Снежныя зімы
Шрифт:
Х
Пра яго партызанскае каханне Вольга, безумоўна, ведала. Тады, адразу пасля вайны, часам без прычыны плакала па начах. А часам уедліва кпіла. Калі аднойчы ў кампаніі пачалася размова на гэтую тэму, яна сказала мужчынам — былым партызанам: «Сто разоў кляніцеся — нікому не паверу, што ён бязгрэшны».
Будыка выскачыў тады:
«Мне, Вольга, можаш верыць. Камандзір пацвердзіць».
Але, можна пацвердзіць. Здаралася, што, выпіўшы, ён цалаваў жанчынам рукі, але нават жанчыны з атрада ні разу не пусцілі плёткі, што начальнік штаба прытуліў хоць адну партызанку. Будыка, пэўна, чакаў такога запэўнення пры сваёй жонцы. Ён, Антанюк, адказаў жартам:
«Валя! Не высоўвайся і не займай пярэдніх месц, яны — для інвалідаў і дзяцей».
За сталом зарагаталі. Валянцін Адамавіч пачырванеў. У Міланы ў вачах бліснула маланка.
Іван Васільевіч здагадваўся, што Вольга ведае больш: імя Надзі і ўсё пра яе. Ад Міланы. Будыка не мог не расказаць жонцы, не мог не пахваліцца, які чысцюлька быў ён сам і як паводзіў сябе камандзір.
Але Вольга ні разу не папракнула канкрэтна, як кажуць — з указаннем адрасу, ні разу па-бабску не абразіла саперніцу. Відаць, ведаючы яе драму, па-жаночы спачувала, і можа нават жыла ў яе ўдзячнасць Надзі за яе высакародства, за тое, што ніякіх напамінкаў, ніякіх дамаганняў, усё — у мінулым.
І вось трэба сказаць, што не ўсё ў мінулым. Што ён, па сутнасці, удачарыў дачку той жанчыны. Хіба лёгка сказаць такое? Калі б ведаць, як Вольга паставіцца. Нават душа блізкага чалавека — таямніца.
Антанюк сядзеў у крэсле перад тэлевізарам, але глядзеў не на экран — у акно. Там, за шыбамі, у вячэрнім паўзмроку, ішоў снег. Мяло. Над снежнымі казыркамі, што звісалі з крышы дома насупраць, віхурыліся сінія смерчы, узнімаліся белымі пасмамі. Снежная зіма. Яна хвалюе, як, здаецца, ніводная з ранейшых. Абуджае ўспаміны. Кліча ў лес. Да сардэчнага болю хочацца ў лес. Але ж не кінешся туды, на ноч гледзячы. А сціхне заўтра, праясніцца — і знікне гэтае жаданне. Зноў будзе сядзець, прыкуты да тэлевізара. Добрая забаўка для дзяцей і пенсіянераў!
Думаць перашкаджае ўнук. Малы бясконца лапоча над вухам — просіць тлумачыць, што там адбываецца, на экране. А як ты вытлумачыш трохгадоваму дзіцяці сумны тэлевізійны спектакль? Ды і цяжка адарвацца ад думак і… ад снегу. Хутка сцямнее, уключаць святло, і знікне гэтая дзівосная казка на даху суседскага дома.
«Хлопчык мой, каб я ўмеў, то выдумаў бы казку пра снег і пра лес. Але я не ўмею выдумляць для такіх, як ты. Гэта вельмі нялёгка. Я маю казку пра лес, ды табе не зразумець яшчэ яе. Маю казку не кожны дарослы зразумее».
Як звычайна, увайшла ў пакой Лада, пастаяла хвіліну каля дзвярэй, адразу вызначыла каштоўнасць перадачы; што цікавае затрымлівае яе надаўжэй, а часам зусім адрывае ад формул.
— Дарагія мае мужчыны, навука і чалавецтва былі б глыбока ўдзячныя, каб вы хоць трохі прыглушылі гэтую шарманку.
— З найвялікшым задавальненнем я выключыў бы зусім, але ж тады шуму стане яшчэ больш.
— Не хацу выключаць! — заверашчаў малы.
— Вось бачыш…
— Кара боская на маю галаву — такі пляменнічак. Ён у вас дагледзіцца да псіхічнага расстройства. Ужо не спіць па начах. Калі людзям наканавана ад нечага загінуць, то гэта — ад тэлевізара.
Па яго прыездзе жонка выказала трывогу, што Лада стала дрэнна спаць, блукае начамі па кватэры, зрабілася нязвыкла маўклівая, засмучаная. Вольга Усцінаўна прасіла пагутарыць: «Табе яна больш давярае».
Не адрываючыся ад акна, Іван Васільевіч спыніў дачку:
— Лада!
— Я, тата.
— У цябе непрыемнасць?
— Не.
— Ты нездарова?
— Маміны выдумкі.
— Ты робішся не такой, да якой мы прывыклі.
— Усё цячэ, усё мяняецца, кажуць філосафы.
— Але нічога не адбываецца без прычыны.
— Калі скажу, што я закахалася, гэта вас супакоіць?
— Ад кахання весялеюць.
— Як хто. І гледзячы ад якога. І гледзячы на якім этапе.
— Цікавая тэорыя. У цябе які этап?
— Апошні.
— Што значыць — апошні?
— Не ведаю, што значыць, але ведаю, што апошні.
— Васіль расказаў мне пра тое, што ты таіла. Пра Сашу.
Вельмі хацелася павярнуцца, каб убачыць яе твар, вочы ў гэты момант. Але ў пакоі ўжо прыцемкі, і наўрад ці можна разгледзець, што адбілася на твары, што свеціцца ў вачах — радасць ці смутак. Ён не паварушыўся.
Лада адказала не адразу:
— Я рада, што ў вас наладзіўся такі кантакт… што вы пагаварылі нават пра маё каханне. Але я не даручала брату.
— Васіль не сказаў, што даручала. Прагаварыўся ў гутарцы. Але скажу шчыра: мяне трохі пакрыўдзіла, што ты гэтак таілася.
— Хіба каханне — для выстаўкі?
— Не. Але навошта цямніць неграм, Феліксам?
Лада засмяялася.
— Ахоўная маскіроўка.
— Што і ад чаго трэба ахоўваць? Чаму ўсё-такі апошні этап?
— Не турбуйся. Магу зрабіць яго першым.
— Ты загадваеш загадкі. Адгадваць іх — работа не для маёй старой галавы.
— Гэта не загадка — задача, якую трэба мне рашыць самой. Калі рашу — адразу скажу табе пра вынік. А цяпер у мяне на стале задача на вымярэнне крытычнай энергіі каскадных ліўняў, таму я прыглушаю вашу шумілку.
Лада крутнула рэгулятар гучнасці і пайшла рашаць свае задачы, касмічную і душэўную.
Іван Васільевіч застаўся з унукам, які не адрываўся ад тэлевізара. Сініх смерчаў над карнізам даху ўжо не відно, толькі танец сняжынак на фоне асветленых у суседнім доме вокнаў. Усё складана ў свеце. І ў кожнага свае праблемы. Нават у гэтага малога. Але самыя складаныя з іх тыя, што вынікаюць з адносін паміж людзьмі.
У той жа вечар жонка проста-такі ашаламіла апошнімі хатнімі навінамі. Зноў прыходзіла Міля, скардзілася Вользе на яго, Антанюка! Узрушыў мужа, выбіў з творчай каляіны — перажывае чалавек, не есць, не п’е.
— Няхай схуднее, яму на карысць, — даволі абыякава напачатку азваўся Іван Васільевіч. Але жонка пачала дакараць:
— Ну, чаго ты задзіраешся з усімі? Вот жа чалавек! Не навучылі цябе яшчэ. Ну, там, у сельскай гаспадарцы, ваяваў, дык там ты хоць спецыяліст. А ў Будыкавы станкі чаму ты лезеш? Што ты разумееш у іх?
— Нічога. Але ў групе ёсць інжынер-станкабудаўнік. А я асабіста трохі разбіраюся ў людзях, у кадрах, у арганізацыйнай рабоце, у партыйнай. Вам з Будыкам хочацца поўнай бескантрольнасці? Я ніколі не ўзнімаў такі вэрхал, калі правяралі маю работу. А правяралі часцей.
— Па-першае, ты не на службе і мог адмовіцца.
— З партыі на пенсію не выходзяць, Вольга!
— А калі ўжо ўзяўся, то няўжо нельга зрабіць так, каб не разарваць дружбы? Столькі гадоў дружылі!
— Калі яна за столькі гадоў не загартавалася, наша дружба, — значыцца, не тая сталь.