ЖАНРЫ

Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Нельга не звярнуць увагі на невялікі час, які прайшоў між узяццем Глеба ў палон і яго смерцю, што не можа не навесці на думку аб яе гвалтоўным характары. Што ж, Глеб Менскі быў моцнай палітычнай постаццю, як і ў свой час яго бацька Усяслаў, прыносіў шмат клопатаў Кіеву, і таму хутчэйшае пазбаўленне ад яго для Манамаха было пажаданым. Кіеўскія князі на прыкладзе падзей 1068 г. добра ведалі, як небяспечна трымаць у Кіеве палоннага полацкага князя і да якіх непажаданых эксцэсаў гэта можа прывесці, Значна пазней, у 1147 г., з намовы групоўкі кіеўскіх баяраў, якія баяліся паўтарэння гісторыі з Усяславам, быў забіты князь Ігар, што знаходзіўся тады «ў порубе». Што казаць ужо тады пра 1119 г., калі яшчэ было ў памяці шырокае народнае паўстаннеў1113 г.,і хто ведае, ці не пасадзілі б у ходзе яго, як гэта было з Усяславам у 1068 г., на кіеўскі пасад зноў полацкага князя, скажам, Глеба, каб ён тады трапіў у палон? Беручы гэта пад у вагу, нельга здзіўляцца, чаму так хутка памёр Глеб. Аднак усё гэта толькі меркаванні.

Захоплены войскамі Мсціслава, Менск быў далучаны да кіеўскіх уладанняў. Паводле меркаванняў некаторых даследчыкаў, ён не быу аддадзены непасрэдна камунебудзь з сыноў Манамаха, а кіраваўся апошнім праз яго мужоў456.

У Т. Нарбута Глеб Менскі выступае вельмі адыёзнай фігурай — жорсткі, хітры, здольны на пачварныя ўчынкі. Вераго днасць такога абвяргаць нельга, бо ўсё гэта было характэрна для ўсіх тагачасных уладароў, і Глеб не мог быць рэдкім выключэннем. Варта ўвагі паведамленне Т. Нарбута аб вялікіх памерах нявольніцкага гандлю ў Менскім княстве. I хоць не пацверджанае ніякімі крыніцамі, тым не менш яно небеспадстаўнае. У сучаснай гістарычнай навуцы ўсё больш мацнеюць галасы тых, хто сцвярджае аб панаванні ва Усходняй Еўропе ў той час не феадальнага, а рабаўладальніцкага ладу. Менскае княства таксама не магло быць выключэннем з гэтага. Таму цалкам магчыма, што як сам Глеб, так і яго баяры вялі нявольніцкі гандаль. Магчыма, што сапраўды Друцк як горад, які блізка знаходзіўся ад Дняпра, і быў найбольш важным цэнтрам нявольніцкага гандлю. Набегі Глеба на суседнія землі маглі мець адной з мэтаў захоп людзей, якіх пасля пускалі на продаж.

Трагічны фінал дзейнасці ніколькі не змяншае значэння Глеба Менскага ў нашай гісторыі. Д. Леанардаў зусім слушна зазначыў, што сцяг барацьбы Рагвалодавічаў з цэнтралісцкімі памкненнямі Кіева пасля смерці Усяслава апынуўся ў руках Глеба458. Пад гэтым сцягам прайшла бурная шпаркацечная дзейнасць гэтага самага выдатнага нашчадка Усяслава. Поўнасцю аддаўшыся справе пашырэння і ўзбагачэння свайго княства, Глеб ніколі не траціў здольнасці бачыць агульныя інтарэсы ўсёй Полацкай зямлі. Больш за тое, кожны ўдзел фактычна браў на сябе паасобныя ўнутраныя і знешнепалітычныя заданы ўсёй Полацкай зямлі, якая к гэтаму часу значна пашырылася і не магла ўжо з аднаго цэнтра функцыяніраваць ва ўсёй складанасці свайго дзяржаўнага жыцця. Вось жа Менскае княства і ўзяло на сябе найперш такую важную задачу Полацка, як аднаўленне адзінства крывіцкай і дрыгавіцкапрыпяцкай земляў, царушанае яшчэ ў часы Аскольда і Дзіра, часова адноўленае Рагвалодам і страчанае зноў пры Уладзіміру Святаславічу. Гэта імкненне да адзінства выяўлялася не толькі з боку Полацка, але і з боку дрыгавічоў, што бачыў не толькі Глеб, але, як пакажуць далейшыя падзеі, і самі кіеўскія князі. А гэта значыць, што дзеянні Глеба Менскага ў адносінах дрыгавіцкапры- пяцкіх земляў не былі валюнтарысцкія. У грандыёзных планах Глеба Менскага па далучэнні да свайго княства нёманскіх, дняпроўскіх і прыпяцкіх земляў добра выяўляюцца контуры будучай Беларусі і цэнтральнае значэнне ў ёй Менска. Ажыццяўленне гэтай ідэі праз восем стагоддзяў выдатна пацвердзіла выключную палітычную праніклівасць Глеба Менскага.

Пасля Глеба засталося трое сыноў: Вала дар, Расціслаў і Усевалад, з якіх першы, як убачым, быў найбольш паслядоўным прадаўжальнікам справы бацькі.

З’ЕЗД У СМАЛЕНСКУ I ПАХОД НА ПОЛАЦК

Паражэнне Менска з’явілася пралогам да яшчэ болыпай трагедыі, якая напаткала Полаччыну праз некалькі гадоў. Праўда, гэты прамежак часу застаўся амаль неасветленым у крыніцах. I толькі ў матэрыялах В. Тацішчава пад 1121 г. знаходзім такі запіс: «Владимир, князь великий, был с детми своими в Смоленске для рассмотрения несогласен и усмирения полоцких князей и некоторых других разпорядков»459. У свой час В. Данілевіч усумніўся ў праўдзівасці гэтага паведамлення 460. Аднак Л. Аляксееў, грунтуючыся на паасобных фактах, слушна лічыць гэты запіс вартым веры461. У той самы час ён выказаў думку, што ўказанае паведамленне з’яўляецца паказчыкам таго, што Уладзімір Манамах умешваўся ў справы полацкіх князёў як у справы сваіх васалаў і імператыўна дыктаваў умовы. Аднак мы лічым, што гэта катэгарычнае сцверджанне з’яўляецца вынікам няўважлівага чытання тэксту. Найперш звяртае ўвагу на сябе тое, што ў Смаленску быў не адзін Манамах, a і яго сыны, г. зн. тут фактычна адбываўся княскі з’езд накшталт з’езда ў Любечы і інш. На гэта ўказвае і тое, што тут апроч полацкіх спраў разглядаўся і шэраг іншых «разпорядков». Але ў такім выпадку гэты з'езд быў унікальны, бо на ім прысутнічалі і полацкія князі, што не назіралася на папярэдніх з’ездах. Чаго ж былі пакліканы сюды Усяславічы? У тэксце сказана, што Уладзімір прыехаў у Смаленск для разгдяду іх «несогласей». Тут з тэксту незразумела, пра якія нязгоды ідзе гаворка. Паміж самімі полацкімі князямі ці паміж імі з аднаго боку і Уладзімірам і яго сынамі з другога боку? Але навошта было Манамаху, вопытнаму палітыку, мірыць полацкіх князёў паміж сабою? Наадварот, для яго асабліва былі выгадныя нязгоды паміж імі, і таму з яго боку было б недарэчным мірыць сваіх даўніх ворагаў. Са сказанага становінда зразумела, што тут маюцца на ўвазе нязгоды паміж полацкімі князямі і Манамахам. Можна думаць, што найважнейшай прычынай, якая жывіла гэтыя нязгоды, была кіеўская анексія Менска і яго зямлі, з чым не маглі прымірыцца полацкія князі і таму выказвалі свой пратэст, а то і пагрозу вярнуць назад заваяванае. (Тут дарэчы будзе заўважыць, што, магчыма, гэты з’езд адбыўся ў Менску, які памылкова, як у «Аповесці мінулых гадоў» і іншых летапісах над 1116 г., названы Смаленскам.) Вось, як сказана ў тацішчаўскім тэксце, для «усмирения» і былі выкліканы полацкія князі Манамахам. Напэўна ж, з боку Манамаха і яго сыноў была выказана пагроза, што калі Усяславічы не ўціхамірацца, то будуць мець справу са злучанымі сіламі ўсёй Русі. Вось для чаго разам з Манамахам прыехалі і яго «дзеці», каб полацкія князі наглядна ўбачылі, наколькі супроць іх салідарныя паміж сабою ўсе рускія князі. Як пакажуць далейшыя гіадзеі, полацкія князі не спалохаліся і не ўціхамірыліся, што і выклікала надзвычай дружны вайсковы наступ на Полацкую зямлю. Але гэта адбылося ўжо пасля смерці Манамаха, калі кіеўскі пасад заняў яго сын Мсціслаў.

Уладзімір Манамах, паводле думкі многіх гісторыкаў, з’яўляўся апошнім моцным кіеўскім князем, пасля смерці якога ў 1125 г. наступіў поўны развал Кіеўскай дзяржавы. Вядома, у палітычных, дзяржаўных і вайсковых талентах Манамаху адмаўляць нельга, і ўсё гэта мела пэўнае значэнне для ўтрымання дзяржавы ад канчатковага распаду. Усю безнадзейнасць далейшага існавання «імперыі Рурыкавічаў» не маглі не бачыць і полацкія князі. I таму адразу пасля смерці Уладзіміра намерыліся пакарыстацца гэтым. Аднак Кіеў, хоць і знаходзіўся ў стане палітычнага заняпаду, мог сабраць апошнія сілы і нанесці Полацку жорсткі ўдар. Менавіта палачане сваімі дзеяннямі і выклікалі ў Кіева яго апошнюю магутную палітычную сутаргу, якая вельмі дорага каштавала Полацку.

На жаль, у крыніцах, у тым ліку такіх, як Лаўрэнцьеўскі і Іпацьеўскі летапісы, прычыны паходу рускіх войскаў на Полацк у 1127 г. не ўказаны, і гэта стала прычынай домыслаў шэрагу гісторыкаў аб тым, нхто выклікала гэту вайсковую акцыю Кіева. Тут меў значэнне і недавер да тацішчаўскіх звестак, якія лічыліся не вартымі ўвагі. Але цяпер, калі канчаткова даказана іх праўдзівасць, мы можам смела на іх абаперціся, бо менавіта ў іх і ўказана праўдзівая карціна гэтага паходу кіеўскіх князёў. Так, мы чытаем, што Мсціслаў паслаў войскі, бо бачыў «полоцких князей великое безпокойство, что области, данные братьям и сынам его, непрестанно нападая, разоряли…» 463. Найперш мы звернем увагу на тое, што гэтае сведчанне яшчэ раз пацвердзіла адзінства ўсіх полацкіх князёў у змаганні за інтарэсы сваёй зямлі. Далей ясна вынікае, што палачане, не змірыўшыся са стратай Менска і іншых гарадоў і земляў, раздадзеных Манамахавічам, бесперастанку імкнуліся адваяваць іх. I таму з усіх меркаванняў наконт кіеўскага наступления на Полаччыну было самым слушным меркаванне С. Салаўёва, які зазначыў, што, «быць можа, Усяславічы не маглі забыць страты Менска і гэта было галоўным повадам для вайны»464. Сапраўды, з анексіяй Менска Полацк, ужо нічым болей не заслонены, быў адкрыты для нанясення яму непасрэднага ўдару, і таму не мог не імкнуцца да адваявання свайго паўднёвага фарпоста. 3 другога боку, Кіеў таксама разумеў стратэгічнае значэнне Менска для Полацка і таму не жадаў выпускаць яго з сваіх рук, каб выкарыстаць гэты плацдарм для вырашальнага ўдару па Усяславічах.

Толькі ў Іпацьеўскім і Густынскім летапісах агульнарускі паход на Полацк значыцца пад 1128 г., ва ўсіх жа астатніх, у тым ліку і ў найболын раннім Лаўрэнцьеўскім, — пад 1127 г. Улічваючы гэта, трэба прызнаць большую праўдзівасць датыроўкі ў астатніх крыніцах, хоць Л. Аляксееў палічыў патрэбным прытрымлівацца Іпацьеўскага летапісу465, не ўлічваючы яго дэфектыўнасці ў шэрагу месцаў і вельмі лаканічнага выкладу гэтых падзей у Густынскім летапісе.

Яшчэ ў свой час М. ДоўнарЗапольскі адзначыў выключнае адзінства рускіх князёў у барацьбе з Полацкам і што таму яны з большай ахвотай ішлі на яго, чым на полаўцаў466. Сапраўды, паход 1127 г. быў выключны па колькасці яго ўдзельнікаў і велічыні іх войска. Гэта, у сваю чаргу, выклікала неабходнасць каардынацыі дзеянняў удзельнікаў такой грандыёзнай вайсковай кампаніі. Летапісныя матэрыялы паказваюць, што план яе быў распрацаваны ў д эта лях. Паводле яго, шматлікія войскі саюзнікаў павінны былі ўвайсці ў Полацкую зямлю адначасова і ісці «четырьмя путьмп», накіраванымі супроць яе важнейшых абарончых пунктаў: Ізяслаўля, Лагожска, Барысава і Друцка. Найболыныя сілы былі накіраваны Па заходні фланг полацкай абарончай лініі, а менавіта на г. Ізяслаўль. Гэта вельмі важная акалічнасць, і мы на ёй павінны спыніцца больш падрабязна. Найперш мы бачым, што Ізяслаўль быў ужо цэнтрам асобнага ўдзелу і што, як пасведчаць далейшыя падзеі, меў свайго князя. У адрозненне ад суседняга Менска ён не быў далучаны да кіеўскіх уладанняў. Магчыма, што гэта было вынікам здзелкі Полацка з Кіевам. Успомнім, што, паводле В. Тацішчава, паход на Менск у 1119 г. рабіў па загаду Манамаха яго сын Мсціслаў. Не выключана, што ён хацеў адабраць ад Полацка і Ізяслаўль, але палачане адстаялі яго, згадзіўшыся на шлюб дачкі Мсціслава з ізяслаўскім князем Брачыславам, што як бы гарантавала лаяльнасць гэтага горада да Кіева. Але, як і ўсюды, так і тут, сваяцкі саюз лёгка ўступаў месца палітычным інтарэсам. Паколькі Ізяслаўль пасля страты Менска займаў крайние паўднёвае становішча ў непасрэднай блізкасці да кіеўскіх уладанняў, то ён стаў як бы дублёрам Менска і быў ператвораны ў найбольш умацаваны бастыён, што і выявілася ў хуткім часе.

Як указвалася раней, паводле Лаўрэнцьеўскага летапісу, Ізяслаўль быў пабудаваны ў канцы X ст. кіеўскім князем Уладзімірам для Рагнеды і іх сына Ізяслава. Аднак гэта легенда. Звычайна князі будавалі гарады ў сваё імя, і таму болын верагодна, як заўважыў М. ДоўнарЗаполькі, што Ізяслаўль быў пабудаваны самім Ізяславам як каланізацыйны пункт467, з якога пачалося полацкае пранікненне ў Літву. Нездарма ж у Густынскім летапісе сказана, што Мсціслаў паслаў усіх князёў «в Литву ко Изяславлю»468. Відаць, і гэта пакажуць далейшыя падзеі, Мсціслаў добра ведаў прызначэнне Літвы для Полацка як аднаго з рэзерваў яго вайсковай магутнасці. Таму ўзяцце Ізяслаўля войскамі Мсціслава побач з іншым ставіла сваёй мэтай адрэзаць ад Полацка Літву.

Усе гэтыя абставіны і змусілі Мсціслава паслаць на Ізяслаўль найбольшыя сілы, якія складаліся з войскаў чатырох князёў: Андрэя з Уладзіміра Валынскага, Вячаслава з Турава (абодва браты Мсціслава), Усевалада з Гародна (сучасныя даследчыкі бяздоказна атаясамляюць яго з г. Гродна, некаторыя ж іншыя, як А. Няволін, П. Сямёнаў, М. ДоўнарЗа- польскі, бачылі ў ім м. Гародна Пінскага павета, што болей слушна) і Вячаслава Яраславіча з Клецка. На Лагожск, які займаў адно з цэнтральных месцаў у абароне Полаччыны, было паслана войска на чале з сынам Мсціслава, што княжыў у Курску. Вельмі важная задача стаяла і перад чарнігаўскім князем Давыдам Ольгавічам і яго братамі, якія ў саюзе з торкамі на чале з ваяводам Іванам Вайцішычам павінны былі ўзяць Барысаў, а адтуль ісці на Стрэжаў (Л. Аляксееў атаясамляе яго з в. Стрыжава ў сучасным Бешанковіцкім раёне469, што верагодна, бо ў В. Тацішчава значыцца «Стрйжев»470), а адтуль ужо адкрываўся шлях на Полацк. На смаленскага князя Расціслава, сына Мсціслава, было ўскладзена ўзяцце Друцка (як бачым, гэты горад адрадзіўся пасля яго разбурэння ў 1116 г.).

Каб не даць магчымасці Полацку сканцэнтраваць свае сілы на якімнебудзь адным участку, а таксама ўнесці ў асяроддзе яго насельніцтва страх і разгубленасць, было дамоўлена паміж удзельнікамі кааліцыі «пуститься на вороп», г. зн. штурмаваць чатыры полацкія гарады адначасова, а менавіта 4 жніўня. Аднак тэты план быў парушаны Ізяславам, які на дзень раней пачаў ваенныя дзеянні. Праўда, летапіс не дае падставы сцвярджаць, што ён непасрэдна стаў браць «на вароп» Лагожск, бо там толькі і сказана, што ён «зая людей от города», г. зн. тых, што абаранялі Лагожск, і якія, «устрашившеся» вялікай сілы, здаліся. Мы не можам з упэўненасцю сказаць, ці ўзяў Ізяслаў Лагожск, бо ў летапісе сказана, што ён «перестрян два дни у Логожска» (значыць, не ў гора дзе, каля яго), не пайшоў далей на Полацк, а накіраваўся да Ізяслаўля. Нельга ўпэўнена сказаць, чым гэта было выклікана: ці тым, што ў задачу Ізяслава не ўваходзіла ісці на Полацк, паколькі гэта, як думае Л. Аляксееў, ускладвалася выключна на чарнігаўцаў і торкаў, ці неабходнасцю аказаць сваім дзядзькам, якія штурмавалі Ізяслаўль, дапамогу, як сказана ў В. Тацішчава471. I вось, ідучы з Лагожска ў Ізяслаўль, Ізяслаў бярэ ў палон князя Брачыслава. Трэба зазначыць, што гэта не зусім яснае месца ў летапісе. Папершае, хто такі Брачыслаў. Імя гэта — чыста полацкае. Праўда, у кіеўскага князя Святаполка малодшы сын насіў таксама гэта імя. Аднак што мы туг маем справу не з ім, не можа быць і гаворкі, бо за некалькі месяцаў да паходу на Полацк ён памёр. У літаратуры наконт месца князявання Брачыслава назіраецца блытаніна. Так, Л. Аляксееў на адной і той жа старонцы сцвярджае, што гэта быў лагожскі князь, а пасля, што гэта быў ізяслаўскі князь473. Выказвалася думка, што ён быў лагожскаізяслаўскім князем474. Аднак з далейшага тэксту летапісу, як у бачым, можна ўпэўнена меркаваць, што Брачыслаў быў ізяслаўскім князем, што і дае нам цвёрды грунт гаварыць аб наяўнасці побач з Менскім і Ізяслаўскага ўдзела Полацкай зямлі. Пры якіх жа абставінах Брачыслаў трапіў у палон да свайго швагра Ізяслава? У летапісе гаворыцца, што ён ішоў «к отцу своему» і аказаўся ў час паланення «посреде пути». Паколькі Ізяслаў ішоў з войскам ад Лагожска да Ізяслаўля і на паўдарозе сустрэў Брачыслава, то зразумела, што апошні ішоў у адваротным кірунку, г. зн. з Ізяслаўля ў Лагожск, дзе, па ўсім відаць, і быў яго бацька. I гэта закрэслівае сцверджанне, нібыта Брачыслаў быў ізяслаўскалагожскім князем. А вось менавіта хто быў бацькам Брачыслава, і застаецца невядомым, бо летапіс не называе яго імя. Ва ўсякім выпадку, не мог быць яго бацькам Давыд475, бо вядома, што ён у гэты час быў князем у Полацку, а не ў Лагожску.

3 летапісу не відаць, чаго ішоў Брачыслаў да свайго бацькі. Магчыма, што і на дапамогу яму, як сказана ў В. Тацішчава476, не ведаючы, што тое ж самае чакае і яго горад (напад на Лагожск пачаўся на дзень раней). Сапраўды, летапіс далей сведчыць, што ізяслаўцы абараняліся без свайго князя. Летапіс таксама паказвае, што Брачыслаў, відаць, убачыўшы войска Ізяслава, спалохаўся і «не мог поити ни семо, ни овамо» «и иде шюрину своему в руце». I вось Ізяслаў, ведучы зараз Брачыслава і па лонных лагожцаў (паводле В. Тацішчава, «знатнейших»), рухаўся да Ізяслаўля.

Поделиться с друзьями: