Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Споведзь

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Пасьля касы хворых у нас пачынаўся вячэрні прыём у сваім кабінэце, а пасьля, калі ўсе адыходзілі, мы заўсёды разам ішлі да хворых на дом. У гэты дзень ісьці было неабходна. Пару дзён ужо, як мы езьдзілі ці хадзілі за Вімпэрк. Там памірала маладая жанчына, хворая на рак. Была яна пасьля апэрацыі й аблучэньня, заставалася ёй толькі даваць абязбольваючыя рэчывы, чаргуючы іх, каб лепш дзейнічалі. Хворая, яе муж, дзеці й радня чакалі нас як збавеньня. З хвілінай прыходу лекара ўціхаў жудасны боль, жанчына пераставала стагнаць. Яны самымі сардэчнымі словамі прасілі, каб мы прыйшлі. Мяне прасілі асобна, і я ім абяцала, што прывяду мужа.

На гэты раз яшчэ болей было трагічна, не адыходзіла ўжо мача. Пасьля ўколаў, як звычайна, стала лепш. Муж хворай папрасіў нас на пару словаў сакрэтнай размовы. Мы выйшлі на двор. У гарах адчувалася вясна, блішчэлі ў месячным сьвятле лужынкі, і неба было ў зорах. Было амаль цёпла. Чалавек той абаперся аб вушак дзьвярэй, паважны, змучаны, бледны, і сказаў мужу прыблізна тое: «Я несказана кахаю сваю жонку, але я не магу бачыць яе жудасных мучэньняў. За яе хваробу ў мяне нарыў страўніка, упадак сілаў, пахварэлі дзеці, дык я прашу вас, доктар, зрабеця так, каб яна болей не цярпела, дайце ёй укол, каб сьцішыўся боль назаўсёды». Муж паглядзеў на яго паважна й сказаў, што такога ня зробіць. «Чаму?» — глуха, нейк здушана спытаў чалавек. «Таму, што я прысягаў», — адказаў яму доктар. «Дык жа людзі дабіваюць жывелу, калі яна так церпіць, няўжо ў вас няма літасьці?» — «Адна мільённая за тое, што сяньня ноччу нехта знойдзе супраць рака лек, і дзеля гэтай адной мільённай я не зраблю таго», — спакойна адказаў муж. Мы абяцалі ім заўтра як найхутчэй вырвацца да іх, каб прынесьці канаючай палёгку. «Прыйдзе», — запэўніла іх і я, калі з гарачай просьбай зьвярнуліся й да мяне. Ледзь ужо я вяла мужа дамоў. Ён быў змучаны, хранічна нявыспаны й таксама рабіўся нэрвовы. Ясна блішчэла зорамі неба, і чарнела зямля ўжо зусім бяз сьнегу, але яшчэ без травы.

Нявесела прайшла вячэра, якую муж еў адзін. Я зноў нечаму пачала плакаць. Была ўжо адзінаццатая гадзіна вечара. Некалькі дзён як я рвалася ў Прагу. Там была рэвалюцыя, і я дрыжэла за сына. Муж увесь час супакойваў мяне, тэлефанаваў сыну й не пускаў мяне ў Прагу. Сына мы пакінулі на апеку харошаму чалавеку, пану Кржываносцы, і можна было думаць, што ён не пакіне хлопчыка ў гэты неспакойны час. Аднак я, якраз цяпер у адзінаццаць гадзін всчара, узбурылася ехаць да сына й з плачам пакавала чамадан. Дарма было мяне спыняць. Надзеўшы кароткую, зграбную шубку, у хустачцы й лёгенькіх туфлях я выбегла на вуліцу, каб дастаць у нашага знаёмага мясьніка крыху каўбас ці мяса, бо ў Празе з гэтым было яшчэ трудней. Не пасьпела я адысьці ад дзьвярэй, як падышоў да мяне чалавек і папрасіў, каб я нікуды не хадзіла, што так трэба. Я са зьдзіўленьнем сказала яму адступіць ад мяне, што ніхто ня мае права мяне затрымоўваць. Па вуліцы праходзіў нейкі мужчына, тады гэты паклікаў яго, каб той памог затрымаць мяне, Мужчына ўцёк бягом. Я сказала, што паклічу мужа. Калі той тып забараніў мне гэта рабіць, я падышла да сьцяны дома й плячом націснула званок нашай кватэры. Муж выйшаў. Мы займалі першы паверх дома, над намі жыў нехта другі. Чалавек, які запыніў мяне, пайшоў з намі, гаворачы, што ён тут не адзін, што яны ўжо прыходзілі й цяпер яго калегі ў кафэ побач і зараз да нас прыйдуць. Я падышла да тэлефона й паклікала міліцыю, тады чалавек устаў і паказаў нам нейкія свае паперы сышчыка ці некага падобнага. Нам зноў пазванілі, муж адкрыў дзьверы, і ў хату ўвайшло яшчэ 6 чалавек. Яны сказалі, што мы арыштаваныя, і загадалі нам аддаць ім паперы й зброю. Я паказала ім на гору шпрыцоў і голак, якія мне трэба было яшчэ прыгатаваць да заўтрашняга прыёму, і сказала: «Вось вам зброя лекара, якой яшчэ хочаце?» Муж разгубіўся, бедны, ён лепей, як я, ведаў жыцьцё й чуў аб гэтай нечалавечай сыстэме. «I вам ня сорамна: 7 чалавек на аднаго слабога, запрацаванага, змучанага доктара?» — прадаўжала я сваё абурэньне. Робячы збольшага вобыск, яны паясьнілі нам, што вобласьць цэлы дзень старалася нас апраўдаць і выратаваць, але ня далі рады. З Масквы прыйшла тэлеграма, і саветы зажадалі нашай выдачы. Чэхі былі, паводле іх слоў, бясьсільныя.

Мы апрануліся, і нас павялі ў суд, гдзе запісалі нашыя пэрсаналіі, а пасьля пад надзорам стражнікаў — у вязьніцу, якая мясьцілася ў старой вежы старыннага вімпэрскага замка. Пару дзён як з гэтага замка скочыў і забіўся нейкі інжынер, калі яго прыйшлі арыштоўваць. Быў праў… Надзірацелі ў вязьніцы гулялі ў карты. Ад кампаніі аддзялілася жанчына вагой ня меней як 120 кг, забрала маю сумачку і ўсё з кішэняў і пачала мяне абыскваць. Муж быў лекарам і ў гэтай вязьніцы…

У бруднай, зялёнай ад плесьні камеры на памосьце, пакрытым мятай саломай, сядзелі дзьве маладыя немкі за пераход граніцы, бо ж тая была тут побач. Я села й толькі цяпер усьведаміла сабе ўсю трагэдыю адзінокага сваяго дзіцяці ў гэтым горадзе і ў гэтым народзе, болей ужо ні аб чым думаць я не магла… Ды наагул я ня думала, здаецца, я то замірала, то зноў адмірала з болю, з нейкага фізычнага адчуваньня той чорнай прорвы, у якую кінуў нас мой безгранічны, бескампрамісны патрыятызм, доля народу, жыць для якога — значыла канаць зажыва ад палякаў, ад расейцаў, ад немцаў. На гэты раз давялося ад чэхаў. У спалучэньні з магутнай і пераможнай дзяржавай Усходу яны даўно забыліся аб гуманных ідэалах Масарыка й ахвотна бралі на сябе ролю паслугачоў крывавага Сталіна й яго сыстэмы. Выняткаў было нямнога. Заробак і наагул грошы для іх велічыня, перад якою зусім натуральна адступаюць усе прынцыпы…

Назаўтра прынясьлі мне ў камеру з кватэры маю невялікую Біблію на тонкай паперы, але чытаць нічога я не магла. Немачкі пайшлі памагаць тоўстай надзорцы, а я глядзела праз закратаванае вакно, здавалася мне, у бок граніцы, гдзе былі людзі, якія маглі выратаваць нашую сям’ю, калі б, едучы да хворых, мы заблудзіліся й пераехалі іх граніцу… Лёс нам, відно, наканаваны зьверху. Я прыпомніла сабе, што за Беларусь цярпець трэба й калі прыйдзецца — трэба памерці, адступаць і каяцца нельга! Гора нашага народу непамерна большае ўжо вякі.

Нехта прыходзіў нас адведваць, была між імі й хворая немка, якую лячыў муж, гэта мяне асабліва ўзварушыла, бо ў Імпэрку іх было мала. 8 сакавіка прынясьлі нам торт, які я раней заказала мужу. Калі нас вывелі на двор на прагулку, муж сказаў, што ён мала думае, што ўсе яшчэ сьпіць пасьля лекарска-бяссонных начэй, і папярэдзіў мяне, што цярпеньне наша зацягнецца… Мяне паклікалі да надзірацеляў і далі паперу й пяро нарэшце напісаць сыну. Я пісала спакойна, але ўсё ва мне енчыла з гора. Вечарам, на дзень мужавых нарадзінаў, прынясьлі ў нашу камеру пару бутэлек віна з нашай кватэры й торт. Прывялі туды мужа, і так, седзячы побач, у прадчуваньні даўгой, можа, вечнай разлукі, з думкамі аб сваім няшчасным дзіцяці, мы разам з надзірацелямі, тоўстай бабай і немачкамі «аславілі» гэты дзень. Муж трымаўся, я таксама старалася не падрываць яго сілаў сваім пярэпалахам з нашага адчайнага сапраўды становішча.

Нас выклікаў чэскі судзьдзя, чаго — ужо ня памятаю, толькі запомніўся мне яго абыякавы, амаль варожы твар, і я не ўтрымалася, каб не сказаць яму, што паэтаў няволяць толькі паганыя народы й маладушныя людзі. Тады ён крыху апрытомнеў са свае тупасьці, але даў мне пазнаць, што ён толькі нямое, сьляпое прыладзьдзе ў «славянскіх» руках вялікага «Руска», на якога спадзяваліся й маліліся ўжо некалькі пакаленьняў яго недальназоркіх продкаў… Так пачынаўся канец «гасьціны» чэскага народу да бяздомнай і бяздольнай беларускай сямейкі, усіх добрых адносінаў нашых чэскіх сяброў і вялікага грубага прыніжэньня, якое там адчувалі ўсе, хто ня гутарыў чыста па-чэску да вайны, у вайну й пасьля яе… Велікадушнасьць у палітыцы свомая [83] толькі сапраўдным народам, чэхі глядзелі перад усім выгады найбліжэйшага дня. Прадаць для іх нават зусім не вінаватых людзей было ўжо ня нова…

83

Свомая (дыял.) — характэрная

Усе гэтыя дні ў бязьмежным уласным горы прад вачыма стаяў мне твар той жанчыны, што канала недзе бяз помачы ў муках. Ніхто за тую ноч не знайшоў лекаў, каб яе ратаваць, і ніхто не памог ёй абязбольваючым уколам. У параўнаньні з яе доляй наша не была яшчэ самай горшай. Калі вялі мяне да судзьдзі, я прыкмеціла, як надзірацель валачыў наверх нашую машынку да пісаньня. Знача, ужо раскрадалі кватэру. Былі там рэчы, крыху маей біжутэрыі, кніг і новакупленыя мужам столікі й мэдычныя інструменты й шафкі для ўласнага кабінету. У пакоі ляжалі недакончаныя акварэлі й мае рысункі алавікамі, мікраскоп, крыху мэблі, пасьцелі. Машынку й пару болей вартасных рэчаў судзьдзя дазволіў перадаць знаёмым, рэшту, здаецца, раскралі. Гэтага надзірацеля я бачыла, калі нас перавезьлі ў горад Пісэк, сярод зьняволеных. Ён прадстаўляў уладу, належаў да народнага выбару й шырока карыстаўся ёю, як многія тады, г. зн. краў што траплялася й гвалтаваў нямецкіх дзяўчат, якіх арыштоўвалі за пераход граніцы. Адну маладзенькую пакалечыў прытым, так і дастаўся ненадоўга за краты. Быў гэта грубы, агідны чалавек, як і ўсё, што ў той час наверх выплывала. Чэхі стараліся дараўняць сваяму настаўніку ўсходу ў мэтадах змаганьня за камунізм.

На дзевяты дзень павялі нас канвоі праз Вімпэрк да цягніка. Нас адвозілі ў Пісэк, у вобласьць. Людзі глядзелі на нас са спачуваньнем. На адной з астановак шумна было на пэроне, адзін з канваіраў выйшаў і, вярнуўшыся назад, з болем апавясьціў нам, што іх улюбёны Ян Масарык, міністар замежных спраў ЧСР [84] , выскачыў з вакна. Стала жудасна. Нядаўна яшчэ ён гаварыў, што ня можа для іх быць усход і захад, што для яго народу: усход, захад, поўнач і поўдзень. Такі цяпер жыць ня мог. Старэйшы канвой задумаўся, малодшы сядзеў і плакаў. «Гэта горай, як у 38-м годзе», — сказаў ён і, паглядзеўшы на нас, пачаў пераконваць нас, што будуць старацца ня выдаць нас, што таму й вязуць у Пісэк, бо маюць надзею яшчэ ратаваць нас, нейк іначай адразу павязьлі б на граніцу. На станцыі ў Пісэку канвоі спынілі гутарку з намі й строга загадалі йсці наперад. Вуліцы былі з вясны яшчэ шэрыя, пустыя. Час быў перадвелікодны, і на сьценах дамоў красаваліся плакаты, на якіх вялікімі літарамі было напісана «ГЭГЭННА» [85] . Гэтыя плакаты як бы віталі нас прадсказаньнем нашага лёсу наступных гадоў. Для нас сапраўды пачалася «Гэгэнна».

84

Чэхаславацкая Рэспубліка (CSR) (1918–1960).

85

Гэгэнна (гебр. геена) — пекла.

Вязьніца ў Пісэку была ў старым мураваным кляштары над самой рэчкай Атавай. Дзень і ноч шумеў там вадаспад і жудасна вішчэлі чайкі. Здаецца, яшчэ сяньня чую іх безнадзейны піск і адчуваю холад і сырасьць неапальваных камераў старыннага муру. Мы былі першымі вязьнямі новай рэвалюцыі. У камерах сядзелі пераважна людзі, суджаныя за акупацыю. Былі гэта хворыя, знасілаваныя савецкімі салдатамі немкі, былі й чэшкі. Як аказалася пасьля, былі гэта згорклыя, злыя, завістлівыя жанчыны, якія рады даносілі адна на адну й падлізваліся начальству. Асабліва непрыемнай была велькая, маладая немка Ольга, хітрая й двудушная. Былі й сымпатычныя бабкі, гэта сялянкі. Сядзелі яны за тое, што добра самыя ня ведалі — немкі яны ці чэшкі. Адна з іх, засуджаная на два гады пані Доўлёва, цесна са мной падружыла. У адным канцы будоўлі быў касьцёл, і мы з ёю ахвотна аб гэтым гаварылі. Яе дарослыя сыны не забываліся аб маці, толькі што з нашым прыходам у вязьніцу забаранілі перадачы. Зрабіў гэта нейкі начальнік пан Гоўска, якому здавалася, што вязьні добра выглядаюць. Пані Доўлёва першая падышла да мяне, калі мяне амаль бяз памяці ўвялі ў камеру. Калі нас прывялі ў вастрог і здалі надзірацелю, ён зароў на мяне такім дзікім голасам, як ніхто ніколі ў жыцьці. На гэта якраз прыехаў Юра з панам Кржываноскам, якія, не застаўшы нас у Вімпэрку, ехалі сьледам за намі. Падвялі мяне з мужам да кратаў, за якімі вонку яны стаялі. Я, ня могучы вымавіць слова, апусьцілася на калені і, здаецца, плакала й шаптала, каб сын дараваў нам свой сірочы лёс, на які мы яго пакінулі. Хлопчык быў бледны, але спакойны. Здаецца, гладзіў мяне ручкай, працягнутай праз краты. Ежы, якую ён нам прывез, канвой узяць не дазволіў. Амаль непрытомную завяла мяне надзорка ў пакой, гдзе разьдзела дагала, шукаючы агнястрэльнай зброі ў складках цела, і так пасьля кінула ў камеру, паказаўшы мне жалезную койку ў кутку. Я ўпала на калені, і ў душы маёй былі Бог, сын і боль і страшное нейкае атупеньне, бы правал памяці, які ўжо аддзяляў мяне назаўсёды ад учарашняга дня. У тую хвіліну й падышла да мяне харошая старушка.

Малодшыя жанчыны-вязьні хадзілі мыць бялізну, і вадзілі іх на іншую працу ў горад, а старушкі й ня суджаныя яшчэ, як я, дзерлі пер’е за даўгім дзеравяным сталом у пустым і амаль ледзяным пакоі, Вясна ў вязьніцу пранікала паволі. Тоўстыя муры баранілі ёй доступу да нашых камераў, і мы ўсе вельмі мерзьлі. Ложак быў цьвёрды, рабрысты, і посьцілка, якую мне далі акрывацца, халоднай і жорсткай. Манастыр гэты меў два паверхі, на якіх былі нашыя брацьця-мужчыны, і вечарамі стуль раздаваўся часам неймаверны роў надзірацеляў, з якіх асаблівым зьверствам да людзей вызначаўся нейкі Зоўбэк. Вызначаўся ён і спэцыяльнай нянавісьцю да маей асобы. Кляштар меў вялікія хады ў падзямельле, па якіх, казалі жанчыны, ходзяць начамі цені павешаных немак і немцаў, і таму так равуць надзірацелі й енчаць зьняволеныя жанчыны, якіх за нейкі праступак, а то й без, валакуць туды ў карцар. Ночы былі даўгія, бяз сну. Лёс Юры й яго дзіцячы тварык неадступна ўсю ноч пры мне. А хлопчык вырас і спаважнеў. Ніколі ня плакаў пад час гутаркі з намі. Усе, начальства й зьняволеныя, ведалі яго й захапляліся хлопцам. Бывала, пытаецца: «Ці ты пішаш, мама?» Кажу: «Не». — «Дык што ты, мама, нельга зарываць біблійных талентаў у зямлю!» Альбо паглядае на гадзіньнічак і расказвае, што мае сустрэчу з нейкай дамай, з якой трэба яму абгаварыць справы, якія датычаць нас. А вечарам павінен зрэвізытаваць [86] польскага віцэ-консула, які быў у яго й паабяцаў яму апеку над ім і нашаю справай. I так адыходзіў, адзін у чужым горадзе й народзе.

86

Зрэвізытаваць (польск. rewizytowac) — нанесці візіт у адказ.

Поделиться с друзьями: