я даў у доўг чатыры сотні фунтаў, якія належала заплаціць вашаму манастыру. Сёння мне павінны вярнуць гэтыя грошы. Можа, вы прывезлі мне іх?

— Я? — здзівіўся келар. — Ніякіх грошай я не прывёз. Каму вы пазычылі іх?

— Аднаму збяднеламу рыцару.

— Ну дык няхай ён і вяртае доўг.

— Разумееце, — спакойна сказаў Робін Гуд, — я падумаў, што гэта абат вырашыў вярнуць мне грошы. Мне здалося, што ў вашай паклажы іх нямала, — Робін Гуд павёў галавой у той бок, дзе ляжаў груз, зняты з коней.

— Там наогул грошай няма! — паспешліва крыкнуў келар. — Толькі адзежа ды сёе-тое з рэчаў.

— Зусім няма грошай? — на твары Робін Гуда адбілася здзіўленне. — I вы нічога не прыхапілі на дарожныя выдаткі?

— Ах, так, так, вы мне нагадалі,— спахапіўся манах. — Так, крыху ёсць. Дваццаць манет серабром. Паклажу развязваць не варта, ласкавы ёмен. Нічога каштоўнага там няма.

— I ўсё ж трэба распакаваць, — задумліва прамовіў Робін Гуд. — А раптам сама святая Марыя пажадала вярнуць грошы, якія ўзяў у нас бедны рыцар, і ператварыла вашы дваццаць манет серабра ў золата. Распакуй паклажу, Маленькі Джон.

Волат разаслаў на зямлі свой вялікі плашч, узяў адзін з куфэркаў, з цяжкасцю адчыніў і перакуліў яго. На плашч зіхатлівым вадаспадам пасыпаліся залатыя манеты.

— Цуд! — усклікнуў Робін Гуд. — О святая Марыя! Хіба я не казаў, што, магчыма, яна ператворыць серабро ў золата?

Маленькі Джон зламаў замок другога куфэрка, і на бліскучую груду манет са звонам паліўся яшчэ адзін залаты паток.

— Цуд! Цуд! — у адзін голас закрычалі разбойнікі і зайшліся ад рогату. Ім вельмі спадабаўся жарт атамана.

Келар, чорны як ноч, моўчкі пазіраў на высыпаны на плашч скарб.

— Палічы, колькі тут, Маленькі Джон, — загадаў Робін Гуд.

Грошай аказалася больш за восемсот фунтаў.

— Аддай манаху яго дваццаць манет, — зноў загадаў Робін Гуд свайму памочніку, і калі той адлічыў названую суму, сказаў келару: — Вось, калі ласка, манах, бяры. Мы не ўзялі з манастырскай казны ніводнага пені. Ты сам сказаў, што ў куфэрках было толькі дваццаць манет. Значыць, святая Марыя зрабіла цуд і прыслала нам цэлых восемсот фунтаў. Яна пажадала аддаць нам у два разы большы, чым узяў у нас рыцар, каб расплаціцца з настаяцелем яе манастыра.

— Шэльмы! Зладзеі! — разгневаўся келар. — Вярніце казну майго абата, а не, дык ён пракляне вас самымі страшнымі праклёнамі і нашле на вас пякельныя пакуты на гэтым і на тым свеце!

— А божухна! — усклікнуў Робін Гуд. — Вось як загаварыў пан галоўны келар! Пра казну ўспомніў, пагражае праклёнамі свайго абата! А мне не страшна. Я ні ў грош не стаўлю праклёны гэтага жорсткага і сквапнага папа, які гатовы адабраць ад удавы апошні шэлег, каб набіць свае куфры. Няўжо ты думаеш, манах, што я хоць крышачку баюся яго праклёнаў? Аддай, Маленькі Джон, келару яго верхавога каня, і няхай ён выбіраецца адсюль. Коні і паклажа застануцца ў нас.

Дружнымі воклічамі адабрэння сустрэлі разбойнікі рашэнне атамана. Келар, падумаўшы, таксама абрадаваўся, што яго адпускаюць цэлым і здаровым. Ён хуценька ўскарабкаўся на каня і паехаў разам са сваімі спадарожнікамі, якіх таксама адпусцілі.

Толькі манахі зніклі за лесам, як паказаўся сэр Рычард Лі. На дарогу ў яго пайшло значна больш часу, чым у Маленькага Джона. Той ляцеў галопам, а сэр Рычард ехаў павольна, бо шмат хто з яго людзей ішоў пеша.

— Хай беражэ вас бог, добры Робін Гуд, і ўвесь ваш хаўрус! — прывітаўся сэр Рычард, пад’ехаўшы бліжэй.

— З добрым прыбыццём, высакародны рыцар! — адказаў Робін Гуд. — Сардэчна запрашаю ў нашу зялёную пушчу. Як вы ўладзілі справы з манастыром Святой Марыі?

— О, яго настаяцель хацеў захапіць маю зямлю, — сказаў рыцар. — Дзякуючы вам, добры атаман, я выкупіў яе і вось прыехаў сёння, як абяцаў.

— А я падумаў, што сёння вас не ўбачу. Сонца ўжо амаль садзіцца.

— Даруй мне за спазненне. Я затрымаўся ў дарозе. Еду, бачу: спаборніцтва па барацьбе. На пераможца, на нейкага беднага ёмена, напалі несумленныя людзі. Вось я і застаўся, каб памагчы яму. Мне здаецца, гэта быў твой чалавек.

— Ага, сэр рыцар, гэта быў я і шчыра вам дзякую за дапамогу! — усклікнуў Маленькі Джон і выйшаў наперад. — Каб вы не заступіліся за мяне, патрабуючы справядлівасці, подлыя шэрыфавы леснікі расправіліся б са мной. Але я не пазнаў вас. Дзіўная з вамі зрабілася перамена.

Поделиться с друзьями: