Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сны iмператара

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

З сотні жаночых грудзей вырваўся і разлёгся па-над галявінаю лямант, у якім змяшаліся жах і захапленне. Адно цяпер зубр угледзеў нешта дагэтуль нябачанае: высокі памост са стракатым натоўпам якіхсьці крыклівых істотаў. Звер ажно здрыгануўся ад лютасці. Не зважаючы на баханне рушніц, ён нагнуў кашлатую галаву і, падкідваючы цяжкі азадак, моўчкі памчаў проста на памост. Ён, як віхор, пранёсся непадалёку ад Эразма, пакінуўшы за сабою стаптанага паляўнічага і раструшчаную капытамі зброю. Першы дубовы слуп зляцеў з падваліны, быццам тонкі бярозавы калок. Пераможна рыкнуўшы, звер завярнуўся і, прабегшы пад памостам, гэтаксама лёгка збіў асяродную палю. Край памоста пахіліўся, і некалькі прыдворных дам, анямеўшы ад жаху, апынуліся на снезе. Зубр зноў развярнуўся. У ягоных крутых баках трымцела ўжо з дзесятак дзідаў, але магут не здаваўся. Пакуль стральцы падбягалі і ліхаманкава наводзілі свае рушніцы, зубр апусціў мокрую ад юхі галаву і зноў пайшоў на памост. I тады паляванне не дало веры вачам: паміж ашалелым ад дзідаў і куль мсціўцам і ягонымі ахвярамі, што безабаронна бэрсаліся на снезе ў сваіх цяжкіх футрах, скочыў малады лоўчы з рацішчам.

Зубр здзіўлена ўскінуў голаў і ўтаропіў на чалавека каламутны позірк, поўны невыказнай пакуты і нянавісці. Тым часам каржакаваты лоўчы, прытанцоўваючы, зрабіў насустрач зверу яшчэ тры крокі і знерухомеў. Выцягнуўшы руку, ён мог дастаць рацішчам да скрываўленых рагоў. Зубр падабраўся, каб зрабіць апошні скачок, але ў той самы момант, калі ён скрануўся з месца, лоўчы ў міг вока адскочыў убок і схаваўся за стаўбуром вячыстай яліны.

Пачаўся вусцішны танец чалавека і параненага звера. Яны кружлялі вакол таўшчэзнага стаўбура, і разам з імі, невідочная, скакала ў цішыні сама смерць. Даўмеўшыся, што зваліць яліну немагчыма, зубр намагаўся злавіць чалавека сваім доўгім, як вужака, языком. Кожны з паляўнічых, якія абсталі месца двубою, ведаў, што такое зубрыны язык. Развар’яваным зубрам няраз шэнціла схапіць лаўца языком і, падцягнуўшы, накалоць небараку на рогі. Кожны ведаў пра гэта, але ніхто не мог дапамагчы маладому паляўнічаму. Кружлянне вакол яліны было такое імклівае, што сам гаспадар Аляксандр, які меў славу найтрапнейшага стральца ва ўсім Вялікім княстве, бездапаможна адышоў ад рушніцы.

Пушчанскі магут пакрысе знемагаў. Вось ягонае тулава працяла дрыготка, вось ён пахіснуўся, вось у сляпым шале, ужо чуючы непазбежнае, зачапіў рогам яліну, пакінуўшы на стаўбуры шырокую белую паску. Усе ўжо ведалі, хто пераможа ў гэтым двубоі, і калі шырокае лязо рацішча ўвайшло зубру проста пад сэрца, галявіна зараўла ад захаплення, угору ўзляцелі магеркі і аблавушкі, і ніхто не пачуў перадсмяротнага звярынага хрыпу.

Зубр яшчэ не сканаў, яшчэ стаяў на каленях, хапаючы пашчаю снег, а адчайнага лоўчага ўжо абдымалі, мацалі рукамі, нібыта не верачы, што жывы, і фарсісты пасыльны ўжо перадаваў яму запрашэнне да стала яго каралеўскае мосці. Жанчыны і сама каралева глядзелі на маладога паляўнічага з непрыхаванай цікавасцю.

Эразм не спяшаўся падыходзіць: аднекуль у ягонай свядомасці з’явілася вострае адчуванне значнасці гэтай хвіліны. «Хто гэта?» — спытаўся ён у суседа-шляхціча, і той адказаў: «Сын баярскі* Мікола. З Гусава родам».

* У Вялікім Княстве Літоўскім баяры займалі сярэдняе становішча паміж шляхтай і народнымі нізамі.

Калі Вітэліус нарэшце наблізіўся, лоўчага ўжо атачылі дамы. Яны нешта ўзахапы шчабяталі свайму ратавальніку, і Эразм пачуў, як той смела сказаў камусьці на добрай лаціне: «Аut Саеsаr, аut nihil»*.

* Ці пан, ці прапаў (лац.).

Такое было іхняе знаёмства, і цяпер, шпацыруючы па галерэі, пасол яшчэ раз падзякаваў небу за тое, што звяло іх. Ён скажа Гусоўскаму, каб не забыўся на тое паляванне ў сваёй будучай паэме.

Вітэліус падумаў пра сакратара з нечаканаю цеплынёй. Колькі перажылі ўдвух! Разам былі і на кані, і пад канём. I цяпер таксама разам, у дні, ад якіх залежыць усё іх далейшае жыццё. Блаславёны той, чый лёс уплывае на лёс Айчыны, з гонарам думаў пасол. Яму хацелася хутчэй даць адпаведныя загады кухару і стольчым і паслаць па Гусоўскага. Вітэліус пашкадаваў, што некалі згадзіўся з паэтавай просьбай і Мікола жыве цяпер не ў пасольскай рэзідэнцыі, а на самоце, за колькі кварталаў адсюль. Ён паспрабаваў уявіць, як той сустрэне навіну: як зазвычай прытоіць пачуцці ці дасць ім волю?

А ці здолее сёння ўтаймаваць свае пачуцці ён сам?

Так, іх з Гусоўскім можна назваць сябрамі, але пры ўсім пры тым ён — каралеўскі пасол пры двары яго святасці, а Мікола — усяго толькі ягоны сакратар, які не развітваецца са сваёй музай адно дзякуючы яму, Вітэліусу. Таму паміж імі паводле падпісанага дзесьці ў душах маўклівага пагаднення заўсёды пралягае неадольная мяжа, якую нельга парушаць і цяпер. Магчыма, цяпер — асабліва.

Пасол чуйна прыслухаўся да самога сябе і, не знайшоўшы ў сэрцы патрэбнага спакою, адклаў размову з паэтам на заўтра.

На Вечны горад апускалася мяккае вясновае сутонне.

III.

Ён не любіў гэтай амаль разбуранай спаруды, што нагадвала яму страхотлівы вулей, куды час сабраў са свае бязмежнае лугавіны тое, што некалі было жыццём з ягонымі марамі і спадзяваннямі. Ён не любіў заходзіць сюды, але антычны калумбарый меў над ім нейкую ўладу, і час ад часу, вось як цяпер, па дарозе да Вітэліуса, у Гусоўскага ўзнікала неадольнае жаданне пабыць тут некалькі хвілін сам-насам з сабою.

Прыстояўшы пад выгбаю, ён ступіў у рэдкі халаднаваты прыцемак першай залы, і па засціле тонкага пяску, што ўкрываў каменныя пліты падлогі, пацягнуўся за ім ланцужок выр'aзных слядоў.

Нязвычныя і трывожныя пачуцці агортвалі душу сярод гэтых сцен з сотнямі цёмных паўкруглых нішаў, якія глядзелі вачыма самае вечнасці. Большасць нішаў ужо даўно была пустая, толькі пад нізам кожнае бялеўся мармуровы прастакутнік з лацінскім надпісам. Ацалела ўсяго дзесяткі два урнаў з прахам і столькі ж бюстаў на нізкіх пастаментах: паблажлівыя твары эпікурэйцаў, твары вясёлыя і хіжыя, змрочныя і засяроджана-журботныя...

Гусоўскі чытаў імёны людзей, што жылі на пятнаццаць стагоддзяў раней ад яго. Ён чытаў гэтыя імёны з пільнаю ўвагай, быццам спадзяваўся сустрэць між іх знаёмае, ды белыя прастакутнікі казалі розуму толькі пра марнасць чалавечага жыцця.

Гусоўскі прысеў на ўломак калоны. Ён уявіў чалавека, што некалі будзе разбіраць на замшэлым камені ягонае імя...

Дні і месяцы сыплюцца, як жвірынкі ў пясочным гадзінніку, і ты не ведаеш, колькі іх у цябе засталося, затое ведаеш, што ніхто не пераверне твой гадзіннік на-зад. Спяшайся, пакуль гэты танюткі струменьчык пяску яшчэ не высіліўся ў сваім імклівым бегу.

Ад увахода цягнуў скавыш, і Гусоўскі бачыў, як ягоныя сляды на пяску ўвачавідкі губляюць свае абрысы.

Доктар Скарына ўжо выдаў у Празе чэшскай Біблію на мове свайго народа. Ужо адспявала журботнае сэрца Вісліцкага*, але ён паспеў сказаць свету пра герояў Грунвальда. А ён, Гусоўскі, яшчэ здабывае танную славу эпіграмамі і вершыкамі на патрэбу мецэнату і сяму-таму з рымскіх вяльможаў. Ці вартае такое жыццё чалавека, што прысягнуў аддаць свой дар роднай зямлі, каб уславіць яе багацце і мужнасць і аплакаць яе пакуты? Ён судзіў сябе сурова і жорстка. Тут, перад прахам сотняў людзей, якія не пакінулі па сабе нічога, акрамя жменькі попелу, іначай ён не мог.

* Беларускі паэт-лацініст XVI ст., аўтар выдадзенай у 1516 г. у Кракаве гістарычнай паэмы «Пруская вайна».

Ён зноў пачуў учарашнія халодна-зняважлівыя словы Франчэскі. Так, ягонага імя няма ў геральдычных кнігах, няма ў спісах пасольства, але зараз, у гэтым храме нябыту, ён быў, як ніколі раней, перакананы, што сапраўдны гонар чалавек здабывае не праз шляхецкую кроў.

Мінулай зімой на адным з рымскіх мастоў ён спаткаў жабрака, які гінуў ад голаду і холаду. Гэта быў беглы янычар. Гусоўскі хацеў уратаваць чалавечую істоту, што вырвалася з крывавай няпамяці, ды былы султанскі ваяр вырашыў памерці. Пачуўшы ягоную гісторыю, Гусоўскі зразумеў, што іншага выйсця ў гэтага чалавека не было.

Ён не мог прамаўчаць пра гэты лёс і цяпер узгадаў дні і ночы, калі пісаў тую паэму. Усё пачалося, бадай, не з самой сустрэчы, а з таго сну, што стаў мучыць яго пазней. Ён сніў сябе янычарам. Гэта яго навекі забралі людзі султана, гэта па ім, надзеўшы жалобны ўбор, галасіла маці, а бацька пасыпаў попелам галаву. Гэта яго разам з тысячамі іншых хрысціянскіх хлопчыкаў змушалі забыць сваё імя і вучылі чужым мове, веры і майстэрству забіваць людзей. Гэта ён пасля вечаровай малітвы валіўся на смярдзючую лямцавую посцілку ў вялізнай кашары і не мог заснуць ад страшэннае стомы. Гэта ён утаймоўваў голад толькі пасля сечы, калі жывому належаў і чарпак плову, што застаўся ад забітага. Сны перапляталіся з яваю, і часам яму здавалася, што ён таксама ўмее за сорак крокаў прыкалоць чалавека да сцяны сваім ятаганам або адным ударам выпусціць з жаночага чэрава ненароджанае дзіця. Няўжо, шмат разоў пытаўся ён у самога сябе, няўжо прыйдзе час, калі падатак крыві будзе плаціць і ягоная зямля, калі яе Базылёў і Янаў будуць называць Ібрагімамі і Мехмедамі і пасылаць па душы родных мацярок?

Поделиться с друзьями: