Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Таямніцы полацкай гісторыі

Орлов Владимир Алексеевич

Шрифт:

Дзяржава хутка расла і рабілася агульным домам некалькіх народаў. Першае найменне княства — Літоўскае — было яму ўжо цеснае, і афіцыйна яно пачало называцца Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім. Геаграфічна назва расшыфроўваецца так: Літоўскае — гэта паўночна-заходні абшар Беларусі і паўднёвы ўсход сённяшняй Літоўскай Рэспублікі (Ліетувы); Рускае — усходняя частка беларускіх і ўкраінскія землі; Жамойцкае — Жамойць, захад сучаснай Літвы. Замежны беларускі гісторык Леў Акіншэвіч, гаворачы пра дзяржаву нашых продкаў і яе нацыянальны характар, зазначаў, што Вялікае Княства вяло ў XIV–XVI стагоддзях удалую палітыку, накіраваную на «задзіночанне вакол беларускае Вільні ўсіх галоўных частак усходнееўрапейскага цыклу».

Усіх, хто жыў у Княстве (а скарочана — проста ў Літве), незалежна ад нацыянальнасці ў сярэднявеччы звычайна называлі па дзяржаве. Для Масковіі і ў ХIV, і ў XVII стагоддзях жыхары Беларусі былі літоўцамі або ліцвінамі. Так звалі полацкіх або менскіх купцоў, ліцвінамі для ўсходніх суседзяў былі Францішак Скарына і яго паслядоўнік Пятро Мсціславец. Войска, што няраз прыходзіла пад сцены Масквы і часта на 9/10 складалася з продкаў беларусаў расійскія летапісы таксама называлі літоўскім. 3 тае самае прычыны жыхары Маскоўскай Русі былі для нашых продкаў «маскавітамі», а пазней «маскалямі».

Прычым на працягу стагоддзяў не толькі суседнія народы мянавалі нас ліцвінамі, а Беларусь — Літвою. I дома, і трапляючы за мяжу, ураджэнцы Вялікага Княства таксама з гонарам называлі сябе ліцвінамі. «Радзіма Літва! Як здароўе, так ты дарагая…» — пачынае сваю паэму «Пан Тадэвуш» беларус па бацьку Адам Міцкевіч. Паэт мае на ўвазе родную Наваградчыну. Чытаючы ў 40-я гады XIX стагоддзя лекцыі ў Парыжскім універсітэце, ён, між іншым, казаў: «На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай, гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек [6] ; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацаваная». Літвой зваў радзіму Кастусь Каліноўскі. За ліцвіна меў сябе першы прафесійны беларускі пісьменнік новага часу Вінцук Дунін-Марцінкевіч. Праўда, у XIX стагоддзі Літвою называлі ўжо толькі заходнія беларускія губерні, а ўсходнія — Смаленская, Магілёўская і Віцебская, куды ўваходзіла Полаччына, — зваліся Беларуссю.

6

Такую, на першы погляд, завышаную лічбу А. Міцкевіч называе зыходзячы з этнаграфічных межаў Беларусі, якія абдымалі амаль усю Смаленшчыну, Віленшчыну, Дзвіншчыну (землі, прылеглыя да сучаснага Даўгаўпілса), усходнюю частку Беласточчыны, некаторыя раёны цяперашніх Пскоўскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцей. Паглядзіце змешчаныя ў дасавецкіх выданнях карты, пачытайце дадзеныя ўсерасійскага перапісу насельніцтва 1897 года.

Разам з тым славяне ў самім Вялікім Княстве Літоўскім часта мянавалі сябе «русінамі» або «рускімі». Вось чаму «рускім» зваўся заснаваны палачанамі ў Рызе гандлёвы двор, а Скарына друкаваў «Библию Руску». Уносячы яснасць, гуманіст XVI стагоддзя Сымон Будны пісаў пра славянскія народы так: «Рускія, маскавіты, сербы і іншыя славяне». Але былі выпадкі, калі не толькі чужаземцы, але і самі беларусы, як, напрыклад, асветнік Лаўрэн Зізані, называлі нашу мову «літоўскай» або «літоўска-рускай».

Гэтая гісторыя з назвамі спрычынілася да вялікай блытаніны. Адны памыляюцца незнарок, другія — з выгодаю. Сучасныя лтоўскія (летувіскія ― ад назвы сучаснай лзяржавы ― Lietuva ― Polochanin72) гісторыкі любяць абвяшчаць сваім усё, што мела дачыненне да Вялікага Княства, якое да 1569 года (калі Украіна адышла да Польшчы) было тэрытарыяльна найбуйнейшаю еўрапейскай дзяржавай. У віленскіх музеях мы са здзіўленнем даведваемся, што знакамітыя слуцкія паясы — вырабы «літоўскіх» рамеснікаў, што ў Полацку, Віцебску ды Оршы існавалі «літоўскія» друкарні і «літоўскія» тэатры, што ваявода Канстанцін Астрожскі і філосаф-атэіст Казімір Лышчынскі — таксама «літоўцы»… Любяць «памыляцца» і расійскія аўтары. Назваў, маўляў, Францішак Скарына сваю Біблію «рускай», дык які ж ён беларус?

Каб болей не блытацца, будзьма надалей памятаць, што Літва — гэта гістарычная назва беларускіх земляў.

Сярэднявечная Расійская дзяржава будзе называцца Масковіяй, а яе жыхарства — маскавітамі.

Колькі слоў пра «захоп Беларусі літоўскімі феадаламі». Летапісы неабвержна сведчаць, што амаль усе землі продкаў аб’ядналіся ў новай дзяржаве мірным шляхам, бо мелі ў гэтым вялікую зацікаўленасць: нікому не хацелася трапляць ні пад татараў, ні пад крыжакоў. А вось некаторыя балцкія землі (прынамсі ― Жамойць (захад сучаснай Летувы) ― Polochanin72) нашы прапрапрадзеды мусілі сапраўды далучаць сілаю зброі. Такім чынам, заваёўнікамі былі якраз «заваяваныя».

Як дасціпна напісаў адзін расійскі вучоны, перамагла не Літва, а яе назва. Падобная, але больш трагічная гісторыя здарылася з балцкім племем прусаў. Крыжакі заваявалі і цалкам анямечылі яго; створаная на тых землях нямецкая дзяржава стала называцца Прусіяй, а самі рыцары тэўтоны — прусамі.

Але што чынілася ў той час у Полацку?

У 1262 годзе полацкае веча прыняло ў горад літоўскага князя Таўцівіла — з далёкім разлікам, бо той меў моцны ўплыў у летапіснай (балцкай) Літве. Паганін Таўцівіл прыняў праваслаўе і ажаніўся з дачкою князя Брачыслава, што быў цесцем Аляксандра Неўскага. Названы пасля хросту Феафілам, полацкі валадар здзейсніў удалы паход на Юр’еў.

Полацк жыў надзеямі далучыць Літву і стаць аб’яднальнікам славянскіх і балцкіх земляў. Яе вялікасць Гісторыя вырашыла іначай.

Час быў неспакойны, багаты на княжыя закалоты ды забойствы. Ад рук змоўшчыкаў у 1263 годзе загінуў заснавальнік Вялікага Княства, каранаваны ў 1253-м Міндоўг і «во всей земле Литовськой и Жемойти» пачаў уладарыць Транята. На Таўцівіла новы літоўскі гаспадар глядзеў як на аднаго з самых небяспечных ворагаў, гатовага ў першы зручны момант заняць велікакняжацкі пасад. Найлепшым выйсцем з такога становішча кожны лічыў смерць суперніка.

Транята запрасіў Таўцівіла дзяліць Міндоўгаву спадчыну, цвёрда вырашыўшы, што нічога, апрача сталёвага клінка ў сэрца, госць не атрымае. Полацкі князь ехаў з вялікай баярскай світаю і таксама з намерам скончыць дзяльбу смяротным ударам. Полацкія баяры былі не супраць, але сярод іх знайшоўся здраднік Пракоп, што выдаў планы землякоў Траняту.

Таўцівіл развітаўся з жыццём, а полацкае пасольства, гатовае ўжо абвясціць свайго князя гаспадаром Літвы і Жамойці, у імгненне вока ператварылася з паважаных гасцей у палоннікаў. Каб выбавіць знаных мужоў з няволі, палачане прынялі да сябе Транятавага стаўленіка.

Полацк прайграў. Страціўшы ў барацьбе з крыжакамі балцкія землі ўніз па Дзвіне і развітаўшыся з планамі падначаліць Літву, горад на нейкі час развітаўся і з галоўнай роляй у драме беларускай гісторыі.

Праз колькі месяцаў пасля гібелі Таўцівіла са смерцю сустрэўся і Транята. Па дарозе ў лазню, помсцячы за гаспадара, яго зарэзалі чацвёра Міндоўгавых стайнікаў Даведаўшыся пра гэта, палачане выгналі вернага Траняту князя Канстанціна і запрасілі Гердзеня.

Пачынаць ён мусіў з адрасаванай рыжскаму біскупу і ордэну граматы, дзе Полацк канчаткова адмаўляўся ад Латгаліі. Уладанні крыжакоў цяпер непасрэдна межавалі з крывіцкімі. Але Полацкая зямля, хоць і моцна аслабленая, усё адно заставалася паважнаю сілай. Таму наваградскі (сучасны Навагрудак ― Polochanin72) князь Войшалк, якому ўдалося захапіць уладу ў Літве, умела нацкоўваў на Полацк суседняга пскоўскага князя Даўмонта. Аднойчы, калі Гердзень быў у ад’ездзе, пскавічы напалі, захапілі багатую здабычу і паланілі княгіню Еўпраксію з двума сынамі. У наступным годзе Даўмонт прыйшоў ваяваць Полацк разам з ноўгарадцамі (Ноўгарад Вяялікі ― Polochanin72). Адбіваючы напад, князь Гердзень загінуў.

Палачане палічылі за лепшае жыць з Наваградкам у міры, што, па сутнасці, азначала ўваходжанне ў Вялікае Княства Літоўскае. Канчаткова Полацкая зямля стала яго часткаю ў 1307 годзе.

Полацк захаваў вялікую самастойнасць, якую літоўскія гаспадары шмат разоў падкрэслівалі пісьмовымі абяцаннямі «не рухаць старыны, не ўводзіць навіны». Напачатку становішча Полацкай зямлі ў новай дзяржаве нагадвала палітычны альянс. Дамова, што Вялікае Княства Літоўскае падпісала з Лівонскім ордэнам у 1338 годзе, называе полацкага князя, як і гаспадара ўсёй дзяржавы, каралём: «Гэты мір заключаны ў дзень усіх святых са згоды магістра і ландмаршала і многіх іншых дастойных і рады Рыжскай і са згоды караля Літвы і яго дзяцей і ўсіх ягоных баяраў і са згоды епіскапа полацкага і караля полацкага…»

Тры стагоддзі Полацк заставаўся найбуйнейшым горадам Вялікага Княства.

Прызнаннем ў дзяржаве асобага статусу крывіцкай зямлі былі свае ўласныя князі, якія звычайна даводзіліся блізкімі сваякамі самім гаспадарам (так афіцыйна мянавалі вялікіх князёў літоўскіх).

Полацкі валадар Васіль-Воін быўродным братам Гедыміна, пры якім у Вялікае Княства Літоўскае ўвайшлі ўжо амаль усе беларускія землі, а Наваградак саступіў ролю сталічнага места Вільні. Хто быў на экскурсіі ў сталіцы сучаснай Літвы, чуў аповед, як Гедымін заснаваў горад пасля ўдалага палявання, убачыўшы ў сне велізарнага ваўка, а ў ім — сто іншых ваўкоў. Пакліканы да князя паганскі вяшчун вытлумачыў сон так: на месцы, дзе выў магутны звер, павінен вырасці горад, якому наканавана зрабіцца сталіцаю Літвы і заслужыць у свеце вялікую славу. Легенда гэтая не толькі прыгожая, але і хітрая, бо на месцы Вільні ўжо трыста гадоў стаяў збудаваны палачанамі на заходняй мяжы свайго княства Крывіч-горад.

Поделиться с друзьями: