Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Споведзь

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Нарэшце мы ў Зэльве. Ясна зьзяе папалуднёвае сонца й асьвячае надпіс на станцыі, на гэты раз па-нямецку. Божа, думаю, калі ж дачакаемся мы ўсё на зямлі нашай назваць сваім імем? Едуць нейкія фурманкі, яны ахвотна вязуць да Зэльвы нашыя чамаданы, а мы лёгка ступаем па роднай зямлі, а яна ўжо ад станцыі здаецца нейкай раненай, апустошанай і вельмі, вельмі сіратлівай. У самой Зэльве яшчэ страшней. Немаведама чаму ў руінах увесь цэнтр, усё разьбітае, спаленае. Пажар спыніўся на нашай хаце. Мужаў тата ўзлез на страху й паліваў яе вадою, так абараніў рэшту вуліцы. Хлеў побач згарэў, і відно ўжо стаяць кроквы новага хлява.

Выбеглі да нас бацькі, цалуюць унука, плачуць. Бацька сухі, чорны й босы, чыста жабрак, мама, акуратна апранутая, біла масла, быццам прачувала, што будуць госьці. Навокал страшна: попел і руіны. У нашай хаце жыве сям’я Архімовічаў. Гэта тыя, якія за тое, што ўзялі іх у хату, пасьля абкрадуць пасьмертна мужавага бацьку й зноў будуць старацца выдаць нас на мучэньні паўторна. Успамінаю з жахам аб іх, гэтых найболей пабожных каталіках Зэльвы…

Доўга ў ноч гутарым, і ўспамінам і крыўдам няма канца. Уся душа мая ў родных Жлобаўцах, але паехаць туды нельга, на гэта патрэбны асобы дазвол. Так хочацца пабачыць сьцежкі, гдзе яшчэ сьлед бацькоў, і што з імі няшчаснымі, і гдзе яны сяньня. Як страшна, калі бураць гнезды й забіваюць на зямлі жывое. А гняздо было старое, вялікае, птушак так шмат. Я адна са сваімі думкамі. Муж мой толькі сьведак, яму не баляць ні раны Бацькаўшчыны, нi трагэдыя маей сям’і. Ён мае сваё жыцьцё, слонімскія большыя й меншыя авантуры рознага характару ды спрэчкі з нейкім там камісарам Эрэнам, які, як пасьля аказалася, ня супраць яго расстраляць, каб ня Прата, ня доктар Піпэр у Празе. Назаўтра ад’яжджае муж, я яго праводжу. Яму не ў га лаве нейкая там БНР, ні сьмерць дзядзькі Васіля, ні яго, нi мае бацькі — усё гэта лічыць пяском у параўнаньні з важнасьцю свае пэрсоны. Я зусім не адчуваю, што ён ад’яжджае, мне нейк лягчэй. Сардэчна гутарым з яго бацькамі, а Юра бегае, лётае, у хату лазіць праз вакно й рвецца на поле з пастушкамі пасьвіць кароўку.

На другой палове хаты жыве Каця Вікторка з сынамі, мужа стрыечная сястра. Яна нечаму палохае мяне партызанамі, да іх ходзіць нейкі жудасны немец, і мне ўсе гэта дзіўна. Аднойчы яна паклікала мяне на вуліцу. Я ўбачыла жудаснае явішча: паўзло па вуліцы нешта падобнае да малога танка, а насупраць ляцеў на кані поўным галёпам мой шасьцігадовы сын! Я махнула рукою, што будзе, тое будзе, неўгамонны малы, патомак сялян дарваўся да свае стыхіі. Людзі яго падзіўлялі. Бацькавага каня забралі бальшавікі, дык ён даваў унуку поўны барэцік гаўса й ён бег да суседа, гдзе быў харошы конь. На ім якраз, трымаючыся за грыву, цяпер ляцеў, у жыцьці ніколі не сядзеўшы на кані. Ляцеў і хахатаў з радасьці.

На месца чатырохкутніка крамаў на зэльвенскім рынку нехта пасадзіў парк маладзенькі. Не было яўрэяў, ні іх шматлікіх крамаў, і тут прайшла тая ж, што ўсюды, трагэдыя. У чорнай нейкай хаце жыла ўдава па сьвятару Якабсону, была трагічна счарнелая. Я адведала старушку. Мае знаёмыя паказвалі мне дзетак, якіх выратавалі ад вывазу, і яны цяпер як сіроты. Чаму ж ня выратавалі нам хоць Люсеньку? Па Зэльве хадзілі нямецкія салдаты, вельмі страшныя да насельніцтва не былі, шукалі самагон, яйкі, рабілі свой «аерканьяк» [51] — яечны лікёр.

51

Аерканьяк (польск. ajerkoniak, ням. Eierlikor).

Нашыя суседзі Байбусы, якім датла згарэла хата, ладзілі вечарынку. Панна Стася з панам Весялухай, сваім пазьнейшым мужам, зусім не адчувалі ні гора, ні страху, ні літасьці над тымі, што гінулі ў лагерах, на франтах, па лесе… Людзі, знача, адзічэлі, калі ў такі час маглі танцаваць, атупелі начыста. Кожны важны немец меў сабе любоўніцу ў Зэльве, і гэта было яшчэ страшней. Гэта былі полькі пераважна, якім здавалася, што занялі яны адпаведныя, «ключовыя пазыцыі» й зноў хоць такім чынам могуць рабіць супраць беларусаў польскую палітыку…

А на плоце вісела аб’ява, гдзе перачысьляліся расстраляныя заложнікі, я не дачытала іх да канца… Стагнала толькі раненая зямля, а людзі, як мурашкі, ціха краталіся, думалі аб жыцьці. Я папыталася ў адной знаёмай, як жа яна жыве з тым немцам, які, напэўна, забіваў людзей… «Ён няшмат забіў, — адказала, — можа, усяго кільканаццаць асоб, і то, калі забіваў іх, дык быў п’яны…» О, Божа, што робіцца з людзьмі, на гэтакага ж глянуць боязна.

Пачаў заглядаць нейкі фрыц і на наш ганак… Нічога я так у жыцьці не баялася, як гэтага чалавека: тоўсты карак быў з незажытымі скуламі, нахабны, сам так і паглядаў у мой бок, і была б сьмерць мне, каб ён мяне крануў, бо такога я ніяк не стрывала б… А ўсе зэльвенскія дамы лічылі такое за гонар…

Згінь ты, прападзі з такой пэрспэктывай! Немцы за мною шпіенілі, а нашая пані Каця ў гэтым памагала… Хто ж бачыў такую жудасьць? Нарэшце я пайшла да камісара папрасіць, каб дазволіў брату да нас прыехаць. Гэты ветліва прыняў мяне, даў дазвол і выразіў жаданьне, каб я засталася настала ў Зэльве.

Славачка прыехаў! Высокі, як дуб, прыгожы. Стаю, паглядаю й плачу. А ён абняў мяне й слова ня вымавіць… Ноч напралёт гаварылі мы з ім. Часам было чутно, як ляціць аэраплан, тады Славачка казаў мне, чый ён, арыентаваўся па гуку. Абгаварылі мы ўсе сямейныя, усе партызанскія справы. Расьціслаў вельмі хацеў, каб я прыехала ў Жлобаўцы, што партызаны радыя чакаюць мяне. Тым, хто забіў бацьку маяго й вынішчыў сям’ю, я ня верыла… У дзядзькі маяго была дачка, і я думала няблага, каб Расьціслаў з ёю ажаніўся. Ён заяжджаў да іх, але калі я папыталася, ці ён кахае яе, хлопец прызнаўся, што кахае іншую, але гэтую возьме, бо я так хачу… Я спалохалася й пачала прасіць яго, каб ажаніўся з той, якую кахае. З ніводнай не ажаніўся, перашкодзіла сьмерць. Ад’яжджаў мой брат пакуль што з мужавай мамай у Пятрэвічы.

У Зэльву прыехаў беларускі канцэрт. Артысты прыйшлі да нас запрасіць мяне на яго. Я вельмі хораша апраналася, адзеньне ў Празе шылася з густам, і таму на мяне ўсе зьвярнулі ўвагу й немцы. Я стаяла разам з іншымі жанчынамі, і мяне за руку стуль вывалаклі наперад. Артысты вельмі хацелі, каб і я нешта сваё сказала. Я шчыра паясьніла ім, што гэта не для мяне… Канцэрт быў вельмі добры, і мясцовы бацюшка запрасіў артыстаў да сябе. Там пры чарцы ім вельмі разьвязаліся языкі, амаль кожны тост быў за мяне. Паразьбіралі ўсе драбніцы з мае сумачкі сабе як сувеніры, а тоўсты немец пачаў пытацца, што я за такая важная пэрсона, няўжо нельга ўспомніць таксама і «Дойчлянд»? [52] У людзей выявілася ўся нейкая спрэсованая нянавісьць да ўсяго, што ня наша, было дзіўна.

52

Дойчлянд (ням. Deutschland) — Германія.

Назаўтра быў ужо Славачка. Яшчэ з усходам сонца зноў пад вакном паявіліся артысты, яны клікалі мяне. Усе мы пайшлі на зэльвенскія могілкі, скуль было відаць Зальвянку й другі яе бераг, які ўжо лічыўся «Остлянд», а мы былі «райх»… Сьмешна, каб не трагічна… Мы маўчалі, сэрцам ахапілі ўсю нашую зямлю, гутарылі, што хацелі, ня верылі ў нейкіх даносчыкаў спасярод нас… Пасьля пасядалі, хлопцы мелі гарэлку й закуску. На першай траве выпілі па чарцы, пакаціліся сьлёзы. Хораша ляжаў, выцягнуўшыся на траве, Славачка, быў задуманы.

Артысты, забраўшы сваіх жанчын, адыходзілі. Яны несьлі тое, дзеля чаго галоўнае езьдзілі па сёлах: кашы з яйкамі, з салам. Несьлі іх на калочку па двое. Ім не было ні карэты, ні машыны, ішлі пешкі. Усе абнялі мяне, кожны пацалаваў. Праз сьлезы нешта гаварылі. Пазьней я прачытала ў беластоцкай газэце вельмі цёплае апісаньне нашай гэтай сустрэчы. Пасьля я праводзіла Славачку. Конь у яго быў харошы, але ехалі мы памаленьку, гаварылі пра бацькоў. Ехалі далей і далей, і не хацелася расставацца. Нарэшце далёка за Бародзічамі абняліся, расцалаваліся. Я пайшла хутка, каб не аглядацца, але не стрывала, калі павярнулася, дык убачыла жудаснае. На месцы стаяў і конь, і брат, і ўся яго магутная постаць уздрыгвала з плачу. Мы болей у жыцьці не спаткаліся. Я засталася пры мужу, а сэрцам рвалася туды, гдзе гэты верны, найдарожшы мой брат, каб, забраўшы сына, з ім разам чакаць бацькоў.

Другі раз для мяне зацьвіў бэз гэтай вясною. Мне сьнілася, як ён асыпаў парог наш. «Бэз асыпаў квецьцем твой парог, Расыгіславе, наймілейшы браце».

Назаўтра прыехаў Яначка. Яго проста выкінулі са Слоніма. Немцы, якіх ён лячыў па сваёй спэцыяльнасьці вэнэролага, парадзілі яму маўчаць і казаць толькі «яволь», г. зн. нешта накшталт «так, ёсьць». Ён так казаў, далі яму хатні арышт і за тыдзень паперлі. Палякі на гэты раз зрабілі нам добра, іх даносы, на шчасьце, ня скончыліся сьмерцю мужа. Нядаўна бацька Алега Лойкі езьдзіў як сьведак на Эрэна, слонімскага камісара, у Нямеччыну. Разглядалася й справа расстрэлу мужа. Выратавала яго, як я раней пісала, Прага, знача, зноў Піпэр..

Поделиться с друзьями: