Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды
Шрифт:
Аднак дзеянням Глебавічаў па прыцягненні ў сваё войска літвы не магло не перашкаджаць знаходжанне стаўленікаў Рагвалода ў Ізяслаўлі, якія, вядома, аб усіх падрыхтаваннях Глебавічаў паведамлялі ў Полацк. Вось чаму, паводле В. Тацішчава і Васкрасенскага летапісу588, Глебавічы ў 1159 г. пайшлі на Ізяслаўль, раптоўна яго ўзялі і, князёў Валодшу і Брачыслава схапіўшы, усадзілі Валодшу ў поруб, а Брачыслава закаванага трымалі. Як бачым, апроч Брачыслава ў Ізяслаўлі быў пасаджаны і Валодша, пра паходжанне якога мы таксама нічога не ведаем, як і пра Брачыслава. У 1180 г. у летапісе будзе ўпамінацца Андрэй Валодшыч, магчыма, сын гэтага Валодшы. Выключна жорсткае абыходжанне з Валодшам і Брачыславам было ў звычаях Глебавічаў, якія ў свой час не менш сурова абыходзіліся і з Рагвалодам. Адначасова гэта падкрэслівае тое вялікае значэнне, якое прыдавалі Глебавічы Ізяслаўлю, валоданне якім адчыняла ім дарогу ў Літву. Факт адначасовага знаходжання ў Ізяслаўлі і Брачыслава і Валодшы можа сведчыць, што ў Полацкай зямлі былі нярэдкія выпадкі князявання ў адным і тым жа ўдзеле двух князёў.
Дзеянні Глебавічаў яўна дэманстравалі сілу Менска, што паранейшаму не магло не трывожыць Полацк, і таму пацягнулі за сабой у 1160 г. новы паход на іх Рагвалода. Смаленскі князь Расціслаў к гэтаму часу ўжо стаў кіеўскім князем, але аб інтарэсах сваёй зямлі не забываўся і таму ў дапамогу войску Рагвалода даў 600 торкаў на чале з Жыраславам Няжыравічам (у В. Тацішчава апошні паказаны на чале смаленскага войска, асобнага ад торкаў589). Праўда, торкам не пашчасціла: коні іх падохлі ад го ладу (гэта можа ўказаць, што паход адбываўся зімою), і яны вымушаны былі, не дачакаўшыся міру, ісці дадому пехатою. Такая акалічнасць, відаць, і была прычынай, што аблога Менска зацяшулася і працягвалася шэсць тыдняў, на працягу якіх горада, як і ў папярэдні раз, не ўдалося ўзяць. Тым не менш Рагвалод стварыў мір па сваёй волі. Мы не ведаем усіх вынікаў яго, апроч аднаго, што Рдгвалод выстаяў Валодшу з поруба, а Брачыслава з жалезаў. Такія клопаты за лёс гэтых людзей могуць указваць на тое, што яны маглі быць сынамі Рагвалода і ўжо ні у якім разе сынамі Валадара Глебавіча, як лічыў В. Тацішчаў. 3 чаго б тады Глебавічам так патрэбна было з імі абыходзіцца жорстка? Застаецца няясным, ці зноў былі пасаджаны Валодша і Брачыслаў у Ізяслаўлі, ці былі забраны Рагвалодам і пасаджаны ў іншых месцах.
Мы не ведаем, што паслужыла зачэпкай для яшчэ аднаго паходу Рагвалода на Менск у 1161 г., хоць прычына ясная: Полацк не мог быць спакойны, ведаючы пра сілу свайго суперніка, і таму зрабіў яшчэ а дну спробу зламаць яго. Аднак інфармацыя аб гэтым паходзе ў летапісе вельмі скупая: яна зарэгістравала толькі факт паходу, а таксама заключэнне міру і вяртанне Рагвалода «восвояси». Але аб выніках нам нічога не вядома. Бясспрэчна, што паход не меў поспеху, бо праз год зроблены быў яшчэ адзін.
Аднак ён ужо быў накіраваны не супроць Расціслава, а супроць Валадара. Паводле Іпацьеўскага летапісу, Рагвалод з палачанамі пайшоў на Валадара «к Городцю»591, што і дало магчымасць шэрагу гісторыкаў гаварыць аб наяўнасці ў Полацкай зямлі горада з такой назвай, яго ўдзеле і Валадару як гарадзецкім князю. Аднак даследчыкі парознаму лакалізавалі гэты горад: на месцы сучаснага Гарадка на р. Зах. Бярэзіна (цяпер Маладзечанскі рн), другія атаясамлівалі яго з Гарадком (цяпер райцэнтр Віцебскай вобл.), трэція — з Гарадком паміж Лепелем і Чашнікамі, іншыя — з Сёмкавым і Астрашыцкім Гарадкамі каля Менска, з Гарадзеяй (Нясвіжскі рн), Гарадзішчам (Баранавіцкі рн), Гарадком (Шаркоўшчынскі рн). Аднак археалагічныя даследаванні не пацвердзілі гэтыя меркаванні, і таму існаванне Гарадца і яго ўдзелу выклікае сумненні. Найперш трэба ўказаць на тое, што ў Хлебнікаўскім спісе Іпацьеўскага летапісу замест «к Городцю» чытаецца «к городу»593. I гэта разыходжанне насцярожвае. Яшчэ больш прасвятляецца справа, калі мы параўноўваем гэта месца летапісу з адпаведным у В. Тацішчава, у якога замест Гарадца фігуруе Менск: «Рохволд князь полотский ходил с войском к Минску на Володаря Глебовича и, пришед, стал близ Минска»594. Наўрад ці можна гаварыць, што В. Тацішчаў памылкова замяніў Гарадзец на Менск. Мы ўжо ведаем, што паходы Рагвалода ў 1159,1160 і ў 1161 гадах былі накіраваны, як паказваюць летапісы, на Расціслава, але паход 1162 г. накіраваны на Вала дара, і Расціслаў болей не з’яўляецца на старонках летаnicy, што можа ўказваць на яго смерць ці гібель, і таму заканамерна, што яго пасад перайшоў Вала дару, супроць якога і пайшоў Рагвалод. Усё гэта паказвае, што запіс у «Гісторыі Расійскай» Тацішчава596 заслугоўвае больший веры, і таму мы можам больш упэўнена гаварыць, што ні Гарадца, ні яго ўдзела ў Полацкай зямлі не былоЛ таму Валадар не быў гарадзецкім князем597. У святле гэтага бачна памылковасць сцвярджэння В. Данілевіча, які гаварыў, што Рагвалод, Hiбыта ўбачыўшы беспаспяховасць барацьбы з усімі Глебавічамі, рашыў змагацца з імі па адным, і таму перш за ўсё ён пайшоў на Валадара, што княжыў у Гарадцы598. Па ўсім відаць, Валадар пасля смерці Расціслава і высылкі У севалада ў Стрэжаў застаўся адзіным прадстаўніком Глебавічаў, з якімі прыйшлося мець справу Рагвалоду.
Як паказвае далей летапіс, Валадар не прыняў бою (ці, як сказана ў летапісе, «не дал полку»), які навязваў яму Рагвалод днём, а выступіў супроць яго ноччу, што вырашыла вынікі бою ў карысць менскага князя. Многія палачане былі пабітыя, але яшчэ болей іх было ўзята голымі рукамі ў палон. Аднак самае важнае, што заслугоўвае тут асаблівай увагі, дык гэта тое, што войска Валадара цалкам склада л ася з літвы («выступи… из города с литьвою»)599. Гэта, папершае, зноў непасрэдна паказвае, што Старажытная Літва знаходзілася па суседству з Менскам і, падругое, што яна была адной з асноў магутнасці Менска. Адсюль становіцца асабліва зразумелым, для чаго ў 1158 г. Валадар хадзіў у лясах пад Літвою. Відаць, сувязі Менска з ёю былі трывалыя, яны мелі ўжо сваю даўнюю традьщыю, што знітавала інтарэсы Менска і Літвы ў адзінае цэлае, аб чым найперш і сведчаць падзеі 1162 г.
Разгром полацкага войска вырашыў лёс Рагвалода: убачыўшы сумныя вынікі свайго паходу, ён ужо не пасмеў ісці ў Полацк, дзе народ быў раз’юшаны з выпадку вялікіх страт ля Менска, і пабег у Слуцк, дзе, правёўшы тры дні, пайшоў княжыць у Друцк. Як бачым, тут ізноў упамінаецца Слуцк. Хоць ад Менска да гэтага гора да не так і далёка, але наўрад ці бег бы сюды Рагвалод пасля паражэння і ці змог бы зноў там на працягу трох дзён знесціся з дручанамі, каб атрымаць іх згоду на князяванне. Відаць, у той час быў яшчэ адзін Слуцк. Дарэчы, у Гомельскім рне ёсць рэчка СлучМіль- ча. Зараз цяжка сказаць, чаму Друцк прыняў пераможанага князя. Відаць, нягледзячы на сумныя яго абставіны, ён усё ж быў даволі значнай палітычнай постаццю, і для Друцка з’яўлялася ў пэўнай ступені гонарам мець яго за свайго князя. Далейшы лёс Рагвалода нам невядомы. Толькі камень (ён знаходзіўся недалёка ад Коханава і паварварску быў знішчаны ў 1934 г.), на якім 3 мая 1171 г. (г. зн. праз 9 гадоў пасля паражэння пад Менскам) быў зроблены надпіс, аналагічны надпісам на Барысавых камянях, які засведчыў, што ў гэты дзень Рагвалод павінен быў уступіць у нейкі рашаючы момант свайго жыцця. Але які ён быў для лёсу гэтага князя, застаецца невядомым. С ляды Рагвалода пасля 1171 г. у гісторыі губляюцца. Паколькі гэты камень засведчыў хрысціянскае імя Рагвалода — Васілій, то мы можам смела атаясамліваць яго з тым княжычам Васіліем, які разам з 1ванам вярнуўся ў 1140 г. на радзіму з Візантыі.
МЕНСК ІДЗЕ НА ПОЛАЦК I ЦЕРПІЦЬ ПАРАЖЭННЕ
Паколькі Рагвалод не вярнуўся назад, то ў Полацку стаў князем Усяслаў Васількавіч. Традыцыйна лічыцца, што ён быў сынам Васілька Святаславіча, які ў 1132 г. стаў полацкім князем, а пасля вяртання з Візантыі двух полацкіх князёў, магчыма, быў пазбаўлены палачанамі полацкага паса да. Аднак такой генеалогіі Усяслава Васількавіча безагаворачна мы прымаць не можам. Справа ў тым, што ён мог з’яўляцца і сынам Рагвалода, хрышчонае імя якога было Васіль, тым больш, як мы ведаем, Густынскі летапіс пад 1159 г. называв Усяслава Рагвалодавіча. Відаць, гэта мелі на ўвазе Карамзін і Пагодзін, калі яны лічылі Усяслава сынам Васілька Рагвалодавіча, паколькі бацька апошняга Барыс Усяславіч меў княскае імя Рагвалод, як засведчыў Густынскі летапіс. Праўда, цяжка меркаваць, каб палачане пасля разгрому Рагвалода маглі ўзвесці на свой пасад яго сына. I ўсё ж гэту акалічнасць трэба мець на ўвазе. Існуе думка, што да Полацка Усяслаў Васількавіч быў князем у Віцебску. В. Данілевіч абгрунтоўвае гэта тым, што пасля з’яўлення Усяслава на по- лацкім пасадзе Віцебск пераходзіць да яго саюзніка Давыда Расціславіча601. Аднак Усяслаў стаў полацкім князем у 1162 г., а Давыд віцебскім — у 1165 г. Хто ж гэтыя тры гады князяваў у Віцебску?
Калі сапраўды Усяслаў быў сынам Васілька Святаславіча, то з’яўленне яго на полацкім пасадзе азначала, што полацкае веча паранейшаму прадаўжала маніпуляваць княскімі родамі і выбірала сярод іх тых, якія сваімі сувязямі маглі прынесці больш выгады Полацку. Выбранне Усяслава сведчыла аб далейшым паглыбленні смаленскага ўплыву на полацкія справы. I гэта заканамерна. Паражэнне Рагвалода пад Менскам у 1162 г. ясна наказала, што Менск не зломлены, што яго князь, рашучы Валадар, які з усіх Глебавічаў найбольш унаследаваў энергію свайго бацькі, не адмовіцца ад спробы заняць полацкі пасад, а гэтым самым забяспечыць Менску дамінуючае месца ў Полаччыне. I таму патрэбна было шукаць вернага саюзніка ў барацьбе, якая немінуча набліжалася. Такім саюзнікам мог быць толькі Смаленск. Але саюз з ім патрабаваў ахвяр. I такой ахвярай стаў Віцебск. Хоць, як слушна адзначыў М. ДоўнарЗапольскі, летапісны запіс пад 1165 г. «Давид Ростиславич седе витебьски»602 яшчэ не ўказвае зусім на заняцце Давыдам віцебскага пасада, а толькі ўсяго на валоданне ім603, тым не менш золение тут смаленскага князя было паказальным у сэнсе павелічэння смаленскага ўплыву ў Полаччыне. Асабліва гэта становіцца відавочным, калі ўспомніць, што ў 1116 г. да Смаленска адышлі Орша і Копысь, а пазней яўна выявілася збліжэнне са Смаленскам Друцка. Такім чынам, смаленская палітыка паступовага ўцягвання Полацка ў сваю палітычную сферу выступала ў даволі дзейнай стадыі. Аднак мы яшчэ раз падкрэслім: Полацк свядома ішоў на дапушчэнне ў Віцебск Давыда як на часовы кампраміс, неабходны пры тагачасных неспрыяльных унутрыпалітычных абставінах у Полаччыне. Вось чаму нельга пагадзіцца з Л. Аляксеевым, які лічыць 1165 г. датаю пачатку паступовага палітычнага распаду Полацкай зямлі604. Папершае, калі гаварыць аб палітычным распадзе Полацкай зямлі, то, маючы на ўвазе з’яўленне ў ёй удзелаў, ён пачаўся значна раней, у пачатку XII ст. Падругое, калі маецца на ўвазе сітуацыя з Віцебскам (а гэта менавіта так), то, як адзначалася вышэй, тут толькі было з’яўленне смаленскага князя, а не перадача Смаленску Віцебска. У гэтым і заключалася ўся тонкасць полацкай дыпламатыі: дапускаючы першае, не дапускаць другога.
Але мы ўжо трохі забеглі наперад. Пад 1162 г. з летапісу мы даведваемся аб паходзе шэрагу князёў на Слуцк. Пра няясныя для нас абставіны гэтай падзеі мы будзем гаварыць яшчэ. Тут жа нас найбольш цікавіць удзел у гэтай кааліцыі «крыўскіх князёў»606. Пайменна яны не ўказаны, і вось В. Данілевіч, а за ім і Л. Аляксееў лічаць, што пад крыўскімі князямі летапісец разумеў Глебавічаў — менскіх князёў. Наогул кажучы, назва крыўскіх адносіцца да ўсіх полацкіх князёў, на што ўказвае Іпацьеўскі летапіс пад 1140 г.: «Мстислав… посла по Кривитьстей князе: по Давида, по Растислава, по Святослава и Рогволодичи два…»606 Аднак у дадзеным выпадку пад крыўскімі князямі сапраўды трэба разумець менскіх князёў, бо цяжка ўявіць, каб Полацк пасля такога паражэння, якое ён пацярпеў пад Менскам, мог пасладь свае войскі пад Слуцк. Іншая справа — Менск, які атрымаў трыумфальную перамогу і цяпер мог з той жа літвой пайсці без перадыху ў новы паход. Паколькі Слуцкі ўдзел знаходзіўся па суседству з Менскім, то можна думаць, што Глебавічы далучыліся да паходу не толькі па прычыне нейкай саюзніцкай умовы, але і маючы на мэце свае ўласныя інтарэсы. Нельга забывацца, што заваяванне Слуцка з’яўлялася адной з галоўных мэт яшчэ Глеба Менскага, і яна, па ўсім відаць, не была забытай для Валадара. На жаль, крыніцы не данеслі да нас ніякіх звестак аб выніках гэтага паходу для Менска.
Але для Валадара як менскага князя паранейшаму галоўнай задачай з’яўлялася вяртанне Менску таго дамінуючага значэння, якое ён займаў у Полацкай зямлі ў 1151–1158 гг. Аднак Валадару спатрэбілася цэлых пяць гадоў, каб сабраць патрэбныя сілы для вырашальнага наступу на Полацк. Вядома, не выключана, што і некаторыя справы і падзеі, што не адбіліся на старонках летапісу, затрымлівалі паход Валадара на Полацк. Але, як бы там ні было, у 1167 г. ён рушыў на Полацк. Хоць у летапісе пра гэта непасрэдна не сказана, але можна па некаторых д эта лях меркаваць, што і цяпер, як і ў 1Д62 г., у галоўнай сваёй масе яго войска складалася з «літвы». У сувязі з гэтым будзе цікава адзначыць, што ў В. Тацішчава Валадар пад 1167 г. названы князем ізяслаўскім607, г. зн. князем удзела, які непасрэдна межаваўся з Літвой дый займаў пэўную частку яе. Усяслаў Васількавіч, даведаўшыся аб дзеяннях Валадара, выступіў супроць яго. Валадар жа ў сваю чаргу вырашыў не даць мдгчымасці Усяславу сабраць усе свае сілы, раптоўна напаў на яго, у выніку чаго многія з полацкага войска былі забіты або ўзяты ў палон. Усяславу не заставалася нічога інптага, як бегчы ў Віцебск да свайго саюзніка Давыда Расціславіча. Такім чынам, для Валадара шлях на Полацк быў бесперашкодна адчынены, і ён дасягае сваёй мэты: узыходзіць на полацкі пасад, дзе па заведзеным звычаі заключыў з палачанамі (г. зн. з вечам) умову, змацаваўшы яе хрэсным цалаваннем. Як бачым, полацкае веча цаніла сілу і схілялася перад ёй, праўда, не забываючыся пра свае інтарэсы. Факт заняцця Вала даром полацкага пасада яшчэ раз засведчыў тое, што ў 50–60-я гг. XII ст. у Полаччыне ішла не сепаратысцкая барацьба за выдзяленне паасобных удзелаў, у прыватнасці Менскага, зпад улады Полацкага, а барацьба за дамінуючае становішча ў зямлі паасобных удзелаў.
Калі б гэта было не так, то Валадар, разбіўшы Усяслава, не садзіўся б у Полацку і не ішоў бы на Віцебск, а вярнуўся б у свой Менск (ці Ізяслаўль), будучы спакойным, бо разбіты Усяслаў не здолеў бы ісці на яго ўдзел. Але Валадар, сеўшы ў Полацку, не мог быць упэўнены ў трываласці свайго становішча, ведаючы, што ў Віцебску Усяслаў мог абаперціся на сілы свайго швагра Давыда, і таму адразу рушыў туды і, умацаваўшыся на Дзвіне, вырашыў даць бой. Але Давыд, хоць і чакаў нападу Валадара, ухіліўся ад бою, бо чакаў дапамогі брата Рамана са смаленцамі. I вось тут вайсковае шчасце здрадзіла Валадару. Ноччу па дышл а навальніца, ударыў пярун, узняўся вецер і стварыўся нейкі шум. I вось войска Валадара, якое, відаць, складалася з літвінаўязыч- нікаў, убачыла ў гэтым благі знак, у страху прыняло незразумелы для іх шум за набліжэнне войска Рамана (значыць, было вядома, што Раман павінен прыйсці на дапамогу Давыду) і, баючыся трапіць у акружэнне Давыда і Рамана, пачало ўпрошваць Валадара адысці, што ён і зрабіў. Назаўтра Давыд быў здзіўлены, убачыўшы, што Валадар нечакана адступіў, і пусціўся наўздагон за ім. I хоць дагнаць Валадара не ўдалося, затое шмат было злоўлена яго воінаў, якія заблудзіліся ў лесе608. Паводле В. Тацішчава, Валадар, адступаючы, не пайшоў у Полацк, а абмінуў яго, пасля чаго Усяслаў паехаў у Полацк609. У Іпацьеўскім летапісе сказана, што яго паслаў туды Давыд610. У В. Тацішчава адзначана, што апавяданне пра тэту гісторыю не заканчвалася, яно мела працяг у т. зв. галіцынскім манускрыпце, але заканчэнне яго пасля слоў «поехал Всеслав в Полоцк. Он же…» было страчана61.
Што ж паказалі полацкія падзеі 1167 года? Паражэнне Менска ў барацьбе за гегемонію у Полацкай зямлі не было выпадковае. Калі ў 1162 г. з дапамогай Літвы можна было на месцы ў абароне атрымаць перамогу, то яе недастаткова было пры наступленні ўдалечыні. Нават каб не было прыкрага здарэння з начной навальніцай, войска Валадара ўсё роўна не змагло б адолець злучаныя сілы Давыда і Рамана. Паход Валадара на Полацк і Віцебск з’явіўся бліскучым, але апошнім усплёскам сілы і славы Менска, бо пасля гэтага ён надоўга знікае са старонак нашай гісторыі. Віцебскае паражэнне, па сутнасці, паклала канец і гістарычнай дзейнасці Валадара Глебавіча, які сваё жыццё прысвяціў прадаўжэнню справы бацькі і старэйшага брата Расціслава — далейшаму ўмацаванню і росквіту сваго вотчыннага Менска.