Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Мяцеж узначаліў Мікалай Зэбжыдоўскі, ваявода кракаўскі і гетман надворны польскі, уплывовы магнат, які займаў трэцюю дзяржаўную пасаду ў Польшчы. Сярод правадыроў ракашан быў і Януш Радзівіл, муж апошняй слуцкай княгіні з роду Алелькавічаў — Соф'і, а пасля яе смерці ў 1612 г. — уладальнік Слуцкага і Капыльскага княстваў. Ракашане сабралі свае атрады, каб дэтранізаваць Жыгімонта Вазу і пасадзіць на трон трансільванскага князя Габрыэля Баторыя (раней яны прапанавалі кандыдатуру Ілжэдзмітрыя I, з якім многія хадзілі паходам на Маскву, але Ілжэдзмітрый быў забіты ў Маскве ў маі 1606 г.). Удзельнікі рокашу Зэбжыдоўскага — католікі, кальвіністы, лютэране, праваслаўныя — дамагаліся рэлігійнай талеранцыі, анулявання Берасцейскай царкоўнай уніі, правядзення нацыянальнай палітыкі, разрыву саюзу з Германскай імперыяй.
У ліпені 1607 г. бітва каля Гузава скончылася паражэннем ракашан, бо перавага была на баку прыхільнікаў караля на чале з С. Жулкеўскім і Я. К. Хадкевічам. Справу аб рокашы разглядаў сойм Рэчы Паспалітай на пачатку 1609 г. Для правядзення больш актыўнай палітыкі на ўсходзе Жыгімонту патрабавалася хаця б вонкавае адзінства шляхты, і ён пайшоў на кампраміс. З гэтае прычыны сойм абвясціў амністыю ракашан, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў ля караля дзеля кантролю за ягонымі дзеяннямі.
Адной з прычын няўдалага паходу на Масковію была не толькі нягнуткая палітыка ў дачыненні да маскоўцаў, але і пастаянная занятасць справамі на поўдні краю — дачыненні з Аўстрыяй, Малдавіяй, Крымам. Жыгімонт, зыходзячы са свайго ультракаталіцызму, падтрымліваў імператара ў ягонай барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі. А паколькі Габрыэль Баторый меў падтрымку турэцкага султана, то на Украіну і паўднёвыя ваяводствы Польшчы пачалі пастаянна нападаць крымскія татары, хан якіх быў васалам султана. Урэшце пачалася вайна з Турцыяй. У 1620 г. польскае войска было разбіта туркамі ля Цацоры, дзе загінуў гетман С. Жулкеўскі. На наступны год пад Хоцінам быў узяты рэванш. Але і тут перамога не была выкарыстана з-за нерашучай палітыкі караля.
Падчас барацьбы з Турцыяй і Крымам узмацніліся пазіцыі казакоў на Украіне. У Хоцінскай вайне 1621 г. удзельнічалі 40 тысяч казакоў. Казацкі гетман Пётр Канашэвіч-Сагайдачны дамогся ўзнаўлення праваслаўнай мітраполіі ў Кіеве ў 1620 г. (канчаткова зацверджана ў 1632 г.). Наступныя гады чаргаваліся пагадненнямі з казакамі і ціскам на іх, на што казакі адказвалі паўстаннямі.
Напрыканцы жыцця Жыгімонт быў вымушаны прызнаць няўдачу сваіх планаў як унутры дзяржавы, так і ў знешніх адносінах. Шмат у чым палітыка Жыгімонта Вазы вызначыла далейшы заняпад дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, яе паражэнні ў войнах сярэдзіны XVII ст. і змяншэнне яе вагі ў еўрапейскім палітычным жыцці.
Памёр Жыгімонт у Варшаве 30 красавіка 1632 г.
Уладзіслаў Ваза (1595–1648)
Уладзіслаў Ваза, якога, дарэчы, нават у Польшчы называлі паводле старажытнага літоўскага-беларускага звычаю Уладзіславам Зыгмунтавічам, нарадзіўся 9 чэрвеня 1595 г. у Лобзаве, каля Кракава. Ён належаў да шведскага каралеўскага роду і быў старэйшым сынам Жыгімонта Вазы — караля Польшчы, вялікага князя Літоўскай-Беларускай дзяржавы і караля Швецыі, у склад якой уваходзілі Фінляндыя і паўночная частка Эстоніі.
Валоданні Вазаў займалі ўсё паўночнае, усходняе і значную частку паўднёвага ўзбярэжжа Балтыкі. Але калі Уладзіслаў быў яшчэ хлопчыкам, бацька страціў шведскі трон і доўгі час, як і сын, намагаўся яго адваяваць. Гэтая акалічнасць уздзейнічала на ўсю палітыку ў балтыйскім рэгіёне на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Уладзіслаў працягваў ужываць тытул шведскага караля, хоць ніколі не валодаў шведскім тронам.
Маці Уладзіслава — Ганна — была дачкою аўстрыйскага эрцгерцага Карла Габсбурга, а яе брат — Фердынанд II — потым стаў імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі. Калі хлопчыку было тры гады, у часе родаў (пятых, дарэчы) маці памерла, бо медыцынская дапамога была яшчэ недасканалая, і жанчыны, нават у каралеўскіх палацах, часта паміралі пры родах. Праз некалькі гадоў бацька ажаніўся з малодшай сястрой маці.
Уладзіслаў Ваза. Малюнак Пітэра Паўла Рубенса. XVII ст.
Нягледзячы на тое, што кароль Рэчы Паспалітай выбіраўся пажыццёва, а не атрымліваў трон у спадчыну, пэўныя колы шляхты бачылі ва Уладзіславе караля-наступніка. Ён і сам рыхтаваўся да ролі гаспадара дзяржавы. Старанна вучыўся не толькі розным навукам, але і вайсковай справе.
Падчас вайны паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй на пачатку XVII ст., калі кароль Жыгімонт Ваза аблажыў Смаленск, для спынення вайны «тушынцы», былыя прыхільнікі Ілжэдзмітрыя II і ворагі цара Васіля Шуйскага, вылучылі новую кандыдатуру на царскі трон. Адным з ініцыятараў гэтага палітычнага кроку быў лідэр тушынскай групоўкі — тушынскі (альтэрнатыўны) патрыярх Маскоўскі Філарэт, бацька Міхаіла Раманава, заснавальніка царскай дынастыі Раманавых.
Дэлегацыя баяраў і дваранскіх тушынцаў прыбыла пад Смаленск і 4 (14) лютага 1610 г. падпісала дагавор з каралём. Паводле дагавора, кароль згаджаўся адпусціць Уладзіслава Зыгмунтавіча на маскоўскі трон, і там, у Маскве, каралевіча мусіў каранаваць патрыярх. Дагавор замацоўваў пануючае становішча ў дзяржаве баяраў і дваран, забяспечваў ім ды купцам свабодныя паездкі за мяжу, перш за ўсё ў Рэч Паспалітую. У Маскве дазвалялася пабудаваць касцёл, але схіляць да каталіцкага веравызнання людзей забаранялася. Палітычны сэнс дагавора заключаўся ў тым, што кандыдатура Уладзіслава на цараванне афіцыйна была зацверджана, хаця кароль свайго сына ў Маскву так і не адпусціў.
У ліпені 1610 г. цар Васіль Шуйскі быў скінуты з трона. Тым часам войска Рэчы Паспалітай падышло да Масквы з аднаго боку, а Ілжэдзмітрыя II — з другога.
Новы маскоўскі ўрад — «сямібаяршчына» — праз месяц заключае новы дагавор (на аснове лютаўскага) з каралём і абвяшчае Уладзіслава, ужо ў другі раз, царом. Дарэчы, у дарэвалюцыйных школьных падручніках, якія адпавядалі афіцыйнаму пункту погляду на гістарычныя падзеі, Уладзіслаў лічыўся ажно два гады, з 1610 да 1612 г. (да другога апалчэння пад кіраўніцтвам К. Мініна і Дз. Пажарскага), царом Расіі ў пераліку рускіх цароў.
I хоць пасля жнівеньскага дагавора 1610 г. Масква прызнала Уладзіслава царом, а жыхары прынеслі яму прысягу на вернасць, бацька і на гэты раз не адпусціў 15-гадовага сына на царства. Тым не менш маскоўскі ўрад кіраваў дзяржавай ад імя Уладзіслава. Каб падтрымаць маскоўскі ўрад і заняць трон, 17-гадовы Уладзіслаў разам з войскам, якое ўзначаліў гетман Вялікага Княства Літоўскага Ян Караль Хадкевіч, падступіў да Масквы, але быў адбіты войскамі другога апалчэння і казакамі князя Дз. Трубяцкога.
Маскоўскі баярскі ўрад спыніў сваё існаванне ўвосень 1612 г. — пасля заняцця Масквы войскам Мініна і Пажарскага і капітуляцыі Крамля, дзе знаходзіўся польска-літоўскі гарнізон і прыхільнікі ўрада Уладзіслава. Сярод іх, дарэчы, быў і Міхаіл Раманаў які неўзабаве на Земскім саборы 1613 г. быў абраны царом.
У 1617–1618 гг. нарэшце малады каралевіч Уладзіслаў, які меў у дадатак тытул цара маскоўскага і ўсяе Русі, ужо сам узначаліў паход на Маскву, каб вярнуць свой трон. Войска Уладзіслава на чале з гетманам Хадкевічам зноў пайшло на Маскву. З поўдня на дапамогу Уладзіславу паспяшаліся ўкраінскія казакі на чале з гетманам П. Сагайдачным. Падтрымалі Уладзіслава і данскія казакі, і рэшткі казацка-сялянскіх атрадаў часоў паўстання Івана Балотнікава. Такая іх пазіцыя падмацоўвалася шматлікімі дарчымі граматамі цара Уладзіслава розным групам насельніцтва (з пэўнымі ільготамі), а гэта вельмі напалохала дваранскі ўрад Міхаіла Раманава, хаця, між іншым, ён складаўся з людзей, якія раней цесна супрацоўнічалі з інтэрвентамі. Урад спешна пачаў рыхтаваць войскі.