Сотнікаў
Шрифт:
Значыць, усё ж даганяюць. Не азіраючыся — няўклюдна было вывернуцца з авечкай, — Рыбак вызначыў па крыку, што тыя ўжо на пагорку і, мабыць, убачылі іх. Надта невыгоднае аказалася іх становішча, асабліва Сотнікава, якому да хмызняку яшчэ бегчы ды бегчы. Але што ж… Як заўжды пры найбольшай пагрозе, кожны дбаў пра сябе, беручы свой лёс ва ўласныя рукі. Што ж да Рыбака, дык каторы ўжо раз за вайну яго ратавалі ногі. Праўда, магчымасці іх былі малыя — да крыўднага абмежаваныя магчымасці дзвюх чалавечых ног. І тым не менш менавіта яны, а не што іншае абяцалі яму паратунак.
Хмызняк, аказваецца, быў далей, чым здалося ўначы. Рыбак яшчэ не дабег да яго, калі ззаду забахалі стрэлы. Стралкі, аднак, былі болей чымся няважныя, ён, не азіраючыся, зразумеў гэта па тым, як напятай струной прайшла над ім куля. Надта высока прайшла — гэта ён зразумеў пэўна. І ён прымусіў сябе пад тымі кулямі дабегчы да хмызу. Мусіць, тут было нейкае лугавое балотца — па снегавой роўнядзі блытаўся голлем алешнік, рыхлы снег пад нагамі бугрыўся купінамі. Рыбак упаў між куп'я, зваліў з пляча авечку. Пэўна, трэба было бегчы далей, але ў яго ўжо не асталося сілы. Ззаду ваўсю ішла перастрэлка, і ён зразумеў, што гэта Сотнікаў стрымлівае іх. Спярша ён ажно парадаваўся: значыць, адарваўся. З карабінам у руках ён на каленях вывернуўся назад, прыўзняўся над грыўкай дробненькага хмызняку і здалёку ўбачыў напарніка. Недзе пад самым пагоркам той варушыўся ў снезе, але адсюль, праз шэры прыцемак ночы, нельга было зразумець, ці ён бег, ці, можа, стаяў на адным месцы. Пасля трох-чатырох стрэлаў з пагорка адзін бахаў бліжэй — то быў стрэл Сотнікава, які, вядома, затрымліваў іх. Але ўсё ж наўрад ці разумна было ў ягоным становішчы пачынаць перастрэлку з паліцыяй, падумаў Рыбак. Мусіць, трэба б як найхутчэй уцякаць, адрывацца. Гэты хмызняк на дарозе — проста іх шчасце, ён бы даў магчымасць заблытаць свой след і ўцячы. Ды Сотнікаў нібы не разумеў таго — здаецца, залёг і ані не варушыцца нават. Калі б не яго стрэлы, дык можна б падумаць, што ён нежывы.
А калі ён паранены?
Ад гэтае думкі-здагадкі Рыбаку стала зусім ніякавата — то было вышэй за яго магчымасці. Паліцаі зверху, з пагорка, мусіць, добра бачаць адзінокага чалавека на снезе і мала што пакуль не бягуць да яго — яны, безумоўна, застрэляць яго з вінтовак. Калі ён, Рыбак, кінецца на дапамогу, заб'юць абодвух — гэта ж так проста. Як бывала ў фінскую, калі праклятыя снайперы з дрэў набівалі па чатыры-пяць чалавек за хвіліну, і ўсё тым жа самым прымітыўным спосабам: да першага падстрэленага на выручку кідаўся сусед па ланцугу і тут жа клаўся з прастрэленым нутром побач, потым да іх поўз наступны. І кожны з гэтых наступных напэўна ведаў, што яго чакае там, але не мог стрымаць сябе, чуючы, як гэтак блізка стогне-канае таварыш.
Значыць, калі яшчэ можна, трэба ўцякаць. Сотнікава ўжо не ўратуеш, а самому загінуць вельмі проста. Рашыўшы так, Рыбак хуценька закінуў за спіну карабін, рашучым намаганнем узваліў на плячо авечку і, спатыкаючыся ў снезе, прыпусціў краем балотца.
Мусіць, ён далёка ўжо адбег ад таго месца і зноў здорава замарыўся. Стрэлы ззаду на нейкі час быццам сціхлі, і ён, услухоўваючыся ў цішыню, з цьмянай палёгкай падумаў, што там усё скончана. Але праз хвіліну яны пачуліся зноў. Бахнула разы тры, адна куля з віскам прайшла над балотам. Значыць, Сотнікаў яшчэ жывы. І менавіта гэтыя стрэлы азваліся ў Рыбаку новай трывогай, панішчыўшы кволую радасць ад таго, што сам уратаваўся. Яны напаміналі і страхавітаю горыччу варушылі разгарачанае яго пачуццё. Авечка ўсё цяжэла, часам яе скалянелы цяжар здаваўся чужым і апрыклым, і ён валок яе, думаючы зусім аб іншым.
Праз хвіліну наперадзе паказаўся неглыбокі равок, можа, бераг рачулкі. Пэўна трэба было перайсці на той яго бок, Рыбак сунуўся з берага, але паслізнуўся — ноша яго звалілася на ўзгорак, а ён на спіне ссунуўся ўніз. Войкнуўшы, ускочыў, на руках і каленях выбраўся з раўка і раптам выразна адчуў, што рабіў не так. Як было столькі сілы выдаткоўваць на гэту праклятую авечку, калі там аставаўся таварыш? Ён яшчэ жыў і напамінаў аб сабе стрэламі, а Рыбак, па сутнасці, кідаў яго ворагам. Відочная недарэчнасць ранейшага намеру стала такая выразная, што Рыбак вылаяўся і збянтэжана сеў на ўзгорку. Якраз у той час за хмызняком грымнуў яшчэ адзін стрэл, і болей стрэлаў з пагорка ўжо не было. «Можа, там што перайначылася?» — падумаў Рыбак. Настала няпэўная паўза, яна, аднак, падштурхнула Рыбака, і ён ускочыў.
Стараючыся не разважаць болей, ён хуткім крокам кінуўся па сваім следзе назад.
6
Сотнікаў не меў ніякага намеру пачынаць перастрэлку — ён проста ўпаў на схіле, у галаве закружылася, усё навокал паплыло, і такая знямога скавала цела, што ён, бы нежывы, распластаўся ніц, убіўшы ў снег галаву.
Перад тым як упасці, ён убачыў, што Рыбак шпарка шыбаваў наперадзе, але рукі ў таго былі заняты ношай, ды ён, мабыць, і не заўважыў, што стала з напарнікам, які і не азваўся, не крыкнуў, бо ведаў: дарма, яго ратаваць позна. І Сотнікаў ляжаў некалькі доўгіх секунд, пакуль не пачуў ззаду галасы і не зразумеў, што яго хутка схопяць. Тады ён выдзер са снегу вінтоўку і, каб на якую хвіліну адсунуць ад сябе тое самае страшнае, што павінна было адбыцца, не ўстаючы, стрэліў у змрок. Хай ведаюць, што так проста ён ім не здасца. Мусіць, гэта падзейнічала: яны там, у полі, нібы прыпыніліся, і ён падумаў, што трэба паспрабаваць яшчэ. Хоць ён і ведаў, што шансы яго надта мізэрныя, але ўсё ж неяк саўладаў з сваёй слабасцю, намогся і, абапёршыся на вінтоўку, устаў. У той момант яны паказаліся нечакана блізка — тры чорныя цені на шэрым горбе пагорка, прыпыніўшы бег, насцярожана пазіралі ўніз. Мабыць, згледзеўшы яго, крайні справа штось крыкнуў, і Сотнікаў, амаль не цэлячыся, стрэліў другі раз. Было бачна, як яны там хіснуліся долу ад яго кулі, папрыселі, мусіць, чакаючы новых стрэлаў, а ён, заграбаючы нагамі снег, слаба і няўклюдна пабег, кожную секунду рызыкуючы зноў грымнуць на снегавы дол. Рыбак ужо быў далекавата наперадзе, спорна шыбаваў да ляска, і Сотнікаў падумаў: можа, уцячэ. Ён і сам стараўся з астатніх сіл як надалей адбегчыся ад таго пагорка, ды ззаду ледзь не залпам ураз бабахнулі тры стрэлы.
Некалькі крокаў ён яшчэ прабег, але ўжо ведаў, што ўпадзе, — у правым сцягне жахліва запякло, ліпкая гарачыня палілася па калене ў брак. Яшчэ праз два крокі ён перастаў адчуваць нагу, якая незразумела змярцвела, падвярнулася, і ён спотырч рухнуў грудзьмі на снег. Вялікага болю ён не адчуваў, было толькі млосна і надта горача вышэй калена, у калашыне хутка макрэла. Некалькі часу ён нязрушна ляжаў так, да болю закусіўшы губу. У яго свядомасці ўжо не было спалоху, ён перажыў яго трохі раней, не было нават жалю — было толькі надта выразнае, цвярозае і быццам не яго, а чужое ўсведамленне таго, што гэта — канец.
Ззаду зноў пачуліся галасы — мабыць, гэта ішлі ягоныя забойцы, каб узяць яго, жывога ці мёртвага. Трываючы моцны боль у назе і ледзь перамагаючы слабасць, ён прыўзняўся на руках і сеў. Полы яго шыняля, буркі, рукавы і калені былі густа абсыпаны марозным снегам, на штаніне вышэй калена расплывалася мокрая пляма. Зрэшты, ён не зважаў на тое, выкінуў з патронніка смярдзючую стрэляную гільзу і дастаў новы патрон. Ён зноў выразна ўбачыў тых трох на схіле — адзін наперадзе, а два ззаду — не дужа ўпэўнена яны спускаліся ў месячным мроіве з пагорка ўніз. Тады ён нетаропка выцяг на снезе параненую нагу, улёгся і старанней, чымся раней, прыцэліўся. Як гул стрэлу адляцеў удалячынь, ён згледзеў, што яны там, на схіле, таропка пападалі, і адразу ж у начной цішы забахалі іхнія стрэлы. Ён зразумеў, што спыніў іх, прымусіў забаяцца сябе, і гэта ціхім задавальненнем кранула яго пачуцці. Расслабіўшыся ад балючага напружання, ён апусціўся лбом на прыклад. Ад стомы ўжо не хапала сілы сачыць за імі ці хавацца ад іх стрэлаў — ён толькі ціха ляжаў, ашчаджаючы рэшткі свае здольнасці стрэліць яшчэ. Тыя ж пачалі па ім біць з вінтовак. Разы два ён пачуў кулі — адна нізка зыўкнула над галавой, другая дзёўбнула недзе ля локця, абдаўшы ягоны твар снегам. Ён не паварушыўся — хай б'юць. Калі заб'юць, дык што ж! Але, пакуль жывы, ён іх да сябе не падпусціць.
Смерці ў баі ён не баяўся — перабаяўся ўжо за дзесятак самых безнадзейных выпадкаў — і не калаціўся за сваё жыццё, якое даўно не было яму асалодай, а з нейкага часу перастала быць і абавязкам. Важна было жыць, калі ён быў камандзірам у арміі, калі ў яго была сіла, якая давала яму магчымасць выконваць свой абавязак, калі ад яго турбот і ўмельства залежалі жыцці людзей. А цяпер ён быў сам, адзін і дбаў толькі аб сабе. Праўда, у іхнім партызанскім жыцці гэта таксама было важна і нялёгка — так дбаць аб сабе, каб не зрабіцца лішнім клопатам для астатніх. Такім, напрыклад, як той узводны Жмачэнка, каторы ў студзені так намучыў усіх у Крыжоўскім лесе. Паранены асколкам у жывот, ён ледзь ліпеў, і яны дзве ночы выносілі яго з-пад носа немцаў і толькі выбраліся ў бяспечнае месца, як ён сканаў.
Сотнікаў болей за ўсё апасаўся такога вось лёсу, але, здаецца, такі яго абміне. Уратавацца, вядома, не ўдасца, затое ён быў пры памяці і меў зброю — гэта галоўнае. Нага ўся дранцвела, ад ступні да сцягна, ён ужо не адчуваў і цеплыні крыві, якой, мусіць, сплыло нямала. Тыя, з пагорка, пасля некалькіх стрэлаў памарудзілі крыху, і нехта з іх там падняўся. Астатнія ляжалі, а ён, гэты адзін, хутка і рухава перабег па схіле ўніз. Ягоны цень цёмным камяком пракаціўся некалькі крокаў і апаў на снезе. Сотнікаў пацягнуўся рукамі з вінтоўкай, каб уперці прыклад у плячо, і адчуў, як здорава стала балець нага. Балела чамусь калена і сухажылле пад ім, хоць ён адчуваў, што куля трапіла вышэй, у сцягно. Ён сцяў зубы і павярнуўся трохі на левы бок, каб з правага зняць нагрузку. У той час на пагорку мільгануў яшчэ адзін цень — здаецца, яны там па ўсіх правілах вайсковае тактыкі перабежкамі набліжаліся да яго. Тады ён дачакаўся, калі паднімецца трэці, і стрэліў. Стрэліў наўздагад, прыблізна — мушка і проразь дрэнна былі відаць у паўзмроку. У адказ зноў забахалі іхнія стрэлы — на гэты раз многа, можа, стрэлаў з дзесяць, не менш. Счакаўшы, калі яны сціхлі, ён дастаў з кішэні новую абойму і перазарадзіў вінтоўку. Усё ж патроны трэба было ашчаджаць, іх заставалася ўсяго пятнаццаць.
Мусіць, ён ужо даўгавата праляжаў так, цела пачало здорава мерзнуць, нага балела ўсё болей; ад сцюжы і ад страты крыві яго зноў пачала біць дрыготка. А тыя, пастраляўшы, сціхлі, нібы прапалі ўначы — нідзе не відно стала ніводнай постаці. Але ён адчуваў, што наўрад ці яны пакінуць яго тут — пастараюцца ўзяць жывога ці хоць бы мёртвага. І ён падумаў, што, можа, яны да яго паўзуць. А можа, ён ужо кепска бачыць — ад слабасці ў вачах пачалі лётаць нейкія матылі, стала млосна. І ён спалохаўся, што можа страціць прытомнасць і тады здарыцца самае горшае, чаго ён найбольш баяўся на гэтай вайне. Значыць, апошняе, на што ён павінен намагчыся, хоць цераз сілу, хоць самаю апошняй рэшткай свае здольнасці — не здацца жывым.