ЖАНРЫ

Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:

За Боганчыкам, нокаючы на маленькага гнядога Сiбiрака, рассеўшыся на возе, кратаў плячыма валасаты Мiрон Махорка-Карашкi ў чорнай сарочцы; за iм на сваiх доўгiх разводах соўгаўся Валодзя Панок - кiваецца здалёку яго сiвая галава; Панка дагнала на рабой кабыле Таня Паляншчынка - усё нешта крычала яму, папраўляючы ў дзве рукi сваю доўгую касу; за Таняй, звесiўшы галаву ў вялiкай чорнай кепцы, ехаў стары Янук Тваюмаць; на шостым возе ляжаў нiц, галавой у перадок, i нi на кога не глядзеў Сяргеiшын хлапец Алёша. Дзiця яшчэ зусiм, дзесяты год яму, цi што. Наста добра не помнiць ужо... За яго возам, паклаўшы галаву аж на мяхi, i тупаў Буланчык. Адвесiў губу, форскаў, здавалася - хоча перагрызцi на калёсах мех: дастаць зярняты.

"Хай гломзае... Каб толькi не аставаўся ззаду..."

Наста паправiла над мехам пугаўё, яно было сагнулася, i маглi сашмыкнуцца лейцы, i сашчапiла на каленях рукi.

Балела спiна; гарэла, бы хто яе пасыпаў прыскам, збiтая костачка, i дрыжала ўсё ўсярэдзiне. У горле станавiўся камяк, i тады блажыла...

Халаднела, мусiць, ад поту за плячыма, нажутка, муляў на грудзях гузiк - яна адшпiлiла яго i дыхала, як пасля чаду выйшаўшы з хаты на двор, глытала i глытала з дарогi пыл, аж пакуль не папярхнулася.

Калi прайшла блага, зноў заныла ўсярэдзiне... Каб ступала сваiмi нагамi, а не вёз на мяхах Буланчык, далей школы ўжо не кранулася б... Не змагла б...

З гары, ад могiлак, вiдаць, калi глядзiш назад, Дальва: як сiвыя каровы ў гарачыню ля ракi ў кустах, збiлiся ў кучы хаты, перамяшалiся... I вялiкiя i малыя. I каровы i цяляты... Пасля Наста бачыць толькi сваю: з саламянай высокай чорнай страхой хату ў канцы вёскi. Варывенькi i хлева з-за хаты не вiдаць. Не вiдаць i Боганчыкавага двара, хоць ён i побач. Тырчыць толькi ў тым баку асвер над яе, Насцiнай, студняй... Пасля i ён апусцiўся ўнiз i схаваўся за варыўнёй: палезлi па ваду. Дзецi, мусiць...

На дарозе каменне. Па iм ляскаюць i скрыгочуць колы. Трасе цяжкiя ад мяхоў калёсы, кiдае па цвёрдых калдобiнах. Балiць галава, аж сцiскаеш зубы. I зноў блага. Гэта ад гару: яго цягне з балота на дарогу, аж сюды да школы; гарам пахла i праз усю грэблю ад самага маста. Гарыць сухi торф на лагу ў канцы вёскi ля ракi. За кустамi ў тым баку сiне ад дыму. I неба там, за Дальвай, сiняе, толькi далёка за лесам, над Карчаваткамi, вiдаць шэрае воблака - вiсiць на адным месцы, што прывязанае.

"Дым... У Камене гарыць..."

Калi доўга глядзiш у той бок з-пад рукава нажуткi, мiтусiцца ўваччу. Сонца над лесам рудое ад пылу, густое, пацямнела. Пыл ля самай зямлi белы, што дым ад сырых дроў.

На гары ля школы пахне ячменем - сухой саломай, як увосень у гумне ад малатарнi. Ён i не паспеў яшчэ на нечых шнурах - жыта нават не налiлося згарэў на сонцы: пажаўцеў, ля дарогi пасох. Выгарала на дарозе трава. З-пад яе, калi ступае конь, падымаецца пыл вышэй калёс.

Форскае i форскае Буланчык. Увесь чорны, змок. Пад набераткамi на спiне ў яго - жоўтая пена...

Наста выцiрае шчокi мокрым рукавом нажуткi - яны аж смыляць на сонцы...

"Скура гарыць. Як пры агнi... Захлынешся..."

На гары ля школы па каленi пяску. Перасыпаецца пад нагамi ў каня, што попел. Ад пылу не вiдаць пярэднiх падвод - згубiўся з вачэй Боганчык, як скрозь сiта свiцiцца палатняная спiна старога Янука...

Зноў налiпла на шчокi пылу, як ля малатарнi. Павядзеш рукой - даланя шорсткая, што тарка. Ад пяску не сцiснуць зубоў; суха ў роце, язык - што дубовая карына.

Наста камячыць рукаво нажуткi i выцiрае вусны. Рукаво салёнае, аж горкае...

Ацяклi ногi - як перавесiла цераз ляжэйку на грэблi, дык i не падымала, - сталi што чужыя, здранцвелi, i балiць, ломiць спiна, нiзка, у самым крыжы. Хочацца выпрастацца, лёгшы на мяхi, як дзе на мяжы, пажынаўшы дзень не адгiнаючыся... Уцiснуць галаву куды ў плот: у крапiву i дзяды, каб нiчога не чуць...

Даг-даг-даг-даг...
– як хто спопаразку кулаком дома ў дзверы, застукаў у канцы вёскi кулямёт. Там, дзе гарэў за ракой торф.

Жык... Жык...
– засвiсцела збоку ўдоўж дарогi, як хто хлыснуў тонкай пугай па сухой траве... Жык... Жык... На пажарышчы з-пад бляхi падняўся попел i чырвоныя iскры. Буланчык напяўся ўвесь, даў у хамут, хочучы, мусiць, выскачыць з аглабень, тады выцягнуў галаву, дастаючы аж да Алёшавых ног на возе, i прыцiснуў вушы - схаваў пад грыву.

Даг-даг-даг-даг...
– стукала цяпер на грэблi ля маста. Там, калi яны ехалi, Наста помнiць, тырчаў з ямы доўгi чорны кулямёт, увесь ў дзiрках, пры iм стаяў на каленях уласавец, другi мыў у рацэ рукi. Стукала i на ферме ля пунi i ля Боганчыкавага хлева, якi быў далёка ад хаты, пад самым лесам.

Жык-жык... Цыў-цыў...
– цяпер ужо шумела над галавой i лопала недзе на Кур'янаўшчыне ля саду i ў кустах на могiлках. У ячменi ля самай дарогi закруцiўся рэдзенькi пыл.

Дрыжыць Буланчык, храпе i рвецца з аглабень. Не вiдаць нi Боганчыка, нi старога Янука. Блiшчаць толькi ўперадзе вышараваныя аб пясок колы пад калясьмi ў Сяргеiшынага Алёшы.

"Пагналi коней..." - здагадалася Наста. Нагнуўшыся ў перадок, яна выцягнула з-пад меха пугаўё i, ухапiўшыся за лейцы, пачала тузаць iх у дзве рукi. Буланчык не пабег, захроп, бы хто яго стаў душыць: упёрся ў Алёшавы калёсы.

– Паганяй, рыштант!
– Наста закрычала як толькi магла i папярхнулася. Смерцi захацеў!..
– Яна тузала i тузала за лейцы, але Буланчык не бег i не мiнаў Алёшавы калёсы. Уперадзе ў пыле ўсё блiшчэлi на сонцы вышараваныя колы...

"Забiла..." - неяк адразу падумала яна i зжахнулася. Тады саскочыла з мяхоў i, спатыкаючыся, пабегла да Алёшавага воза. Ухапiўшыся рукой за ляжэйку, пачула, што яна мяккая ад пылу; пылу набралася на мяхi, на калошы i на босыя кароткiя Алёшавы ногi. Чуваць было пад рукамi: яны мокрыя i слiзкiя...

"Забiла..." - зноў падумала яна i закрычала: - Яну-ук!..
– Клiкала Янука, ён быў блiжэй. Уперадзе нiхто не азваўся. Жык-жык...
– скакаў толькi пыл ля дарогi ў ячменi.

Пачуўшы яе ля аглабень, Алёшаў конь сышоў з дарогi i стаў. Яна тады ўхапiлася за лейцы. Там жа, дзе за школай падводы, лагчына...

Алёшаў конь яе не слухаў, ступаў па пяску, напяўшыся, i стрыг вушамi, косячыся на поле ў ячмень...

Яна зноў зiрнула на воз, аглянуўшыся, i паверыла сама сабе, што ўжо няма жывога Сяргеiшынага хлапца. Перад вачыма ўсплыла ўся вёска: доўгая вулiца, поўная народу, i Сяргеiха са сваiмi закручанымi ў белыя палатняныя полачкi блiзнюкамi. Яе гоняць два ўласаўцы, спацелi, пазнiмалi з галоў пiлоткi... Гоняць да Мiронавай хаты, у грумаду...

Поделиться с друзьями: