Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
У замку стаяў гаспадарскі палац, а пры ім — шэсць дамоў на падклецях. Адзін дом са святліцай, каморай і сенцамі з ганкам месціўся проста на замкавай сцяне. Палац меў таксама стайню, пякарню, кузню, піўніцу і лазню. Каля галоўнай брамы ў «каралеўскай клеці» захоўвалі запасы зброі і збожжа. Полацкі епіскап жыў побач з мурамі святой Сафіі. Дамоў духоўных асобаў налічвалася 21, княжых і шляхецкіх — 65, мяшчанскіх — 44. Тамсама ў замку знаходзіліся рэзідэнцыя ваяводы і драўляная турма. А яшчэ — пяць цэркваў і два манастыры: Уваскрасенскі і Пятроўскі.
Астрог вакол Вялікага пасада і Запалоцця, як паведамляе «рэвізія», рублены з дубу. Рабіць і рамантаваць яго мусілі ўсе палачане. Яны ж будавалі чатыры вежы і сорак замкавых гарадзён. Астатнія ўмацаванні ставіла жыхарства Полацкага ваяводства.
«Полацк на Дзвіне — месца драўлянае, вялікае, шырокае, парканамі ды густымі астрогамі абгароджанае. Замак у ім з дрэва, але добра ўмацаваны прыродаю і выгодамі месца. Абведзены ён наўкола сценамі ды вежамі». Такім убачыў наш горад у сярэдзіне XVI стагоддзя італьянец Аляксандр Гваніні, які служыў ротмістрам у войску Вялікага Княства Літоўскага.
За полацкімі сценамі людзі жылі не толькі вайсковымі клопатамі — гандлявалі і займаліся рамяством, судзіліся, спраўлялі радзіны, пілі на памінках…
Полацк быў адным з найбуйнейшых еўрапейскіх гарадоў: блізу ста тысяч жыхароў. Ён вёў бойкі гандаль, у якім галоўным партнёрам і канкурэнтам колькі стагоддзяў заставалася Рыга. У пераліку прывазных тавараў — сукно з Англіі, Францыі і Фландрыі, галандскае і вестфальскае палатно, соль, жалеза, медзь, волава, цына, селядцы, піва і віно, прыправы. Наша зямля прапаноўвала Еўропе воск, футра, сала, мачтавы лес і дзёгаць, лён і пяньку, збожжа і хмель… Тры разы на год па два тыдні ў горадзе віравалі кірмашы, куды з’язджаліся сотні купцоў з Вялікага Княства і суседніх краін. Нямецкія гандляры з Ганзейскага марскога хаўрусу захоўвалі тавар у сутарэннях збудаванай імі ў Полацку мураванай царквы святога Пятра.
Яшчэ лепей усведамляеш багацце і значнасць Полацка ў Вялікім Княстве, калі даведваешся, што гандлёвага мыта тут на пачатку XVI стагоддзя збіралі ў 25 разоў болей, чым, напрыклад, у таксама немалой Гародні.
Шматлікія дамовы горада з Рыгай абвяшчалі Дзвіну і сухаземныя дарогі ўсцяж яе вольным гандлёвым шляхам. Праўда, рыжане нярэдка не выпускалі нашых купцоў у мора, і тады Полацк не дазваляў канкурэнтам падымацца па рацэ. Звычайна гарадам удавалася ўрэшце паразумецца, і цяжка наладаваныя двухпалубныя полацкія стругі (такі карабель падымаў ад шасці да дванаццаці тысяч пудоў) выходзілі ў балтыйскія хвалі, кіруючыся ў бок Каралеўца (Кёнігсберга), Гданьска і паўночнанямецкіх гарадоў.
У гандлёвых пагадненнях нязменна падкрэслівалася, што ні з лівонскага, ні з літоўскага-беларускага боку ніякіх мытных межаў няма. Да драбніц распісваўся парадак карыстання мерамі і вагамі. Прывазную соль узважвалі тымі самымі гірамі, што і прадаваны немцам воск. Уступаючы ў пасаду, важнікі мусілі цалаваць крыж і прысягаць, што не будуць чапаць шалі рукамі і не пойдуць на іншыя хітрыкі. У змацаванай пячаткамі полацкага князя Глеба і епіскапа Грыгорыя дамове з лівонскім магістрам і Рыгаю гаварылася: «А вести чистый воск без подсады, без смолы, без сала, как верх, тако и спод». Нягледзячы на такія засцярогі, і сярод нашых продкаў і сярод немцаў знаходзілася, трэба прызнаць, нямала махляроў. Да воску дамешвалі сала, пясок, гарох і жалудовую муку, хавалі ў ім камяні і кавалкі жалеза. Нямецкі купец не набываў васковага круга, папярэдне не абстукаўшы яго і не пракалоўшы. Са свайго боку палачане наракалі, што прывезенае сукно ў сярэдзіне сувоя горшае, а селядцовыя бочкі меншыя, чым дамоўлена, дый на дне селядцы драбнейшыя і нясмачныя.
Спрэчкі паміж двума гандлёвымі гарадамі няраз разбіраў сам Вітаўт. «Шаноўныя, разумныя і мудрыя людзі, — звяртаўся ён у 1397 годзе да рыжскай гарадской рады. — Калі вашых купцоў затрымалі ў Полацку, дык спытайцеся ў свайго магістра, чаму ён напаў на палачанаў. Мы ж паведамляем вам, што, калі палачанам у хуткім часе не заплацяць за страты, можа стацца, што гэтыя вашы купцы ды іхнія тавары ніколі не вернуцца». Праз два гады вялікі князь пісаў у Рыгу не менш ветліва: «Любасныя нашы сябры! Раней мы сурова каралі тых, хто пасылаў вам няякасны тавар, пазбаўляючы гэтых людзей тавару, а калі яны будуць чыніць такое надалей, мы пакараем іх пазбаўленнем жыцця, чаго і ад вас чакаем». Да 1405 года адносіцца паведамленне пра нямецкі «двор» у Полацку. У наступным годзе князь Вітаўт даў немцам дазвол пабудаваць у горадзе каталіцкую царкву са свірнамі для тавараў.
Лёгкі на пад’ём Вітаўт часта ездзіў па дзяржаве. Дні за тры ён мог з Вільні дапяць да Полацка. Гадоў сто таму мясцовыя жыхары яшчэ называлі старажытную дарогу з Полацка на Вільню праз Бяздзедавічы і Чортаў мост Вітаўтавым шляхам. Імя гаспадара, за якім Вялікае Княства дасягнула найвышэйшай магутнасці, захаванае і ў назве ўрочышча Вітаўтаў Камень, што знаходзіцца ў лясных ваколіцах Варонечскага возера цяперашняга Лепельскага раёна. Ва ўрочышчы да 1844 года ляжаў валун, у верхняй частцы якога былі выдзяўбаныя шэсць паглыбленняў накшталт талерак. У тых мясцінах Адам Кіркор запісаў паданне, згодна з якім на адметным камені палуднаваў вялікі князь Вітаўт, калі ў 1426 годзе хадзіў здабываць замак Варонеч. А валун тамтэйшыя сяляне так і называлі — Вітаўтавы талеркі.
Горад быў навідавоку, і высокія госці наведваліся туды часта. На пачатку мінулага стагоддзя яшчэ паказвалі Альгердаў шлях: з Полацка праз рэчку Ушачу, маёнтак Бяздзедавічы, паўз Мядзведжае возера, на Чортаў мост і Баханькову гару ў накірунку на Глыбокае і далей, на Вільню.
У 1470 годзе ў Полацку прымаў пскоўскіх паслоў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір Ягайлавіч. На схіле дзён гэты манарх сярод іншых дзяржаўных справаў займаўся, між іншым, скаргаю маскоўскіх паслоў на зухаватага полацкага купца Лукаша Скарыну. У часе памежнай вайны 1492 года з Масковіяй бацька будучага першадрукара супольна з Пракопавым сынам Гапонам Пасадніковічам учыніў напад на купецкі абоз і ў якасці трафея прывёз у Полацк тавары нейкага купца з Вялікіх Лукаў «на сорок рублев».
У іменным паказніку да выдадзенага ў 1882 годзе ў Пецярбургу першага тома «Памятников дипломатических сношений древней России с державами иностранными» пазначана выключна канкрэтна: «Скорина Лукьян, купец полотский; грабит москвичей». Але згаданае вышэй здарэнне на велікалуцкім гасцінцы выглядае дзіцячым свавольствам у параўнанні з апісаным у тым самым гістарычным зборніку нападам маскавітаў на віленскага мешчаніна Багдана Онкава (аднаго з мецэнатаў Ф. Скарыны), якога «на лутцкои дорозе розбили, листы у него отняли… в одном листу четыреста коп широких грошей, а в другом листу пять сот коп грошей, полтораста рублев денег готовых, чара серебряна позолочена, ложка, святость…». Дарэчы, таксама ў пасольскіх дакументах пералічваюцца назвы тагачасных полацкіх валасцей: «Мошники, Дрыса, Освия, Нещорда, Лисна, Непоротовичи, Вербилова Слобода, Кубок, Вязьмо, Клино, Ситняны, Себеж, Замошье».
Праз чвэрць стагоддзя пасля візіту гаспадара Казіміра горад сустракаў на шляху ў Вільню заручоную нявесту вялікага князя Аляксандра маскоўскую князёўну Алену. Гэта яна ледзь не загіне потым пад нагамі ў зубра, калі на каралеўскім паляванні паранены звер кінецца крышыць памост з гледачамі, — і з гэтае прычыны трапіць у славутую паэму Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». У Полацку маскавітка слухала палудніцу ў святой Сафіі і бавіла час са знакамітымі месцічамі. Жонка полацкага шляхціча Івана Зіноўева з дочкамі паднесла госці «две камки (узорыстыя ядвабныя тканіны. — У. А.) бургскія с золотом», за што тая літасціва дазволіла ўсім з сабою пацалавацца.
Дарыць заезджай князёўне камкі мог, вядома, не кожны палачанін. Адны ледзьве зводзілі канцы з канцамі, у другіх багацця было, як у купца Якуба Хадыкі, гаспадара чатырох крам і маёнтка на Палаце. Калі верыць яго запавету, купец меў 476 коп літоўскіх грошай (копа — 60 манет), 1600 чырвоных злотых, 349 шведскіх талераў, 69 срэбных талерак, сподаў і кубкаў. Дзевятнаццаць Хадыкавых запазычнікаў мусілі вярнуць яму яшчэ 3850 коп грошай. Свой запавет гэты палачанін складаў у доме, сцены якога аздаблялі «на полотне картин шестьнадцать».