ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

Наступную кампанію 1580 г. Стафан Баторый праводзіў ужо на маскоўскай тэрыторыі, там, дзе яго не чакалі. Іван Жахлівы раскідаў свае вайсковыя сілы ўздоўж мяжы з Лівоніяй і ВКЛ. Войскі Баторыя займалі крэпасці і гарады Усвят, Веліж; восенню 1580 г. былі ўзяты моцныя крэпасці Вялікія Лукі і Невель, заняты Завалочча і Езярышча, а ў канцы года — Холм і Старая Руса. Войскі Рэчы Паспалітай былі недалёка ад Ноўгарада, маскоўскія войскі ў Лівоніі былі адрэзаны ад асноўных камунікацый.

< image l:href="#"/>

Стафан Баторый пад Псковам (малюнак Яна Матэйкі)

У вайсковай кампаніі 1581 г. Баторый пайшоў на Пскоў. Але ў гэты час феадальны парламент Рэчы Паспалітай адмовіў каралю ў павелічэнні грашовых сродкаў на вядзенне вайны. Гэта скарыстаў Іван IV і кінуў свае войскі на ВКЛ. І хаця яны былі адбітыя на сваю тэрыторыю, аднак ваколіцы Дуброўны, Оршы, Копысі, Шклова, Магілёва і Мсціслава, і так пацярпелыя раней, былі зноў спустошаны маскоўцамі. У верасні 1581 г. войскі Баторыя, падыходзячы з поўдня і з усходу, асадзілі Пскоў. Літоўскія-беларускія атрады Крыштафа Радзівіла, Філона Кміты, зрабіўшы глыбокі рэйд на Волгу, часова занялі Старыцу і Ржэў, не дайшоўшы 50 кіламетраў да Цвяры. Гэты рэйд вельмі напужаў Івана IV. Адтуль праз Таропец і Старую Русу яны пайшлі на Пскоў і далучыліся да Стафана Баторыя. Штурмы Пскова пры яго аблозе не далі вынікаў, але і гарнізон гэтай крэпасці ўжо не мог трымацца далей. 15 студзеня 1582 г. Масковія і Рэч Паспалітая падпісалі 10-гадовае замірэнне. Вялікае княства Маскоўскае адмаўлялася ад Прыбалтыкі (Лівоніі) і ад Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала ёй заваяваныя крэпасці на маскоўскай тэрыторыі. 24-гадовая Лівонская вайна скончылася. Паколькі Баторый не быў задаволены яе вынікам, ён пачаў рыхтавацца да новай вайны, але не паспеў яе пачаць.

Перамогі войска, якім камандаваў Стафан Баторый, уратавалі Вялікае Княства Літоўскае ад спусташэння і зруйнавання, ад жахлівай царскай акупацыі, ад жахаў унутранай палітыкі Івана Жахлівага — апрычніны са знішчэннем не толькі баяраў, але і іншых груп насельніцтва, уключаючы і сялян. Для шляхты перамога над Масковіяй азначала не толькі захаванне свайго жыцця і маёмасці, але і мясцовага самакіравання, заканадаўчага прадстаўніцтва, Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 г., асабістых правоў з правам асабістай недатыкальнасці. Гэтага, безумоўна, не было ў маскоўскай дзяржаве. На гэты раз незалежнасць была выратавана перш за ўсё дзякуючы патрыятызму і мужнасці літоўскага-беларускага войска.

Баторый-рэфарматар

Стафан Баторый увайшоў у гісторыю як рашучы рэфарматар. Ён намагаўся ўзмацніць дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай. Ягоныя рэформы былі скіраваныя на ўзмацненне пазіцый сярэдне- і дробнамаянтковай шляхты і на аслабленне пазіцый магнатаў у дзяржаве. Ён таксама быў прыхільнікам узмацнення цэнтральнай улады, і перадусім каралеўскай. 3 найбольш важных ягоных рэформаў трэба адзначыць утварэнне галоўных судоў — Трыбунала Кароннага ў Польшчы і Галоўнага Трыбунала Літоўскага ў Літоўскай-Беларускай дзяржаве, склад якіх выбіраўся з шляхецкіх дэпутатаў, а не прызначаўся якім-небудзь органам улады.

