Споведзь
Шрифт:
Як было хораша, што я іх бачыла. Пан Кржываноска ніяк ня мог супакоіцца, што палякам мы пакінулі такое дзяўчо, такое цуда… Задуманая, сумная, як ня з гэтага сьвету, дзяўчынка адышла ад мяне назаўсёды, маленькая Люся… Ня шчодра адмераў ёй лёс ніць жыцьця. Расказвала я ім пра таго Толіка-партызана (мне здавалася, што ён Міша, але людзі з Палавок мне сказалі, што Толік). Успаміналі, як нейкі Сундукевіч (з Лазоў, здаецца) арыштоўваў тату, як гнаў яго Заяц з Тупічан, азьвярэлы на безабароннага пана, аж да Лунны. Яшчэ жыве ў Мастох нейкі Капейка, які прыгарнуўся да Расьціслава ў час вайны, а пасьля прасьледаваў яго толькі за тое, што кулацкі сын. Так даказваў сваю рабскую адданасьць Сталіну, памагаючы фізычна вынішчыць яшчэ жывых. Недзе й далей прадае ў Мастох на лесапільнай фабрыцы такіх жа нявінных. Што ж, залаты фонд сяньняшняга рэжыму. Цераз такіх гінулі людзі, ня ўсе, безумоўна, толькі тыя, хто не ўцякаў, хто не пакідаў гнязда сваяго, зямлі роднай, каму здавалася, што людзі ўсё ж за дабро заплацяць дабром і за праўду — праўдай… Няўжо так вынішчаць увесь наш род?
А крывавыя кіпцюры ўжо памалу заціскаліся ля маяго горла, і малы сынок ішоў насупраць страшнога сіроцтва. Так наканавана ўсяму нашаму роду гінуць на зубах гэтых азьвярэлых людзей. Мне найболей цяжка, бо я кахала гэты народ, кахала яго безгранічна… А можа, гэта толькі шумавеньне, крывавая пена такіх жа крывавых дзён, можа, яшчэ б’ецца чалавечае сэрца ў маяго народу й загамоніць некалі пратэстам супраць садызму? Так мне хацелася гэтаму верыць.
Муж пісаў з Вімпэрку, клікаў мяне да сябе, бо было яму цяжка. Страшны Вімпэрк, на ўспамін аб якім браў мяне жах. Трэба было здаць хлопчыка на кватэру, а самой ехаць. Мае добрыя знаёмыя Сіраполкі знайшлі нейкую ўкраінку пані Кучынскую, гдзе й аддалі мы Юру, над якім апеку пераняў пан Кржываноска — наш знаёмы чэх, Часта я прыяжджала да Юры, тады мы йшлі на нашую кватэру й праводзілі там пару дзён. Былі тады шчасьлівыя. Я заўважыла толькі, што Юра стараецца быць самастойны, гэта палохала мяне. Пані Кучынскай ён ня слухаў. Муж мала наагул зьвяртаў на яго ўвагі, а цяпер дык зусім ня бачыў яго. Хлопчык вырас велькі, нейк выцягнуўся.
Аднойчы я ехала да мужа. Звычайна спакойна бывала ў аўтобусе, але на гэты раз да мяне ўчапіўся нейкі тып, які вельмі пагана гутарыў па-чэску з расейскім акцэнтам. Бясьсільны, каб вырваць ад мяне хоць слова, ён зьвяртаўся да шофера й да ўсіх з аўтобуса, што гэтая дама-буржуйка сама жыве ў Вімпэрку, а сын яе вучыцца ў Празе і т. п. Мне прыпомніўся Аляхновіч, нічога новага, паўтараецца тое, што перанес калісьці ён. Цераз пару дзесяткаў гадоў так жа адзін з іх «прадстаўнікоў» нападзе на мяне ў Польшчы па дарозе ў Крынкі. Калі муж спаткаў мяне ў Вімпэрку, я паказала яму на прасьледавацеля, і ён адразу ўцёк. Таксама ў Польшчы ўцёк той чакіст у лес, не даяжджаючы да Крынак…
Ішлі мне па пятах, сачылі, акружалі, і толькі муж мой быў глухі й сьляпы й па-ранейшаму баяўся, каб хоць не пераехаць граніцы ў Заходнюю Германію. У мужа была медсястра й сакратарка, якой бацька быў немец, а любоўнік — партыйны актывіст, чэх, вельмі зацікаўлены нашымі асобамі. Муж і тут ня бачыў нічога страшнага, наадварот. Мне ўсё было ясна, але я рабілася пасыўнай і, як тупая авечка, ішла на зарэз. А трэба было браць сына й ратавацца, бараніць жыцьцё адзінага сына й сваё. Злачыннае кіданьне нас Сталіну пад ногі ніколі не лягло камёнем на сумленьне маяго мужа. Мы для яго былі хутчэй рэчы, чымсьці жывыя людзі.
У яго былі свае зацікаўленьні, сваё жыцьцё. Будучы ў Вімпэрку, я варыла яму, падавала, паліла ў печы, а ў свабодны час малявала алавікамі ці акварэльлю. Калі ён ехаў далёка на вызавы, дык браў мяне заўсёды з сабою. Тады я глядзела на лясы, на пакінутыя ў іх немцамі хаткі й думала пра Беларусь. I тут і там было для мяне страшна. Страшна, калі вайна, але страшней, калі на яе крывавых сьлядох прадаўжаецца сабачае, нізкае сачэньне, мучэньне й выдаваньне людзей, якія ня хочуць гнуцца, не патрабуюць лпраўдвацца й не паддаюцца загаду, каб любіць тое, перад чым некалі здрыганецца людзкасьць, як перад пеклам. Логіка тут была рэчай сьмешнай, а подласьць і нізасьць законам дня. Цяпер многае зьмянілася, але такое робіцца й далей, але хоць крыху маскуецца, тады ж гэта было яўна, выразна нагла.
I так пасьля высокай эўрапейскай культуры ў Чэхаславаччыну прыходзілі паняцьці: мядзьведзь — начальнік, тайга — закон… Аднойчы ў суботні вечар мы нешта гаварылі з мужам, як раптам пазваніў нехта, калі мы выйшлі адчыніць, дык у дзьвярох стаяў Юра й хахатаў. У яго былі канікулы, і ён сам прыехаў да нас. Колькі ж было тады радасьці! Аднак Юра хацеў паезьдзіць на лыжах, і муж завёз яго на самую граніцу да знаёмых, гдзе былі лыжныя тэрэны [80] й нават трамплін. За тою граніцаю жылі людзі, якім цяжка было пасьля вайны, але якія падымаліся эканамічна й маральна, і жыцьцё ў іх з кожным днём рабілася лепшым. Я паехала па Юру, але ён яшчэ хацеў паезьдзіць на лыжах. Да нас вярнуўся сам, прыбег на лыжах! Ехаў праз пакінутыя сёлы, і было, яму страшна. Яшчэ ня ўсе абжылі тады чэхі ў т. зв. «погранічы», яны запрасілі на гэта нават балгараў, і вось «братушкі» памагалі там рабіць калгасы. Сколькі кароў, столькі начальнікаў на пакатых баках Судэцкіх гораў. А некалі там кожны гаспадар меў па некалькі кароў, і агульная іх колькасьць была дзесяць раз большай і дзесяць раз лепшай ад калгаснай. Людзі на ўсё гэта глядзелі скептычна, але, як казалі немцы: «Бэфэль іст бэфэль» — і вось кожны гэтаму прыказу падпарадкоўваўся, каб толькі ня трапіць у сталінскія крывавыя кіпцюры.
80
Тэрэн (польск. teren) — мясцовасць, тэрыторыя, раён.
Прафэсар Шпачэк напісаў мне, што хацеў бы мяне бачыць і пагаварыць. У Прагу паехаў муж, але Шпачэк, паводле яго слоў, нічога не хацеў з ім гутарыць.
Сестры ўжо добра ўладзілі сваё жыцьцё, і здавалася, што ім будзе спакойна й добра. Мае знаёмыя, хто як мог і хто чым мог, памагалі ім. Яны нават пісалі, што ім яшчэ ніколі так добра не жылося. Была добрая кватэра й кожнай праца, і ўсе тры разам. На жаль, ім хацелася яшчэ лепей, галоўнае — весялей. Усё гэта кончылася посьле трагічна.
Алёша пісаў паранейшаму. Ужо пачаў звыкацца з лёсам і новай сваёй Бацькаўшчынай — гасьціннай зямлёю Англіі. Бліжылася вясна, яна раньняя ў горах. Калі доўга не прыходзіў муж, дык я выходзіла на двор і глядзела, як імкнуць цёмныя хмары і як губляецца ў іх бездапаможна адзінокі месяц. Той пэўнасьці жыцьця, стабільнасьці заўтрашняга дня, што была некалі, не прадбачылася нават. Кожны жыў абы дзень да вечара, нават партыйныя. Меліся быць выбары ў Чэхаславаччыне, але не адбыліся. Замест іх зноў была рэвалюцыя, на гэты раз разьдзяліўшая народ на камуністаў і дэмакратаў. Выйгралі камуністы, бо так загадаў тады Зорыну Сталін.
Даўно ўжо мінуў перыяд крывавай нямецкай акупацыі, з якой мы выйшлі жывымі, але самае галоўнае, што паэзія мая, мая любоў да Беларусі была чыстай, як крыніца ў полі. Я нікому ні слова не сказала, не напісала, акрамя Зямлі маей і маяго Народу! Мае словы табе былі толькі, Айчына мая пакрыўджаная, табе была ўся вернасьць мая, якую пранесла я праз нялёгкія дні, бо табе толькі свае жыцьце прысьвяціла. Надыходзіць другая пара выпрабаваньняў. Для мяне яна будзе яшчэ страшнейшай, але Божа Зямлі мае, Божа продкаў маіх, дай мне сілы вытрымаць найцяжэйшае. Няхай вернасьць мая й любоў мая будуць дастойныя мукаў Тваіх некальківяковых, мая Беларусь! Галінка з Тваяго дрэва, пясчынка з палёў Тваіх, нясу Табе рэшткі жыцьця маяго й маб сэрца. Як жа хачу пралажыць мукамі сваімі сьветлы сьлед да заўтрашняй Твае долі. Пакідаю Вам усім на памяць словы мае й на міласьць Вашу маіх нашчадкаў. Няхай крыўды, мне зробленыя, адкупяць шчасьлівыя дні для іх на Зямлі, якая ёсьць нашай. Інтэрнацыянал — гэта не прыдбаць сабе чужую маску й адрачыся ад усіх вартасьцяў сваяго роду, гэта быць шчырымі брацьмі ў сваім народзе і ў брацтве паміж народамі. Інтэрнацыянал — гэта не падпарадкаваньне сільнейшаму, але падпарадкаваньне роўнасьці, любові й праўдзе. Ніхто лепей за нас самых не сьпяе нашае «Рэчанькі», не станцуе «Лявоніхі», ня ўздыме шляхотнай народнай культуры нашай да такое вышыні, каб бачылі людзі, што мы акрэмы [81] , самабытны, стары й варты народ!
81
Акрэмы (дыял.) — самабытны
I так нічога ў мяне няма, нават лісінай норкі, а ў пэрспэктыве сэрца, расьпятае на заінелых дратах Поўначы за Беларусь. Знача, так наканавана. О Божа, не пакінь сына маяго адзінага й ня дай загубіць яму ў прорвах адзінокага жыцьця імя й аблічча чалавечага й беларускага! За мною ўжо магілы маіх найдарожшых, а наперадзе зьдзек і крывавы лёс. Што ж, памераем з ім сілы. Хто будзе сільнейшы: зьдзек над намі ці мая любоў? Няхай на мабй асобе спыняцца ўсе пакуты народу нашага. Ён заслужыў, каб быць вольным! Вякі перахаваная мова народу маяго, наша культура ад сьвятой Еўфрасіньні ўжо гуманная, якія ж вартасьці гэга ў сьвеце лагероў, забіваючых чалавецтва сьцюжай Варкуты й агнём Асьвенцімаў! Ці ж можна аддаць на забыцьцё й зьнішчэньне такія вартасьці народу бяз шкоды для ўсяго чалавецтва? Сьпі спакойна, дарагі дзядзька Васіль Захарка, не дамо зглуміць нашага скарбу. У рукі мае перайшла воля твая, а сэрцы дочак заўсёды вярнейшыя роднай Маці! Усе будзе забрана мне, і сьлед мой амаль зацёрты, але зярняты чынаў вашых і нашых слоў перажывуць усб маральнае катаваньне й закрасуюць у недалёкім часе, каб вечна наш жыў народ!
Не, нельга мне вінаваціць маяго мужа, бо хто абышоў лёс свой, які яму наканаваны зьверху? Іду, мяне будуць судзіць і вінаваціць за тое, што не люблю іх, бо іншае віны ў мяне няма. Няхай хто з жывых, каму замучаць бацькоў, вынішчаць род яго, адарвуць ад сэрца й кінуць на мукі адзінага сына, разаб’юць сям’ю й засудзяць абаіх з мужам на паўстагодзьдзя кіркаваньня Богам і людзьмі праклятае мерзлаты, няхай зразумее, ці можна «любіць» за такое й называць гэта паводле рэцэпту іх «мудрым»??? Можа, каго змусілі й на гэта за скаромнейшы кусок т. зв. «народнага хлеба», але хіба ж гэта людзі? Гэта халуі й ахвяры іх.
Ня можа быць вартым і шляхотным тое, якое праводзіцца такімі мэтадамі ў жыцьцё. Вялікае крывавымі мэтадамі брыдзіцца! Канчаецца гасьціна мая ў т. зв. братняга славянскага народу. Як лёгка замянілі чэхі сваю адвечную вернасьць славянству на грузінскія вусы сваяго новага ідала? Страшна нейк, шкада іх крыху, бо ж прачнуцца й будзе ім жудасна: каго, на што лёгка так і так бяздумна памянялі? Што ж, ён «натхняў» нават беларускіх ткачыхаў, «абагачаючы» нашыя народныя ткацкія матывы ўзорам ботаў сваіх, акрываўленых славянскай крывёю, і, галоўнае, узорам жудасных сьвету грузінскіх вусоў… Ну й «натхненьне» для народаў зямлі, ды яшчэ эўрапейскіх!