Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Рымскі папа Урбан VIII адгукнуўся на тыя падзеі лістом да караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы: «Няхай пракляты будзе той, хто ўтрымае меч свой ад крыві! Няхай ерась адчуе, што ёй няма літасці».
У мяцежны горад прыехалі суддзі на чале з Львом Сапегам. Паводле прысуду, Віцебск пазбавілі магдэбургскага самакіравання, ратушу разбурылі, а званы знялі і адправілі на пераплаўку. (Праз колькі гадоў кароль верне гораду ўсе правы за перамогу над маскавітамі.) 3 плячэй у бунтаўнікоў паляцелі галовы.
Развітаўся з гэтым светам і палачанін Пятро Васілевіч, які, «заявіўшыся ў Віцебск, дапамагаў змоўшчыкам словам і чынам і хацеў заблытаць суд камісарскі, на допыце ж прызнаўся, што полацкія месцічы мелі сувязь з Віленскім праваслаўным брацтвам і з іншымі, часта рабілі змовы і грашовыя складкі на бунты, а ён спісы змоўшчыкаў і грашовых складак трымае ў сябе ў Полацку ў сваім доме, і сын ягоны Васіль быў тут, у Віцебску, падчас забойства айца ўладыкі». Ёсць звесткі, нібыта яшчэ адзін непасрэдны арганізатар расправы з арцыбіскупам Навум Воўк раскаяўся і памёр уніятам, прыняўшы смерць як пакуту за злачынства.
Паданне сцвярджае, што ўладыку знайшлі па снопе святла, якое ішло проста з Дзвіны. Цела прывезлі па рацэ ў Полацк і пахавалі ў Сафійскім саборы. У хуткім часе прах дасталі з зямлі і пасля ўрачыстага адпявання віленскім мітрапалітам паклалі ў срэбную раку. Прах не меў спакою: яго блізу дзесяці разоў перазахоўвалі ў Літве-Беларусі і далёка за яе межамі.
Ужо праз год пасля смерці Рым прызнаў айца Ясафата блажэнным (на ўрачыстасцях з гэтай нагоды ў Полацку гучалі прамовы па-беларуску, лацінску і польску), а ў 1867-м папа ПійIX абвясціў яго святым. Пасля Другой сусветнай вайны мошчы полацкага пакутніка перавезлі з Вены, дзе яны тады захоўваліся, у Рым і ў 1963 годзе пахавалі ў галоўным храме католікаў свету — саборы святога Пятра ў алтары Васіля Вялікага.
Кроў арцыбіскупа і яго забойцаў нагадала вернікам, што яны зайшлі занадта далёка. Змаганне праваслаўных з уніятамі ў Прыдзвінні хоць і працягвалася, але ўжо ніколі не было такім жорсткім.
Вялікі князь Уладзіслаў IV загадваў праваслаўнаму архіепіскапу Сільвестру Косаву, каб у Полацк не прыязджаў і набажэнства там не служыў. Архіепіскап, карыстаючыся тым, што жыве ў талерантнай краіне, насуперак манархавай волі прыязджаў і служыў. У адказ полацкі, кіеўскі і галіцкі уніяцкі арцыбіскуп Антоні Сялява падаваў каралю скаргу, а полацкі ваявода выдаваў загад, «каб уніяты схізмацкай праваслаўнай царквы не наведвалі, а па нядзелях і святочных днях бывалі б у Сафійскай, пры базылянскім кляштары».
Асуджанаму на смерць злачынцу, які дакляраваў прыняць з усёй сям’ёй унію, гарадскія суддзі пакінулі жыццё. Мешчанін, што згадаў імя Кунцэвіча без нададзенай яму папам годнасці, мусіў пасядзець у астрозе, а палачаніна Івана Хадыку за пераход з уніяцтва ў праваслаўе мітрапаліт Цыпрыян Жахоўскі ў 1682 годзе аддаў анафеме і пазбавіў апекі свецкіх і духоўных законаў. Праваслаўнае жыхарства таксама скардзілася вялікаму князю, ад якога прыходзіў мітрапаліту наказ «не чыніць цяжкага прыгнёту да спакусы ўсяго хрысціянскага свету». Для той эпохі ўсё адбывалася досыць цывілізавана, прынамсі, без нялюдскіх катаванняў і спаленняў, як у Масковіі, дзе выкаранялі «раскольнікаў».
У полацкай магістрацкай кнізе за 1646 год захавалася яшчэ адно цікавае сведчанне рэлігійнае барацьбы — скарга лянтвойта Есмана на кушняра Фёдара Алексяевіча, які сцвярджаў, што Унія — спараджэнне д’ябла. Лянтвойт быў на гасціне ў бурмістра пана Крыштофа Старымовіча. Позняй парою ў той самы дом заявіўся, відаць, пад добраю чаркаю, згаданы кушнер і, як паведамляе скарга, «наступал на веру светлую униатскую, мовечы и повтараючы не раз, не десять, же то есть дьябельская и шатанская вера униатская и не от Бога, але от дьябла тая вера вышла шалберская».
Тым часам застоліца працягвалася. Лянтвойт, «видечи оного кушнера легкомысльность, почал того кушнера навпоминати, абы он, рачей не блюзнечы веру святую, скромнее седел». Не стрываўшы далейшага п’янага блюзнерства, ён падняўся ад стала, «а пан бурмистр Старымович, яко господарь, его милости пана лянтвойта не пущал. А в том он Федор, кушнер, прыпадшы до его милости пана лянтвойта, шкленицою в палец руки правое его милости кроваве обронил и зранил».
Напэўна, і пазней знаходзіліся такія, як кушнер Фёдар, але праваслаўе няўхільна здавала пазіцыі. Яго духавенства ў большасці сваёй вылучалася кансерватызмам і неадукаванасцю. Яно амаль не ведала лацінскай і грэцкай моваў, было адарванае ад навуковых ды культурных дасягненняў еўрапейскай цывілізацыі. Перакладчык Евангелля Васіль Цяпінскі пісаў, што праваслаўныя папы часта не атрымлівалі ніякай адукацыі і нават не разумелі славянскае мовы, на якой маліліся. Разам з тым яны варожа ставіліся да мовы народа: не дапускалі яе ў храм, не дазвалялі друкаваць на ёй кнігі. Праваслаўная царква не дала ў XVII стагоддзі прыкладаў заступніцтва за нацыянальныя правы, а часам наогул падтрымлівала захопнікаў. Таму палачане, як і жыхары іншых гарадоў нашае зямлі, пакідалі змаганне за праваслаўе (асабліва пасля жудаснай вайны з Масковіяй у 1654-1667 гадах) і мірна рабіліся грэка-католікамі.
Перакладчык Евангелля на беларускую мову, шляхціц Полацкага павета Васіль Цяпінскі.
Адметна, што супроць Уніі выступалі пераважна гараджане, а не вяскоўцы. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што хрысціянізацыя сельскага жыхарства па-ранейшаму заставалася досыць павярхоўнай. Яе паглыбленне адбудзецца ў 2-й палове XVII-XVIII стагоддзі, што супадзе з пашырэннем і перамогаю грэка-каталіцкай царквы.
Уніяты Рэчы Паспалітай мелі Полацка-Віцебскае арцыбіскупства і дзевяць біскупстваў. Полацкая грэка-каталіцкая дыяцэзія (акруга) саступала толькі кіеўскай і была на Літве-Беларусі найбуйнейшай. Яе межы абдымалі Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы. У 1664 годзе ў ёй налічвалася болей за тысячу цэркваў. Полацкія грэка-каталіцкія ўладыкі афіцыйна называліся арцыбіскупамі полацкімі, біскупамі віцебскімі, мсціслаўскімі, аршанскімі, магілёўскімі. 3 полацкіх арцыбіскупаў звычайна выбіралі мітрапалітаў. Горад з яго кафедральным Сафійскім саборам, дзе захоўваліся мошчы Ясафата Кунцэвіча, зрабіўся сталіцаю грэка-католікаў і Меккаю ўсіх уніяцкіх паломнікаў.
Умацаванню Уніі спрыяў створаны ў 1617 годзе манаскі ордэн базылянаў. Яго назва паходзіць ад імя аднаго з айцоў царквы, змагара за адзінства хрысціянства святога Васіля Вялікага. Новы ордэн апавясціў, што прымае на сябе адказнасць за выхаванне моладзі. Базыляне друкавалі царкоўную літаратуру, адчынялі пры кляштарах школы і калегіі, дзе вучылі дзяцей і юнакоў на іх роднай мове. Яны былі вельмі адукаваныя людзі, і ў асвеце уніятаў маюць, бадай, не меншыя заслугі, чым езуіты ў католікаў. Кляштар манашак-базылянак у Полацку быў заснаваны Ясафатам Кунцэвічам. Пасля яго забойства ў горадзе з’явіліся і браты-базыляне. Абодва уніяцкія кляштары мясціліся каля Сафійскага сабора.
У Полацку дзейнічалі таксама каталіцкія манаскія ордэны бернардзінаў (з 1498 г.), у якіх навучаўся лаціне малы Францішак Скарына, дамініканаў (з 1670 г.), францысканаў (з 1684 г.) і запрошаныя Сцяпанам Батурам у 1579-м езуіты. Часам можна прачытаць, што базыляне, і наогул уніяты, маўляў, цалкам прадаліся лацінству, паслухмяна скакалі пад езуіцкую дудку. Гэтую выдумку пусцілі царскія праваслаўныя гісторыкі. Дакументы сведчаць пра іншае.
Базыляне судзіліся з езуітамі за крыж святой Еўфрасінні і не аддалі святыню з Сафійскага сабора. Пісар полацкай магдэбургіі католік Міхал Другавіна ў 1764 годзе даваў пісьмовае перадшлюбнае абяцанне, што «будучую жонку сваю, дачку віцебскага ратмана Апалонію, уніятку, не толькі не будзе змушаць да лацінскае веры, а, наадварот, будзе ўмацоўваць яе ў Уніі». У 1802 годзе езуіты, якіх тады падтрымлівалі царскія ўлады, падалі ў суд скаргу на полацкіх і ўшацкіх базылянаў за тое, што уніяты «произносили неистовые слова против католической религии, что все католики суть погибшие и что религия римская не соглашается со святым Евангелием». У згаданай раней аповесці Вацлава Ластоўскага «Лабірынты», магчыма, зусім небеспадстаўна сцвярджаецца, што базыляне ведалі, дзе схаваная полацкая бібліятэка, але, не хочучы, каб яна трапіла да езуітаў, два стагоддзі захоўвалі таямніцу.