Сны iмператара
Шрифт:
Валодша прачыніў вакно, і ў пачывальню пацёк волкі начны халадок з лёгкім пахам дыму.
Трыццаць гадоў носіць ён гэтыя думы ў сабе, трыццаць гадоў яны падпільноўваюць яго, каб у адну з начэй зноў прыціснуць сэрца каменем-жарнавіком, і з кожным годам камень гэты робіцца цяжэйшы і цяжэйшы. Але мудра пісана ў кнігах: «Хто, рабуючы чужое, будуе на тым дом свой, той складае яго на лёдзе. Прыйдзе вясна, і сплыве дом за мора».
Неразумна ўсё жыццё вінаваціць сябе, але хіба забудзеш, што калісьці як дарагіх гасцей прымаў людзей з чорнымі душамі, якія ў сэрцы сваім хацелі пагібелі і яму, і ўсёй Полацкай зямлі.
У тое ж лета, як ён сеў на полацкі пасад, у горад прыйшоў па Дзвіне разам з брэменскімі купцамі першы лацінскі манах. Быў ён у падшытай ветрам лапленай сутане і выгляд меў такі, быццам ніколі не еў уволю хлеба. У княжым хораме заморскі госць трымаўся цішэй за халопа, толькі бесперастанку маліўся і праз тлумача прасіў аднаго: дазволу прапаведаваць слова Божае ў падуладнай полацкаму князю зямлі ліваў.
Полацку здавён не надта рупіла, што яго даннікі моляцца не ў цэрквах, а ў святых гаях і дубровах; іхнія багі любілі мяса аленяў і тураў, а найлепшым пачастункам была ім кроў палонных чужынцаў. Але ён, Валодша, даў манаху згоду, бо полацкія купцы нашэптвалі, што маюць добры гандаль у Брэмене і Любеку. Мала таго, на адвітанне ён адарыў ціхмянага госця кунамі і вавёрыцамі са сваіх кладовак.
Там, дзе Дзвіна сканчвае шлях да мора, манах паставіў царкву і пачаў хрысціць ліваў паводле лацінскага абраду. Увёўшы лівам у вушы, што хоча абараніць іх ад набегаў, ён прывёз нямецкіх муралёў і збудаваў замак. Хутка замак стаяў ужо і ў суседнім Гольме, а ціхмяны манах стаў біскупам. Даніна ў тую пару ішла ў Полацк яшчэ па-ранейшаму спраўна, як і дзвесце гадоў дагэтуль, аднак ён, князь, разумеў, што замкі бароняць не ліваў, а немцаў. Усё часцей ён думаў, што памыліўся і за памылку гэтую давядзецца плаціць вялікай крывёй.
Яго пабойванні спраўдзіліся скора. Стары біскуп памёр, а новы да полацкага князя ўжо не паехаў. Прыкрываючыся Божым словам, немцы сталі адбіраць у ліваў зямлю. Папа ў Рыме ўжо абвясціў адпушчэнне грахоў усім, хто нашые крыж і пойдзе служыць у біскупава войска на беразе Варажскага мора. Полацкія купцы прывезлі навіну, што папа і нямецкі кесар прыраўнялі паход у Лівонію да крыжовых паходаў у Палесцінскую зямлю. Праўда, новаму біскупу сонца свяціла тут нядоўга. У бітве спалоханы конь занёс яго ў гушчу ліваў; двое схапілі ненавіднага крыжака за рукі, а трэці працяў яго дзідай. Ён, Валодша, дагэтуль памятае імя гэтага трэцяга — Імаўт. Выведнікі данеслі, што пасля смерці біскупа лівы доўга мыліся ў лазнях, змываючы там, а потым у дзвінскіх водах лацінскае хрышчэнне. Яны пілі хмельны мёд, зрывалі з дрэў укрыжаванні і пускалі іх на плытах у мора. Але ён прыняў гэтыя навіны без вялікай радасці, бо ведаў, што рыцары вернуцца.
I яны вярнуліся, і з году ў год іхнія караблі падымаліся па Дзвіне ўсё вышэй і вышэй і ўжо даходзілі да падуладных яму, Валодшу, гарадоў Куканоса і Герцыкі, дзе сядзелі крывіцкія князі...
Знадворку, недзе за блізкай сцяной цёмнага бору, завухаў пугач. Князь перахрысціўся на абраз з кволым агеньчыкам лампадкі. Пугач падаў голас акурат тады, калі ён падумаў пра біскупа Альберта. Валодша раптам зразумеў, што яны падобныя: рыжскі валадар і гэтая вушастая птушка з такой самаю, як у Альберта, круглай галавой і вялікімі слепаватымі вачыма. Князю зрабілася ніякавата, яму здалося, што загадкавае начное стварэнне можа невідочна заляцець у пачывальню і падслухаць яго пакрыёмыя думкі. Ён мімаволі ўспомніў аб кметах, што гэтаю парой за пяць пералётаў стралы адсюль стаяць варту пад старым дубам у лесе і ў прыдзвінскіх зарасніках алешніку. Там выходзяць наверх лёхі, што пачынаюцца з княжага двара: адна — якраз пад ягонаю пачывальняй, другая — у малой мядушы.
Пугач зарагатаў зноў, і князь зачыніў вакно на зашчапку, адразу адчуўшы на душы палёгку.
Не, ён не баяўся Альберта. Зараз ён хацеў засцерагчыся ад тых таемных сіл, што ўладараць у глухую начную часіну і могуць умяшацца ў любую чалавечую справу. Што да рыжскага біскупа, дык Валодша ведаў: далей ім двум на берагах Дзвіны не жыць. Застанецца нехта адзін: або ён, вялікі князь полацкі, або гэты пугач з чалавечым абліччам.
Валодша думае пра біскупа так даўно і так шмат, што часта ў яго з’яўляецца дзіўнае і, відаць, грахоўнае жаданне хоць на дзень, на гадзіну самому стаць Альбертам, атрымаць ягоныя розум і сэрца. Тады ён здолеў бы вызнаць гэтую душу, уведаў бы, што біскуп мысліць пра яго, полацкага караля Вальдэмара*.
* Так называе князя Валодшу сярэднявечная «Кроніка Лівоніі».
Няўжо рыжскі пугач смяецца з яго? Так, смяяцца ёсць з чаго. Дагэтуль амаль заўсёды выйграваў ён, Альберт. Але біскуп ніколі не мог лічыць сябе поўным пераможцам. Нават тады, пад Гольмам, у дзень ганьбы полацкага войска.
I цяпер, праз дзесяць гадоў, князь не можа прыгадваць той паход спакойна. Аднекуль з глыбіні падымаецца і туманіць розум цёмная хмара лютасці, ад якой самі сабой сціскаюцца кулакі.
Ён ізноў бачыць непрыступныя шэрыя вежы Гольма. Лучнікі з полацкага войска не даюць немцам і носа выткнуць з-за каменных зубцоў. Першая страла яшчэ не сустрэлася з зямлёй ці варожым панцырам, а наўздагон кожны лучнік паспявае паслаць яшчэ тры. Але немцы паставілі балісты і пачалі кідаць на табар абложнікаў камяні і цяжкія бёрны. Тады ён загадаў адказаць тым самым. Палоннаму рыцару абяцалі жыццё, калі навучыць рабіць балісту.
Як абложнікі выцягнулі з лесу свае балiсты, у Гольме стала так ціха, нібы ўсім немцам заняло мову. Аднак палачане радаваліся рана. Здаецца, усё было як належыць — і даўгія асверы, і цяжкія супрацьвагі, і трывалыя кашы, куды кладуць камяні,— але калі ратнікі напялі вяроўкі і разам стрэлілі з усіх пяці балістаў, двухпудовыя камлыгі паляцелі не цераз замкавыя сцены, а ў другі бок, акурат туды, дзе стаяла гатовае да прыступу полацкае войска. Пятнаццаць ваяроў былі забітыя на месцы, а тут яшчэ каменны град пасыпаўся з замка, брама расчынілася, і немцы пайшлі на вылаз. Ён, князь, даў знак адысці, і тае ж хвілі з неба гахнуў камень і забіў пад ім каня. Войска кінулася да выратавальнага лесу. Рыцары несліся на яго з думкаю, што кароль Вальдэмар ужо ў іх у руках, а ён стаяў з аголеным мячом і рыхтаваўся як найдаражэй аддаць жыццё. Але малады дружыннік Віславус на скаку павярнуў сваю буланую кабылу і, падляцеўшы да яго, цяжкой дзідаю выбіў з сядла пярэдняга рыцара. Буланка вынесла іх абодвух з-пад стрэл, і невядома, ці зрабіўся б Віславус ваяводам, каб не тая ягоная адвага.
Назаўтра ганцы ад ліваў паведамілі, што на моры паказаліся караблі, і ён зняў аблогу. Так закончыўся той паход, аднак і тады рыжскі біскуп не перамог.
I ён не пераможа ніколі.
Хай, прыйшоўшы на падмогу Куканосу, ён застаў на месцы горада адны галавешкі, бо князь Вячка пасля лютай сечы з крыжакамі мусіў падпаліць сваю дзедзіну ды ісці з дружынаю ў свет. Хай ездзіў на паклон у Рыгу Усевалад з Герцыкі. Хай ужо не ідзе ў Полацк даніна ад ліваў і летаў. Ён загадаў сваім вірнікам і мечнікам, радовічам і пад’язным не мець літасці да смердаў. Хто бунтуе — або галаву з плячэй, або ланцуг у вязніцы на княжым двары. Ад восеньскага Юр’я сядзяць там сем смердаў з Чорнай Лужы, што хавалі ў лесе хлеб. Баярын Міхайла зачыніў перад вірнікамі вароты, думаў адседзецца за дубовымі вотчыннымі сценамі. Цяпер грыміць ланцугом у порубе. I так будзе з кожным, хто пойдзе супраць ягонай волі, таму што не павінны пусцець збройні, свірны і мядушы ў Бельчыцах.
Ён, князь Валодша, з роду Рагвалодавічаў, не пусціў і не пусціць немцаў на крывіцкія землі. Не пусціць, пакуль за ягонымі плячыма веча, а яно стаіць за яго ўжо трыццаць летаў і будзе стаяць, пакуль жывы. I баяры, і полацкі епіскап не пойдуць супраць, бо цяпер гораду і княству трэба моцны абаронца.
Неспадзявана яму прыгадаліся дзвінскія парогі вышэй Віцебска, што цягнуцца на некалькі попрышчаў. Раку перагарадзілі там вялізныя каменныя валы, але яна, не могучы перапілаваць іх, не здаецца, паволі падымаецца на вал, абрываецца ўніз, творачы вадаспад, і зноў б’е ў камень, зацята точыць яго і ўсё ж праразае сабе вузкі ды глыбокі ход скрозь парог і ляціць з шалёнай хуткасцю, неўтаймоўна і пераможна. Гэтае змаганне ракі і парогаў, што назаўсёды запала яму ў памяць, цяпер, у бяссонную ноч, прынесла нейкую палёгку.
За біскупам — кесар, папа, нямецкія гарады, але за ім, князем Валодшам, зямля яго прадзедаў. За ім — купцы і рукамеслы люд, за ім — цёмныя смерды з вотчын і глухіх весяў. За ім — пастаўленая вялікім князем Усяславам Сафія і кніжная мудрасць, сабраная ў манастырах і цэрквах. Калі б чужынцы прыйшлі ў полацкія храмы, калі б яны пачалі паліць кнігі і на свой капыл выпраўляць летапісы, продкі ўсталі б са сваіх магіл і ўзбунтавалася б сама зямля. Праўда — за ім, князем, а не за крыжакамі.
Рогат пугача пачуўся ўжо зусім блізка, але гэтым разам Валодша не перахрысціўся.