Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сотнікаў

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Сядайце ж, падсілкуйцеся трошкі. Во хлебца вам, — з ліслівай гасціннасцю запрасіла гаспадыня.

Рыбак, не знімаючы шапкі, піхнуўся за стол.

— Давай паямо, — сказаў ён да Сотнікава.

Той пакруціў галавой:

— Еш. Я не буду.

Рыбак уважліва паглядзеў на таварыша, які ўвесь згорбіўся на ўслоне і, пакашліваючы, калаціўся — мабыць, ад дрыжыкаў.

Гаспадыня, пэўне, мала што разумеючы ў яго стане, здзівілася:

— Чаму ж гэта? Мо грэбуеце нашым? Можа, яшчэ чаго хочаце?

— Не, дзякуй. Нічога не трэба, — рашуча сказаў Сотнікаў і сашчапіў у рукавах рукі.

Гаспадыня занепакоілася:

— Божачка, можа, я не дагадзіла чым? Дык даруйце… Я ж не хацела…

Рыбак добра ўмясціўся на лаве, трымаючы між каленяў карабін, узяў лыжку, лусту счарсцвелага, з кменавым пахам хлеба і не заўважыў, як у поўным маўчанні выеў усю вялікую гліняную міску. Стараста нязрушна сядзеў у куце, гаспадыня стаяла збоч ад стала са шчырай гатоўнасцю дагадзіць госцю.

— Так, хлебушка я прыбяру. Гэта на яго долю, — сказаў Рыбак.

Гаспадыня ахвотна згадзілася:

— Бярыце, бярыце, дзеткі.

Стараста нечага моўчкі чакаў — якога слова ці, нарэшце, гаворкі пра справу. Вялікія яго парэпаныя рукі ляжалі на чорнай вокладцы кніжкі.

Засоўваючы акраец за пазуху, Рыбак кіўнуў з неадабрэннем:

— Кніжачкі пачытваеш?

— А што ж, пачытаць нікому не шкодзіць.

— Савецкая ці нямецкая?

— Біблія.

— Цікава. Ану? Ніколі не бачыў Бібліі, — крыху пасунуўшыся за сталом, Рыбак пакруціў у руках кнігу, адгарнуў вокладку. Аднак ён тут жа адчуў, што не трэба было рабіць гэтага — выяўляць нейкую сваю недасведчанасць хай сабе і ў другараднай справе.

— Не лішне б і пачытаць, — прабурчаў стараста.

Рыбак рашуча загарнуў кнігу.

— То наша справа. Не табе вучыць. Ты немцам служыш, стала быць — нам вораг, — сказаў Рыбак з таемным задавальненнем ад таго, што знайшоў прычыну пазбегнуць удзячнасці і перайсці на болей адпаведны абставінам тон. Ён вылез з-за стала на сярэдзіну хаты, паправіў на кажушку трохі тугаватую цяпер дзягу. Менавіта гэты паваротак у размове даваў яму падставу перайсці да справы, хоць гэты пераход і патрабаваў яшчэ некаторай псіхалагічнай падрыхтоўкі.

— Ты вораг. А з ворагам у нас — ведаеш, які разгавор?

— Сматра каму вораг, — нібы не адчуваючы кепскага, ціха, але цвёрда пярэчыў стары.

— Сваім. Рускім.

— Сваім я не вораг.

Нязрушная ўпартасць старасты пачынала злаваць Рыбака. Не хапала яшчэ даказваць гэтаму паслугачу, чаму ён — хоча таго ці не — вораг Савецкай дзяржаве. Весці з ім такую размову Рыбак не меў намеру, ён толькі падумаў, што, можа, той мае які невядомы ў сваю карысць довад, і болей правакуючы, чым усур'ёз, запытаў:

— Што, можа, сілай прымусілі? Проці волі?

— Не, чаму сілай? — падумаўшы, сказаў гаспадар.

— Значыць, сам?

— Як сказаць? Пахожа, сам.

«Тады ўсё зразумела, — падумаў Рыбак, — няма чаго і гаварыць». Ён ужо выразна адчуў злосць да гэтага чалавека, на спрэчку з якім ён бавіў патрэбны ім час, тады як і без таго з самага пачатку ўсё было зразумела.

— Так! Пайшлі!

Ускінуўшы рукі, да Рыбака кінулася старасціха.

— Ой, сыночак, куды ж ты? Не трэба, пашкадуй дурнога! Стары ён, па дурноце сваёй…

Стары, аднак, не прымусіў паўтараць загад і няспешліва падняўся за сталом. Быў ён зусім ссівелы і, не зважаючы, што ў гадах, вялікі і мажны — як устаў, загарадзіў сабой увесь покуць з абразамі.

— Сціхні! — загадаў ён жонцы. — Ну!

Відаць, старасціха прывыкла слухацца — хліпнула і адразу ж падалася за шырмачку. Стараста ашчадна, бы баючыся што зрушыць, надзеў у рукавы кажух і вылез з-за стала.

— Вашая воля. Біце! Не вы, дык другія. Вунь, паглядзіце, — ён коратка кіўнуў на прасценак, — ставілі, стралялі ўжо.

Рыбак міжвольна зірнуў, куды паказаў дзед, — сапраўды ў белай сцяне ля акна чарнела некалькі дзірак, падобна — ад куль.

— Хто страляў?

Гаспадар, гатовы да ўсяго, нерухома стаяў на сярэдзіне хаты, падцяўшы сівыя пашчэнкі.

— А такія… Гарэлкі трэбавалі.

Рыбак унутрана паморшчыўся: ён не хацеў на кагось быць падобным. Свае намеры лічыў справядлівымі, але, згледзеўшы нечыя, падобныя да сваіх, бачыў свае ўжо ў трошкі інакшым святле. І не падобна было, каб стараста яго ашукваў, — такім тонам не хлусяць. Ціхенька пахліпваючы, з-за шырмачкі выглядвала старасціха. На ўслоне, згорбіўшыся, кашляў Сотнікаў, але ён не ўмешваўся ў яго справу з гаспадаром — здаецца, бедалагу рабілася не да таго.

— Так. Карова ёсць?

— Ёсць. Пакуль што, — без усякай цікавасці да новага павароту гаворкі адказаў стараста.

Старасціха перастала хліпаць, затаіла дыханне. Рыбак трохі разважаў: вядома, карову надта добра было б прыгнаць у атрад, але, мабыць, адсюль будзе далекавата; можна не паспець да ранку.

— Так, пайшлі!

Ён закінуў за плячо вінтоўку, стараста пакорліва надзеў знятую з цвіка шапку і моўчкі піхнуў рукой дзверы.

Рыбак, кіруючы за ім, кіўнуў Сотнікаву:

— Ты пачакай.

4

Як толькі дзверы за імі зачыніліся, гаспадыня кінулася ў парог.

— Ой, божачкі! Куды ж ён яго? Ай, завошта ж ён? Ай, божачкі!

— Назад! — хрыпла загадаў Сотнікаў і, не ўстаючы з услона, выцяг нагу ў бурку, перагароджваючы дарогу да дзвярэй.

Жанчына боязна адступілася і стала на сярэдзіне хаты. Хвіліну яна то хліпала, то змаўкала, прыслухоўваючыся да гукаў знадворку. Сотнікаў таксама чакаў. Ён дрэнна засвоіў сэнс усяе размовы ў хаце, аднак тое, што дайшло да яго затуманенай гарачкай свядомасці, давала меркаваць, што Рыбак, напэўна, застрэліць старасту.

Але ішоў час, а стрэлу адтуль не было. Захінаючыся ражком хусткі, жанчына ўсё войкала і прычытала, а Сотнікаў сядзеў на ўслоне і пільнаваў, каб яна не вырвалася на двор — не нарабіла крыку. Адчуваў ён сябе кепска. Біў кашаль, калацілі дрыжыкі, галава надта балела, і цела каля цёплае печы то мерзла, то аблівалася сцюдзёным потам.

— Сынок, дай жа я выйду, дай пагляджу, што яны там…

— Нечага глядзець!

Жанчына, відаць было па ўсім, надта перажывала і слепа кідалася ў паўзмроку хаты, прычытаючы, напэўна, каб расчуліць яго і прарвацца ў дзверы. Але нічога ў яе не выйдзе, ён не паддасца яе чуллівасці. Ён надта добра памятаў, як аднаго разу яго наіўная даверлівасць да такой вось кабеты ледзь не каштавала яму жыцця. І таксама з выгляду была святая прастата ў белай хусціначцы на гародзе, сярод бацвіння — ён, ідучы з ляска, адразу запрыкмеціў яе ў той раненькі ранак і падумаў яшчэ: во і добра. Яна скажа, як трапіць на сцежку цераз Чорныя Выгары — балота, якое, як сказалі за дзве вёскі адсюль, не ведаючы дарогі, не перайсці.

Поделиться с друзьями: