Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сказ пра Робін Гуда

Фінемар Джон

Шрифт:

Шэрыфу неабходна было злавіць уцекача, не толькі каб накінуць вяроўку на яго шыю, але каб выратаваць ад вяроўкі сваю.

Калі яму паведамілі, што ніводзін чалавек не выйшаў ноччу праз вароты з горада, на душы ў яго крыху палегчала.

— Гэты шэльма, відаць, хаваецца ў каго-небудзь з прыяцеляў,— вырашыў ён. — Хутка развіднее, мы абшукаем кожны дом, кожную павець, кожны склеп, кожны хлеў і схопім яго.

Як і гаварыў шэрыф, раніцай ператрэслі ўвесь горад, але дарэмна: Робін Гуд быў ужо ў Шэрвудскім лесе. На сэрцы ў яго было весела і радасна, як у птушкі, што сядзіць на зялёнай галіне пад пяшчотным майскім сонейкам.

Зноў і зноў дзякаваў Робін Гуд сваім верным сябрам за выратаванне ад смяртэльнай небяспекі, а стралкі высока ўзнімалі лукі, вітаючы свайго атамана, які вярнуўся да іх цэлы і здаровы.

Маленькі Джон сказаў Робін Гуду:

— Атаман, я дабром заплаціў табе за крыўду, бо ведаў, што ты пакутуеш у турме і можаш загінуць. Цяпер, калі ты на волі і зноў стаіш пад нашым запаветным дубам, я развітваюся з табой. Бывай і будзь здароў.

— He, Маленькі Джон, не! — горача ўсклікнуў Робін Гуд. — He пакідай мяне. Я вельмі шкадую аб сваім учынку. Клянуся, ты лепшы камандзір, чым я. Бяры пад сваю каманду нашу лясную дружыну і мяне. Будзь атаманам.

Словы Робін Гуда кранулі добрае сэрца волата. Ён сказаў:

— He, атаман, гэтага ніколі не будзе. Як і дагэтуль, буду тваім верным паплечнікам і больш нікім — толькі зялёным стралком Робін Гуда.

I зноў сябры стаялі поплеч пад векавым дубам — атаман і яго першы памочнік. Вечарам усе весела адзначылі гэту радасную падзею сяброўскай вячэрай.

А нотынгемскі шэрыф упаў у роспач, калі даведаўся, што Робін Гуд зноў гуляе са сваёй вольніцай у Шэрвудскім лесе. Ён напісаў пісьмо каралю Рычарду, молячы яго дараваць яму. У канцы ён пісаў, што яго не падманулі б, каб не паказалі каралеўскую пячатку.

У гневе Рычард закрычаў, Аж задрыжала столь: — Маленькі Джон нас ашукаў, Забыў, што я — кароль! Джон і шэрыфа ашукаў. Шэрыф невінават, A то б я мігам загадаў, Каб ім заняўся кат.

Блакітныя вочы Рычарда наліліся гневам, і кроў прыліла да твару. Але гнеў ніколі доўга не муціў розуму Рычарда Львінае Сэрца, і неўзабаве дзёрзкі ўчынак разбойніка нарадзіў у ім больш высокія пачуцці.

— Клянуся каронаю, мілорды, — сказаў ён сваім прыбліжаным, — чалавек гэты шчыра адданы свайму атаману. Ён любіць Робін Гуда мацней, чым караля. Хацеў бы я мець такіх верных і адданых прыхільнікаў. Робін Гуд павек у даўгу перад адважным Маленькім Джонам за сваё вызваленне. Шчыра кажучы, лоўка ашукаў мяне гэты шэльма. Такіх слаўных ёменаў у Англіі на пальцах адной рукі пералічыць можна. Я гатовы аддаць дыямент з маёй кароны, абы сустрэцца з Робін Гудам, у якога такія верныя паплечнікі. Каторы ўжо раз выслізвае ён з маіх рук! — Рычард усміхнуўся, прыгадаўшы, як шчодра адарыў ён двух разбойнікаў, у якіх была толькі адна мэта — вызваліць Робін Гуда з няволі.

Што датычыцца пажа, які ехаў з келарам, дык яму прыйшлося даспадобы жыццё ў Шэрвудскім лесе. Ён не вярнуўся ў Нотынгем, а стаў служыць Робін Гуду. З цягам часу зрабіўся такім жа добрым лясным стралком, як і ўсе астатнія вольныя стралкі Робін Гуда.

Раздзел дваццаць другі

Уіл Ст'ютлі трапляе ў пастку

Здарылася так, што ў тую ноч, калі Робін Гуд, Маленькі Джон і Мач уцякалі з Нотынгема, іх бачыў адзін чалавек — сусед шаўца Лоба. Ён прачнуўся ад трывожнага гулу набата і крыкаў людзей і выбег на вуліцу, каб даведацца, што здарылася. Калі вяртаўся дамоў, з даху Лобавай майстэрні яму пачуліся ціхія крокі, нібы хтосьці краўся. Чалавек гэты, якога звалі Хіг, быў сквапны і прадажны. Ён стаіўся і пачаў сачыць за домам Лоба. Неўзабаве ўбачыў на гарадской сцяне тры чалавечыя цені. Але толькі раніцай, калі вяшчальнік шэрыфа абвясціў па ўсім горадзе, што назначана вялікая ўзнагарода таму, хто схопіць Робін Гуда і двух яго хаўруснікаў, якія выдаюць сябе за пасланцоў караля, ён зразумеў, каго ён бачыў уначы.

Доўга не думаючы Хіг пабег да шэрыфа і расказаў яму пра тое, што бачыў. Шэрыф вырашыў схапіць Лоба. Ён збіраўся ўжо аддаць загад, ды раптам падумаў: «Лоб усяго толькі просты шавец. Яго арышт мне мала што дасць. Калі разбойнікі выкарысталі яго майстэрню для ўцёкаў,значыць, яны з Лобам добра знаёмыя, наведваюцца да яго. Лепш загадаю назіраць за яго домам, і, магчыма, у гэту пастку трапіць больш важная птушка, чым Лоб».

Шэрыф заплаціў даносчыку дванаццаць сярэбраных пенсаў і абяцаў даць яшчэ пяцьдзесят за тое, што Хіг будзе пільна сачыць за шавецкай майстэрняй і адразу ж паведаміць яму, калі ў яе зойдуць падазроныя людзі.

Хіг паклаў грошы ў кішэню і з таго дня пачаў цікаваць за дваром Лоба. Мінула больш тыдня, і нарэшце Хіг, запыханы, прыбег да шэрыфа.

— У Лоба нейкі незнаёмы чалавек, — паведаміў ён. — He гарадскі жыхар. Відаць, лясны разбойнік.

Шэрыф загадаў тром стражнікам схапіць незнаёмца, якога яны заспеюць у шаўца Лоба, і прывесці да яго. Стражнікі заспяшаліся да Лоба, уварваліся ў майстэрню і засталі гаспадара за гутаркай з рослым, моцнага складу чалавекам. Гэта быў Уіл Ст’ютлі. Па даручэнню атамана ён прабраўся ў горад, каб праверыць, ці ўсё добра ў Лоба, ці не падазраюць яго ва ўцёках Робін Гуда і яго сяброў. I выйшла так, што клопат пра чалавека, які дапамог Робін Гуду выратавацца, прывёў да правалу Уіла Ст'ютлі. Нікому і ў галаву не прыйшло, што па загаду шэрыфа за Лобам тайна сочыць хітры і прадажны сусед.

Адзін з шэрыфавых людзей ведаў Уіла Ст’ютлі ў твар і адразу пазнаў яго.

— Гэта лясны разбойнік! — закрычаў ён. — Хапайце яго, хлопцы. Шэрыф будзе сам не свой ад радасці. Гэта ж адзін з завадатараў шайкі!

Уіл хуценька выхапіў меч і кінуўся да дзвярэй. Завязалася жорсткая барацьба. Ст’ютлі забіў двух праціўнікаў і выскачыў на двор. Але там яго чакалі новыя ворагі, яны адолелі яго.

Калі палоннага прывялі да шэрыфа, ён засмяяўся.

— Пра гэтага разбойніка не трэба дакладваць каралю, — сказаў ён зларадна. — Ён цалкам у маёй уладзе і на світанні загайдаецца на шыбеніцы. Адвядзіце яго ў падзямелле, і няхай моцны атрад лучнікаў ахоўвае турму, пакуль пятля не зацягнецца ў яго на шыі.

Калі пачуў пра Уіла весць, Стаў змрочны Робін Гуд I за яго жыццё і чэсць Падняў увесь Шэрвуд. — Уіла трэба ратаваць,— Сказаў сваім стралкам,— I нават ўся шэрыфа раць He перашкодзіць нам.

Робін Гуд склікаў сваю дружыну з усяго Шэрвудскага лесу і павёў яе вызваляць Уіла Ст’ютлі.

Атрад рушыў да Нотынгема і перад самым світаннем залёг у засадзе каля гарадской сцяны. Калі развіднела, Робін Гуд і яго людзі ўбачылі, што непадалёку ад варот стаіць шыбеніца. Шэрыф загадаў пабудаваць яе тут, за горадам, насупраць лесу, знарок. Ён хацеў пасмяяцца з Робін Гуда, бо быў упэўнены, што той не паспее прыйсці на дапамогу свайму сябру: так хутка ён выканае свой прысуд. Але шэрыф пралічыўся. Робін Гуд дзейнічаў рашуча і апярэдзіў яго.

— Вунь, бачыш, каля самых варот стаіць стары вандроўны багамолец, — сказаў атаман Маленькаму Джону. — Пашлі да яго чалавека, хай выведае ў яго апошнія навіны.

Пагаварыць з багамольцам пайшоў малады ёмен. Ён вярнуўся з весткай, што з горада хутка выведуць Уіла Ст’ютлі і павесяць. I тут брама раптам расчынілася насцеж, і з горада выйшла вялікая калона лучнікаў, кап’ёўшчыкаў і алебарднікаў. Шэраг за шэрагам, акружылі яны шыбеніцу. Кончыкі іх коп’яў, лёзы алебардаў і клінкі мячоў пагрозліва блішчалі ў промнях узыходзячага сонца.

Нарэшце вывелі Уіла Ст’ютлі са звязанымі рукамі і белым каўпаком на галаве. Гэты каўпак кат насунесмертніку на вочы, перш чым накінуць яму на шыю пятлю. Уіл ішоў пад аховай самых дужых і рослых людзей шэрыфа. Сам шэрыф ехаў збоку на кані.

Уіл зірнуў на шыбеніцу і з агідай скрывіўся. Пачціва сказаў шэрыфу:

— Шчэ не вісеў ніводзін з нас На гэтым бервяне. Зрабі у мой смяротны час Адну паблажку мне: Даць меч мне ў рукі загадай I путы з іх знімі, Тады з усімі нападай, I я памру ў баі.
Поделиться с друзьями: