Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
18 лютага пераможца ўехаў у горад, прыняў тытул князя полацкага, слухаў палудніцу ў Сафійскім саборы і напісаў свайму мітрапаліту Макарыю: «Се нынче исполнилось пророчество, что вознесет Москва руки свои на плеща врагов ея. Господь наш Иисус Христос истинный бог наш излиял на нас недостойных великого дара несказанную свою милость, вотчину нашу град Полтеск нам в руки дал».
Палоннае войска і гараджанаў пайменна перапісалі, і цар узяўся чыніць суд. Абяцаную волю атрымалі толькі польскія рыцары, якіх надзялілі сабалінымі футрамі ды залатымі манетамі і адпусцілі на радзіму. Яны мусілі паведаміць каралю Жыгімонту, што маскоўскі валадар вайны не прагне, а хоча адно вярнуць «свае» Валынь, Галіччыну і Літву-Беларусь да самае Вільні.
Ваяводу Давойну з жонкаю і дзецьмі, епіскапа Арсенія, віленскага ваяводзіча Глебавіча, знаных полацкіх шляхцічаў Неміровіча, Корсакаў, Ешманаў ды іншых цар адправіў у Масковію. Ваяводзіха Пятронія з роду Радзівілаў у палоне сканала, а самому Давойну праз чатыры турэмныя гады ўдалося выкупіць сябе і сям’ю за дзесяць тысяч чырвонцаў.
Палоннымі абвясцілі ўсіх палачанаў. Шляхту, мяшчанаў і тых, хто хаваўся ў месце, Іван загадаў вязаць і гнаць на ўсход. Удзельнік вайны італьянец Аляксандр Гваніні, які быў віцебскім камендантам, у сваёй «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» паведамляе, што маскоўскі цар вывеў з Полацка 50 тысяч нявольнікаў. Гісторык Мацей Стрыйкоўскі (ён на той час таксама служыў у Віцебску) дадае, што гналі іх не па-хрысціянску, а як юдзеяў да Вавілона: і кабет, і дзяцей вялі злыганых вяроўкамі і абыяк апранутых. Людзей амаль не кармілі, і яны сотнямі паміралі на зімовых дарогах ад голаду і марозу.
Мала каму з палоннікаў лёсіла вярнуцца дадому. Тых, хто не застаўся ў сумётах, развезлі па розных гарадах і маёнтках. 665 палачанаў па царовым наказе зарэзалі ў вязніцах. Камусьці пашанцавала вырвацца на волю і неяк уладкавацца на чужыне. Полацкія шляхцічы Бурцавы і Курчэевы згадваюцца, напрыклад, у ліку першых будаўнікоў Уфы. Сярод удзельнікаў сібірскага паходу Ермака быў казак Корсак, які пражыў доўгае жыццё і на мяжы XVII стагоддзя напісаў Пагодзінскі спіс Есіпаўскага летапісу. У сувязі з гэтым адзначым дзве істотныя акалічнасці: Корсакі — старадаўні полацкі шляхецкі род, а Есіпаўскі летапіс запачаткаваў усё сібірскае летапісанне.
А вось яшчэ адзін трагічны чалавечы шлях, пачаты ў доме над Дзвіною. У адзьдзеле рукапісаў Публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына ў Пецярбургу захоўваецца «Псалтыр» 2-й паловы XVI стагоддзя, дзе можна прачытаць: «Написана сия книга рукою многогрешного и недостойного раба божего Ивана полоняника полоцкого в заключении и во двоих путах связанного на Волоку Ламском».
У здранцвелым горадзе ўсталёўваліся новыя парадкі. Заваёўнікі панішчылі полацкае рыцарства, якое адмовілася перайсці на службу да тырана. А той вынаходзіў ахвярам усё новыя катаванні. Палоннаму іншаземцу-найміту Андрэю Гесэ цар за адмову служыць яму загадаў адстрэліць абедзве рукі па локаць, выкалаць адно вока і выпаліць палову барады, а потым адвезці з сям’ёю ў Маскву і трымаць там да смерці.
У месце жыло нямала юдзеяў. Ім, ад старых да немаўлятаў, выпала страшная доля — загінуць пад лёдам Дзвіны і Валовай азярыны. Пскоўскі летапіс апавядае: «Которыя были в городе люди жидове, и князь великий велел их с семьями в воду в речную вметати и утопили их». Такі самы лёс напаткаў католікаў. Царскія татары пасеклі шаблямі манахаў-бернардзінаў і пусцілі дымам іх храм. У 1940 годзе ў час гістарычна-этнаграфічнай экспедыцыі на Прыдзвінні Юрка Віцьбіч запісаў у Полацку паданне, паводле якога Іван Жахлівы ўласнаручна тапіў полацкіх бернардзінаў у Валовым возеры. У той дзень апошні раз маліліся Богу і браты-дамініканы. Пазбаўлялі жыцця ўсіх, хто хрысціцца не па-праваслаўнаму. Пасля той разні ў горадзе з’явіліся першыя мясцовыя каталіцкія святыя — пакутнікі Адам, Дамінік і Пётр, што загінулі ад стралецкіх шабляў.
Паданне кажа, што ў Полацку, калі трэба было змацаваць грамату пячаткай, цар выганяў усіх прэч, каб не бачылі, як з яго рук капае кроў. А маскоўскі летапісец выводзіў: «Божиим же неизреченным великим милосердием и государьскою теплою верою к Богу и его государьским умыслом в Полотцску и в остроге ротмистров и королевских дворян и всяких воинских людей и черных из наряду много бесчисленно побили. И мы благодарим Бога и приснодевую Богородицу, заступницу христианскую о даре их великом и будем молить их и святых великих чудотворцев за государя царя и великого князя Ивана и за его царицу великую княгиню Марью и за детей его царевича Иоанна и царевича Федора, дабы и впредь даровал нам победу над всеми врагами зримыми и незримыми и давал мир и тишину со всеми странами и на пользу всему православному христианству».
Напрыканцы лютага палачане пачулі хоць нейкую палёгку: цар накіраваўся дахаты. Пакідаючы горад, ён, як сведчаць дакументы, загадаў сваім ваяводам: «Равы паправіць, старыя пачысціць і новыя пакапаць, каб былі стромыя ды глыбокія; у астрозе за Палатой паглядзець, і якое месца выгарала, тое да ладу прывесці, сцяны тры або чатыры зрабіўшы, і зямлёю засыпаць, і стральніцы ды вежы дзеля сценнага бою парабіць; есці ў сухмень усім за местам у полі варыць, апрача адных баяраў і ваяводаў. А літоўскіх людзей прыезджых і тутэйшых, і шляхту, і баяраў і чорных людзей адных у замак не пускаць, а калі ў які дзень урачысты на вялікае свята папросяцца да Сафіі прамудрасці Божай, тады іх пусціць, але не разам усіх, а купкамі малымі, але асцярогу ў месце ўчыніць і паўсюль стральцоў дабавіць. А ведаць баярыну князю Пятру Іванавічу Шуйскаму браму Усціцкую, а баярыну князю Васілію Сямёнавічу Сярэбранаму браму Вялікую, а Пятру Сямёнавічу Сярэбранаму — Сафійскую, а баярыну Івану Васільевічу Шарамецьеву — Багародзіцкую. А гараднічым Васілію Галавіну і Васілію Замыцкаму хадзіць па начах з ліхтаром, мяняючыся, па ўсіх вартах і места замыкаць, а ключы да баярына князя Шуйскага адносіць».
Горад ператварыўся ў велізарнае пажарышча. Згарэла ўся ўмацаваная частка — астрог, дзе было тры тысячы двароў. Гарэлі полацкія вёскі. Сялянаў вялі ў няволю або змушалі цалаваць крыж на вернасць цару і ваяваць супроць братоў. Захопнікі занеслі з сабой чуму, што касіла жыхароў Прыдзвіння ў 1563, 1566 і 1567 гадах. Не хапала святароў, каб адпяваць нябожчыкаў.
У рукі да маскавітаў трапіла бібліятэка Сафійскага сабора з цудоўнымі Скарынавымі выданнямі. Царскія дзякі разглядалі іх са здзіўленнем і засцярогаю: ці не ад д’ябла тое штукарства? У Вялікім Княстве Літоўскім друкарні існавалі ўжо сорак гадоў. У Масковіі свая друкаваная кніга дзякуючы Івану Фёдараву і Пятру Мсціслаўцу (абодва, дарэчы, ліцьвіны-беларусы) з’явіцца толькі праз год пасля захопу Полацка.
Каб вынішчыць памяць палачанаў пра сваю дзяржаву і колішнія вольнасці, царскія служкі палілі ці вывозілі старажытныя граматы. (Можа, тады мы і страцілі неацэнны Полацкі летапіс?)
Полацкіх збройнікаў, меднікаў, кавалёў змушалі задарма працаваць на цара. Раз-пораз найлепшых майстроў адпраўлялі пад вартаю ў Маскву. На дарогах панаваў разбой.
Яшчэ нядаўна багатая зямля пусцела і галела. Маршалак Вялікага Княства Астах Валовіч назваў тады Прыдзвінне «няшчасным полацкім краем, дзе ад бяды страпянуўся і абудзіўся стары Рубон».
Пра драматычныя падзеі тых дзён жыхарам Вялікага Княства Літоўскага паведамлялі лістоўкі-аднаразоўкі, якія мы маем права лічыць правобразам беларускіх газет. У Бадлейнскай бібліятэцы славутага Оксфарда дапытлівы чытач можа адшукаць «Навіны грозныя а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю рускую, которі то князь паленьем, тыранством, мордованьем мест, замков добываньем, веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьем релацыей Его Мілості Гетмана В. К. Л. княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкаго, 1563», а таксама яшчэ адно тагачаснае выданне — «Новіна іста а правдіва о добытьі тыраном московскім места Полоцкаго, 1571».
Страта фарпоста еўрапейскай цывілізацыі і жорсткасць, з якой маскоўскі цар расправіўся з абаронцамі і мірным насельніцтвам найбуйнейшага ліцьвінскага-беларускага горада, выклікалі гучны рэзананс у іншых краінах. «Лятучыя лісткі» з апісаннем полацкай трагедыі выходзілі па-нямецку, чэшску, англійску, французску, галандску, лацінску ў розных гарадах Еўропы ад Любека да Ліёна. Найбольш арыгінальным сярод тых спецвыпускаў першых еўрапейскіх газет іх даследчык Генадзь Сагановіч называе выдадзеную ў Нюрнбергу «Вельмі страшную новую газету пра Маскавіта, які некалькі дзён таму з дзікім тыранствам захапіў і падавіў Полацк — высакародны горад і фартэцу Літоўскай зямлі…». Гэтае вершаванае апавяданне, напісанае інфлянцкім немцам Ёганам Райнгардам, мае падзагаловак — «Жаласны плач горада Полацка».