ЖАНРЫ

Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:

Цяпер усе глядзелi на Насту: што ёй сказаць?

– Як у катле варыцца, - зноў сказала яна.
– Машыны...

– А раптам танкi?..

– А нам, татарам, Панок, цi танкi, цi...

– Добра, што на Тартак паехалi...

– Яшчэ не скачы, Наста...

– I што гэта ў iх там мiгцiць? Падскочыць агонь i мiгцiць.

– Ракеты, Наста...

– Конi пiць хочуць...

– Хай адсапуцца...

– А дзецi ж мае...

– Не пазнаю цябе, Наста... Намарылася ты за ноч. У слёзы i ў слёзы...

– Дзяўчына стогне... Нагу трэба было б паглядзець.

Пацярпiць. Што мы зробiм...

– А ноч халодная. Пад дзень хоць ты было каню пад хвост лезь. Ляжу, гляжу на Сiтца. Яно высака над галавой, а зуб на зуб не лучае...

– Сонца, Пан, скора ўзыдзе - пагрэешся...

– Дзяцей прастудзiм голых...

– А камары сякуць, не глядзяць на холад.

– Пагода будзе...

– Цiш-ш... Не чуеце, як бразгае? На адным месцы.

– Каля Руднi недзе. На шашы. Там дарога на Белае.

– Нiхто не знае, дзе чыя смерць. У Белым цi ў гарэлым...

– А нам, татарам...

У канцы iмшар, дзе доўга гудзела не сцiхаючы, зноў замiтусiлася неба i зайшоўся кулямёт. Па iмшарах пайшло рэха, нiзка, па зямлi... Падзьмуў вецер.

Усе збiлiся ў кучку каля Махоркi - стоўпiлiся ля калёс. Маўчалi. Чуваць было, як махае хвастом конь - шапацела на мяхах сена.

– Дастоiмся, што на дарозе перацiскаюць...

– Паедзем...

– Трэба пачакаць. Хай сцiхне.

– А дзе Янук? Дзе стары?

– У кусты пайшоў. Не бойся, Пан. Са страху...

– Наста пашкадавала. Прывяла да калёс. Хай ба ляжаў на мяхах.

– Стары баiцца. Да людзей цiснецца, - пляскаў ротам Боганчык.

– А ты не баiшся?

– А я нiкуды не паеду. Сказаў - не паеду. Можаце браць паперу. I жарабка можаце браць.

– Ты што, Iван, упiраешся ўсю дарогу?..
– Махорка пачуў, як Боганчыка пачаў угаворваць Панок; Панку цяжка было гаварыць: не даваў кашаль.

– Што ехаць? А калi немцы не ў Белае, а з Белага iдуць?

– А табе што, не ўсё роўна куды?

– А тое, Мiрон, што i яны на Тартак дарогу знаюць, не адзiн ты. У iх на карты ўсё пананошана.

– Што, ты вiдзiў iхнiя карты? Глядзеў?

– Людзi глядзелi. А вы самi не знаеце, куды едзеце.

– Дык што? Разбегчыся? А дзецi? А жывёла?..

– Што нам слухаць Боганчыка. Андрымонiць усю дарогу. Паганяй, Мiрон.

– Iдзi, Наста, да калёс. Паедзем.

– А дзе Янук?

– Iдзе вунь... Не згубiцца. Як дома ўсё роўна. Устаў, на двор доднiцай схадзiў...

– Паганяй, Iван. Жарабок з дарогi з'ехаў. Падцялежыўся...

– А ты мяне не ганi. Я табе, можа, не Махорка, не яны...
– Боганчык паказаў рукой на ўсiх. Усе яшчэ стаялi ля Махоркавых калёс, не адыходзiлiся.
– Я вам сказаў: не паеду. На Пунiшча можна i адгэтуль лучыць. Белай iмшарай пайшоўшы...

– Пра якое ён Пунiшча гаворыць?

– Вярзе абы-што. Нiбы ты яго, Наста, не знаеш...

Махорка ўбачыў, як Боганчык зноў злазiў з рукой у кiшаню, дастаў у жменi жыта, задраў галаву i, высыпаўшы ў рот, пачаў жвакаць. На зубах у яго трашчалi зярняты. Сухое жыта сыпалася з рота яму на рубашку i пырскала пад ногi на зямлю.

Тады Махорка не стрываў, падскочыў да Боганчыка, i яны зноў сталi адзiн ля аднаго - грудзi ў грудзi. Боганчык, было вiдаць, не чакаў. Перастаў жвакаць, раскрыў рот. На рубашку яму вывалiлася ў камочках мокрае жыта.

– Паскуда!.. Ды я цябе... Бяжы... На ўсе чатыры стараны. Здохнеш, можа, дзе адзiн скарэй... Жарэ, як свiнчо... Апрагаецца. I шчэлепы не баляць. Мала немец бiў па мордзе... Пiснi яшчэ раз, што не паедзеш... Не будзе чым i жвакаць. Я табе не немец... Усе пакрышу... Смерцi баiцца, а жарэ...

Боганчык быў адразу адступiўся назад, тады раптам збялеў увесь што палатно, i ў яго зноў затраслiся скiвiцы. Вочы зрабiлiся вялiкiя i белыя...

Махорка пачуў пасля, як яго моцна ўдарыў Боганчык па пашчэнках - знiзу. Не згледзеў нават калi... Закруцiлася ў галаве... Каб не падхапiў яго ззаду Панок, ён паляцеў бы дагары на зямлю...

Закрычала Наста.

Калi Махорка схапiў Боганчыка за грудзi, пачуў, што той абмяк увесь i рукi ў яго вiсяць, як анучы. Вочы сталi маленькiя i вузенькiя - Боганчык заплюшчыўся: баяўся. У барадзе ў яго было поўна жыта...

Махорка тады адпусцiў рукi; каб не глядзець нi на кога, адразу сагнуўся, падняў з зямлi лейцы i ўскiнуў iх на мяхi.

Папраўляючы Сiбiраку хамут, глянуў пасля ўперад на дарогу: Боганчык, апiраючыся на ляжэйку, узлазiў на калёсы.

– Паехалi!..
– крыкнуў Махорка.
– Анучы кавалак. Рукi свае пэцкаць не хачу... Кусаецца, як гадыня...

Наста з Панком, аглядаючыся, пайшлi да сваiх калёс. На дарозе стаяў толькi Янук i кiваў сам сабе галавой.

За iмшарай уперадзе зноў захлебястаў кулямёт.

На ўсходзе пасвятлела зара; павiднела ў лесе, i з калёс была вiдаць раса - далёка, аж за дарогай на iмшары.

11

Шапочуць на сухiм жвiры ў глыбокiх калдобах колы, i Алёшу здаецца тады, што мацi вялiкай рыдлёўкай сiляе ў хлеве на працiўнi з ямы пясок...

У хлеве яшчэ з парога вiдаць новыя жоўтыя сасновыя круглякi: мацi чыста падмяла гальнiком памост, згарнуўшы пацёртую сухую леташнюю сырадэлю i мятлiцу на працiвеньку. Працiвеньку летась выбiлi глiнай, калi перасцiлалi памост; уступiўшы босаму на яе, усягды было чуваць, як холадна ў ногi. Цяпер уся працiвенька, ад памоста аж да дзвярэй, зацярушана сухой патрухай, i Алёша чуў толькi, што колецца спадыспаду ў ступнi. Пасля мацi загадала яму ўзяць у хлеве за тынам граблi i падсунуць патруху з працiўнi да дзвярэй. Насыплецца пяску, тады куды яе дзець, на двор толькi вынесцi пад хлеўчык у гразь; а так - карове падсцялiць будзе на раз.

Падмёўшы памост, мацi сагнулася i пачала ўздзiраць рукамi танчэйшыя сасновыя круглякi i адносiць пад тын. Таўсцейшыя i сукаватыя яна кацiла да тыну нагамi. Калi Алёша падмёў працiўню, мацi паклiкала яго, i яны, узяўшыся за канцы, пераносiлi ўдваiх круглякi пад тын. Памост ляжаў высока ад зямлi, i пад iм хавалася нага аж па калена.

Носячы круглякi, мацi спынялася пасярод хлева i доўга слухала, павярнуўшы галаву на двор: недзе на загуменнi гудзела i гудзела не сцiхаючы.

"Самалёты..." - падумаў Алёша i чуў, як шэпча сама сабе мацi.

Поделиться с друзьями: