Споведзь
Шрифт:
А сыночак рос, быў гэта цудоўны, заўсёды чысьцюткі хлопчык, каханы ўсёй нашай сям’ёй. Найболей любілі яго малая Люсенька й мая мама. Хлопчык называў мяне «Ва-вацька» (Ларачка), а маму маю называў так, як усе мы — мамай. Прыехаў тата мужаў і цешыўся хлопчыкам, купіў мне й яму падаркі, пабыў крыху з намі. Муж пісаў часта, але вярнуцца ў Польшчу ня мог, яго тут ужо прасьледавалі й зусім не скрывалі, што пасадзілі б яго ў Картуз-Бярозу [15] . Я была ў бацькоў, далей памагала тату нейк утрымаць нашыя Жлобаўцы. Былі залеглыя вялікія падаткі й даўгі ў воўпянскіх купцоў, пераважна тыя, за якія мы ўжо заплацілі. Тата мой моцна засумаваў. Было б доўга апісваць усё маё змаганьне, напады сэквэстратараў [16] на нас і на сяло побач. Як валаклі каровы, цялушкі, палотны, дываны й лён. Як білі ботамі цяжарную жанчыну, аж скінула дзецятко на пятым месяцы, як раскрадалі дзявочыя скрыні, што маці наткалі ім за жыцьцё на пасаг… Ніхто не караў за крыўды, якія чынілі нашаму народу, чужым ад гэтага не балела сэрца. Гэта ж былі нелюдзі толькі, вось такія, якія й сяньня яшчэ бяскарна прасьледуюць і душаць астаткі жыцьця маяго й робяць з намі што хочуць. Нават ліст ад сына йдзе да нас два разы так доўга, як ходзіць звычайна, ну, альбо гэтых лістоў нам не аддаюць наагул… Здаецца часам, што жывем мы не сярод людзей…
15
Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, створаны ўрадам буржуазнай Польшчы ў мястэчку Бяроза-Картузская Палескага ваяводства, 1934–1939.
16
Сэквэстратар (польск. sekwestrator) — судовы выканаўца.
Нарэшце напісаў мне муж, каб я старалася выехаць да яго. Ён знайшоў недзе скромную працу, і час ужо яму ўбачыць сына. Паўгода цягнулася справа маяго выезду. Я ўжо жыла ў Зэльве, куды вярнулася й мама маяго мужа. Яна вельмі палюбіла сваяго ўнука й вучыла яго розным песенькам. Хлопчык сапраўды быў харошы, калі я часам плакала, дык браў мяне рукамі за шыю й казаў: «Апаць, Вавацька, апаць» — не плач, знача, і мне ўжо было лягчэй. Аднойчы пачаў крычаць на мяне мой тата, дык ён стаў супраць яго з дубцом і голасна заявіў яму: «Монё Вавацька кіцяць!» — няможна на Ларачку крычаць. Дзед вельмі засароміўся, а крычаў ён на мяне таму, што я заступілася за Расьціслава, тата быў несправядлівы да яго часам. Мне загадвалі заўсёды за два тыдні прыехаць у староства, і зноў адказвалі даць дазвол, і зноў загадвалі за два тыдні прыехаць. Так цягнулася ўжо паўгода, але я езьдзіла, прасіла, не губляла надзеі.
Бацькі па-ранейшаму гаспадарылі, выкручваліся з даўгоў. Часам выклікалі мяне, калі было трудна. Гэта былі апошнія часы маяго прабываньня на Бацькаўшчыне. Быў канец 37-га года. З палёў цягнула халодным ветрам, і сонца нейк заходзіла болей крывава. Вечарамі, начамі луналі пажары частыя, як на бяду. Яшчэ раз выклікалі тату адносна выпіскі беларускіх газэтаў, прыгразілі штрафам (напрыклад, за сабак і т. п.) і непрыемнасьцямі, а тата ўжо прывык да іх. Яны пашыралі веды аб Беларусі, закраналі нашу гісторыю, ля іх групаваліся нашыя лепшыя літаратары. Уздымалі яны разумна, абгрунтавана, ня лозунгамі, а нязьбітымі довадамі на права нашай самастойнасьці, незалежнасьці, наш народ. Я крыху пісала, вершаў сваіх па-ранейшаму нікуды не пасылала, часам мужу:
Калі першая зорка на неба загляне, тады ўспомні, мілы, пра нас, душа мая выйдзе к табе, на спатканьне, па небе, на зорку якраз… і т. п.Вершы загінулі. А народ стагнаў. Палякі яшчэ мелі нагласьць закідаць нам, што мы іх ня любім, ня ўдзячныя ім, бачыце, за путы… А пратэст супраць іх нарастаў. Я маўчала, але ўсё гэта асядала на сэрцы прагай змаганьня за лепшы сьвет.
Аднойчы сутоньнем я трымала Юрачку на руках, было вельмі ціха, нікога не было ў хаце. Я думала аб лёсе нашага народу й раптам адчула такую пэўнасьць, такі прыліў сілаў, штр ўсе стала мне ня страшным і я не баялася за далейшы мой шлях. Моцна прытуліла да сябе дзіця й аж замерла ад нейкага шчасьця. З той пары я йшла наперад упэўнена й толькі згодна з маім сумленьнем. У Зэльве парадзіла мне жонка тагачаснага войта, між іншым беларуса, каб я, калі зноў паеду ў староства па дазвол, сказала, што мая народнасьць польская. Я хутка туды паехала й сказала ім, што я беларуска, каб ведалі, што беларуска й ніколі свае народнасьці не зьмяню й цяпер знаю, што толькі таму яны мяне не пускаюць да мужа! Яны зьбянтэжыліся й сказалі, што ад часу, як я падала паперы на выезд, яны ўжо пусьцілі за граніцу 300 яўрэяў і што справа ня ў гэтым. Падышоў да мяне нейкі высокі ўраднік і сказаў, што ён беларус таксама, што пастараецца мне дапамагчы. За нейкі час мне сапраўды далі дазвол. Я паехала разьвітацца з бацькамі. Усе былі радыя, што мы едзем, а я так плакала, так плакала, як ніколі. Мне так цяжка было іх усіх пакідаць. Гэта зноў я сваімі нэрвамі, сваім завостраным адчуваньнем прадбачыла ўсю трагэдыю, якая чакала маю сям’ю. Горача я разьвіталася з татам мужа, узяла сына, крыху пасьцелі, абраз свой, якім мяне благаславілі, чамадан — і паехала. Да Ваўкавыска праваджалі мяне мама й Люсенька. Мама надта любіла Юру, калі я ад іх ад’яжджала, мама схапіла яго й аднесла ў поле, каб ніхто ня бачыў яе болю й сьлёзаў па каханым унуку. Вось і цяпер трудна было ёй адарваць хлопчыка ад грудзей. Я яшчэ купіла Люсеньцы маленькія падаруначкі, расцалавала маму, яе вочы й рукі, і ўскочыла ў цягнік. Мама пахіснулася, яе падтрымалі, цягнік рушыў.
3. Прага
У Варшаве сустрэлі мяне знаёмыя й назаўтра пасадзілі ў праскі цягнік. Нямодна апранутая, худая й сумная, я трымала на каленях цікавага хлопчыка, тоўсьценькага й чырванатварага. Людзі частавалі хлопчыка ў купэ хто чым меў, а ён шчабятаў ім па-беларуску.
Прайшлі мы польскі кантроль, яны былі няветлівыя. I вось прыходзяць амаль такія ж, але сардэчна вітаюць нас, сьмяюцца, і мне дзіва. Аказалася, што гэта ўжо чэхі, хоць гутарылі па-польску. Каля мяне сабраліся людзі, нехта ўзяў Юру на рукі й сказаў, што ён яго тата. Хлопчык запярэчыў, але сваяго тата ён пазнаў адразу, абняў яго за шыю, і так мы пайшлі да таксі.
Два гады зрабілі нейкую трэшчыну ў нашых адносінах, і гэта адчувалася. Муж быў на кватэры, з нейкім студэнтам наймаў пакойчык. Мы прыехалі ў апошнія дні 37-га года, мужа калега паехаў да сваіх бацькоў. Пару тыдняў мы пажылі разам, а пасьля завёз муж мяне й сваяго цікаўнага залішне хлопчыка, які ўжо пасьпеў яму паламаць стрэлкі на гадзіньніку (бо чаму яны круціліся?), у Моджаны. Гэта быў прыгарад Прагі, і там жыў дзядзька Васіль Захарка, якому нядаўна памерла дарагая жонка, і пані Марыя Крэчэўская. Вось там ён нас і пакінуў. Сам ён жыў і працаваў у Празе, да нас часам прыяжджаў, на нядзелю абавязкова.
Мяне сустрэлі тут як сваю, сардэчна й цёпла. Пані Крэчэўская была ўдавой па памершым Старшыні Беларускай Народнай Рэспублікі Пятру Антонавічу Крэчэўскім, была гэта старэйшая інтэлігентная й вельмі тактоўная дама. Жылі яны з дзядзькам Васілём у адным доме, але паасобку. У яе быў маленькі пакойчык, ледзь на адну асобу, а дзядзька меў два пакоі й кухню. Вось адзін пакой ён і адступіў нам.
Дзядзька быў намесьнікам П.Крэчэўскага, а некалі ва ўрадзе БНР міністрам фінансаў. Гэта быў вельмі паважны чалавек з думкамі толькі пра Беларусь. Ён вельмі цікавіўся ўсім, што рабілася на нашых землях. Ад мяне ён многа даведаўся. Палітычнай дзейнасьці ён ніякай не праводзіў, часам толькі пісаў пратэсты супраць бяспраўя над нашым народам у Лігу Нацыяў [17] , падтрымоўваў эміграцыю й меў цесную лучнасьць з эміграцыяй другіх народаў — украінскай, рускай. Быў ён беларускім эсэрам. У Бога ня верыў, але пасьля прасіў пахаваць яго па-хрысьціянску. У Прагу запрасілі іх чэхаславакі ўжо з Літвы, куды спачатку пераехаў урад БНР. Мелі яны невялікую дапамогу ад ураду, а за акупацыі ад чэскага Чырвонага Крыжа.
17
Міжнародная арганізацыя дзяржаў, створана на Парыжскай мірнай канферэнцыі, 1919–1964.
Пасьля зьезду, які быў скліканы ў Бэрліне, дзе заклікаліся ўсе беларусы, каб вяртацца й будаваць т. зв. «Народны свой дом», як тады казалі, цэнтр БНР не прыняў прапанову Цішкі Гартнага (Жылуновіча) і не ліквідаваў БНР. На Бацькаўшчыну яны не вярнуліся й захавалі чэсна, хоць самыя былі ў цяжкіх матэрыяльных варунках, ідэю незалежнасьці Беларусі. Цьвікевіч, Заяц і Пракулевіч вярнуліся ў БССР, але хутка іх там зьліквідавалі фізычна.
Жонка дзядзькі Васіля была родам з маленькага фальва рачка Валосава каля сяла Бязводнага, цяпер у Зэльвенскім раёне. Гэта была асьвечаная, разумная жанчына. Яна прыяжджала да нас, калі ехала да сваяго брата й маці. Мы з мужам у 35-м годзе яе фурманкай да іх адвозілі. Паліна Іванаўна з Ляўтаў была шчырым і дастойным другам дзядзькі Васіля, і без яе ён пастарэў і асунуўся. Пры мне ён пісаў гісторыю Беларусі. Усё жыцьцё на гэта зьбіраў матэрыялы. Усім нашым ён ахвотна чытаў адрыўкі са свае працы, якую не спыняў да сьмерці. Галоўнай рысай характару дзядзькі Васіля была яго беззаганная чэснасьць. Жыў ён вельмі скромна, ды я й не спаткала там багатых эмігрантаў, калі былі яны менавіта чэснымі людзьмі.
У Чэхах я адразу адчула вельмі нямілую зьяву — там выразна не любілі т. зв. чужынцаў. Іх было ў Празе многа, ад яўрэяў пачынаючы. У Чэхаславаччыне была сапраўдная дэмакратыя, свабода, там кожны мог вучыцца й жыць. Праўда, працаваць ня ўсім дазвалялася, бо было шмат сваіх беспрацоўных, і так мой муж працаваў, сказаць, нелегальна за маленькія грошы. Ён замяшчаў лекара — спэцыяліста скурна-вэнэрычных хваробаў, чэскага легіянера палкоўніка Вітэслава Градзіла, які працаваў сам па Чэскім Градзе [18] (Крамлі), а муж увесь час вёў ягоны кабінет. Градзілу падабалася чэснасьць і працавітасьць беларуса, а муж меў там харошую й цікавую практыку й мінімум для нашага пражыцьця.
18
Пражскі Град, гістарычнае ядро Прагі, заснаваны ў IX ст., рэзідэнцыя чэшскіх правіцеляў і архіепіскапаў.
Я вельмі хутка навучылася па-чэску і ўсюды ўжо магла даць сабе рады. Культура, якую я вынесла са сваяго дому, нічуць не ўступала хвалёнай эўрапейскай. Чэснасьць і ветлівасьць, праўдзівасьць і сьмеласьць, гасьціннасьць, ахвярнасьць і крыху такі розуму адразу пакарылі тых, якія мяне ведалі. Яны казалі: «Іжычэк е хытры по мамінцэ» — знача, што Юрка разумны па маме, бо «хытры» па-іхняму гэта разумны. Калі я да іх прыгледзелася, дык і народ наш ня быў горшы ні ў чым за іх. «Слаўны бубны за гарамі, а як прыйдуць — роўны з намі», — падумала я сабе. Вось каб нам даць такую самастойнасьць, як маюць яны, і мы ўмелі б працаваць для сябе ня горай за іх, бо й нашыя людзі талковыя.
А чэхі працаваць умелі! Яны цудоўна разбудавалі свае гарады, паставілі промысел амаль на ўзровень амэрыканскаму, вялі разумную дэмакратычную палітыку. Іх першы прэзыдэнт быў даслоўна бацькам для народу. Яго так і называлі «Тацічэк Масарык». Томаш Гарыг Масарык (Гарыг — прозьвішча па жонцы-амэрыканцы) быў лепшым прадстаўніком дэмакрацыі й гуманізму ў Эўропе. Памер ён у год, калі мы прыехалі з сынам, яшчэ перад нашым прыездам. Казалі, што народ не зыходзіў з вуліцаў і ноччу, каб пабачыць яшчэ, правесьці ў апошнюю дарогу сваяго дарагога «Тацічка». Цяпер быў прэзыдэнтам Эдуард Бэнэш — паплечнік Масарыка, друг заходніх дэмакрацыяў і вялікі славянафіл. Наагул, чэхі — гэта былі такія славяне, аб якіх мне ніколі ня сьнілася. Славянства яны разглядалі не як расу, а як роднае па крыві брацтва з любоўю й вялікай надзе яй на яго ў будучыні. На граніцах славянства зрадзілася такая аж маліцьвенная адданасьць яму, аб якой, напрыклад, ніколі не падумалі палякі, асабліва ў адносінах да нас.