Сыны зямлі беларускай
Шрифт:
У кнізе В. Ластоўскага прыводзіцца змест «Пахвалы князю Астрожскаму» з так званага «Кароткага кіеўскага летапісу». У ёй Астрожскага прыраўноўваюць да вялікага індыйскага цара Пора, які змагаўся з войскам Аляксандра Македонскага, i да персанажа з «Бібліі» Авеля, сына Роваама, «які ваяваў з дзесяцьма каленамі Ізраіля i пабіў сільных людзей за адзін дзень пяцьсот тысяч». У «Пахвале…» гаворыцца: «Яго наследаваў Астрожскі, які пабіў… не за цэлы дзень, а за тры гадзіны 80 тысяч». Пахвала канчаецца слаўленнем, якое па рытмічнай будове нагадвае «Слова аб палку Ігаравым»:
«Гетману его хороброму князю
Константину Ивановичу Острозскому дай, Боже, здорове, и щасте вперед лепшее: как ныне победил силу великую московскую абы так побивал силную рать татарскую, проливаючы кровь ихъ басурманскую».
Гетман не адразу паехаў на радзіму. Ён спачатку адбудаваў зруйнаваныя праваслаўныя цэрквы св. Міколы i св. Тройцы. I гэта нягледзячы на пастанову, якая забараняла будаваць i аднаўляць праваслаўныя храмы на тэрыторыі княства. Тым, як i наогул прыхільнасцю да праваслаўя, ён выклікаў варожыя да сябе адносіны канцлера Альбрэхта Гаштольта — аднаго з найбольш уплывовых саноўнікаў княства, заўзятага католіка.
Здаецца, можна было б спачываць на лаўрах, грэючыся ў праменях сваёй славы, на пасадах гетмана i віленскага кашталяна змагацца за праваслаўе i на свае сродкі будаваць храмы ў Беларусі i Літве, можна матэрыяльна дапамагаць майстру лекарскіх навук Францыску Скарыне ў наладжванні друкарні, але доўг перад радзімай i суайчыннікамі патрабуе ад яго працягваць барацьбу з ворагамі. I галоўнай справай на гэты час становіцца схватка з тымі, пажаданнем разбіць якіх скончвалася «Пахвала…», — татарамі. Толькі на два гады пакінулі яны ў спакоі нашу шматпакутную зямлю, a затым зноў пачалі свае набегі. Зноў палілася кроў, запалалі вёскі i гарады, зноў тысячы захопленых імі жыхароў накіроўваліся ў Крым, дзе распрадаваліся, быццам быдла, гандлярам усяго Міжземнамор'я. I зноў войска пад кіраўніцтвам гетмана Астрожскага выходзіла ім насустрач i перамагала «басурманаў».
Той-сёй з даследчыкаў сцвярджае, што менавіта Астрожскі вінаваты ў страшэнным разгроме кароннага (польскага) войска, якое адбылося ў 1521 годзе ля горада Сокала. Так, сапраўды, ён удзельнічаў у гэтай бітве. Так, татары ў той раз перамаглі. Так, польскае войска было разбіта ўшчэнт. Але чаму? Паслухаем жа летапісца: «Татаре, вышовши Белскую, Лубянскую и Хелминскую землю звоевавши, поразили у Соколя поляков, бо не хотели слухати рады здоровой князя Константина Острозского, который был з литвою и русью (так у той час называлі беларусаў. — М.Б.) на помочь полякам пришол. А войско литовское не отнесло жадного ущербку, бо Константин на лвом скрыдл стоячи з своими литвой и русью, з шанцев албо обозу выходячи, татар от себя отбивали и пречь отогнали». Гэтыя словы сведчаць аб тым, што загубілі польскае войска самаўпэўненасць i фанабэрыстасць ix ваяводы. Той зрабіў па-свойму i быў разбіты, а войска Вялікага княства Літоўскага, выкарыстаўшы драбіны з абозу ў якасці прыкрыцця, пераўтварылі свае пазіцыі ў своеасаблівую палявую крэпасць, у якой не толькі самі выратаваліся, але, без сумнення, нанеслі немалы ўрон татарам.
На гэты раз цярпенне насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, асабліва тых, хто жыў на поўдні краіны, скончылася. Вырашана было ў рэшце рэшт расправіцца з ненавіснымі крымчакамі. «Татаре, гды великие шкоды починили в Польше, в Руси, в Литве частыми своими утирчками (набегамі. — М.Б.) зараз панове Литвы и Руси засобиралися против им охотнее з рыцарством своим, литовским, руским, волынским, а найпервй Константин Острозский гетман литовский, Юрый Семенович, князь Слуцкий, Иван и Александр княлс Вишневецкие, Андрей Немирович, воевода киевский, которые гоняли татар за Киев миль 40, аж на Олшаницу, которых было с царевичем Малаем 24 000 и которых за помочию божею Литва и Русь с Волынцами сщасливе наголову всех поразили, и полону звязаного христианского обоих станов з Руси, Подоля и Подгоря 80 000 отгромили, и добытки и здобычи отняли, а татар на пляцу положили всех 24 000…сам Малай царевич, утекаючи от двух литвинов, зостал поиманым». Пасля ўсяго, што нарабілі татары, гнеў на ix быў настолькі вялікі, што Астрожскі загадаў распрануць палоннага царэвіча i «стрэлами нашпиковати».
Але i пасля гэтай перамогі набегі крымскіх татар, хоць i не такія моцныя, працягваліся i спынены былі толькі пасля таго, як беларуска-літоўскае войска пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага разбіла ix 20-тысячнае войска.
На жаль, няшмат гадоў пасля гэтага пражыў гетман. Ён памёр у Вільні ў час эпідэміі, якая захінула чорным крылом нашу зямлю ў 1530 годзе. Павага да яго як да абаронца зямлі нашай i абаронца веры праваслаўнай была настолькі вялікай, што пахавалі князя Канстанціна Астрожскага ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Усё жыццё яго было аддадзена вернаму служэнню радзіме, няспыннай барацьбе з яе ворагамі. Гэта аб ім сказаў М.М. Карамзін: «В самом деле никто не служил Литве и Польше усерднее Острожского, брата Россиян в Церкви, но страшного врага их в поле. Смелый, бодрый, славолюбивый сей Вождь одушевил слабые полки Литовские: знатнейшие паны и рядовые воины охотно шли с ним в битву». Гэтыя словы, на наш погляд, найлепшая характарыстыка i эпітафія князю-ратаборцу.
Ахвяра страсцей
Чалавек жыве i дзейнічае ў адпаведйым гістарычным асяроддзі. Яно фарміруе яго светапогляд, кіруе ўчынкамі, накладвае адбітак на характар. Пры знаёмстве з дзейнасцю таго ці іншага дзеяча мінулага неабходна ўлічваць усе гэтыя фактары. Менавіта ix меў на ўвазе славуты рускі паэт К. Рылееў, калі казаў пра аднаго нашага земляка:
«Хвалы бы он вечной был в мире достоин,
Когда бы не буря страстей».
Аўтар гэтых радкоў без сумнення меў на ўвазе не толькі асабістыя страсці героя свайго твора, але i тыя, што бушавалі вакол яго. Страсці эпохі, страсці, якія бударажылі думкі людзей таго часу, страсці, якія прымушалі думаць i дзейнічаць менавіта так, як было прынята ў тыя даўнія часы.
Паэма, з якой узята вышэйпрыведзеная цытата, прысвечана бурнаму, поўнаму самых неверагодных надзей i здарэнняў жыццю чалавека, які навечна ўвайшоў у гісторыю як Беларусі, так i Расіі. Яна прысвечана Міхалу Глінскаму.
Паходжанне роду Глінскіх губляецца ў Залатой Ардзе. Менавіта адтуль выехаў у Прыдняпроўе пасля бітвы на Куліковым полі сын хана Мамая Мансур-Карыят. Яго нашчадкі прынялі праваслаўе i атрымалі прозвішча Глінскія (ад аднаго з дараваных ім гарадкоў). У хуткім часе яны падпарадкаваліся Вітаўту. Прадстаўнікі гэтага роду займалі высокія дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім. Маёнткі, якія яны выслужылі, ставілі гэты род па багаццю i магутнасці ў адзін шэраг з нашчадкамі Уладзіміра i Гедыміна. Глінскія валодалі велізарнымі плошчамі зямлі на Палтаўшчыне, маёнткамі на Кіеўшчыне i Тураўшчыне. У апошнім з ix убачыў свет Міхал. Адбылося гэта ў 1470 годзе.
Ужо ў дзіцячым узросце княжыч праявіў незвычайныя здольнасці да навукі. Таму бацька вырашыў, што хатняй адукацыі яго нашчадку недастаткова i накіраваў сына за мяжу.
Міхал Глінскі вучыўся ў Італіі. Пад уплывам мясцовых святароў ён перайшоў у каталіцтва. Пасля заканчэння вучобы княжыч вырашыў паспрабаваць сябе ў ваеннай справе. Амаль дванаццаць гадоў ваяваў ён у Еўропе. Служыў у Іспаніі, у саксонскага курфюрста Альбрэхта, імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна I. На баку апошняга ваяваў у Італіі. У час гэтай кампаніі ён паказаў сябе з найлепшага боку. Яго ваенныя таленты i асабістая адвага настолькі ўразілі імператара, які i да гэтага ставіўся да нашага земляка з вялікай сімпатыяй, што той надаў Міхалу тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі. Вялікай карысці гэта нашаму герою, які быў ужо князем па паходжанню, не прынесла. Аднак гонару i пыхлівасці дадала.
Хутка пасля гэтага адукаваны, валодаючы мноствам моў, пабачыўшы свет, набыўшы ваенную славу, Міхал Глінскі вярнуўся на радзіму. Знаходзячыся пры двары вялікага князя Аляксандра, у 1498 годзе атрымлівае ўсвяцкае намесніцтва. Праз два гады, на пачатку зімы 1500 года, прызначаецца дворным маршалкам замест Рыгора Астрыковіча, які трапіў у палон да ваяроў маскоўскага князя падчас бітвы на Вядрошы. У канцы наступнага года атрымлівае яшчэ i мерацкае намесніцтва. Пасада дворнага маршалка дазваляе хутка палепшыць свой дабрабыт шляхам атрымання новых зямель i маёнткаў. Наш зямляк выкарыстаў гэту магчымасць.