Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сьмерць і салаўі.

Сыч Пётра

Шрифт:

Памагай ім, Божа! Нам будзе менш. «Дэспот» (крыптонім камандзера 16-га батальёну Станьчыка) ня траціць фантазіі. «Хлопцы, будзе добра, бо я ў г… утаптаўся» — яшчэ раз прыгадваем mot de Cambronne Станьчыка.

Павукі арміі — тэлефаністы бязупынна пад абстрэлам снуюць павуціньне тэлефоннай сувязі, а яна, як павуціньне, рвецца пад гураганам артылерыйскага й мінамётнага агню. Патрулі, якія маюць выкрываць міны й трасаваць сьцежкі, пайшлі наперад.

Нам пакуль-што застаецца чакаць на сыгнал. Кладуся пад скалой, дзе можна курыць. Гэтае месца мы назвалі «клюбам курцоў».

Страляюць даволі рэдка, а падчас бывае некалькі хвілін камплетнай цішыні. Тады чалавек чуецца, як той мельнік, калі раптам млын стане. Праўда, гэтую пустэчу адразу запаўняюць салаўі, якія ўпарта не здаюцца.

У гэтым чаканьні ствараецца кантэмпляцыйны настрой. Хацелася-б падумаць, навет — мроіць… Але куды — Грыць тут, як тут.

— Панэ, а, панэ. Што там у штабе? Можа ня пойдзем на гэтую праклятую гару?

— Ня бойся, Грыць, пойдзем, яшчэ як пойдзем. Але чаму ты ня сьпіш? Перад атакай варта праспацца. Можа прыгожы сон прысьніцца…

— Прыгожыя сны мне ўжо ня сьняцца. А спаць ня хочацца. Некалькі дзён ляжым у гэтым сьмярдзючым яры й ні то сьпім, ні то дрэмем. Але ўсё-ж я хацеў-бы расказаць Вам пра Віньніцу. Калі выжывеце, можа аб гэтым напішаце.

Бачу, што ад гэтага ўпорыстага каламыйца ня выкручуся. Ды, зрэштай, што мне шкодзіць пачуць крымінальную аповесьць, чымся дарэмна думаць і мэдытаваць? Заўсёды паміж перапынкамі ў акцыі мы чыталі крымінальныя раманы.

— Ну што-ж, балакай, Грыць.

— Сумны гэта балак. Мелі мы з братам хутар каля Віньніцы. У разгар раскулачваньня й штучнага голаду я ўцёк у Заходнюю Ўкраіну. Быў нежанаты, дык было лягчэй. У Каламыі я знайшоў працу й шчасьліва ажаніўся. Брат зь сямьёй засталіся на месцы. Неяк жылі.

Пачалося ў 37-м годзе, калі бальшавікі пастанавілі зьліквідаваць няпрыхільны ім нацыянальны элемэнт. І ў ваколіцах Віньніцы пачаліся масавыя арышты. Арыштаваных звозілі ў Віньніцкую турму, якая хутка перапоўнілася па берагі. А каб разладаваць турму, што лепшае, як «пусьціць контру ў расход»?

Аблюбавалі вялікі пляц, абгарадзілі яго высокім тынам з дошчак так шчыльным, што ня толькі нічога ня можна пабачыць, але й камар носа паміж дошчак ня ўткне. Навокал ходзяць патрулі гэпістых. Пачалі туды ўяжджаць грузавікі. Нешта робяць.

«Таварыш, што там робіцца за гэтай загарожай?» — пытаюць людзі.

«Парк культуры й адпачынку. Праходзіць хутчэй!» — адказвае патруль.

Што-ж, парк культуры й адпачынку заўсёды прыдасца, але чаму яго робяць у такім сакрэце? Людзі круцілі галовамі, але зашмат дапытвацца баяліся.

Але вось знайшоўся вельмі цікавы дзядзька. Ягоная хата была недалёка ад тыну, а ля хаты — высокая груша. Тупыя гэпістыя ня скумекалі, што з гэнай грушы можна зазірнуць у іхны гаршчок і сеё тое ўбачыць. Вось-жа гэны дзядзька, аднойчы, калі была цёмная ноч, ціхенька ўзьлез на грушу. Паглядзеў, пабачыў і яшчэ цішэй зьлез, а аб тым, што ўбачыў не сказаў навет роднай жонцы. На другі дзень сьпілаваў грушу. А што бачыў, расказаў толькі ў 42-м годзе, калі немцы даходзілі да Волгі й да Каўказу.

Амаль кажную ноч у панадворку Віньніцкай турмы раўлі грузавікі, а пад гэты гук матораў расстрэльвалі вязьняў. Пазьней іх вазілі ў будучы парк культуры й адпачынку, дзе закопвалі ў супольных ямах.

І вось у 38-м годзе, калі скончылася масакра, тын разабралі і віньнічане пабачылі некалькі кусьцікаў, некалькі дрэўцаў і гушкалкі для дзяцей. Парк культуры й адпачынку для ўсіх даступны. На браме лёзунг: «Производительно работать — культурно отдыхать!» І нясьведамыя дзеці, заліваючыся вясёлым сьмехам, гушкаліся на магілках сваіх бацькоў. «Парк культуры й адпачынку» адчынілі з помпай. Была аркестра, прамовы, дэклямацыі, «хай жыве наймудрэйшы з мудрых — Сталін!».

Такім чынам нам маскалі падаравалі парк культуры на могілках нашых братоў і сясьцёр. За гэта ім з вазэлінай дзякаваў нейкі віньніцкі актывіст.

Я быў, калі ў 43-м годзе раскопвалі віньніцкі парк «культуры й адпачынку». Туды зьехалася шмат журналістых і экспэртаў з розных краінаў. Трупаў было цяжка распазнаць — шэсьць гадоў гнілі. Аднак адна жанчына пазнала свайго мужа. Напярэдадні ягонага арышту яна адрэзала кусок палы сьвіткі й гэтым куском залатала рукаво на локці. Савецкая доля — хочаш залатаць рукаво — адразай палу…

Свайго брата я не знайшоў. Ды зрэштай ня ўсе ямы пасьпелі раскапаць.

Дык вось, пане, як выглядала справа ў Віньніцы. Я чуў, што Вы пішаце вершы. На якую халеру яны цяпер некаму патрэбныя? А пра гэта, што я Вам сказаў, Вы мусіце абавязкава пісаць. Вы мусіце крычаць, — хай сьвет аб гэтым даведаецца, хай зразумее зь якім катам цалуецца!..

Грыць змоўк, толькі здушаны енк ад часу да часу вырываўся зь ягоных грудзей.

Пішучы аб гэтым, я выконваю загад майго жаўнера, якога я тады бачыў і слухаў апошні раз.

Із свайго боку скажу, што я цікавіўся віньніцкай справай, як і катынскай. Вось-жа ў віньніцкім «парку культуры й адпачынку» адкапалі 9439 трупаў, сярод іх 169 жанчын. Лекарскія досьледы сьцьвердзілі, што некалькі з гэтых жанчын перад расстрэлам былі згвалчаныя. Шмат трупаў мела пясок у глытаўцы, г. зн. што былі закапаныя яшчэ жывыя. Застрэленыя былі паводля савецкай тэхнікі: рукі ззаду зьвязаныя дротам, стрэл у патыліцу.

У міжнароднай камісіі разсьледваньня ў 43-м годзе бралі ўдзел: бэльгійцы, фіны, аўстрыйцы, баўгары, iтальянцы, швэды, галяндцы, румыны, вугорцы, славакі, харваты і палякі.

Ня было ніякага сумлеву, што гэта рука ГПУ. Цікава, што ў гэтым-жа самым парку культуры й адпачынку раскапалі супольную магілку гэпістых, якія расстрэльвалі і закопвалі вязьняў. Урэшце й іх «шлёпнулі», каб, маўляў, «были концы в воду»…

І вось у гэтым яры, куды лёгкі травеньскі вецярок («ночной зефир струит эфир») даносіць усякія смуроды, а між імі й смурод гнілых трупаў, якіх сотні ляжаць навокал нас, слухаць гэтую макабрычную аповесьць было больш, чымся цяжка. Тымбольш, што я сам перажыў гэгэнну бальшавіцкіх турмаў і лягераў.

Грыць маўчаў, але я чуў, што ён плакаў.

Раптам тысяча чарцей вырвалася зь нямецкага нэбэльвэрфэра і зь дзікім выцьцём ляціць.

Трах! Тарарах! Урэзаліся ў гару. Не даляцелі… Яшчэ адна сэрыя. Пералёт. Пакуль што маем шчасьце.

Сьвісток. Сыгнал падрыхтавацца.

Зь першай атакі жаўнеры зрабілі адпаведны выснаў і нечага навучыліся. Таму я бачу, што амаль кажны жаўнер выкідае зь мяшка бляшанку біфу, а бярэ гранаты й патроны. Біф давязуць, калі будзе яго каму есьці, а там ручная граната падчас — апошняя дошка ратунку.

Поделиться с друзьями: