Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды
Шрифт:
Указаныя намі вышэй тапонімы добра сведчаць пра тое, што ў розных месцах Беларусі асела значная колькасць севяранаў. Магчыма, што самая значная з іх была на левым беразе Верхняга Нёмана. Невыпадкова ж, што гідронім «Сула» і тапонім «Сноў» былі імі перанесены на іх сталае аселішча ў Падзясенне.
РАДЗІМІЧЫ па велічыні заселенай імі тэрыторыі непараўнальна саступаюць дрыгавічам і крывічам, тым не менш яны побач з апошнімі ўнеслі вялікі ўклад у беларускае народаўтварэнне. Паколькі ў пачатку XII ст., калі складалася «Аповесць мінулых гадоў», яшчэ жыло паданне пра іх прыход «ад ляхаў» і пра паходжанне іх назвы ад імя іх роданачальніка Радзіма, то можна меркаваць, што радзімічы ішлі ў ар’ергардзе славянскага руху і прыйшлі пазней за іншыя славянскія плямёны. У апошні час зроблена спроба паказаць на матэрыяле гідраніміі, што Верхняе Паднястроўе, якое знаходзілася ў бліжэйшым суседстве з ляшскай тэрыторыяй, было тым месцам, адкуль прыйшлі радзімічы ў Пасожжа106.
Згодна з другой сучаснай гіпотэзай, радзімічы, як і вяцічы, прыйшлі з Павіслення. Гэта было абумоўлена тым, што дунайскія славяне пад націскам авараў, а пасля Візантыі і раманскага насельніцтва павінны былі адступаць на поўнач, у Павісленне, і на паўночны ўсход, у лясную зону Усходняй Еўропы. Славяне, што прыйшлі ў Павісленне, паціснулі на ўсход і на захад тых славянаў. якія заставаліся тут. Радзімічы і вяцічы пайшлі на ўсход'07. А. Шахматаў выказаў думку, што радзімічы, лрыйшоўшы ў Пасожжа, паціснулі крывічоў і прымусілі іх ісці ў Верхняе Паволжа.
Магчыма таксама, што радзімічы выціснулі севяранаў з Пасожжа на Дзясну, бо тапонімы Сеўрукі (Гомельскі рн), Северск (Рэчыцкі пав.) і Севярынаўка (Мазырскі пав.) могуць сведчыць аб прабыванні севяранаў у Пасожжы. Відаць, прыход радзімічаў на іх сталае селішча быў далёка не мірны, бо і да гэтага часу захавалася прыказка на Магілёўшчыне: «Каб дябе радзіміч узяў».
Прыходам радзімічаў не вычэрпваецда пытанне славянскага засялення Беларусі. Мы ўжо адзначалі, што апошняе не было аднаразовым актам, яно зацягнулася на некалькі стагоддзяў. Відаць, прыход славянаў быў асабліва працяглы зза Одры і з Памор’я. Нежаданне гэтых славянаў пакарыцца нямецкай уладзе і хрысціянізацыі прымушала іх пакідаць сваю радзіму і ісці на ўсход, дзе панавала язычніцкая стыхія балцкага і славянскага насельніцтва. На жаль, і пра гэтыя перасяленні мы не маем пісьмовых крыніц і таму найперш карыстаемся тапанімічнымі дадзенымі. Вось, напрыклад, такі факт. На карце Памераніі XVII ст. мы знаходзім паселішча Ракаў 108. Што выхадцы з гэтага паморскага Ракава заснавалі ў Беларусі Ракаў (зараз Валожынскі рн), вельмі верагодна: побач з гэтым Ракавам знаходзіцца вёска Паморшчына. Магчыма, што ў гэтую мясцовасць перасялілася і частка племя ратараў, на што ўказвае назва вёскі Ратынцы.
Тапаніміка пака^вае і на пасяленні ў нашых старадаўніх землях пянянаў, сітнянаў, ранаў, кашубаў, мазураў, палякаў, чэхаў.
Перш чым законч'ыць пытанне славянскага засялення Беларусі, неабходна яшчэ спыніцца на пытаннях аб неўрах і волатах.
НЕУРЫ ўпершыню былі названы Герадотам. Іх краіна Неўрыда быццам бы знаходзілася на поўнач ад скіфаўаратых, у верхнім цячэнні Днястра і Буга. Аднак апошняму супярэчыць паказанне пазнейшага гісторыка Плінія. Паводле яго, вытокі Дняпра знаходзяцца ў краіне неўраў. Невядома, што лічыў гэты аўтар за вытокі Дняпра: сам Дняпро ці Бярэзіну. На думку некаторых даследчыкаў, у старажытныя часы Дняпро называўся Бярэзінай (адсюль і яго грэчаская назва Барысфен). У апошнім выпадку Неўрыду трэба змяшчаць ля вытокаў Бярэзіны. П. Шафарык, Л. Нідэрле, П. Траццякоў адносілі неўраў да продкаў славянаў. Гэтаму асабліва садзейнічала паведамленне Герадота аб чутках, быццам неўры штогод на некалькі дзён ператвараліся ў ваўкоў, а таксама і тое, што яны змянілі сваё месца жыхарства зза змеяў, якіх шмат развялося там. Вучоныя, як на паралель гэтаму, сталі прыводзіць беларускія паданні аб ваўкалаках і змеях і сведчанне «Слова аб палку Ігаравым» пра Усяслава Полацкага, што нібыта ён воўкам бегаў. Звярталі ўвагу і на блізкасць імя «неўры» да назваў рэк у басейне Зах. Буга і сумежных тэрыторый, такіх, як Нура, Нурэц, Нурчык і ім падобныя. 3 аднаго боку, неўры атаясамліваюцца з групай усходнебалтыйскіх плямёнаў109, а з другога боку, яны адносядца да кельтаў, пазней, магчыма, асіміляваных балцкім племем эстыеў (аістаў)110. ІПто неўры жылі на тэрыторыі заходняй часткі Беларусі і на ўсходзе сучаснай Літвы, можа сведчыць наяўнасць такіх тапонімаў, як Наўры (Княгінінская вол. Вілейскага пав.), Нераўка (Крэўская вол. Ашмянскага пав.), Нарвелішкі (Трабская вол. Ашмянскага пав.) і асабліва Неўрышкі (Жыжморская вол. Тродкага пав.), гэтак жа сама як і літоўская назва ракі Вяллі — Нерыс. Цяжка сказаць, ці тут быў асноўны масіў неўраў, ці толькі нейкая частка іх, але яны, бясспрэчна, тут жылі і таму не маглі не пакінуць сваіх слядоў у тапаніміцы і фальклоры, на што, як мы бачылі, указвалі даследчыкі. Такім чынам, незалежна ад таго, кім у этнічных адносінах былі неўры — славянамі, балтамі ці кельтамі,— іх мы можам з поўным правам адносіць да ліку нашых продкаў.
ВОЛАТЬІ шэрагам даследчыкаў лічыліся першымі насельнікамі Беларусі. I гэта, на першы погляд, мела пад сабой сур’ёзную падставу. Сапраўды, у многіх месцах Беларусі і сумежных з ёй раёнаў мноства айконімаў і паасобныя гідронімы звязаны з волатамі (да таго ж курганы называюць валатоўкамі, у якіх, паводле паданняў, пахаваны волаты, нашы продкі, прычым вола ты разумеюцца не як асобныя адзінкі, а як цэлы народ). Такой думкі прытрымліваліся П. Шафарык, Ф. Буслаеў, А. Спіцын. Першы з іх выклаў тэорыю, што во латы азначалі народ велетаў, якія, у сваю чаргу, атаясамліваліся з славянскім племем люцічаў, што адначасова называліся ваўкамі. Зазначым, што геаграфічная наменклатура Беларусі і Расіі ведае вялікую колькасць гідронімаў і айконімаў, якія вядуць сваё паходжанне і ад велетаў і волатаў, і ад люцічаў і ваўкоў (ваўчкоў), і таму па іх цяжка меркаваць, ці гэта розныя плямёны, ці гэта розныя назвы аднаго племя.
Аднак атаясамленне велетаўволатаў з люцічаміваўкамі вельмі праблематычнае, як адзначыў у свой час А. Ясінскі. Ён слушна заўважыў, што велеты, упершыню названыя Пталамеем як вельты і паказаныя ім у вусці Нёмана, хутчэй за ўсё былі балтамі з рэшткамі кельтаў і што не было славянскага народа, які называў бы сябе велетамі 111. Паколькі велеты былі балтамі і жылі ў вусці Нёмана, то можна дапусціць, што яны былі захоплены ў каланізацыйным руху крывічоў і разам з імі ішлі ў глыб сённяшніх беларускіх і рускіх земляў. Нездарма ж там, дзе існуюць крывіцкія тапонімы, ёсць і велетаўскія, як, напрыклад, у Лемяшоўскай вол. Пінскага пав., у Старобінскай вол. Слуцкага пав. і ў Красналуцкай вол. Барысаўскага пав., дзе побач з назваMi Крывічы і Крыўкі мы знаходзім назвы Вяляцічы і Волатава. Не выключана і тое, што крывічоў, якія змяшаліся з велетаміволатамі ў суседніх абласцях, куды яны сталі пранікаць, таксама называлі волатамі.Гэтым, відаць, трэба тлумачыць і наяўнасць тапонімаў ад назвы «волат» у Наўгародскай, Цвярской, Уладзімірскай, Маскоўскай, Тульскай і іншых былых губернях, куды пранікала крывіцкая каланізацыя. Праўда, А. Ясінскі адмаўляў існаванне волатаў як народа, лічыў іх міфалагічнымі істотамі, у якіх увасоблена народнае ўяўленне пра веліканаў, што некалі засялялі зямлю. Аднак гэта не здымае пытання аб існаванні волатаў як народа.
Добра вядома, што і ў іншых народаў назвы гігантаў маюць этнічнае паходжанне: у рускіх «исполин» ад спален (назва народа), у палякаў ад обраў, у немцаў магіла веліканаў называецца магілай гуна і г. д. Трэба думаць, што і волаты ў беларусаў не складаюць выключэння. Абазначэнне імі магутнага чалавека, асілка паходзіць таксама ад назвы народа — волатаў.
Такім чынам, адносідь волатаў да славянаў пакуль што няма сур’ёзных падстаў. Болей за ўсё верагодна, што балцкае племя велетаў, захопленае крывічамі ў іх руху на ўсход, рассялілася разам з імі, а пасля, аславяніўшыся, стала вядомым пад назвай велетаўволатаў.
Усё гэта патрабуе далейшага даследавання, у выніку чаго можа быць раскрыта адна з важнейшых таямніц нашай старажытнасці.
Такім чынам, можна меркаваць, што тэрыторыя Беларусі была месцам выключна інтэнсіўнага славянскага засялення і рассялення. Тут праходзілі і скрыжоўваліся шматлікія славянскія дарогі. Апроч дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў, якія склалі асноўны масіў славянства на Беларусі, тут прайшлі або часткова аселі дулебы, славене, драўляне, севяране, а таксама многія высяленцы з паморскіх славянскіх земляў.
ПЛЕМЯННЫЯ САЮЗЫ I «КНЯЖАННІ»
Што ж сабой уяўлялі славянскія плямёны, у тым ліку дрыгавічы, крывічы і радзімічы? Розныя даследчыкі парознаму глядзелі на іх. Адны лічылі іх устойлівымі этнічнымі ўтварэннямі, другія бачылі ў іх слаба звязаныя між сабою паасобныя трупы і нават сем’і, якія не мелі сталых межаў, у весь час рассяляючыся. Аднак, на наш погляд, нельга адной меркай мераць усе плямёны, не ўлічваючы канкрэтных умоў рассялення кожнага з іх. Што характэрна было для аднаго племя, таго не было ў іншага і наадварот. Сапраўды, хіба можна ставіць знак роўнасці паміж радзімічамі з аднаго боку і дрыгавічамі і крывічамі з другога боку. Калі радзімічы з прычыны іх малалікасці занялі строга акрэсленую тэрыторыю — Пасожжа, то дрыгавічы і крывічы ўвесь час рассяляліся, мяняючы свае межы і пашыраючы сваю тэрыторыю. Паводле тых рачных сістэм, якія яны занял! мы адрозніваем прыпяцкіх (карэнная іх тэрыторыя), бярэзінскадруцкіх, нёманскіх і дзвінскіх дрыгавічоў. Крывічоў па тым жа прынцыпе мы дзелім на нёманскіх, дзвінскіх, дняпроўскіх, пскоўскіх (па р. Вялікай іх некаторыя сучасныя даследчыкі адмаўляюць) і волжскіх.
I не толькі ў геаграфічным, але і ў этнічным плане славянскія плямёны не былі адзіныя, прынамсі, у пачатку іх гісторыі. Дрыгавічам, крывічам і радзімічам, магчыма, на новым месцы спатрэбілася весці барацьбу з іншымі славянскімі плямёнамі ці родамі, якія для нас засталіся невядомымі, за сваё дамінуючае становішча, бо тое, што летапіс называв племем, сучасная гістарычная навука лічыць саюзам плямёнаў. Гэта пацвярджае і археалогія. Г. Ф. Салаўёва ўстанавіла на тэрыторыі дрыгавічоў два тыпы славянскіх пахаванняў, у заходніх (г. зн. беларускіх) крывічоў — тры, а ў радзімічаў нават восем.
Адносна дрыгавічоў і крывічоў летапіс сведчыць, што ў іх, як і ў палянаў, драўлянаў і славенаў, былі свае «княжанні». Можна думаць, што мелася сваё княжанне і ў радзімічаў, бо без сур’ёзнай іх арганізацыі не было б патрэбы ў 984 г. ваеннай сілай падначальвадь іх уладзе Кіева. Разам з сваёй палітычнай самастойнасцю радзімічы, відаць, былі пазбаўлены і свайго «княжання», і памяць аб ім да пачатку XII ст., калі складаўся летапіс, страцілася. Праўда, гэта не прывяло радзімічаў да страты свайго этнічнага вобліку. Жывучы пасля ў розных палітычных сістэмах, яны захавалі сваю еднасць і сувязь з усёй тэрыторыяй сённяшняй Беларусі і ўвайшлі ў яе склад.