Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сны iмператара

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Таксама моўчкі Даніла скінуў на лаву чорны кажух і пацягнуў за цвік, на якім вісела апранаха. Са сцяны лёгка выйшаў урэзак бервяна. Памацаўшы ў схоўцы рукой, кастапраў зноў наблізіўся да святла. На Данілавай далоні побач з пліткаю ляжаў адбіты вугалок. Ён прысунуў яго ўсутыч, і да аленевай галавы прыраслі галінастыя рогі.

— Gott mit uns!* — ціха загаварыў Богуш.

* З намі Бог! (ням.)

— Gott mit uns! — як рэха азваўся гаспадар.

— Наш айцец біскуп Альберт шле табе сваё блаславенне, Дзітрых. У Рызе памятаюць пра цябе. Калі мы прывядзём схізматаў да праўдзівай веры...— На дварэ забрахаў сабака, і госць асекся.

— Я не ведаю твайго імя...— сказаў лекар, калі сабака суняўся.

— Ты не зробіш вялікай памылкі, калі будзеш называць мяне братам Тэадорыхам.

— Я думаю, ты прыйшоў не з пустымі рукамі, брат Тэадорых? — унікліва запытаўся кастапраў.

Госць павесіў на канявы слуп кайстру і зняў світку. Паверх палатнянай кашулі на ім была кальчужная безрукаўка.

— Пагаворым пра гэта пасля,— сказаў ён.— Я галодны.

Лекар паставіў на стол ёмісты збан і спод з вэнджаным вепручыным кумпяком. Госць памаліўся, асушыў вялікую шкляніцу і стаў прагна есці, адкройваючы нажом і адпраўляючы ў рот ніштаватыя кусы вяндліны. Кастапраў не еў, але піў упоравень з госцем, пакідаючы на густой барадзе кроплі піва. Здаволіўшыся, Тэадорых адсунуў спод і павёў гамонку далей.

— Перад ад’ездам у Рым айцец біскуп маліўся за здароўе полацкага караля Вальдэмара. Мы чулі, ты добра лекаваў яго...

Кастапраў закруціўся, нібы сеў на гарачае.

— Увосень кароль быў на ловах, і на яго выскачыў паранены дзік. Кароль пашкодзіў руку. Я ўправіў костку і зашыў рану ядвабнымі ніткамі. Да Калядаў кароль забыўся, што ў яго была рана. Ён шчодра заплаціў. Скажы, брат Тэадорых, я кепска зрабіў, што хутка вылечыў караля?

— Табою кіраваў сам Бог. Цяпер цябе часта клічуць у Бельчыцы?

Супакоены лекар падліў у шкляніцы піва.

— Бельчыцкі зялейнік добра лечыць травамі, але ніхто ў Полацку не ўмее так, як Дзітрых, упраўляць косці,— з гонарам сказаў ён.

— Не забывай, што сваё ўменне ты атрымаў ад Госпада.— Тэадорых крыху памарудзіў і, глянуўшы кастаправу проста ў вочы, дадаў: — I Гасподзь пажадаў, каб ты лячыў караля зноў.

Цяпер ён здаровы, як тур. Бог...— лекар папярхнуўся,— д’ябал даў яму сілы столькі, што хопіць на нас дваіх.

Госць засмяяўся.

— Біскуп казаў мне, што ты тугадум. Цяпер ты павінен вылечыць караля назаўсёды.

У цёмных вачах гаспадара мільгануўся спалох.

— Ужо трыццаць гадоў полацкі кароль як бяльмо на нашым воку.— Тэадорых нахіліўся над сталом да лекара.— Ён не толькі неблагі ваяр. Ён стаў неблагім палітыкам. Сёння на рынку і на вуліцах я чуў, як пра яго гаварылі з бояззю і павагай. Але самае страшнае не гэта. Айцу біскупу ў дзень святога Пятра быў сон. Апостал з’явіўся перад ім і мовіў: «Я адкрыю табе вочы, і ты ўбачыш тое, што ўжо даўно мусіў убачыць». Апостал правёў далоняй па ягоным твары, і святы айцец убачыў, як Вельзевул у абліччы Сына чалавечага кладзе ў руку каралю Вальдэмару меч, і пачуў, як ён грамавым голасам гаворыць: «Я выбраў цябе, каб ты пазбавіў гэтую зямлю ад Хрыстовых слуг». Тады Вальдэмар укленчыў перад ім і сказаў: «Верую ў сілу тваю, Божа».

Госць і гаспадар перажагналіся, адпрэчваючы служак д’ябла, якія маглі быць недзе побач.

— Нашы перамогі не павінны туманіць нам галаву. Вальдэмар паверыў, што яму наканавана не пусціць у Полацкую краіну праўдзівае слова Божае. Ён сам асудзіў сябе на смерць. Я прыйшоў, каб абарваць чорную нітку ягонага жыцця.

З гэтымі словамі Тэадорых узяў сваю кульбу, крутануў яе пасярэдзіне, і кульба разышлася надвое. У руцэ ў госця апынуўся маленькі бутлік з крупчастым белым парашком.

— Адно каліва гэтых лекаў,— ён страсянуў бутлік,— вылечыць караля ад усіх былых і будучых хваробаў.

Лекар загаварыў пасля цяглага маўчання:

— Дзітрых просты чалавек, але ён бачыць, што Бог сапраўды хоча гэтага. У каралеўскай вязніцы сядзіць баярын Міхайла. Міхайлаў сын выракся бацькі і служыць у Вальдэмара чашнікам. У ягоных руках усе вінныя скляпы і мядушы. У душы Міхайлаў сын ненавідзіць караля і хоча вярнуць бацькаву вотчыну...

Твар госця асвятліла змрочная радасць.

— Вось гэта ўмацуе ягоную нянавісць.— Ён дастаў з кайстры важкую торбачку і высыпаў на стол залатыя манеты.

— Я сказаў не ўсё. Баярскі сын не асмеліцца падняць руку на князя. Але калі б...

— Калі б што? — нецярпліва выгукнуў Тэадорых.

— Калі б ягоны бацька памёр... Дзітрых думае, тады баярскі сын адважыцца.

— Няхай баярын памрэ,— сказаў госць.

— Дзітрых будзе гаварыць з чалавекам, які носіць Міхайлу хлеб і ваду...

— Не шкадуй золата. Ты атрымаеш удвая больш.— Госць кіўнуў на рассыпаныя на стальніцы манеты.

— Я і цяпер сказаў не ўсё.

Тэадорых здзіўлена і зласліва падняў бровы.

— Дзітрых не такі вучоны чалавек, як ты, і не ўмее гаварыць так складна. Але ён думае, што трэба пачакаць. Кароль Вальдэмар збіраецца ваяваць з літоўскімі паганцамі. Мы вылечым караля, калі ён вернецца. Літоўцы таксама ворагі Рыгі.

Вусны ў Тэадорыха скрывіла пагардлівая ўсмешка.

— I ты паверыў у гэтую казку для немаўлятаў. Кароль Вальдэмар таемна пасылаў да літоўцаў сваіх ганцоў. Мо твая галава думае, ён хацеў папярэдзіць, каб чакалі ў госці? Га-га-га... Кароль даўно прагне ісці на Рыгу. Ледзь не кожны дзень ён прымае нейкіх паслоў. Богу дагодна адправіць яго ў пекла цяпер. Адно скажы баярскаму сыну, што атруту трэба даць у дзень выхаду ў паход. Не раней.

Лекар глядзеў на госця прысаромлена, але непаразумела.

— Ты ўпраўляеш косці лепей, чым варушыш сваімі старымі мазгамі. Калі кароль памрэ ў гэты дзень, мы зможам абвясціць усяму свету, што сам Усявышні пакараў яго за злачынства, задуманае супраць царквы. I гэта будзе праўда, бо ўсе мы ў руцэ Гасподняй. Храніст біскупа Генрых пакіне памяць пра гэта людзям, што будуць жыць тут праз стагоддзі, калі ўвесь гэты край даўно будзе нашым.

Вочы ў начнога госця апантана гарэлі.

— А зараз памолімся, каб не забывала нас у нашых пачынаннях Дзева Марыя.

Тэадорых апусціўся на калені. З апаскаю паглядаючы на госця, лекар укленчыў побач.

5.

А трэцяй гадзіне ад усходу сонца Валодша і ваявода Віславус прымалі ў княжай палаце паслоў з Герцыкі.

Колькі гадоў таму, здабыўшы бліжэйшы ад Рыгі Куканос, біскуп Альберт на чале вялікага войска падступіў да Герцыкі, дзе сядзеў Усевалад з роду Рагвалодавічаў. Крыжакі прыйшлі помсціць за вернасць Полацку, за тое, што Усеваладава дружына няраз шкуматала Лівонію. У набегі князь хадзіў зазвычай разам з лiтоўцамi, бо іхні магутны кунігас Даўгерут даводзіўся яму цесцем. У Рызе ваяўнічага памежнага князя пабойваліся, а Герцыка ды Полацк любілі яго — не толькі за адвагу ў бітве, але і за часты шанцунак, за тое, што свяціла яму з неба шчаслівая зорка.

Поделиться с друзьями: