Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:
Панок раптам пачуў, што заiкаецца... Хоча клiкнуць Махорку i не можа...
Пасля яго цiха клiкнуў сам Махорка, як усё роўна не пазнаў:
– Гэта ты, Пан? Там нешта ёсць...
– i, як успомнiўшы што, сказаў: - Тут табе i Краснае... Ехаць трэба скарэй на Пунiшча, пакуль не развiднела i цiха на дарозе. Адно цяпер, што можна зрабiць... Ад Дальвы, вiдаць, асталося ўсё, што ў нас на калёсах... Дзе Наста? Не клiч яе. Не трэба, каб вiдзiла...
– Дальва ў тым баку... Якраз будзе на iмшару...
– у Панка ляскалi зубы, i ўсяго гнула ў крук, аж балела паяснiца.
– Хто яго ведае, Пан. Не крычы толькi... Вёсак-то ў тым баку другiх няма, але нiхто пэўна не скажа: нi ты, нi я...
– Махорка гаварыў неяк зусiм цiха, нiколi ён так не гаварыў.
– Дзяцей не будзi. Хай спяць. Вучыць цябе трэба, цi што?
Наста прыйшла наперад сама. Плакала - выцiрала хусткай вочы i глядзела пасля доўга на яе, павесiўшы на руках: шукала, мусiць, сухога месца. Падышоўшы да самых Махоркавых калёс, прашаптала: "А дзеткi ж мае..." - i прыхiнулася спiнай да ляжэйкi. Глядзела, апусцiўшы рукi, на зарыва над iмшарай - не зводзiла вачэй, як чакала чаго.
Пры ёй ацiхлi былi i мужчыны, пасля Махорка сказаў, як сам сабе:
– Што там такое можа быць? Зарыва не зарыва... Зарыва было б чырвонае... А то белае, як днём. Неба, мусiць, пад'яснiлася...
Пачуўшы Махорку, Наста загаласiла, i Панок убачыў, як да яе падскочыў Боганчык. Але Наста не сцiхала.
– Не лезьце да мяне...
– адмахнулася яна ад Боганчыка.
– А дзеткi ж мае... Хай бы я вас выправiла... А я ж вас сама кiнула... А цi ж мне трэба было ехаць...
– Сцiхнi, Наста... У тым жа баку Людвiнова. З Людвiнова, можа, i вiдаць, калi гэта зарыва. З Дальвы, каб i хацеў, то адгэтуль нiчога не ўвiдзiў бы. Далёка... I Дальва яшчэ ў лагчыне стаiць, помнi...
– Ты хаваеш усё ад мяне, Махорка... I ты, Пан...
– павярнулася Наста да яго, Панка.
– Дальва ў тым баку... А дзеткi мае...
– Не дзецi, дык мы астанёмся жыць. Не мы - дык дзецi... Не свае чужыя. Нехта астанецца. Усе не згараць...
– Махорка выпрастаўся ўвесь, голас у яго стаў сухi, як лучына з печы.
– Змарылася ты проста, бабай будучы... I я дзяцiны бацька. Ты думаеш, i мне не балiць? Нiчога з iмi не будзе. З'ездзiм - i вернемся...
– Што вы мяне, старую бабу, дурной робiце? А нашто ж я глядзела на гэта зарыва...
Наста плакала не сцiхаючы.
Панок пачуў, як на дарозе раптам стала суха i холадна, як у мароз. Зарыва над iмшарай пасвятлела, зрабiлася зусiм белае. Патух угары над iм акравак неба. Храплi ззаду конi, трашчалi ў некага ў калёсах аглобнi.
Панок убачыў, што ўсе зноў збiлiся на дарозе ў кучку - стаяць блiзка адзiн ля аднаго, нават чуваць, што вiльготныя ад расы. Пасля яго было ўсяго сцяло, i сам ён зрабiўся сухi i халодны: рэж - не заплача. Ён падумаў, што не верыць, каб гэта гарэла Дальва. А што Махорка гаворыць ехаць на Пунiшча, дык ужо яму i верыць... Махорка старэйшы за ўсiх iх тут, не беручы Янука, але што - у Махоркi другiя вочы, чым у яго, Панка? А што на тым Пунiшчы, каб прыйшлося?.. Уваскрэснеш?.. Пунiшча - балота. Вярсты чатыры ў баку ад дарогi, пад самым Тартаком. Некалi яго касiлi, там нават стаялi старыя пунi, i ў iх клалi сена. Цяпер туды ў сухое лета можна недзе нават ехаць. Якiя тады на Пунiшчы ў чорта сховы? Хаця з Пунiшча можна пайсцi балотам на Палiк - туды адступаюць партызаны. Перайсцi толькi трэба Яськаву жылу па кладках... А дзецi тады... А конi... Апошнiя ж з вёскi...
Панок зноў падумаў, што Дальву не маглi так адразу спалiць. Махорка занадта ўжо бярэцца камандаваць: то на Тартак, то на Пунiшча. Слухай толькi. Ён хацеў быў сказаць Махорку, каб той не рабiў наперад вэрхалу, але маўчаў Боганчык. Стаяў i маўчаў - каб слова сказаў перак Махорку. А Боганчык не дурны...
Панку зноў зрабiлася холадна i схапiў кашаль: даканае сёння. Наперадзе над самай дарогай яшчэ раз мiгнулiся белыя палосы. У цёмным небе яны былi аж сiнiя. Залязгала жалеза, як дзе ля кузнi.
– Мы думаем што цi не?
– пачуў пасля Панок, як закрычаў у яго над вухам Махорка.
– Аднаму зарвала, i другi ў рот вады набраў. Самi не хочаце жывымi астацца, то дзецi на возе... Давiдна трэба выскачыць з iмшары. Як мух, перадушаць, дай iм толькi згледзець...
Тады яны адразу ўсе загаварылi: i Панок, i Наста, i Боганчык. Ехаць, ехаць хутчэй з iмшары. На чыстым далёка вiдаць...
Калi кранулiся пярэднiя падводы, Панок стаяў яшчэ з Настай i глядзеў на зарыва. Яно было цiхае i роўнае, каб дзе здрыганулася - як бы там угарэлася што на ўсю ноч. Угары над зарывам зноў пачырванеў акравак неба...
Наста плакала. Выцiраючыся хусткай, не слухала яго, Панка.
На дарозе ржаў Буланчык - крануўся сам за падводамi.
Пасля яны пайшлi ля Танiных калёс, пачуўшы, што стогне на возе Таня.
Было холадна i свежа, звiнелi над вухам камары. Ехалi ўсё яшчэ iмшарай, i з яе цягнула на дарогу сырасцю. Уперадзе па карэннi тахкалi калёсы, i здавалася тады Панку, што ён дома позна ўвечары на двары... Верка падаiла карову, вярнуўшыся з цямном з поля... Цiха i свежа на дрывотнi ля студнi, пахнуць з гародчыка мокрыя ад расы агуркi i кроп... Далёка на грэблi ляскочуць па калдобiнах калёсы - мужчыны едуць з Кур'янаўшчыны - звозяць сена.
Зашчымела глыбока ўсярэдзiне... Панок падумаў, забыўшыся на зарыва, што недзе спяць на падлозе дома дзецi з Веркай, падсцялiўшы пад сябе сеннiкi з ложка. Галодныя, можа, калi не зварылi вечарам зацiркi...
Над лесам, выплыўшы з туману, стаяў месяц: мяккi i цiхi, ён быў цяпер белы, што малако, i, мусiць, ад таго зрабiлася зялёнае неба з дробненькiмi зоркамi. Iх было нямнога ўгары, над самай галавой; яны былi вострыя i дрыжалi, што ў каляднiцу ад марозу.
На дарозе ззаду было вiдна, як удзень. Добра вiдаць была Алёшава падвода i сам Алёша: раскiнуўшы рукi на мяхах, ён спаў - галавой уперад, да каня.
Панок падумаў: каб хаця не звалiўся, глядзець яшчэ за iм трэба - спiць i спiць усю дарогу, як на бяду...
Наперадзе нехта з мужчын курыў, мусiць, Боганчык: блiснуў быў агонь, што iскра, i пасля запахла дымам ад самасаду.
Яму зноў здалося, што ён дома зiмой за сталом ля акна ў першай хаце. Устаў яшчэ доднiцай разам з Веркай. Яна ўсягды рана ўставала зiмой, раней за ўсiх у сваiм канцы вёскi. Устане i топчацца ў парозе ля печы з вiлачнiкам у руках...
У хату зайшлiся мужчыны - конюхi. Пусцiлi коней адных ля плота да рэчкi паiць, а самi забеглiся пагрэцца: на дварэ мароз - не патыкайся.
Хукаюць у рукi, пазнiмаўшы рукавiцы; закурылi; у хаце поўна дыму вiсiць у парозе пад столлю, пасля цягнецца да чалеснiка i iдзе ў комiн: рэдзенькi i белы ад агню з печы.
...Стала зноў холадна за плячыма. Панок убачыў, як Наста паправiла на грудзях нажутку, абцягнуўшы ля шыi. Было сыра, аж мокра ад туману, i пахла аднекуль вялая трава: асака i рабiнка, як з учарашняга пакосу, - мусiць, недзе ля дарогi было стаптана балота.
Усюды была раса: ляжала на мяхах - яны былi вiльготныя, што ўсё роўна адсырэлi, - i блiшчала ад месяца на ляжэйках дробненькiмi кропелькамi, як мак. Панок убачыў, як блiшчыць на спiне ў Танiнай кабылы мокрая пiльсць; падумаў, што конi не абсохлi яшчэ ад поту, якi цёк з iх удзень пiсягамi...