Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:
– Што гэта ў цябе, матка?
– яна ўбачыла, як уласавец, той, што паказваў ёй пальцам у шыбiну на дзяцей, паказваў цяпер пад лаву, дзе ляжаў мех.
– Ме-ех...
– сказала яна цiха, не пазнаўшы сябе, i падумала, што ўласавец паказвае зусiм не на мяшок.
– А за мехам, матка, што ў цябе?
– уласавец прысеў i паказваў пальцам зноў пад лаву. Усё адзiн гаварыў; другiя глядзелi на яго i на яе i маўчалi.
Ёй зноў стала горача ўсёй... Яна не магла павярнуць языком. Падумала, што зноў праз яе спаляць i хату i ўсю вёску. За бляшанку не сталi, а за гэта не прапусцяць...
– Што гэта, матка, мыдла?
– уласавец яшчэ больш сагнуўся i глядзеў цяпер, адвярнуўшыся на хату, на яе, Насту.
Тады яна сказала:
– Мыдла, дзеткi, мыдла...
– Га-га-га...
– уласаўцы зарагаталi ўсе разам, а той, што паказваў пад лаву, устаў, падышоў да яе i паляпаў па плячы, моцна, аж забалела.
Яна нiяк не магла дагадацца, чаму яны рагочуць. Вадзiла толькi языком па вуснах i чула, што вусны сухiя, патрэскалiся.
Пад лавай ляжаў тол, цэлая кучка. Як склалi яго лунiнцы, прынёсшы ў хату парашут, так тол i ляжаў. Забылiся забраць... Яна хацела яго прыняць з вачэй, закапаць у гародчыку пад прызбай, але забылася. I цяпер ён ляжаў, складзены роўненька ў ладнай кучцы, - адзiн кавалак прылiп да падлогi воддаль, ледзь не ля самага стала, ля ножкi... Жоўты i гладкi, як аскоблены, ён быў падобны якраз на кавалак сырога мыла, якое куплялi да вайны ў вёсцы ў краме...
– Га-га-га... Маладзец матка...
– рагаталi i рагаталi на ўсю хату ўласаўцы.
Пасля яна пачула, як расчынiлiся дзверы - рыпелi доўга, не сцiхаючы: iх адчынялi памалу, на ўсе рукi, як хто з возам ехаў у хату. Ад яе адбеглiся ўласаўцы, пахапалi вiнтоўкi, што стаялi ля куфра, i выцягнулiся пасярод хаты.
Парог пераступiў яшчэ адзiн уласавец - нiжэйшы за ўсiх, у пiлотцы. Зiрнуўшы на яго, яна ўбачыла неяк, што ў таго былi вялiкiя светлыя бровы. Дзвярэй ён не зачынiў i, выйшаўшы на хату, махнуў нечым белым - паказаў у парог. Уласаўцы, пабраўшы ў рукi вiнтоўкi, усе да аднаго выскачылi за дзверы.
Калi ўласавец у пiлотцы астаўся ў хаце адзiн, Наста агледзела, што ў руцэ ў яго белыя пальчаткi, тонкiя, з воўны, i трымаў ён iх за пульсэтку, сцiснуўшы ў кулаку. На яе, Насту, ён не падымаў вачэй; зрабiў круг па хаце, тады зняў з пляча вiнтоўку i пайшоў сеў на лаву ля акна ў гарод, падкорчыўшы ногi, - боты дасталi якраз да меха. Пад лавай загрукала - Наста здагадалася, што ён пасунуў нагамi кучку толу. Пасля ён круцiў вачмi па хаце: у кутку над сталом па сцяне, дзе вiселi сапсаваныя старыя ходзiкi, не iшлi; пад ложкам, ля печы i ў парозе пад суднiкам - доўга глядзеў туды.
– Все вы бандiты...
– загаварыў ён раптам паволi, як п'яны, - ледзь варочаў языком.
– Вас всех надо перестрелять... Вон i вон... Солома еще на полу... Чугун с мясом полный... Партiзаны недавно жралi...
– ён паказаў вачыма на падлогу ля куфра i ў парог у качарэжнiк; пасля ўзяў паклаў на каленi вiнтоўку, доўга глядзеў на яе, тады пачаў церцi пальцамi.
Наста хацела сказаць, што ля куфра яна клала нанач дзяцей, калi пачалi страляць з Сушкава па вёсцы немцы, - ад таго не мецена яшчэ ў хаце, - i не магла. Глянула была на ўласаўца - ён быў выгалены, чысты i злосны - i сядзела на ложку, не могучы крануцца: у гаршку на прыпечку стаяла мяса, якое яна паставiла была нанач у печ варыць лунiнцам, а тыя доднiцай тады сабралiся i пайшлi не еўшы... Здагадалася цяпер, што ўласаўцы дасталi былi самi гаршчок з печы, i за сталом яны елi мяса - косцi яшчэ ляжаць на абрусе, жоўтыя, як падплятанкi.
– Да что с вамi чiкаться...
– уласавец крануўся ўвесь i, закiнуўшы адну на адну, пасунуў далей пад лаву ногi. Пад лавай зноў цiха грукнула. Уласавец быў нагнуўся i зiрнуў на свае боты...
Яна сядзела як нежывая...
Пасля ён узяў паклаў на рог стала белыя пальчаткi з воўны. Дастаў з кiшэнi з фрэнча клубочак нiтак, невялiчкi, з макаўку, такiх жа белых i з воўны, як i пальчаткi. Паклiкаў яе, Насту, - яна злезла з ложка i падышла да яго - i падаў клубочак у рукi, паказаўшы на стол:
– Заделать... i быстро...
Яна ўзяла ў рукi са стала пальчаткi i ўбачыла, што яны новыя i ў адной недароблены вялiкi палец... Адразу ўспомнiла, што ў яе ляжалi ў куфры ў прыскрынку пруткi. Падышла да куфра, падняла века, адчынiла вечка ў прыскрынку. Знайшла пруткi, узяла пальчатку без вялiкага пальца, другую паклала на стол i села ля акна ад вулiцы процi ўласаўца.
Падумала: у каго гэта ў вёсцы былi белыя авечкi? У Махоркi цi не?..
Пруткi калолi ў пальцы, у пупышкi, былi вострыя, i яна нiяк не магла спачатку лучыць у вочка. Убачыла, што дрыжаць рукi; не са страху - яна ўжо не баялася - а, мусiць, ад таго, што нясла цяжкi мех: як жылы расцягнула ўсё роўна.
Калi ўласавец зноў, круцячы на каленях вiнтоўку, сказаў: "Вы все бандiты..." - яна падумала: "Пракалоўся б ты на гэтыя пруткi..." - i тузанула за нiтку.
Беленькi клубочак падскочыў на стале, пасля покнуў на падлогу i пакацiўся ўласаўцу пад ногi - пад лаву...
Уласавец нагнуўся, каб дастаць клубочак, заскроб па падлозе нагамi i зачапiўся за мех.
Пад лавай загрукалi кавалкi толу, моцна, на ўсю хату, - рассыпалася ад нагi ўся кучка...
Наста пачула, як бразнулi, зазвiнеўшы аб стол, пруткi - вывалiлiся з рук.
Уласавец спачатку ўвесь збялеў, што мел; сядзеў, нагнуўшыся, i глядзеў на яе вялiкiмi, як не ў чалавека, вачыма. Пасля, мусiць, здумеўся, бо яна, баба, не баiцца толу, сядзiць, як сядзела, ля стала, i схапiўся абедзвюма рукамi за вiнтоўку, якая ляжала ў яго на каленях. Насце здалося цяпер, што вiнтоўка ў яго ўся белая, аж блiшчыць, i крывая, як сагнутая...
Пасля ўласавец пачаў памалу-памалу ўставаць з лавы, не зводзячы з яе, Насты, вачэй, i маўчаў. Чуваць было толькi, як ён сапе. Яна падумала, што ён возьме адразу i застрэлiць яе. Нiхто не згледзiць i не пачуе...
Калi цяпер бразнула клямка, Наста адразу адвярнулася на хату. Пачула, як на шчоках выступiў халодны пот... У хату ўвайшлi яшчэ два ўласаўцы з Боганчыкам - не тыя, што былi раней. Сталi ля парога, не падыходзiлi да стала. Боганчык прытаiўся ззаду за iмi, як хаваўся за плечы.
Трэба было ехаць у Краснае... Ёй, Насце... Кiдаць дзяцей i ехаць. Бо ў яе быў конь. Усе ў вёсцы, у каго ёсць конi, паедуць.
Боганчык пасля ўласаўцаў сказаў, што ўсяго ў вёсцы асталося сямёра коней, што i ён сам паедзе, бо i ў яго астаўся цэлы жарабок, што нiчога страшнага няма - з'ездзяць i вернуцца... Далёка тут тое Краснае...
Яна тады заплакала: у яе ж дзецi... Нагнулася i паказала рукой у акно ў гарод...
Уласаўцы сказалi, што скарэй вернешся з Краснага, калi астаюцца дзецi... Трэба было кiдаць дзяцей...
Наста сядзела ля стала з пруткамi ў руках i не магла ўстаць...
Уласавец, што разбурыў нагамi пад лавай кучку толу i падымаў на яе, Насту, вiнтоўку, першы пайшоў з хаты, як баючыся, забраўшы са стала пальчаткi...
2
На грэблi калыша i падкiдае калёсы...
Буланчык з кароткай грывай, падстрыжанай "авечымi" ножнiцамi, б'е ў хамут; у ямах напiнаецца, аж рыпяць гужы, i храпе, наглытаўшыся пылу. А балючы якi... Дакранiся пугаўём - са скуры лезе.