Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Таварышок, а таварышок!

Азірнуўся — яго даганяў стары, з лейцамі ў руках, з сякеркай, засунутай за вяроўчыну, якой падперазана старая, многа разоў латаная ватоўка. Падышоў, зняў аблезлы трывух, павітаўся, пакланіўся.

Івана Васільевіча нават трохі збянтэжыла такая пачцівасць. Падумаў, што хіба можа дзед паспеў ужо прычасціцца з раніцы.

— Так што звіняюсь, таварышок. Кім вы даводзіцеся вучыцельцы нашай… Надзеждзе Пятроўне?

Насцярожыла такое пытанне. І зноў-такі збянтэжыла: кім ён цяпер ёй даводзіцца?

— Яна была ў маім атрадзе. У партызанах.

— А-а, — усё зразумеў дзед, прыжмурыў маленькія і хітрыя, не прамытыя з ночы вочкі.— То слухай, таварышок, што я хачу табе расказаць… Надзежду Пятроўну не хацеў лякаць. Мала куды магла паплыць дзеўка. Маладая — вецер у галаве.

Іван Васільевіч пачуў, што млеюць ногі.

— Куды паплыць, дзед? Калі?

— Ды слухай ты па парадку. У аўторак было. Я адонкі з-пад саўгаснага стога падбіраў. Думаю: усё роўна залье. А на другім адонку, глядзі ты, клок які аставілі, не сабе ж бралі… Не трэслі ламачча… Пакуль стаялі стагі — не пойдзеш. Хто ведае, адкуль вязеш? З адонка ці са стога… Прыпішуць табе… А я, таварышок, чужога крошкі нідзе. Але калі вада залівае дабро…

— Дзед!

— Ды так во, таварышок. На чаўне перавозіў сянцо. Човен добры. На ім да Кіева можна даплыць. З’ездзіў я раз, два, назграбаў пудзік там; дзярмо, канечне, таварышок, падмочанае, ды кароўка есць, непераборлівая…

— Дзед! Дык куды паплыла Віталія?

— Хіба я кажу, што паплыла? Можа і не паплыла. Я што кажу? Плыў трэці раз, пад вечар ужо, а на беразе стаіць хтось… Думаю, можа сам Сівалобы. Адкуль, скажа, сена, дзед? На Панскім жа яшчэ стагі асталіся. Ні адзін год не аставаліся. А то стаяць. На пасяўную, ці што? Хоць хто цяпер на конях арэ? Трактарамі ўсё, таварышок. Як загудзяць!..

— Дзед!..

— То я і кажу… падплыў — ажно то яна, маладая вучыцелька… дачка Надзежды Пятроўны. Прагульваецца. Анцілігенцыя! «Добры вечар, — кажа, — дзед. Дайце я вам памагу». Яна пехцярок узяла, а я ў вожачкі навязаў. Так за раз і перанеслі. Колькі таго сена, таварышок! Спасібачка табе, дачка. Дай бог здароўя. І баба мая благадарнасць наказала. Пакуль тое сена дагледзеў, на гарышча зацягнуў. Пайшоў, каб чаўнок выцягнуць да вербаў ды замкнуць на ноч. Чаўны ў нас да-аўно не кралі… Ды і замочак ад чэснага чалавека… ад дзяцей. Глядзь-праглядзь — няма чаўна. Во, думаю, праява. Хтось з саўгаснікаў пабачыў-такі ды перагнаў, каб гэтае самае… вяшчэсцвеннае мець. Клок жа які сена астаўся. Пазавуць заўтра. Ды я не злякаўся. Лёгка ж пазнаць, адкуль яно, сена тое — з Панскага ці з-за бярэзнікаў.

— І чаўна дагэтуль няма? — Іван Васільевіч не пазнаў свайго голасу — ці то асіп так раптам, ці то спытаў шэптам?

— Пазаўчора не шукаў… Ждаў — пазавуць… А ўчора баба кажа: Пятроўніна дачка з’ехала нязвесна куды. Матка тэлеграмы б’е ва ўсе канцы. Тут мне і цюкнула, таварышок. Калі ж яна магла паехаць? А чоўна такі няма.

Дзед часам гаварыў, як блазен ці п’яны, а гэтыя словы сказаў сур’ёзна і ціха, і загноеныя вочы сталі пранікліва-разумныя і сумныя. Дзед моўчкі і глыбока спачуваў, гледзячы яму ў вочы. Іван Васільевіч пачуў востры боль у назе. І страшэнную стомленасць. На міг зрабілася млосна — пачарнела неба і расплыўся жоўтай плямай твар старога. Спалохаўся, што можа ўпасці. Толькі аднойчы ў жыцці, у партызанах, пры запаленні лёгкіх было такое: пацямнела ў вачах, закружыліся сосны, і ён упаў на парозе зямлянкі.

Як здалёк ці з-за сцяны, далятаў дзедаў голас.

— Пабялеў ты, таварышок. Не пужай ты Надзежду Пятроўну. Бабы — яны, знаеш, якія. Нервы ў іх слабыя. Ну, няхай паплыла. Дык маладыя цяпер усюды плаваюць, усюды ходзяць. Іх хлебам не кармі, а дай ескурсію. Яна дзеўка смелая. А човен добры. На ім да Кіева можна даплыць.

Раніца была хмурная, калі ён ішоў са станцыі. Не па-вясноваму халодная. А цяпер воблакі рассейваліся, выглядвала сонца. На прасторы вады — як кінуць вокам — па хвалях то там, то там скакалі «зайчыкі». Каб не вецер, напэўна, стала б па-вясноваму цёпла. Але вецер дзьме з ракі… Халодны. Якая рака? Рэчка. Раўчак, на які ён — колькі ні прыязджаў — не звяртаў увагі. А Віта казала: «Каб вы бачылі, як яна разліваецца, наша рэчка!» Так, так, ён помніць: яна казала, як разліваецца іх рэчка… яе рэчка. Не, не яе рэчка! Не яе! Дзе яна, рэчка?

Цяпер, у разліве, невядома нават, дзе яна, рэчка? Там, дзе стаіць яшчэ адна вярба, па голле ў вадзе? Ці там, дзе плавае на хвалях лаза? Ці тут, адразу каля гэтай пясчанай касы, на якой растуць вербы, чарада старых, скурчаных і самотных вербаў? Да адной з іх прывязаны ланцугом човен. Чаўны трэба замыкаць! Ад дзяцей. Як трэба хаваць патроны ад дзяцей. Як яна, аднак, разлілася, гэтая нікому не вядомая, не пазначаная на геаграфічных картах рэчка! Палеская рэчка. Вунь дзе другі бераг. Каля другой вёскі. Як яна называецца, тая вёска? Хвалі ліжуць пясок. Хвалі змываюць пясок і калі-небудзь падмыюць гэтыя вербы. Ці можа хвалі намываюць пясок, і вербы тут будуць расці вечна? Яна, малая, гуляла пад гэтымі вербамі. Яна хадзіла тут тры дні назад. Памагла старому перанесці сена.

Хто вінаваты? Хто? Я? І я таксама. Нельга хаваць праўду. Ніякую. Якая б суровая яна ні была. Нявыгадная. Небяспечная. Асабліва нельга хаваць ад дзяцей. Асабліва.

Вярніся, Віта! І я ўсё табе раскажу. Ты разумная, ты зразумееш. Навошта ты хочаш так пакараць маці? Яна не заслужыла гэтае кары. Не, не заслужыла. Каб ты сама стала маці, то ведала б цану жыцця. Яна ведала, маці твая. І я ведаю. А ты не паспела ўведаць. Вярніся, Віта!

Які халодны вецер! І якія халодныя хвалі. Размываюць яны касу ці намываюць? Небывала шырокі разліў. Небывала? А можа ён быў такі ў тую снежную зіму? Снежныя зімы! Вялікая вада! Часам яны прыносяць бяду. Але часцей даюць радасць — добрыя ўраджаі. Віта не верыла ў гэта. Як яна пісала? На пясках — высыхае за тыдзень, на тарфяніках вада трымаецца да чэрвеня. Выходзіць, снежныя зімы не даюць тут ураджаю?

Гудуць трактары. Дзесьці на базе. Выходзяць на пасяўную. «Хто цяпер на конях арэ? Трактарамі ўсё, таварышок». Але, трактарамі! Вунь яны гудуць! «Яна дзеўка смелая. А човен добры». Ты мудры, дзед. На тваім чаўне можна да Кіева даплыць. Але навошта Віце плыць да Кіева? А чаму не паплыць? На злосць усім. І каб атрымаць разрадку. Я таксама раблюся скептыкам і панікёрам. А мне цяпер трэба спакой і сіла… Спакой і сіла. На дваіх — на сябе і на Надзю.

Чаму стаю тут, на гэтым ветры? Трэба ж нешта рабіць. Даць тэлеграмы ва ўсе пункты па рэчцы… І далей — па Прыпяці…

Дакуль можна даплыць за тры дні?

Гудуць трактары…

І зазвінеў званок. Недзе бліжэй.

Іван Васільевіч не адразу дацяміў, што звоняць у школе. А зразумеў — скалануўся. Прыпаў ілбом да старой вярбы.

Віту знайшлі ажно ў Петрыкаве, у бальніцы, з цяжкім запаленнем лёгкіх.

XVI

Будыка падняўся са свайго крэсла-трона, радасна прывітаў нечаканага госця, раскінуўшы рукі.

— О-о! Працаўнік палёў! Ура! Непарушнаму саюзу сяла і горада… — і асекся на паўслове. — Што з табой, Іван?

Іван Васільевіч па-армейску шырокімі крокамі падышоў да стала, дрыготкай рукой расшпіліў гузік плашча, выхапіў з нагруднай кішэні пісьмо, якое паліла сэрца, пальцы.

— Ты пісаў?

Будыка схапіў пісьмо, хутка прачытаў, перасмыкнуў плячамі.

— Ты што? Навошта мне?

— Ведаеш, што ты зрабіў?

— Надзя? — Будыка збялеў.— Іван! Як думаеш пра мяне? За каго лічыш?

— За падлюгу!

— Слухай!.. Што б ні здарылася, не забывай, што ты не ў атрадзе, не ў зямлянцы.

Поделиться с друзьями: