Снежныя зімы
Шрифт:
«Мяне не цікавіць, хто вы. Адкуль?»
«З Перароста».
«Я нікуды не езджу».
Шугановіч упаў на калені.
«Анна Отаўна! Даражэнькая! Адна надзея на вас. Прашу. Усё жыццё буду маліцца за вас. Трое дзяцей сіратамі застануцца. Пашкадуйце».
Відаць, кранула яе.
«Зайдзіце ў дом».
У пакоі, цьмяна асветленым лямпай, малады немчык падазрона агледзеў Шугановіча, не вымаючы рукі з кішэні начнога халата, — яўна трымаў пісталет.
Анна Отаўна з другога пакоя нешта гаварыла яму па-нямецку. Выйшла яна ўжо ў чорным плацці. Таксама агледзела Васю, здзівілася:
«У цябе трое дзяцей? Калі паспеў?»
«Паспеў».
«А ў паліцыю чаго падаўся?»
«А што я, горшы за людзей?»
«Хіба ўсе людзі ў паліцыі?»
«А я так думаю — лепшыя».
«А я так не думаю».
Немчык лыпаў вачамі — не ўсё разумеў. Бумель пераклала, але не тое, што сказала, — Вася зразумеў па яе інтанацыі і па хітрай усмешцы дзяўчыны, якая грэла спіну каля грубкі.
«Што з жонкай?»
«Пазаўчора нарадзіла. Фельчарыца наша роды прымала. А ўчора гарачка такая пачалася, што непрытомная баба ляжыць, трызніць…»
Доктарка ціхенька свіснула.
«Нічым я вам не памагу. У мяне ў бальніцы паміралі ад такога заражэння. Тут можна спадзявацца толькі на яе самую ды на бога. Няма чаго мне ехаць па марозе».
Вася Шугановіч шапку аб падлогу і зароў, як малы.
«Не паеду я без вас. Не паеду! Хоць забіце! Цешча галосіць. Яна мяне з хаты выганіць без вас».
Яна перагаварыла з немцам:. Пытае:
«Які ганарар будзе?»
«Які ганарар?»
«Што ж вы думаеце — я бясплатна паеду?»
«А-а, вы пра плату! Заплачу, Анна Отаўна. Добра заплачу. Хочаце — рублямі, хочаце — маркамі».
«Два пуды мукі, тры кіло сала, дзве жывыя курыцы, два літры самагонку першака».
«Добра-такі заламіла баба», — смяяўся пасля Шугановіч.
«Усё будзе. Больш будзе».
Яна паглядзела на гадзіннік.
«Пачакаем, пакуль развіднее».
А да відна яшчэ гадзіны дзве. Снежань. Замаліўся Вася:
«Анна Отаўна! Дарагая кожная хвіліна. Коні стынуць. Дзядзька родны замерзне ў санях».
Спакусіў старую высокі ганарар. Згадзілася. Хутка адзелася. Прынесла ёй дзяўчына акушэрскі сакваяжык. Вася кажа:
«Анна Отаўна, дакуменцік які захапіце».
«Навошта?»
«Назад дзядзька вас павязе, можа без мяне. Каб нашы не чапляліся на кантрольных пастах».
Паслухалася — узяла.
Селі. Паехалі.
Паколькі вырашылі вяртацца па сваім следзе — цераз цагельню, Шугановічу прыйшлося дачасна, на соннай вуліцы горада, раскрыць карты.
«Анна Отаўна, няхай вас не здзіўляе дарога, па якой мы паедзем. Нам не хочацца страчацца з вашымі паліцаямі. Характары ў нас розныя».
Тузанулася бабуля, быццам бы хацела з саней вываліцца.
«Спакойна, гарантуем поўную бяспеку, вяртанне назад, запрошаны ганарар. Нават курачак раздабудзем».
«А калі я закрычу?»
«Не раю. Маем кляп», — адгукнуўся Краўчанка.
«А пагоняцца — у нас не будзе другога выйсця…» — Шугановіч дастаў з кішэні кажуха пісталет.
«…як, забіць старую акушэрку? Бандыты!»
«Асцярожна, дамачка!» — папярэдзіў Краўчанка.
Змоўкла. Толькі ў кар’ерах, калі коні мясілі сумёты, зноў азвалася:
«Папярэджваю. Я ўмею патрашыць толькі баб. Адразаць ногі ці рукі вашым раненым я не ўмею. І не буду! Так што вы дарэмна везяце мяне».
«Вы зоймецеся сваёй справай».
«Рабіць аборты вашым шлюхам?»
Краўчанка не стрываў:
«Ты ў мяне дакаркаешся, старая варона! Каб ты не была так патрэбна, я з табой іначай гаварыў бы!»
Прыйшлося Шугановічу асекчы будзёнаўца. І прабачэння прасіць у доктаркі.
Яна змоўкла — што вады ў рот набрала. Толькі калі прапанавалі перад Пераростам вочы завязаць, моцна абурылася і пакрыўдзілася. Па-мужчынску лаялася.
Доўга, гадзіны дзве, займалася Бумель нашай хворай. Ды і дзіцяткам таксама, як пасля Люба расказвала: агледзела, перавязала па-свойму пупок, вучыла штучна карміць — у якіх прапорцыях змешваць малако і ваду.
Мы ёй у камандзірскай зямлянцы сняданак падрыхтавалі. Царскі — па нашых умовах. Выставілі ўсё лепшае, што мелі. Выйшла яна з зямлянкі — я сустрэў яе. Хмурая, але на твары ранейшай злосці няма.
«А цяпер што будзеце рабіць са мной?»
Я руку да шапкі.
«Камандаванне атрада просіць вас паснедаць з намі».
Здзівілася. Дала згоду, як міласціну:
«Што ж — паснедаем».
У зямлянцы ўбачыла Васю Шугановіча, яго вінаватую ўсмешку — зноў натапырылася бабуля. Адразу папярэдзіла:
«За вашы штучкі — двайны ганарар. Курачак забыўся захапіць, калі коней перапрагаў? Кансервамі аддасі. Дваццаць банак. Жывяце, бачу, не бедна», — кіўнула на стол.
«За ганарар не турбуйцеся», — заспакоіў Вася.
«Я не турбуюся. Ты турбуйся».
«Рукі памыеце?»
Інстынктыўна зірнула на свае кастлявыя кісці, потым — на наш ручнічок, што вісеў на цвічку каля ўмывальніка. Бруднаваты ручнічок, партызанскі. Грэбліва зморшчылася.
«Ох, бандыты! Заразілі бабу, а потым Бумель хапаюць пасярод ночы. Вам здаецца, Бумель — бог святы. А яна такая ж баба, толькі старая. Чыя жонка?»
«Мая», — адказаў я.
«Не хлусі, Антанюк. Твая выехала. Хіба другую завёў?»
Як апякло варам мяне. Няўжо, думаю, Люба ці Рубін па прастаце сваёй выбалбаталі прозвішча маё і ўсё іншае? Шкуру спушчу, калі так. Хоць мяне яна магла ведаць з даваеннага часу. Невысокая пасада — загадчык райза, з гарадскімі медыкамі амаль не сустракаўся, але калі гэтая бабуля спецыяльна цікавілася партактывам… Усё-такі — немка. Пытаюся з іроніяй:
«Немцам і такія дэталі маёй біяграфіі вядомы?»
Зразумела.
«Не ведаю, што вядома немцам. А я ведаю. Пра цябе ў горадзе нямала гавораць. Цэлыя легенды ходзяць. Нямецкае камандаванне ўзнагароду абвясціла за тваю галаву».
«Вялікую?»
«Не помню сумы. Але помню, калі прачытала, то падумала: тыповая нямецкая скупасць. За такую галаву не шкада ў пяць разоў больш. Дарагая галава».
Вася Шугановіч засмяяўся. А Будыка, які праз усю размову пунсавеў, асабліва калі яна зноў нас бандытамі назвала, нешта сярдзіта сказаў па-нямецку. Анна Отаўна пераклала: