Споведзь
Шрифт:
Муж, як і раней, штодзённа хадзіў да доктара Градзіла. Бедны, пакананы легіянер ад раніцы да позьняй ночы круціў Бі-бі-сі і іншыя жоралы [33] аб’ектыўнай інфармацыі; як ваенны, ды яшчэ палкоўнік, крыху арыентаваўся ў лёгкіх і крывавых подзьвігах фюрэра, добра ведаючы тое, што заваяваць мала, трэба яшчэ акупаваць тэрыторыі і ўтрымаць там больш-менш парадак і т. п. На шчасьце для Эўропы, Гітлер быў заваявацелем, але абсалютна паганым палітыкам, і ня трэба было вялікага розуму, каб прадбачыць канец авантуры. Ну, а пакуль што ўсе мы былі ў руках ненармальных людзей, якіх проста трэба было нейк перахітрыць, каб самым выжыць, ды яшчэ паводле магчымасьцяў дапамагчы людзям. Жылі мы з дня на дзень, вечныя чужынцы, птушкі бяз гнёздаў, у якіх надзея была толькі на Бога. Але вось прыйшоў дзень, калі доктар Градзіл засьмяяўся ля сваяго радые, а Сталін, кажуць, затросься ад нечаканасьці — Гітлер напаў на Савецкі Саюз! Градзіл сказаў, што сталася тое, што трэба. Я начыталася аб нямецкай тэхніцы й ведала, што яна ня толькі для парадаў у Бэрліне, якія мы бачылі ў кіно, яна цяпер, менавіта цяпер гарэ крывавымі барознамі маю Беларусь, і зялёныя сёлы нашыя ў небясьпецы. Я толькі спадзявалася, што, часта бітыя ў гісторыі, мы й тут вывернемся нейк, хто як можа, і народ захаваецца.
33
Жорала (дыял.) — крыніца.
На гару да нас пачалі заходзіць дзіўныя тыпы, яны проста выразна пыталіся аб нашым настроі, лаяльнасьці. Што ж, мы без грамадзянства й ня просім ніякага, а нямецкае нам, напэўна, далі б… Сьмешна. У Ермачэнкі быў свой ад’ютант, нейкі Аўчыньнікаў, казалі, што некалі Ермачэнка быў за цара ў яго ад’ютантам, а цяпер зьмяніліся ролі. За ўлады БНР Ермачэнка быў консулам беларускім у Канстантынопалі й выдатна разбагацеў там, прадаючы беларускія візы эмігрантам, якія ратаваліся ўцбкамі за граніцу. Вось гэты ад’ютант, які ні слова ня ўмеў па-беларуску, а выступаў як прадстаўнік нашай нацыі, назаўтра пасьля нападу нямецкага на СССР пачаў аб’яжджаць нас усіх і тэрмінова нас склікаць у Камітэт! У Празе гудзела, як у вульлі, быў страх і перапалох. Усюды гестапа ліквідавала ўсё, чаго раней яшчэ не пасьпела. Аўчыньнікаў наведаўся да нас усіх яшчэ раз. Мы ўсе паехалі, акрамя маяго мужа, які ўсе ж мусяў зарабляць на хлеб і таму, як заўсёды, быў у Градзіла, якога цяпер ад радыё нельга было адарваць. Сабраліся ўсе, і толькі дачкі й сына Вольфсана не было з намі, як іх не было й ніколі, мы іх ня бачылі. Усе важна паселі, маўчалі, адчувалася нейкае напружаньне, неспакой, кожны думаў аб лёсе сваіх, дый аб сваім. Ермачэнкі не было. Нарэшце ён выйшаў, з усьмехам, але скрыўленым нейкім, няпэўным. Загадаў выбраць старшыню сходу. Яму зацемілі, што ён жа сам заўсбды нязьменны старшыня сходу, але ён адказаў, што на гэты раз старшыня арганізацыі ня можа быць старшынёю сходу. Выставілі кандыдатуры Захаркі, Забэйды, маю. Мы ўголас адмовіліся, хоць я паняцьця ня мела, што тут прадбачыцца. А было вось што: Ермачэнка зачытаў тэлеграму Гітлеру ад нашага Камітэту. Мы пачалі пратэставаць, што Камітэт самапомачы — арганізацыя апалітычная, ня мае права даваць такіх тэлеграмаў. Ага, перад гэтым прыйшоў муж, які на дадатковы тэлефон Ермачэнкі сьпяшаўся сюды з працы. Яму ня далі яшчэ ні сесьці, ні апомніцца, як ужо «выбралі» яго старшынею сходу, і Ермачэнка пачаў чытаць тэлеграму. Я нічога яшчэ ў гэтым не разумела, а муж зьбялеў — ён бачыў подлы й хітры «ход» Ермачэнкаў… Тэлеграму акрэсьліў Ермачэнка як ад «беларусоў у Празе» ці нейк гэтак. Напісалі пратакол сходу, але ніводзін з нас не падпісаў яго! Не падпісалі гэтага сьведама. Ідучы дамоў, кажу Бакачу: «Ну ж і сьвінства з намі зрабілі. Петра, давайце напішам свой пратакол аб гэтай авантуры, падпішам і перахаваем да лепшых часоў». Бакач спалохаўся, ён проста «скіс» і паясьніў мне, што вельмі страшны час і ня ўсім, на жаль, можна верыць… Першы й апошні раз быў муж старшыней на беларускіх сходах, а ў Камітэце тым больш, тэлеграму гэтую падалі без яго за подпісам, як казаў Ермачэнка, «старшыні сходу»… Самае тут цікавае тое, што хутка з кватэры Ермачэнкі згінуў архіў «Беларускага Камітэту Самапомачы ў Празе». Ермачэнка, як заўсёды, усьміхаўся… I вось гэты архіў апынуўся ў Менску, і паводле яго нас судзілі. Толькі там была зробленая яшчэ адна подласьць — на непадпісаным пратаколе ўсе нашыя подпісы былі выведзеныя пад капіроўку! Калі мне паказаў гэта Коган, мой сьледчы, я тады зразумела подласьць ня толькі нямецкіх агентаў… Я зразумела многа, і мне стала сорамна за ўсіх гэтых людзей, якія асачалі нас, як гончыя, рабілі такія вось правакацыі й мелі нагласьць называцца ўраднікамі, рэпрэзэнтантамі народу, які такі чысты быў, такі няшчасны і які я так горача, на ўсё жыцьцё пакахала. Дык вось што знача іх «праўда»! Не, з такімі мне і ўсім добрым людзям, якія хочуць, каб існаваў наш сьвет, не па дарозе! Гэта нізасьць, за якую ўстыдаўся б бандыт… Шкада мне стала мілага мужа, такога чыстага, такога наіўнага супраць гэтых гіенаў. Толькі мой тата казаў некалі, што махлярствам можна сьвет перайсьці, але назад не вярнуцца…
I вось вайна на нашых землях. «Як хмарны дзень, так мае сэрца сяньня…» — пісала я ў тыя дні. Яшчэ пісала многа, што друкавалі, а чаго й не. Да нас прыходзілі людзі, цяжка было вайною пад’есьці нават. У нас у гэтых адносінах было лепей. Муж быў адумысловым венеролагам, і яго хворыя ня раз дапамагалі нам прадуктамі, бо кожны тады разумеў, што каму трэба. Вось мы й падкармлівалі сваіх землякоў, пасылалі пасылкі палонным. У нас ніколі не было грошай, але ніхто ня выйшаў ад нас галодны ў той час, калі большасьць людзей думала аб сабе толькі.
Пасьля паду Польшчы ў Прагу нейкім чынам прыехаў з Варшавы Забэйда-Суміцкі. Заехаў ён да Русака, і наагул заапекаваўся ім Ермачэнка і яго кампанія. Але яго паклалі ў больніцу, і выпадала адведаць яго, падзякаваць за харошую песьню, бо сапраўды народная наша песьня ў яго выкананьні была надзвычай харошай. Вось я й выбралася з ружамі адведаць у больніцы хворага. Ляжаў дзядзька на ўсе ложка, нейкі спацелы, бледны й зусім не падобны на таго, што на абразках. Што ж, села я, аддала свае ружы, якія, закаціўшы тэатральна вочы, маэстра з насалодай нюхаў, пагутарыла крыху й болей туды не пайшла. Затое хутка прыйшоў да нас сам маэстра. Мой палкі й вялікі патрыёт Яначка запрасіў яго хоць два разы на тыдзень прыходзіць да нас на абед, каб беларускія таленты захавалі свае сілы для песьні. Маэстра вельмі рад да нас хадзіў.
Тым часам прыйшоў час аддаваць нашага Юрку ў школу. Хлопец ужо ўмеў чытаць і ледзь не гаварыць прамовы аб каханьні да Беларусі. Але было яму яшчэ 6 гадоў, ды хлопчык вельмі хацеў у школу. Чужынцы не маглі аддаваць сваіх дзяцей у чэскую школу, было забаронена. Заставалася нам даць яго альбо ў нямецкую, альбо ў рускую, якую якраз пабудавалі яшчэ за Рэспублікі побач. Урачыста мы павялі ранічкай сваяго сына першы раз у школу. У кароценькіх сініх аксамітных нагавічках, у свэтэрочку й белых туфельках бег перад намі наш хлопчык і раптам згінуў! Прыйшлі мы да настаўніцы на другі паверх і самыя ня ведаем, што казаць, але за пару хвілін зьявіўся наш малец, ужо пасьпеўшы аббегаць і агледзець усе паверхі расейскай гімназіі, адзінай на ўсю сярэднюю Эўропу, пры якой была гэтая першапачатковая школа. Там мы яго й пакінулі. Хутка зрабіўся ён найлепшым вучнем і найгоршым выраблянцам у школе, прытым настала заваяваў любоў амаль усіх настаўнікаў, якія яго вучылі. Казалі, што вырабляўся таму, што ня меў чаго рабіць у класе, бо за тыдзень вывучыў усю гадавую праграму. Пісаў, праўда, жудасна, але настаўнік чэскай мовы пацешыў мяне, што ўсе вялікія людзі дрэнна пішуць і што: «Іжі е роштяк, але ростомілі» (Юрка выраблянец, але надта мілы). Мы ніколі не памагалі яму вучыцца, і толькі бацька не пасьпяваў купляць кніжак, як малец захоплена іх прачытваў.
А кніжак у нас наагул прыбывала, не было толькі ніколі грошай. Кормячы ўсякіх уцекачоў, сяброў і не сяброў, я толькі думала: «Божа, я ўсё аддам, што маю лішняе, галодным і патрабуючым, толькі дай так, каб маёй зьмерзлай, галоднай маме даў нехта кусочак хлеба ці місачку цёплае стравы там, у гэтай Богам забытай зямлі». Мы, наагул, лічылі з мужам, што галоўнае толькі тое, каб людзі перажылі страшную вайну, а пасьля і ў нас будуць грошы, каб толькі дачакацца сваіх…
«Чаму да вас столькі людзей прыходзіла, — гарланіў на допытах ачумелы сьледавацель, — гэта як амэрыканскі шпіёнскі цэнтар!» — «Я паэтка!» — кажу яму. «Ну й што з гэтага, у нас нават да Шолахава столькі людзей ня ходзіць». Нічога я яму болей не паясьняла, бо ў дурную яго даўбавешку ніяк ня месьцілася паняцьце чалавечае дабраты… Ды ён і кампанія нямала недзе чаго перакамбінавалі, каб за адзіны той Камітэт, у якім, на жаль, нічога так і не зрабілася, і за маю кніжку «Ад родных ніў» даць мне ні больш — ні меней як 25 гадоў цяжкай лагернай працы на поўначы. Да таго яшчэ па гэтай маёй адной на дваіх справе правесьці яшчэ й маяго беднага мужа, якога добры Бог, акрамя горкай беларускай долі, надзяліў яшчэ неспакойнай, бунтарнаю жонкай на ўсё жыцьё, і яму падараваць той жа шчодры менска-савецкі дар — 25 гадоў нечалавечай няволі… Каб чалавек ведаў наперад свой лёс, ён ня выжыў бы.
А тым часам збываўся мой сон пры ад’езьдзе з бацькавай хаты: з прыгорка нашае сялібы я паднялася на крыльлі і паляцела, і прысяду часам на зямлю, і зноў уздымаюся, і лячу, гдзе толькі ўздумаю, па ўсім небе. Я лётала — гэта я пісала, гаварыла да сваіх братоў. Вельмі хораша лётаць хоць у сьне, прабівацца праз хмары вышэй і вышэй.
Дзядзька Васіль адносіўся да мяне з вялікай павагай. Калі мы разам бывалі на беларускіх сходах, дык заўсёды стараўся падкрэсьліць мае нейкае значэньне, нейкае маральнае першынство. Перасьцерагаў мяне перад гдзеякімі людзьмі, якіх не хачу называць, а калі была ў мяне апэрацыя апэндыцыту, дык забраў да сябе Юрачку й даглядаў хлопчыка як мог. Апэрацыю мне рабілі ў нямецкай клініцы, бо нідзе болей не было яшчэ зацямненьня. Вельмі хораша аднёсься да мяне малады лекар, які мяне апэраваў. Ён некалі практыкаваў з мужам разам у клініцы. Нават палажыў мяне ў асобную палату, гдзе ляжала толькі пару асоб. Назаўтра, калі паявілася тоўстая старшая сястра, ідэёвая й партыйная гітлераўка, дык на яе загад перавялі мяне ў агульную палату як славянку. Усе былі вельмі абураныя, што цягаюць мяне так пасьля апэрацыі, а найболей лекар, які мяне апэраваў. Ён перапрашаў нас за гэта. Старшая сястра была з пароды партыйных выдраў, на якіх, як было відно далей, апіралася ўся сыстэма.
Ермачэнка, які вельмі сэпараваўся ў прыватным жыцьці ад сваіх землякоў, аднойчы нас з мужам і сынам і дзядзьку Васіля запрасіў да сябе на сваю вілу. Зусім не частавалі нас смачным абедам, як гэта рабіла заўсёды я, а толькі танна нейкімі вінамі, кавай і чэскімі калачамі з кіслымі сьлівамі. Дзядзька гуляў у гольф, мы гутарылі, а Юры Ермачэнка падараваў дзіцячае аўто, абдзёртае й разьбітае. Ледзь я ад яго адмовілася, вельмі настойліва й ветліва, хоць трасло мяне ад абурэньня, бо гэта ня быў падарак, а нейкая панская падачка беднаму дзіцяці з разьлікам на вечную ўдзячнасьць яго бацькоў. Наагул гэтая паездка на многае мне адкрыла вочы. Першае тое, што я заўважыла, як я на нешта патрэбная гэтаму чалавеку… На што? Хутка гэта стала ясна. Нейк, калі муж быў на працы, пад’ехаў на сваей элегантнай машыне да нас сам Ермачэнка. Ужо тое, што ён меў машыну, калі ніхто яе ня меў, было «нясмачным». Я прыгатавала закуску й гарбату й чакала, што ж ён мне скажа. Да мяне 6н зьвярнуўся як да патрыеткі і як да хрысьціянкі, а менавіта, ці не хачу я з ім паехаць на Беларусь і працаваць для народу ў рамках Самапомачы — такой харытатыўнай, гуманнай Самапомачы, бо іншай дзейнасьці нам не дазволена праводзіць. Для мяне гэта было сьмешным. Я ўжо ведала, што значыць гэты лад і што нам яны не дадуць таго, чаго мы хочам, а быць іх халуямі я не хачу. Угавор працягваўся ўпарта, пераканаўча. Мая пазыцыя была непахіснай. Вельмі зьдзівіўся гэтай візыце мой муж, калі вярнуўся з працы. Відно было, што Ермачэнка нешта задумаў. Сільны з розных пазыцыяў Ермачэнка й мы без грамадзянства, на падзённай рабоце, яшчэ з падазронасьцю, што мы вельмі левыя… Гэта, пэўна, за маю дружбу з Аняй Кляўдэр і за кватэру, пакінутую нам яўрэямі.
Было трывожна, у паветры чулася проста няшчасьце. А тым часам мая новая знаемая фрау Піпэр не забывалася пра нас. Яна часта заходзіла да нас з дзецьмі й аднойчы запрасіла мяне на 5 гадзін. Я ахвотна пайшла да яе, гэта пакуль што была мая адзіная надзея на нейкую абарону, хоць я ня ведала, хто гэта фрау Піпэр. Я ніяк не магла знайсьці яе кватэры. Я ніколі ня думала, што прыгажая віла з гаражом і басэйнам для плаваньня яе дом. Я апранулася вельмі сьціпла й даволі танна, але ўбачыўшы багатыя апартаменты мае знаймай, крыху засаромелася, але толькі на хвілінку. Мой муж вельмі харошы чалавек, я думаю, што я таксама, дык сароміцца мне няма чаго. Я высака падняла галаву. Шукаючы кватэру, я крыху спазьнілася, і гэта не было прыгожа. Я папрасіла прабачэньня. Была перадкалядная пара. У кутку вялікага салона на круглым століку стаяў вяночак са сьвечкамі і ўсе для кавы. Было гэта скрамней, як у нас, але вельмі прыгожа падана. Пасьля прыйшоў гаспадар дому. Я ведала толькі, што ён лекар. Ён пачаў распытваць мяне, гдзе працуе мой муж, а пасьля зьвярнуўся да мяне: ці не таму я прыйшла, каб прасіць лепшую работу сваяму мужу. Тут мяне і ўскалыхнула, і я яму, як толькі ўмела, выпаліла па-нямецку, што мой муж не патрабуе ніякае працы, бо яе мае, і што я прыйшла да іх выключна таму, што яго жонка мне падабаецца. Я такі нагаварыла даволі. Прыйшла дамоў злосная, але адносіны нашыя з фрау Піпэр сталі яшчэ болей сяброўскімі. Толькі калі яна мне часам прапанавала памяранцы, якія давалі ў Празе немцам, я іх не ўзяла ні разу… Іначай мы вельмі ладзілі, дзяліліся часам нават сваімі скромнымі ваеннымі прадуктамі ці кавай. З імі жылі яе бацькі — опа і ома — бабка й дзед. Мы ўзаемна вельмі сябе палюбілі. Яны зусім не скрывалі свае нелюбові да фюрэра. У іх вісеў яго партрэт, але ж надта маленькі. Сьмешна малы. Нашыя дзеці разам гулялі, плавалі ў іх басэйне, з чаго Юра вынес цікавую спасьцярогу. што гэта праўда, што немцы іншая раса, бо Эвелін і Інгрыд зусім маюць нешта інакшае, чымсьці Сн. Яны купаліся голенькімі.
Я вельмі зьдзівілася, калі раз так з палудня Ермачэнка прыехаў з Аўчыньнікавым да нас і загадаў мне вязьці яго й знаёміць з Піпэрамі. Я спалохалася, зрабіць гэтага ніяк не магла. Але ён так крычаў, амаль пагражаў мне, што не было куды дзецца. Піпэры былі разумныя людзі, і я спадзявалася, што яны зразумеюць маё становішча. Ермачэнка прыехаў апавясьціць Піпэру, што ён едзе ў Менск як важная асоба й просіць яго да сябе на разьвітальны вечар. Я забылася сказаць, што доктар Піпэр быў «обэрмэдыцынальрат» і «обэррэгірунгсрат» на Чэскім Градзе — гэта нейк як найвышэйшы нямецкі стаўленік над чэскім міністэрствам аховы здароўя. Такія немцы не любілі гэстапаўцаў і падобных Ермачэнку тым больш. Яны ўсё гэта мне даравалі, як даравалі і іншыя візыты, калі мяне часам «шукалі» ў іх… Цяпер мне гэта ўсе вельмі ясна, але ім, здаецца, гэта было ясна й тады…
Піпэры былі выдатнымі людзьмі. Памагалі ня толькі нам, але й чэхам, калі я да іх зьвярталася з просьбамі. Толькі я нічым не магла адудзячыць за ўсё харошае, за тое, як і колькі разоў яны мяне ратавалі. Гэта былі лепшыя людзі, якіх я сустрэла ў жыцьці. Опа і ома казалі мне нейк, што яны з Гановера родам і па паходжаньні хутчэй англічане.
Вось так павандраваў на ўсход Ермачэнка. А мы ўсе наглядалі жыцьце й падзеі на ўсходзе. У мяне там ужо нікога не было, большасьць з нашага роду ўжо выгубілі, а мама з братамі й сёстрамі дамярзала ў Казахстане. Мясцовыя «дзеячы» збурылі наш дом і нечаму перавезьлі яго ў Гудзевічы. А дом гэты сьніўся мне начамі, раззвонены галасамі нашай сям’і.