Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сыны зямлі беларускай

Багадзяж Мікола

Шрифт:

Войскі Маскоўскага княства захапілі Сяргейск, Мшчэнск, Бранск, Пуціўль, i толькі пасля гэтага Іван III афіцыйна аб'явіў вайну. Паведамленне пра гэта ўразіла Аляксандра i яго акружэнне. Пачаліся спрэчкі, соймы. Войска збіралася аж да вясны, i толькі ў канцы яе Астрожскі хутка рушыў на Дарагабуж, дзе спыніліся ў гэты час галоўныя сілы рускіх пад кіраўніцтвам баярына Данііла Шэні.

Рашучая бітва адбылася 7 ліпеня на Міцькіным полі ля невялічкай, але бурнай i глыбокай рэчкі Ведраша. Нягледзячы на тое што сілы былі няроўныя (Астрожскі прыйшоў з трыццаціпяцітысячным войскам, a маскоўскае налічвала толькі конніцы 40 тысяч ды яшчэ пяхоту), аўтар «Хронікі літоўскай…» пісаў: «…Константин… хотячи с Москвою звести битву, тягнул з войскам своим дв мил тсным лсом и дорогою болотного, а гды вышли на поле ровное, хорошее, ушиковшися (стаміўшыся. — М.Б.), поткалися з Москвою, где много люду з абодвух сторон пало. А Москва, уступивши назад и пераправшися чрез рку Ведрошу к своему великому войску, мало вси зараз тылу не подали, бо надялися боли люду литовского з лсу до Литвы прибыты. А гды Литва до реки Ведроши прискочила, обачивши Москва, же войско литовское малое, за раз скочила до Литвы, а оскочивши около, поразили их наполовину».

I тыя i другія змагаліся адчайна, перамога хілілася на бок то адных, то другіх. Канчатковы вынік бітвы вырашыў засадны полк маскавіцян. Войска Вялікага княства Літоўскага было разбіта. Каля 8 тысяч ваяроў загінулі на полі бітвы, яшчэ больш патанула пры ўцёках (бо ворагі знішчылі маеты, па якіх можна было адступіць), больш як 5 тысяч чалавек трапілі ў палон i еярод ix было мноства князёў, знатных паноў, а таксама паранены Канстанцін Астрожскі. Гарматы i ўвесь абоз перайшлі ў рукі пераможцаў. Скутага па руках i нагах Астрожскага прывезлі да Івана III. Пэўна, i ў Маскоўскай зямлі ведалі князя Астрожскага, бо Іван III загадаў: «…Его в нужде не нужно держати и поити и кормити довольно: иным князям и панам кормити по полуденге на день, а Острозскому по четыре алтына на день». Ужо гэта сведчыць аб павазе да князя. Больш таго, Іван III прапанаваў Канстанціну перайсці да яго на службу. Не атрымаўшы згоды, «…неволею тяжцею до присяги в в'ерности примусил». Пагроза пажыццёвага зняволення падзейнічала. Разумеючы, што з турмы не вырвешея, Канстанцін згадзіўся на службу маскоўскаму князю i быў накіраваны ваяводай у Волагду. На новай службе ён «…великие битвы над татарами одерживал и выигрывал». Праз сем гадоў у яго з'явілася магчымасць збегчы з ганаровага палону. А можа ён палічыў, што цалкам адпрацаваў — адзмагаўся, i збег. Летапісец за ўвесь той год пазначыў на старонках свайго твора толькі адну падзею, якую палічыў вартай увагі: «Року 1507. Князь Константин Острозский, гетман В. К. Л. з вязеня московского выйшол, а был в вязеню сроком през лт см от оной пораженки на Ведроши за Александра короля взятый». Праўда, Аляксандра ён ужо не застаў. Той памёр у 1506 годзе, i на яго месца — на Віленскі i Кракаўскі троны (бо Аляксандр у 1501 годзе быў абраны каралём польскім) — заступіў яго малодшы брат Жыгімонт I.

Становішча краіны, уладу над якой узваліў на плечы 43-гадовы кароль i вялікі князь, было вельмі складаным. Шляхта патрабавала ад князя абароны ix правоў, даходы казны з кожным годам падалі. Дваццаць шэсць магнацкіх родаў, якія валодалі трэцяй часткай зямлі дзяржавы, не без падстаў лічылі сябе не менш магутнымі, чым Жыгімонт. Да ўсяго гэтага дабаўляліся пастаянныя крывавыя бойкі паміж шляхедкімі групоўкамі. A галоўнае — краіну спустошвалі войны з маскоўскім княствам i амаль няспынныя напады татар. Дайшло да таго, што, каб утаймаваць агрэсіўнасць крымскіх ханаў, ад ix пачалі адкуплівацца. Для збору сродкаў на гэтыя штогадовыя «памінкі» ўвялі спецыяльны падатак, які так i называўся «ардыншчына».

Зварот на радзіму Канстанціна Астрожскага выклікаў вялікую радасць Жыгімонта. Той не без падстаў спадзяваўся на вайсковы вопыт i здольнасці князя. Астрожскага зноў прызначаюць гетманам Вялікага княства Літоўскага.

Татары амаль адразу адчулі на сабе яго «руку». Так, у змешчанай у «Гісторыі беларускай крэўскай кнігі» В. Ластоўскага хроніцы гаворыцца: «Таго ж року… (1512. — М.Б.) Литва и Поляцы войско Татарское на Лопушне побили. Над Литвою был гетманом князь Константин Острозский, а над Поляками Миколай Каменецкий. Там, пишуть, Татаровъ збитых двацать чотыры тисечи от малого войска Польского и Литовского, бо, яко пишуть кроникаре, иж Польского и Литовского войска большей, не было толко шесть тысечей, гд значна ласка Божя, была, кгды ж шеснадцать тысячей вязневъ отгромили и корысти великие, коней Татарских около 10 тысечей взяли…» Крыху іншую лічбу знішчаных татар — 25 тысяч — называе аўтар «Хронікі літоўскай i жамойцкай». Ён жа ўзгадвае аб тым, што «…сам цар (хан. — М.Б.) татарский Мендли Гирей ушол в малой дружин». Паражэнне татар было настолькі вялікім, што «цар Перекопъскии с королем згоды потребовалъ и, для упэвненья покою, сына, своего Дзалалдына до Литвы в заклад дал».

Але спакойнага жыцця краіна так i не атрымала. Маскоўскі князь Васілій III (сын Івана III) пачаў новую вайну за гэтак званыя «искони руские земли» — тэрыторыі Беларусі i Украіны, якія ўваходзілі ў той час у склад Вялікага княства Літоўскага. У студзені 1513 года незлічоныя раці маскоўскага войска аблажылі Смаленск i ў хуткім часе ўзялі яго. У гэты ж час войскі маскоўскага князя захапілі i спустошылі Капыльскую, Тураўскую i Мазырскую землі, рабавалі гарады Слуцк, Мсціслаўль, Крычаў i інш. Між тым Жыгімонт I i яго вяльможы не прадпрымалі ніякіх дзеянняў, што выклікала вялікае нездавальненне насельніцтва — усе патрабавалі, каб урад паслаў войскі для абароны айчыны. Гэта падзейнічала. Неўзабаве па Вялікім княстве Літоўскім збіраюцца войскі. Разумеючы, што ix недастаткова для сур'ёзнага адпору, запрашаюць наймітаў з Германіі i Маравіі. З Польшчы прыбывае атрад латнікаў пад кіраўніцтвам ваяводы Свярчкоўскага.

У пачатку лета Жыгімонт рушыў у паход. Але карысці ад гэтага было мала, бо рускія войскі імкнуліся пазбегнуць бітвы з ім, працягваючы спустошваць тэрыторыю беларуска-літоўскай дзяржавы. Такім чынам ваяводы князя Васілія III разлічвалі нанесці больш страт варожай ім дзяржаве i спадзяваліся прымусіць Жыгімонта прасіць аб заключэнні міру. Вялікі князь Маскоўскі мог разлічваць на гэта яшчэ i таму, што намаганнямі яго дыпламатаў склалася шырокая кааліцыя краін, якія марылі аб раздзеле паміж імі тэрыторый Вялікага княства Літоўскага i Польшчы. У яе, акрамя Маскоўскага княства, увайшлі Свяшчэнная Рымская імперыя, Данія, Валахія, Саксонія, Брандэнбург.

Тры месяцы Жыгімонт блукаў па. беларускіх лясах i балотах, ганяючыся за маскоўскім воінствам. А потым вырашыў сам зрабіць напад на гарады, якія належалі маскоўскаму князю. Захапіўшы Тарапец i Дарагабуж, ён разлічваў накіраваць войскі на Маскву, але войскі Васілія III, застаўшыся за яго спінаю, пачалі яшчэ мацней пустошыць тэрыторыі Беларусі, i Жыгімонт вымушаны быў павярнуць назад. Спыніўся ён у Барысаве.

Васілій жа, «…учувшй о малом войску при кралю Жигмон в Борисов, зараз послал до оного войска своего, которого бы выправил 80 000 на пустошение Литвы, абы просто до Борисова на Жигимонта, короля полского, тягнули, и остатняго, шчастя оточавши, волную битву скоштова, альбо отступивши войско полское и литовское з самим королем до Москвы, як быдло, пригнали». Як бачым, Васілій быў настолькі ўпэўнены ў перамозе, што нават разлічваў узяць у палон усё варожае войска. Ды яно i не дзіўна, бо Жыгімонт пакінуў пры сабе толькі 4 тысячы чалавек, а астатніх пад началам Астрожскага «…з Борисова послалъ противъ войска Московского». А было ў яго войску, па меркаванню П.Д. Бранцава, аўтара выдадзенай у канцы мінулага стагоддзя «Истории литовского государства с древнейших времен», 35 тысяч. Па даных кандидата гістарычных навук Г. Сагановіча, выказаных ім у змешчаным у газеце «Чырвоная змена» артикуле «Там, дзе вілася Крапіўна», усяго 25. Аўтар жа «Хронікі літоўскай i жамойцкай» паведаміў: «…не ровно было Москвы у пять крат большей нежли Литвы».

Поўную надзею на поспех давалі перагаворы, што завязался паміж маскоўскім ваяводаю Міхалам Глінскім (які перабег за 6 гадоў да гэтага з Беларусі ў Маскву) i Жыгімонтам. Глінскі адчуваў сябе пакрыўджаным Васіліем, бо Смаленск быў узяты ў немалой ступені дзякуючы менавіта яму, a абяцаная пасада кіраўніка гэтым горадам была аддадзена другому. Таму ён i пайшоў да Жыгімонта. Але адзін са слуг здрадзіў яму. Глінскага дагналі, закавалі ў кайданы i адправілі да Васілія III. Рускія ж войскі засталіся без камандуючага. Ваявода Чэлядзін i Булгакаў-Галіца больш займаліся вырашэннем пытання, хто з ix больш галоўны, чым падрыхтоўкай да будучай бітвы.

Першыя сутычкі перадавых атрадаў адбыліся на берагах рэчак Бярэзіны i Бабра. «И там всю московскую стражу побили и много живых поймали», — канстатаваў летапісец. Такі ж вынік мела i сутычка ля рэчкі Дрові.

Маскоўскія ваяводы сабралі ўсе свае сілы разам. Канстанцін Астрожскі «…нашол…войско московское за Opшею городом, за Днепром, на редэ Крапивне». Добра ўсведамляючы сваё становішча, Канстанцін пачынае з ворагамі перагаворы i тым жа часам наводзіць «мосты з плытов и з шугалев, през которые мосты дло и гаковницы (артылерыю. — М.Б.) в целости перепроводили». Па ix жа перайшла i пяхота, a конніца «…просто през Днепр в брод под Оршею парадным шиком и веселым сердцем охотно переправились век в целости, толко еден утонул». У войску ж маскоўскага князя «…в трубы и бубны свои ударили, прапорцы и хоругвы свои бучне распустивши скочили на Литву обсес». Пачалася жахлівая сеча. Гетман змагаўся ў першых радах i заклікаў сваіх вояў «…да бою, же сором уткати, бо маете ли гинуты по лсах и дорогах, то лпше на пляцу лечи з несмертельною славою!» Раптам конніца Астрожскага завагалася i пачала адыходзіць. Маскоўскае войска кінулася наўздагон. Здавалася, вось-вось i яны ўрубяцца, бы ядро з гарматы, у спіны бягучых ад ix «паноў». Але тыя раптам расступіліся, i на маскавіцян, што ўжо амаль святкавалі перамогу, глянулі жаролы гармат. Знішчальны залп ва ўпор літаральна знёс пярэднія рады наступаючых. Тыя, хто застаўся ў жывых, пачалі заварочваць коней i праз некалькі хвілін пабеглі назад. Прагрымелі яшчэ залпы, а затым наўздагон ім кінулася конніца Астрожскага. Некалькі вёрст гналі яны ворагаў. Астрожскі цалкам разлічыўся за паражэнне, нанесенае яму.

У маскоўскім войску загінулі дзесяткі тысяч ваяроў. Адны крыніцы называюць 30 тысяч, другія — 35 тысяч. Стрыйкоўскі ж, наогул, вызначае лічбу 40 тысяч. Прычым тут жа дадае, што гэта, акрамя тых, хто патануў у рэчцы Крапіўне. Аб гэтых патануўшых пры ўцёках прыгадваюць Бранцаў i Герберштэйн. I той, i другі пішуць, што рака спыніла сваё цячэнне ў выніку вялікай колькасці маскоўскіх людзей, якія кідаліся з крутога берага i танулі ў яе хвалях. У палон трапілі ваяводы Чэлядзін, Булгакаў-Галіца i яшчэ шэсць ваявод, ды дзяцей баярскіх больш як 500. Захоплены быў таксама ўвесь абоз i артылерыя ворага.

Перамога над маскоўскім войскам атрымала велізарнае міжнароднае значэнне. Уражаныя гэтай падзеяй, кіраўнікі дзяржаў-саюзнікаў Васілія зразумелі, што барацьба будзе вельмі цяжкай, i ix саюз пачаў распадацца. Нават крымскія татары i тыя два гады не адважваліся нападаць на землі Вялікага княства Літоўскага. У выніку далейшых ваенных дзеянняў былі адваяваны ўсе землі i гарады, захопленыя маскоўскім князем у пачатку вайны, за выключэннем Смаленска.

3 снежня1513 года войска Канстанціна Астрожскага з трыумфам увайшло ў Вільню. Яно вяло з сабою палонных ваявод, баяр, князёў. Жыгімонт «…войско распустил, границу жалнрами осадивши, а князя Константина с триумфом в Вильно вдячне приймовал и до Острога, ударовавши, отпустил».

Поделиться с друзьями: