Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Цяпер Надзя глядзела са страхам — чакала, што скажа ён, адзіны чалавек, якога паклікала на дапамогу і які з’явіўся хутчэй, чым яна меркавала.

Ён зноў ішоў ад станцыі пехатой. Але гэта не снежаньская дарога, цвёрдая, што асфальт. Цяпер прыйшлося мясіць гразь. Ад стомы ныла цела. І разбалелася нага. Раненая. Дваццаць гадоў маўчала, а тут раптам дала пачуць сябе.

Ён мімаволі зморшчыўся ад вострага болю — і Надзя ўздрыгнула. Каб адвесці яе думкі хоць на момант у другі бок, узварухнуць нечым, ён растлумачыў:

— У мяне баліць нага.

Яна чакала іншых слоў, і гэтыя, здалося, яшчэ больш спалохалі, не сэнсам сваім — непатрэбнасцю ў такі момант, калі ім, яму і ёй, трэба гаварыць не пра сябе — пра Віталію. Дзе яна?

Іван Васільевіч глядзеў на знаёмае аблічча, у знаёмыя вочы. Знаёмыя? Не, вочы амаль незнаёмыя. Дзіўна. Кажуць, самае пастаяннае ў чалавека — вочы. А ў Надзі змяніліся вочы. Ніколі не бачыў такія — такія шырокія — пэўна, ад таго, што схуднела, такія глыбокія — можа ад пільнага ўглядання, і… сумныя. Сумнымі бачыў яе вочы і раней, але той смутак быў зусім іншы, чым гэты. Увогуле Надзя моцна змянілася са снежня, і, безумоўна, усё адбылося за апошнія тры дні, пасля таго, як знікла немаведама куды дачка.

Калі ён прыйшоў, Надзя была ў вялікай чорнай хустцы. Хустка гэтая спалохала. Але калі жанчына, хоць і блытана, расказала, што здарылася, і Антанюк зразумеў, што пакуль што трагедыі няма, то перш за ўсё чамусьці папрасіў скінуць хустку. Надзю гэта ібы ўзбадзёрыла. Яна паслухмяна скінула хустку і, пакуль ён чытаў, сядзела перад ім з непакрытай галавой. Але валасы не былі так старанна прычасаны і прыгладжаны, як тады, у снежні. І цяпер Іван Васільевіч убачыў ва ўсклочаных пасмах на скронях нямала срэбра.

Вочы ўвесь час былі сухія, ніводная слязінка не бліснула ні пры сустрэчы, ні цяпер.

Іван Васільевіч і пасля дзённіка не адчуў тае бяды, якую, напэўна, убіла сабе ў галаву спалоханая маці.

Нямала трагічнага ў Віталіных адносінах з людзьмі: дзяўчына на ўсё ўмела глядзець разважліва, аптымістычна, нават з гумарам. Але яны шмат у чым вінаваты — маці і ён. Відаць, калі назваўся бацькам, трэба было ісці далей — браць на сябе большыя абавязкі, большую адказнасць. Бяды ён пакуль што не адчувае. Аднак дзённік моцна ўразіў. Можа таму не прыходзяць словы суцяшэння — не звычайныя словы, не банальныя, а такія, якіх чакае Надзя, верачы, што сказаць іх можа толькі адзін ён.

Не вытрымаў Надзінага позірку — апусціў вочы, пачаў гартаць сшытак, каб упэўніцца: ці то яму здалося, ці сапраўды Віталія не заўсёды ставіла даты, толькі ў асобных выпадках. Але, гэта так. Якія ж падзеі запісваючы, ставіла яна дату? Паведамленне Адэлі, што Алег цалаваўся з другой. Але ж гэта магла быць звычайная плётка зайздросніцы.

Іван Васільевіч шукаў у сшытку іншыя даты. Ах, вось — пасля гасцявання ў яго, у бацькі. Самыя цяжкія старонкі.

Надзя не дачакалася яго суцяшэнняў — загаварыла сама, пачала расказваць тое, што расказвала, калі ён скідаў паліто, толькі ўжо ў іншай паслядоўнасці, з іншымі падрабязнасцямі.

— Яна спытала, Іван… зусім спакойна… О, каб ты бачыў, як яна спытала! «Гэта праўда?» — і з грэблівасцю сунула мне гэтае пісьмо… Я нават не прачытала… Я ўбачыла яго прозвішча — Сваяцкага — і ўсё зразумела. Я адказала: «Гэта праўда. Але ты зразумей…» Яна закрычала: «Не трэба мне тваіх тлумачэнняў! Не трэба!» Я заплакала. Віта маўчала. Праз слёзы я прачытала пісьмо. Іван… Хто яго напісаў? Гэта не ад шчырасці, не таму, каб сказаць праўду. Не. Ад злосці. Ад вялікай злосці, Іван… Каму мы зрабілі зло? Чаму наша тайна не магла назаўсёды застацца тайнай — для яе? Яна верыла, што ты — бацька. І радавалася… Як дзіця…

— Я паводзіў сябе ганебна, калі яна прыехала. Нельга спыняцца на паўдарозе. Калі я ўдачарыў яе, назваў сябе бацькам, то абавязан быў зрабіць усё, каб яна паверыла ў маю бацькоўскую шчырасць.

— Не карай сябе, Іван. Вінавата я. Трэба было сказаць ёй праўду. Даўно. Усё забываецца. Усе раны гояцца. Ой, не, Іван, не ўсе раны гояцца. Колькі такіх, ад якіх паміраюць!

— Надзя, калі ласка, без трагедыі. Нічога ж не здарылася. Пабудзе дзе-небудзь у сяброўкі, супакоіцца… і вернецца. А калі і не вернецца, застанецца працаваць у другім месы… Хіба можаш ты ўсё жыццё трымаць яе каля сябе?

Надзя ні слова не адказала на такое тлумачэнне.

— Я ўспамінаю, Іван… Я цяпер успамінаю ўсё да драбніц, і шмат ад чаго робіцца страшна. Не помню, ці доўга я плакала. Але помню: не адразу, не, можа праз паўгадзіны, а можа і праз гадзіну яна раптам ласкава абняла мяне. «Супакойся, мама. Я ж ні ў чым не ўпікаю цябе. Відаць, другія маці зрабілі б гэтак жа. І я таксама, калі стану маці, магчыма, буду такая. Відаць, многія дзеці не ведаюць пра сваіх бацькоў». Я чакала, што яна пачне распытваць пра Сваяцкага. Іван! Я таму і таіла, што не магу гаварыць пра яго без жаху, без амярзення. Як ён растаптаў маю душу тады! Можа нядобра, можа за гэта я пакарана, але толькі тады, калі ты сказаў, што яго няма жывога, я адчула сябе вызваленай. Я радавалася… І вось ён ажыў. Ён помсціць мёртвы! Каму спатрэбілася пісаць? Навошта? Іван!

— Надзя! Калі ласка, супакойся.

— Ты ведаеш, Іван… потым, пацалаваўшы мяне, Віта пачала наводзіць парадак… на стале, на этажэрцы, у шафе. Асабліва старанна, вельмі ж старанна перастаўляла кнігі, быццам шукала патрэбную. Яна ж увогуле па характары раскідуха, у яе часта кнігі, рэчы валяюцца дзе папала. Спачатку мне так і здалося, што яна шукае нейкую кнігу ці сшытак. Я ведала, што яна вядзе дзённік, але ні разу не заглянула ў яго. «Віта, ты шукаеш што?» — «Не!» — адсекла груба. І тады я спалохалася, Іван. Мне здалося, што яна развітваецца з кнігамі. Страшна, Іван, калі чалавек развітваецца з рэчамі. Ты бачыў калі? Я не зводзіла з яе вачэй. Але хутка яна кінула перабіраць кнігі. Легла і прытварылася, што спіць. Ніколі не клалася ўдзень. А пасля паднялася — пачала рыхтавацца да ўрокаў. Гаварылі мы пра будзённае, як звычайна, толькі менш… немнагаслоўна, не па-жаночаму. Толькі пад вечар ужо, слухаючы па радыё музыку, Віта задумліва сказала: «Трэба пра ўсё расказаць Лескаўцу». О, як апякло гэта мяне, Іван! Я нават не падумала, што ёй трэба прайсці яшчэ цераз такое выпрабаванне. А яна думала, Іван. Выходзіць, перабірала кніжкі, ляжала — і думала. Я сказала, што пайду і сама ўсё растлумачу — мая ж віна, не яе. «Не! Я сама!» — сурова так крыкнула, са злосцю. Аж вочы загарэліся. Маўляў, хопіць, патлумачылі, наблыталі, цяпер сама буду разблытваць, не маленькая. Але мне стала лягчэй пасля яе выкрыку. Праўду кажу, Іван. Я веру людзям… верыла, што зразумеюць… Лескавец, іншыя. Не сябе я асцерагала, не за сябе баялася. За яе. Ты ведаеш. І можа нават лепш, што нарэшце адкрылася праўда. У той міг, далібог жа, даравала ананімшчыку. Нельга жыць усё жыццё з тайнай ды яшчэ хаваць яе ад самага роднага чалавека. Нельга! А пасля Віта спытала, калі яго асудзілі, у якім годзе, дзе. Спакойна спытала. Як пра чужога. І гэта мяне яшчэ больш супакоіла. Праўда, увечары была зноў трохі спалохала. Пачула, што ідзе гэты… Алег Гаўрылавіч, — схавалася за шырму, папрасіла сказаць, што няма дома. Я ж тады не ведала пра гэта, — Надзя тыцкнула рукой у сшытак, грэбліва зморшчылася, сашчапіла пальцы. — Божа мой! Трэба ж так, каб усё навалілася ў адзін час! Я не верыла гэтаму чалавеку! Не верыла, што ён прынясе Віце шчасце.

Дырэктар і яму не спадабаўся тады, у снежні, калі пазнаёміліся вось тут, у хаце, але Іван Васільевіч стараўся быць аб’ектыўным, стараўся нават пранікнуцца сімпатыяй. Не вельмі прывабным выглядае чалавек гэты і з дзённіка дзяўчыны, якой сур’ёзна хацелася звязаць з ім жыццё. Але навошта капаць на свежую мацярынскую рану!

— Адаліна… ці як яе?.. магла ўзвесці паклёп.

— Ах, Іван, хіба бяда толькі ў тым, што ён пацалаваў гэтую размаляваную ляльку ці яна яго… Не! Эгаіст! Сябелюбец! Ён так і не зразумеў Віцінай душы. Каб ён стаў другам, да якога можна было б прыйсці і пра ўсё расказаць… Каб я апынулася на такім раздарожжы, то паехала б да цябе, Ваня. Нягледзячы ні на што. А да каго паехала яна? Да каго, Іван? Я дала тэлеграмы ўсім сяброўкам, з якімі яна калі-небудзь перапісвалася.

— З парторгам… як яго?

— Наш? Лескавец.

— Яму яна сказала?

— Не ведаю.

— Дарэмна, Надзя. Гэта ж вельмі важна: як яны гаварылі? Што яна сказала? Што адказаў ён? Адгэтуль трэба пачынаць…

— Наўрад ці гаварыла з ім Віта. Нехта ведаў бы ўжо… Сам бы ён прыйшоў…

— Ды як сказаць! Мяркуючы па Віціным запісу, Лескавец не такі просты чалавек. Я пайду пагутару з ім.

Тады толькі Надзя ўспомніла, што ён з дарогі.

— Паснедай, Іван.

Іван Васільевіч ішоў да канторы саўгаса па гразкай сцежцы па-за гародамі, прыкладна той жа дарогай, па якой некалі вяла яго Віта, каб паказаць «славутасці» Калюжын. Ішоў у глыбокай задуме і не адразу пачуў, што яго нехта гукае.

Поделиться с друзьями: