Сьмерць і салаўі.
Шрифт:
Цяжка было, але нам ня прывыкаць. Канчаю, панок. Прабачце, ізноў забыўся. Таварыш Сталін выдаў гамнэстыю…
Раптам у нашую размову зьлева ўрываецца ўкраінец ды кажа:
— Ніякаю амнэстыю, а гімнэстыю.
Драматычнасьць настрою злагаднела. Дружна расьсьмяяліся. Такі прыпадковы «карброн мот» [6] шмат памагае. Гэтакіх «мотаў» пазьней было шмат пад Монтэ-Касыно.
Але дзядзька Лукаш не задаволіўся сваёй споведзяй. Ён хоча дакалупацца да сэнсу таго, што мае сяньня здарыцца.
6
Лоўкае слоўца.
– Рэд.
А я сам ня бачу пераканальнага сэнсу, бо з тэгэранскіх справаздачаў (хаця й замаскаваных) бачу, што нас прадаюць гуртам і ў дэталі.
— Што будзе пасьля вайны, няведама, але гэтыя паршывыя горы мы здабываць мусім. Можа няшмат нас застанецца жывых, але тыя, што застануцца, што атрымаюць?
Я быў злосны і так мне карцела адказаць: хвігу з паветачкай, але паўстрымаўся: можа стары, скрыўджаны, зламаны чалавек мае нейкія ілюзіі. Павошта іх разьбіваць?
Малая дыгрэсія: Дарагія Чытачы, (пэўна-ж, калі нехта будзе чытаць гэтую маю лабуду), не разьбівайце лёгкадумна людзкіх ілюзіяў, калі яны навет недарэчныя. Праўда, людзей трэба прывучаць да рэалізму, але ня брутальна, паволі, пераконваючы…
Таму я адказаў Лукашу:
— Дарагі, я не прарок — ня ведаю. Думаю, што аднак справядлівасьць пераможа, бо інакш няма сэнсу жыць. А вось скажы мне, Лукаш: абяцаў табе нехта несьмяротнасьць на зямлі?
— Не, ніхто. А чаму вы пра гэта пытаецеся?
— Вось таму, што і мне ніхто не абяцаў. Таму мы мусім памерці. Баяцца сьмерці, паводля маёй думкі — недарэчна, бо ўжо ад тэй хівіліны, калі дзіцё ўсьведаміла, што мусіць памерці, яно павінна асівець ад страху. А ці памрэм сяньня ці пазаўтраму — якая розьніца?
— Вы, панок (ужо без прабачваньня), пачынаеце нейкую хвілязохвію. Я яе ня вельмі цямлю. Але што-ж пачнеш? Трэба будзе пайсьці…
Раптам войстры сьвісток.
«Panowie oficerowie, na odprawe do dow'odcy batalionu».
Ага! Набліжаецца «гэнкэр» — крык дзікіх гусей, якія вяртаюцца з выраю…
Так мы зь дзядзькам Лукашом да дна душы не дагаварыліся.
Але затое пачынае нешта адбывацца…
Усё-ж «гэнкэр» (крык дзікіх гусей з выраю) набліжаецца. Атрымоўваем апошнія інструкцыі і, маўляў, дашпільваем апошні гузік. Тэарэтычна ўсё яснае, зразумелае, ролі падзеленыя, толькі… ня ведаем, што будзе рабіць праціўнік.
Шарэе. Страляюць рэдка й недзе далёка. Сьвіснуў, зацокаў, зачмякаў, заліўся салавей. Прыемны халадок, лягчэй дыхаецца. Толькі трупы нашых папярэднікаў пахнуць брыдка, як пагрозьлівае memento.
Я атрымоўваю заданьне яшчэ раз навязаць лучнасьць з суседнім батальёнам: канчаткова дамовіцца адносна кодаў і сыгналаў. Ужо цёмна — можна ісьці. Да гэтага батальёну ня больш як пяцьсот мэтраў. Але перад боем — эмоцыя: бягу галёпам.
Дабягаю.
— Дзе камандзер батальёну?
Нейкі афіцэр зьвяртаецца да іншага:
— Дзе палкоўнік Каміньскі?
Вядуць мяне на камандны пункт. І вось падарозе я прыгадаў, што гэта той сэнатар Каміньскі, зь якім я прыпадкова сустрэўся пару разоў у Вільні й аб якім мне гадзіну таму гаварыў дзядзька Лукаш.
Паводля ўсіх правілаў польскага ваеннага рэгуляміну кажу палкоўніку пашто я прыйшоў.
— Добра, даражэнькі. Аб гэтым пагаварэце з маім афіцэрам сувязі, якога я паклічу. Я чую, што вы з «крэсаў».
— Пэўна-ж, палкоўнік, наша-ж дывізія завецца «Крэсова». Пры гэтым хачу вам прыгадаць, што я меў гонар з вамі сустракацца ў Вільні, спадар сэнатар.
— Тым больш прыемна сустрэць старога знаёмага ў гэты цяжкі час.
— Цяжка будзе, спадар сэнатар.
— Думаю так. Шмат з нас застанецца на гэтых прыгожых і праклятых горах. Але, што-ж, гэта так проста — трэба йсьці…
— Але зашто?
— Даражэнькі, вось і вы мне паставілі пытаньне, якога я баюся й штодзень чую.
І раптам дадаў войстрым тонам загаду:
— Вось мой афіцэр сувязі. Дагаварэцеся зь ім і… бывайце жывы.
Добрых людзей на сьвеце, нажаль, не зашмат. Таму варта аб іх пісаць і прыгадваць, якой-бы нацыі яны ня былі.
Аб Каміньскім шмат напісаў ведамы польскі публіцыст й пісьменьнік, беларускі шляхціц зь Меншчыны, Мэльхіёр Ваньковіч у сваіх трохтомных рэпартажох спад Монтэ-Касыно. Ваньковічу трэба аддаць належнае: ён — чалавек асабіста адважны і, ня гледзячы на дзьвесьце кіляграмаў сваёй жывой вагі, лазіў па горах падчас бітвы, запісваў ды фатаграфаваў. Аднак ён ня ўсюды мог далезьці, таму ягоныя майстэрскія рэпартажы часта далёкія ад рачаіснасьці, бо пераважна пісаныя з рэляцыяў удзельнікаў пасьля бітвы. А рэляцыі часта бывалі супярэчныя: адзін бачыў дваццаць немцаў, а другі, які ўвесь час ішоў разам зь ім — толькі двух.
Усё-ж, здаецца, што ў дачыненьні да Каміньскага ў сваіх рэпартажох (якіх я, нажаль, цяпер пры сабе ня маю) Ваньковіч быў аб'ектыўным. Ваньковіч прыгадаў гісторыю майго асабістага прыяцеля Крыўца. Гісторыя амаль аўтэнтычная, як і сына дзядзькі Лукаша, і характэрная для тагачасных беларускіх умоваў.
Крывец быў сьведамым і ярым беларускім нацыяналістам і надзвычай здольным дзяцюком. Толькі вось няшчасьце для нашай тагачаснай моладзі (ды ня толькі моладзі, г. зв. Заходняй Беларусі): ён не заўсёды адрозьніваў, дзе канчаецца беларускі нацыяналізм, а пачынаецца савецкая прапаганда. І вось бедны мой Пятрусь трапіў у лапы гэтай прапаганды. Разам з беларускай літаратурай, якую ён атрымоўваў зь Менску, ён распаўсюджваў і камуністычныя агіткі. Накрылі, пасадзілі. Праз пару месяцаў пусьцілі. Пятрусь не ўціхамірыўся й рабіў далей. Арыштавалі другі раз. Але ў міжчасе ён пазнаёміўся з Ваньковічам, які захапіўся здольнасьцямі Крыўца, што аж некалькі разоў пісаў аб ім у газэтах. Здаецца гэта памагло: Пятруся йзноў па нейкім часе выпусьцілі. Там ён нешта скумекаў. Вярнуўся зьбянтэжаны й пачаў рабіць захады, каб атрымаць стыпэндыю ў сельскагаспадарчую школу. Войт, з паходжаньня беларус, ахвотна-бы даў гэтую стыпэндыю, але справа ўпёрлася ў паліцыі: Крывец — камуніст!
Справа дайшла нейкімі шляхамі да сэнатара Каміньскага. Здаецца, што гэтую справу Каміньскаму рэфэраваў Ваньковіч, бо сам мне пазьней яе прыгадваў. Каміньскі пытаецца:
— Хто гэта такі ваш Крывец?
— Вельмі здольны малады чалавек, беларускі нацыяналіст і, нажаль, два разы быў арыштаваны за савецкую прапаганду.
Малая дыгрэсыя: прыяцелі й знаёмыя, калі бачылі, што ідзе сэнатар Каміньскі, гаварылі: «ага, ідзе гэта так проста».
Каміньскі хвіліну падумаў.
— Але-ж гэта так проста: калі ваш Крывец вернецца з школы разумным нацыяналістам — гэта ня блага. Калі-ж выйдзе дурным камуністам, на яго трэці раз знойдзецца паліцыя.
Каміньскі некаму пазваніў, з сім-тым пагутарыў і Крыўца прынялі. Із школы Крывец вярнуўся добрым аграномам, палымяным беларусам, але на савецкі камунізм крывіў нос.
17-ы верасень 1939-га году. «Таварышы» прыйшлі нас вызваляць ад хлеба й сякой-такой волі. Ня ведаю, ці Пятрусь Крывец цалаваў савецкія танкі й тачанкі, але ведаю, што недзе ў канцы сьнежаня 39-га году ў дваццаць сёмую камэру вялейскай турмы, дзе мы душыліся, як селядцы ў бочцы, упхнулі яшчэ аднаго кліента. Я адубеў з зьдзіўленьня.