Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Старэйшы брат Яна — Марэк (1628–1652) — з'яўляўся старастам краснастаўскім і явораўскім, але памёр маладым. Сястра Кацярына (1634–1694) была двойчы замужам: у першым шлюбе з князем Уладзіславам Дамінікам Заслаўскім-Астрожскім, у другім — з князем Міхалам Казімірам Радзівілам, ваяводам віленскім і гетманам польным літоўскім, уладальнікам Нясвіжа. Такім чынам, Сабескі быў звязаны сваяцтвам з магнацкімі сем'ямі на Украіне і Беларусі.
Ян Сабескі нарадзіўся 17 жніўня 1629 г. у замку Алеска (Рускае ваяводства, дзе галоўным горадам лічыўся Львоў). Дзяцінства прайшло ў Жолкве, маёнтку гетмана Жулкеўскага, выхаванне — у рыцарскай традыцыі роду Жулкеўскіх. У 1640 г. разам з братам хлопчык быў адпраўлены ў Кракаў, дзе абодва вучыліся ў калегіі Навадворскага, а з 1643 да 1646 г. — на філасофскім факультэце Кракаўскай акадэміі. У 1646 г. абодва паехалі на вучобу за мяжу — у Лейпцыг, Антверпэн, Парыж, Лондан, Гаагу. Займаліся вывучэннем замежных моў, літаратуры, вайсковых і палітычных спраў, а ў 1648 г. вярнуліся на радзіму.
Ян Сабескі ўдзельнічаў у вайне супраць казацкага войска Багдана Хмяльніцкага ў бітве ля Зборава. Абодва браты змагаліся супраць казакоў і татараў ля Берастэчка ў 1651 г. У гэтай бітве Ян Сабескі быў цяжка паранены ў галаву. Брат загінуў у бітве ля Батога. У той бітве Ян не ўдзельнічаў, бо лячыўся ў Львове: перад гэтым ён быў паранены на дуэлі з Казімірам Пацам, які потым стаў ягоным палітычным апанентам. У 1653 г. палкоўнік Ян Сабескі камандаваў казацкай харугвай (лёгкай конніцай) у бітве супраць украінскіх казакоў і крымскіх татараў.
У кастрычніку 1655 г. падчас шведска-польскай вайны Ян Сабескі з войскам харунжага кароннага Аляксандра Канецпольскага прынёс прысягу на вернасць шведскаму каралю Карлу X Густаву, войскі якога захапілі амаль усю Польшчу. Але ў сакавіку наступнага года Ян Сабескі пакінуў шведаў і перайшоў у войска Стэфана Чарнецкага, удзельнічаў у баях супраць шведаў у Вялікай Польшчы, Прусіі і ля Торуня, чым цалкам рэабілітаваў сябе і атрымаў ад караля Яна Казіміра чын харунжага кароннага. Уліпені 1656 г. падчас бітвы ля Варшавы Сабескі камандаваў злучанымі вайсковымі атрадамі палякаў і крымскіх татараў, якія атакавалі шведаў і брандэнбуржцаў. Ян Сабескі браў удзел у баях супраць інтэрвенцыйнай арміі трансільванскага князя Юрыя II Ракачы, а ў 1658 і 1659 гг. — зноў супраць шведаў у Прусіі і ля Торуня. У тым жа 1659 г. Ян Сабескі ўпершыню быў абраны дэпутатам сойма. Праз год кароль Ян Казімір — за заслугі перад Айчынай — даў яму пажыццёва староства Стрыйскае. Восенню 1660 г. Ян Сабескі камандаваў палком у бітвах з казакамі гетмана Юрыя Хмяльніцкага і маскоўскімі войскамі на Украіне. Ягоны баявы вопыт у сутычках са шведамі, украінскімі казакамі, крымскімі татарамі і маскоўцамі гартаваў ягоны характар палкаводца і чалавека.
Малады харунжы каронны быў ласкава прыняты пры каралеўскім двары. Яшчэ ў 1655 г., калі Яну было 26 гадоў закахаўся ён ў прыгажуню Марыю Казімеру дэ ля Гранж д'Арк'ен, выхаванку каралевы Людвікі Марыі, французскай жонкі караля Яна Казіміра. Дзяўчыне было толькі 14. Гэтая францужанка, ці, як Сабескі называў яе, Марысенька, стала адзіным моцным яго каханнем на ўсё жыццё. Каралева Людвіка спрыяла закаханаму вайскоўцу, якому, лічыла, наканавана вялікая кар'ера.
Нягледзячы на прыхільнасць Марысенькі, Ян Сабескі саступіў больш багатаму і ўплывоваму канкурэнту Яну Замойскаму (1627–1665), ваяводзе кіеўскаму і ардынату Замойскаму (Замосце з багатымі маёнткамі), які ў 1658 г. ажаніўся з Марыяй Казімерай д'Арк'ен. Але каханне Сабескага пакінула ў старапольскай літаратуры помнік прыгожага пісьменства: ягоныя лісты да каханай — найлепшыя ўзоры стылістыкі палкага і адукаванага закаханага. Шлюб Марыі Казімеры быў няўдалым. Яна па-ранейшаму сустракалася з Янам Сабескім (ён меў маёнтак па суседстве, у Піляшковіцах). Перапіска паміж імі ўзмацнілася. Больш за тое, у 1661 г. у варшаўскім касцёле кармелітаў Сабескі даў клятву на вернасць сваёй каханай.
Каралева канчаткова перацягнула Сабескага ў каралеўскі, прафранцузскі лагер. Ён абіраўся некалькі разоў дэпутатам соймаў, выступаў за ўзмацненне каралеўскай улады і абранне прынца Кандэ наступнікам трона ў Варшаве. У 1663 г. з войскам пад камандаваннем караля Яна Казіміра (разам з украінскімі казакамі гетмана Правабярэжнай Украіны Паўла Тэтэры) удзельнічаў у паходзе супраць Масковіі. Войскі дайшлі да Глухава і Сеўска, але вымушаны былі адступіць. Сабескі камандаваў ар'ергардам і мужна адбіваў атакі маскоўскіх войскаў і казацкага войска Левабярэжнай Украіны.
7 красавіка 1665 г. памёр ваявода Замойскі. Нягледзячы на жалобу, Ян Сабескі ўжо 14 мая патаемна абвянчаўся з Марыяй Казімерай Замойскай, багатай 24-гадовай удавой (дзяцей у яе не было). Афіцыйны шлюб адбыўся 5 ліпеня 1665 г. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся тры сыны — Якуб-Людвік, Аляксандр, Канстанцін і дачка Тэрэса-Кунегунда (1676–1710), якая выйшла замуж за баварскага курфюрста Максіміліяна II. Яе сын Карл Альберт (унук Я. Сабескага) (1697–1745), таксама курфюрст, нават стаў у 1742 г. імператарам Свяшчэннай Рымскай (Германскай) імперыі. Дачка Якуба Людвіка (унучка Сабескага) Марыя Клементына выйшла замуж за Джэймза Эдварда Сцюарта, сына зрынутага ў 1688 г. англійскага каталіцкага караля Якава II, прэтэндэнта на англійскі трон.
У год (1665), калі нарэшце наладзілася сямейнае жыццё, Ян Сабескі стаў маршалкам вялікім каронным (лічыўся першым міністрам, вышэй за канцлера). Падчас рокашу гетмана польнага Е. С. Любамірскага, які выступіў супраць рэформаў дзяржаўнага ладу ў Рэчы Паспалітай, Сабескі ўзяў бок караля. Але часта ад'язджаў з войска, каб сустракацца з маладой жонкай. У 1666 г. атрымаў ад караля булаву гетмана польнага кароннага. Ваяваў ён супраць ракашан Е. С. Любамірскага неахвотна, нават пацярпеў паразу і ў ліпені 1666 г. з радасцю падпісаў з імі пагадненне, якое скончыла грамадзянскую вайну. Планы рэформаў былі перакрэслены. «Залатая вольнасць» шляхты і магнатаў захавалася.
Толькі скончылася грамадзянская вайна, а ўжо зноў пачалася новая вайна на Украіне. Гетман Правабярэжнай Украіны Пётр Дарашэнка разам з крымскімі татарамі выступаў супраць Кароны. Андрусаўскае перамір'е паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй у студзені 1667 г. паказала, што ваяваць Рэч Паспалітая і Масковія ўжо больш няздольныя. Тады Турцыя выступіла супраць Рэчы Паспалітай, узяўшы пад сваю апеку казакоў і крымскіх татараў. Казацка-татарскае войска (да 30 тысяч чалавек) гетмана Дарашэнкі рушыла на Львоў. Насустрач выступіў атрад з невялікімі сіламі (3 тысячы конніцы, пяхоты і артылерыі). 6 кастрычніка 1667 г. адбылася бітва каля Падгайцаў (на ўсход ад Галіча). Войску Сабескага дапамагалі ўкраінскія сяляне, якія раней уцяклі ў Падгайцы. Атакі казакоў і татараў былі адбіты, і яны былі вымушаны заключыць мір, бо ў гэты час запарожцы на чале з атаманам Іванам Сірко напалі на Крымскае ханства (гэта той Сірко, што з'яўляецца аўтарам вядомага ліста запарожцаў да турэцкага султана: «Ты шатане турэцкі, чорта праклятага брат і таварыш…»).
Перамога пад Падгайцамі прынесла Яну Сабескаму вялікі аўтарытэт сярод шляхты. У лютым 1668 г. кароль Ян Казімір надаў яму годнасць вялікага гетмана кароннага.
Падчас выбараў новага караля ў 1669 г. (пасля адрачэння ад трона Яна Казіміра) Сабескі падтрымаў кандыдатуру прынца Луі дэ Кандэ, сваяка французскага караля. Але шляхта абрала каралём Міхала Карыбута Вішнявецкага. Ян Сабескі разам з галавой каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай арцыбіскупам М. Пражмоўскім стаў на чале апазіцыі. Але апазіцыя вымушана была спыніць атакі на караля. На краіну напала Турцыя, а перш за ўсё крымскія татары. У 1671 г. Сабескі ў некалькіх бітвах разбівае крымскіх татараў на Украіне. Але туркі ў жніўні 1672 г. прымусілі капітуляваць моцную крэпасць Камянец-Падольскі, захапілі некалькі гарадоў. Крымскія татары рабавалі Украіну. Гетман Ян Сабескі з невялікімі сіламі нанёс паражэнне крымскім татарам. Тым не менш Рэч Паспалітая мусіла заключыць з Турцыяй ганебны Бучацкі мір і перадаць Турцыі Падолію, а Брацлаўскае ваяводства і паўднёвую частку Кіеўскага — казацкаму гетману Пятру Дарашэнку, васалу султана. Польшча павінна была плаціць штогадовую даніну султану.
У сакавіку 1673 г. кароль Міхал і апазіцыя прыйшлі нарэшце да згоды. Сойм адхіліў Бучацкі мірны дагавор, і вайна з Турцыяй працягвалася. Гетман вялікі каронны Ян Сабескі сабраў 40-тысячнае польскае войска. Да яго далучылася 12-тысячнае літоўскае-беларускае войска на чале з гетманам вялікім літоўскім Міхалам Казімірам Пацам і гетманам польным літоўскім Міхалам Казімірам Радзівілам. 11 лістапада 1673 г. аб'яднанае войска на чале з Янам Сабескім нанесла знішчальную паразу турэцкай арміі Хусейна-пашы. Гэтая перамога перапыніла наступ турэцкіх войскаў і ўславіла Яна Сабескага. За адзін дзень да вырашальнай бітвы памёр кароль Міхал Карыбут Вішнявецкі. Трон стаў вакантным.