Нягледзячы на прыбыццё ў Вільню і потым у іншыя гарады краіны прадстаўнікоў Ордэна езуітаў на хвалі контррэфармацыі і адваявання пазіцый, страчаных раней каталіцкай царквой, Стафан Баторый заставаўся прыхільнікам рэлігійнай талеранцыі. На нашай зямлі не палалі вогнішчы інквізіцыі.

Вялікім крокам у пашырэнні адукацыі ў нашым краі было ўтварэнне Баторыем 1 красавіка 1579 г. Віленскай акадэміі — вышэйшай навучальнай установы, роўнай у правах Ягелонскаму універсітэту ў Кракаве. У гэтай акадэміі вучыліся сотні студэнтаў з розных зямель на працягу больш чым 250 гадоў.

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Стафан Баторый (малюнак Яна Матэйкі)

Каб мець пастаяннае войска не з наёмнікаў, а з мясцовых ураджэнцаў у дадатак да шляхецкай апалчэнскай конніцы (якая збіралася падчас вайны), Стафан Баторый правёў вайсковую рэформу. Паводле ўзору венгерскай пяхоты («хайдукоў», «хайдутаў»), якая набіралася з вольных людзей, пераважна з сялян, Баторый стварыў атрады выбранцаў — салдат-пехацінцаў у 1578 г. у Польшчы, а пазней у Вялікім Княстве Літоўскім. Гэтыя атрады таксама складаліся пераважна з сялян каралеўскіх (дзяржаўных) маёнткаў, якія за сваю вайсковую службу мелі льготы і вызваленне ад усялякіх павіннасцяў, а таксама ўчасткі зямлі з 1–1,5 валокі (без падаткаў). Прывілеі выбранцаў распаўсюджваліся на іх нашчадкаў. Услед за каралём і магнаты пачалі ствараць свае выбранецкія атрады з сялян і шляхты. Выбранцы захаваліся як асобная група насельніцтва да XX ст. толькі на Случчыне — у Радзівілаў - з такой жа назвай (аўтар гэтых радкоў сам з'яўляецца спадчынным выбранцам). Выбранцы ўдзельнічалі ва ўсіх войнах Рэчы Паспалітай у складзе польскага і літоўскага-беларускага войскаў. Так, у 1612–1615 гг. у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы з 12 выбранецкіх рот войска Вялікага Княства Літоўскага ўдзельнічала 10 рот выбранцаў.

Стафан Баторый памёр 12 снежня 1586 г. у Гародні, у каралеўскім замку. Упершыню ў ВКЛ было праведзена медыцынскае ўскрыццё цела памёрлага караля, каб зрабіць патолагаанатамічныя высновы хваробы і прычыны смерці. Раней царква не дазваляла гэтага. Але пры каралеўскім двары былі людзі з еўрапейскай адукацыяй, і дазвол быў атрыманы. Пытаннем было, ці правільна лячылі Баторыя, бо ён памёр даволі хутка пасля таго, як вярнуўся з палявання ў лясах каля Гародні. Хутчэй за ўсё, Баторый прастудзіўся, захварэў на пнеўманію і памёр ад гэтай хваробы і сардэчнай недастатковасці. Ад таго часу на Беларусі пачаліся патолагаанатамічныя ўскрыцці памёрлых. А было тады Сцяпану Батуру 55 гадоў. Ягоным імем названы ў Польшчы таварыствы, карабель, да 1939 г. называўся Віленскі універсітэт.

Жыгімонт Ваза (1566–1632)

Адной з гістарычных асобаў, што актыўна ўплывалі на палітычнае жыццё федэратыўнай Рэчы Паспалітай, а значыць і Літоўскай-Беларускай дзяржавы, з'яўляецца Жыгімонт Ваза, больш вядомы з падручнікаў гісторыі як кароль Жыгімонт (Сігізмунд, Зыгмунт) III Ваза.

Жыгімонт Ваза. Малюнак Яна Матэйкі (1861).

Пад такім нумарам ён вядомы як польскі кароль. Так лічаць польскія гісторыкі, а з імі і расійскія. У гэтым праявілася свядомая няўвага да гісторыі Беларусі. На самай справе гэты кароль быў вялікім князем літоўскім і рускім пад нумарам IV (бо ў XV ст. вялікім князем у нас быў Жыгімонт Кейстутавіч, яшчэ да Жыгімонта Старога — першага польскага караля). Так што для Беларусі і Летувы яго трэба лічыць Жыгімонтам IV. Каралём Рэчы Паспалітай ён быў 45 гадоў.

Дзяцінства і юнацтва Жыгімонта Вазы

Жыгімонт Ваза нарадзіўся ў Швецыі 20 чэрвеня 1566 г. у Грыпсгольме ў сям'і шведскага прынца Яна (па-шведску Юхана), другога сына шведскага караля Густава I, заснавальніка каралеўскай дынастыі Вазаў, брата шведскага караля Эрыка XIV. Бацька Жыгімонта меў тытул герцага фінляндскага і кіраваў Фінляндыяй (тады Фінляндыя ўваходзіла ў склад Шведскага каралеўства). А маці Жыгімонта — Кацярына Ягелонка (1526–1583) — была дачкою караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога і Боны Сфорцы. Яна была старэйшая за мужа на 11 гадоў. Сын ад гэтага шлюбу быў названы ў гонар дзеда і меў усе падставы, каб потым прэтэндаваць на троны ў Кракаве і Вільні.

У гэты час у Швецыі вялася шматгадовая міжусобная барацьба паміж двума братамі — Эрыкам XIV і герцагам фінляндскім Юханам. Часова перамог кароль, які ўмацоўваў каралеўскую ўладу і абмяжоўваў уладу герцагаў, сваіх братоў на месцах. Юхан разам з жонкаю апынуўся ў замку, зняволены па загаду брата. Тут, у няволі, і нарадзіўся Жыгімонт. Але неўзабаве лёс палоннікаў змяніўся. Юхан вызваліўся і разам са сваімі прыхільнікамі атрымаў перамогу над каралём. Рыксдаг (парламент) скінуў Эрыка з трона і ў 1568 г. абвясціў каралём Швецыі Юхана III. Эрык быў у сваю чаргу зняволены пажыццёва і ў 1577 г. памёр у вязенні.

Маленькі Жыгімонт стаў кронпрынцам Швецыі, нашчадкам свайго бацькі-католіка. Маці і езуіты выхоўвалі яго ў каталіцкай веры, якой ён застаўся адданы на ўсё жыццё. Але гэта ўскладняла яго становішча ў пратэстанцкай Швецыі. Жыгімонт атрымаў добрую адукацыю. Размаўляў па-шведску, па-польску, па-беларуску, ведаў лацінскую, італьянскую, нямецкую мовы.

У 1586 г. у Гародні памёр кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стафан Баторый. Удава караля, родная цётка Жыгімонта — Ганна Ягелонка — прапанавала кандыдатуру пляменніка на трон, аргументуючы гэта паходжаннем Жыгімонта Вазы па жаночай лініі ад Жыгімонта Старога. Кандыдатуру Жыгімонта падтрымаў уплывовы магнат, канцлер вялікі каронны і гетман вялікі каронны Ян Замойскі і сярэднемаянтковая шляхта. Яны былі супраць кандыдатуры другога прэтэндэнта — эрцгерцага аўстрыйскага Максіміліяна, брата германскага імператара. Частка шляхты падтрымала эрцгерцага. На выбарчым сойме 1587 г., дзе амаль не было прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага, Жыгімонт Ваза быў абраны каралём у Рэчы Паспалітай — гэта значыць каралём польскім і вялікім князем літоўскім.

Поделиться с друзьями: