Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)
Шрифт:
IV
Вянчалiся ў цеснай царкве ў Сэн-Клеры, дзе гамана дам заглушала гукi старэнькай фiсгармонii, а iх моцныя духi перабiвалi пах ладану. I ў той гарачы дзень Тэрэза адчула, што яна загiнула. Як той лунацiк забрыла яна ў клетку i апрытомнела толькi тады, калi бразнулi i замкнулiся цяжкiя дзверы. Нiчога не змянiлася, але цяпер яна зразумела, што не зможа загiнуць адна. У цёмным гушчары сямейных адносiн i парадкаў яна будзе падобнай на агонь, якi тлее, хаваецца, паўзе пад верасам, ахоплiвае полымем адну хвою, другую, перакiдаецца з дрэва на дрэва - i вось ужо палае ўвесь лес...
Сярод гасцей - нiводнага твару, на кiм можна спынiць позiрк. Толькi Анна. Але дзiцячая радасць малодшай сяброўкi таксама аддаляе Тэрэзу ад яе! Чаго яна радуецца? Няўжо яна не разумее, што сёння вечарам не толькi павялiчыцца адлегласць, якая заўсёды разлучала iх?.. Сёння вечарам памiж iмi паўстане i тое пакутлiвае, непапраўнае, што адбудзецца з нявiнным дзявочым целам Тэрэзы... Анна застанецца на беразе, дзе будуць толькi чыстыя iстоты. Тэрэза змяшаецца з натоўпам тых жанчын, якiя зведалi ўсё. Успомнiлася, што ў рызнiцы, калi яна нахiлiлася, каб пацалаваць вясёлы тварык Анны, перад ёй нечакана ўзнiкла бездань, вакол якой Тэрэза стварыла свой свет хiсткiх радасцей i няпэўных бед. За некалькi iмгненняў паўстала перад ёю вялiзная сцяна, якая бязлiтасна аддзяляла чорныя сiлы, што клекаталi ў яе сэрцы, ад мiлага напудранага тварыка.
Доўга яшчэ пасля гэтага дня i ў Сэн-Клеры i ў горадзе Б. людзi, гаворачы пра гэтае вяселле Гамаша* (больш за сотню фермераў i слуг пiлi i елi пад дубамi), заўсёды ўспамiналi, што нявеста - "хоць i не такая ўжо прыгожая, затое сама абаяльнасць" - усiм здалася тады непрыгожай i нават страшнай. "Яна ж сама на сябе не была падобнай, зусiм другая жанчына..." Людзi заўважылi толькi перамены ў яе знешнасцi. Адны пры гэтым абвiнавачвалi белы шлюбны ўбор, якi не надта быў да твару Тэрэзе, другiя - гарачыню... Але нiхто тады не здагадаўся, што гэта i быў яе сапраўдны твар.
* Аўтар робiць параўнанне з багатым вяселлем заможнага селянiна Гамаша, якое апiсаў Сервантэс у "Дон-Кiхоце".
На гэтым напалову сялянскiм, напалову панскiм вяселлi вечарам госцi, сярод якiх было многа дзяўчат, спынiлi аўтамабiль маладых i шумна вiталi iх. Па дарозе, усыпанай кветкамi белай акацыi, яны абганялi фурманкi, што забiралi то ўлева, то ўправа: коньмi кiравалi сяляне на добрым падпiтку. Успомнiўшы шлюбную ноч, Тэрэза шэпча:
– Гэта было страшна...
– потым, схамянуўшыся: - Але ж не... не так ужо i страшна.
А хiба многа яна пакутавала ў час падарожжа на iталiйскiя азёры? Не, не, яна вяла гэтую гульню: "не выдавай сябе". Жанiха ашукаць лёгка, але мужа!.. Кожны можа гаварыць iлжывыя словы, але манiць целам - гэта патрабуе iншай навукi. Не кожнаму дадзена прытварыцца, што ты жадаеш, радуешся ад шчаслiвай стомы. Тэрэза змагла прывучыць сваё цела да такога прытворства i знаходзiла ў гэтым горкую асалоду. Толькi фантазiя дапамагала ёй зразумець, што ў гэтым невядомым свеце пачуццяў, куды мужчына прымушаў яе пранiкнуць, магчыма, i для яе ёсць шчасце, - але якое яно? Перад ёй нiбы быў пейзаж, што засланяўся густым дажджом, i яна старалася ўявiць сабе, як ён выглядаў бы пры сонечным святле, - вось так адкрывала для сябе Тэрэза, што такое ўцехi кахання.
Бернар, - гэты юнак з пустымi вачыма, заўсёды занепакоены тым, што нумары карцiн, выстаўленых у музеях, не адпавядаюць iндэксам у даведнiках, заўсёды задаволены тым, што за самы кароткi тэрмiн ён паглядзеў усё, што варта было паглядзець, - як жа цябе лёгка ашукаць! Ён цалкам аддаваўся асалодзе, нiбы тыя парасяты, на якiх дзiўна глядзець, калi яны рохкаюць ад задавальнення ля карыта. ("А карыта - гэта ж я", - думае Тэрэза.) Як i ў тых парасят, у яго быў такi ж паспешлiвы, дзелавы, сур'ёзны выгляд i такая ж метадычнасць. "Няўжо вы лiчыце, што гэта добра i разумна?" - часам пыталася ашаломленая Тэрэза. Ён смяяўся i супакойваў яе. Дзе ён навучыўся ацэньваць усё, што тычылася ўцех плоцi, i размяжоўваць ласкi, дазволеныя прыстойнаму чалавеку, ад прывычак садыста?.. Але тут ён нiколi не вагаўся... Аднойчы вечарам у Парыжы, дзе яны спынiлiся, вяртаючыся з падарожжа, абураны Бернар дэманстратыўна пакiнуў Мюзiк-хол. Гэта быў пратэст спектаклю, што там давалi: "I падумаць толькi, што такое паказваюць iншаземцам! Якi сорам! А што яны скажуць пра нас, паглядзеўшы на такiя вiдовiшчы?!." У Тэрэзы не ўкладвалася ў галаве, што гэты сарамлiвы чалавек менш чым праз гадзiну прымусiць яе зноў цярпець свае жудасныя вынаходнiцтвы.
"Бедны Бернар, а ён жа не горшы за iншых. Аднак жаданне ператварае мужчыну, якi наблiжаецца да жанчыны, у пачвару, i яна ўжо не мае нiчога агульнага з тым чалавекам. Нiшто так не аддаляе нас ад нашага супольнiка, як яго непрытомнае пачуццёвае шаленства. Я заўсёды бачыла, як Бернар тапiўся ў вiры пажадлiвасцi, а я ўся замiрала, нiбы гэты вар'ят, гэты эпiлептык пры любым маiм руху мог задушыць мяне. Найчасцей ужо на мяжы апошняй асалоды ён раптам заўважаў сваю адзiноту; яго панурае шаленства адыходзiла: Бернар адступаў, адчуваючы, што я, нiбы адкiнутая хваляй на бераг, ляжу, сцяўшы зубы, адна, халодная, ледзяная, знямелая..."
Адно-адзiнае пiсьмо ад Анны - яна не вельмi любiла пiсаць, але чамусьцi кожнае яе слова было прыемным Тэрэзе: бо ў пiсьмах мы гаворым не столькi пра нашы сапраўдныя пачуццi, колькi пра тыя, якiя мы павiнны былi б адчуваць, каб зрабiць прыемнае адрасату. Анна скардзiлася, што не можа больш хадзiць у бок Вiльмiжа, бо туды прыехаў малады Азеведа. Яна бачыла толькi здалёк яго шэзлонг сярод папарацi - туберкулёзнiкi наводзяць на яе жах.
Не чакаючы ад Анны новых вестак, Тэрэза часта перачытвала гэтае пiсьмо i была вельмi здзiўлена, калi на наступны дзень пасля перапыненага наведання Мюзiк-хола ў звычайны час дастаўкi пошты пазнала на трох канвертах почырк Анны дэ ля Траў. Аддзелы "да запатрабавання" з розных паштамтаў пераправiлi ў Парыж пакет пiсем, бо маладажоны не спынялiся ў некаторых гарадах, спяшаючыся "вярнуцца ў сваё гняздзечка", як казаў Бернар. А сапраўднай жа прычынай паспешлiвасцi было тое, што яны не маглi ўжо быць разам: муж засумаваў па сваiх паляўнiчых стрэльбах, сабаках, вясковай харчэўнi, дзе частавалi "на рэдкасць прыемным кiсленькiм вiном, якога нiдзе не знойдзеш"; а тут яшчэ гэтая жанчына, такая халодная, насмешлiвая - нiяк не можа спасцiгнуць асалоды кахання i не хоча з iм гаварыць пра цiкавыя рэчы!.. А Тэрэзе хацелася хутчэй вярнуцца ў Сэн-Клер так, як хочацца вязню, што пакутуе ў перавалачнай турме, глянуць на той востраў, дзе пройдзе ўвесь яго астатак жыцця. Па паштовых штэмпелях Тэрэза лёгка высветлiла, якое з пiсем было адпраўлена самае першае. Яна акурат распячатвала канверт, калi Бернар штосьцi ўзбуджана сказаў. Праўда, ягоных слоў Тэрэза не зразумела, бо акно было адчынена, а па вулiцы якраз праязджаў аўтобус. Бернар перастаў галiцца, каб прачытаць пiсьмо ад сваёй мацi. Тэрэза як цяпер бачыць гэтую сцэну: муж у кашулi з закасанымi рукавамi; мускулiстыя рукi i твар - звычайна бледны, цяпер на вачах налiваўся крывёю... У гэтую лiпеньскую ранiцу стаяла страшэнная спякота. Нiбы праз клубы дыму сонечнае праменне прабiвалася да зямлi. I сцены пакояў, балкон, фасады навакольных будынкаў рабiлiся ад гэтага яшчэ больш шэрымi i страшнымi. Бернар ужо стаяў ля Тэрэзы. Ён ужо амаль крычаў: "Ты бачыў яе! Да чаго дакацiлася!.. Вось... твая сябровачка Анна!.. Гэта ж трэба!.. I хто мог падумаць, што мая малодшая сястра..."
I, убачыўшы запытальны позiрк Тэрэзы, з нянавiсцю працягваў:
– Ты ведаеш, яна знюхалася з гэтым Азеведа! Так, так! З тым туберкулёзнiкам, для якога зрабiлi прыбудову ў Вiльмiжа! I разумееш, гэта вельмi сур'ёзна... Яна сказала, што дачакаецца паўналецця i... Мама пiша, што яна зусiм страцiла галаву. Абы пра гэта не ўведалi Дэгiлемы. Малады Дэгiлем можа адмовiцца зрабiць прапанову... У цябе ёсць пiсьмы ад яе? Ну, давай паглядзiм, можа, што яшчэ...
– Пiсьмы я буду чытаць па парадку. I, увогуле, не ведаю, цi змагу табе iх паказаць.
О, ён зноў пазнаваў сваю жонку! Ёй толькi дай магчымасць: усё ўскладнiць, заблытае... Але цяпер не гэта галоўнае. Трэба, каб Тэрэза вярнула Анну да розуму:
– Мае бацькi вельмi спадзяюцца на цябе. Ты можаш зрабiць з ёю ўсё, што захочаш. Так што цябе чакаюць, як паратунку.
Пакуль яна адзявалася, ён схадзiў на тэлеграф, даў тэлеграму i заказаў два месцы на паўднёвы экспрэс. Калi ён вярнуўся, Тэрэза складала ў чамаданы рэчы:
– Чаму ты не чытаеш пiсьмаў?
– Чакаю, хачу пабыць адна.
Бернар пайшоў, а Тэрэза доўга яшчэ нерухома сядзела, палiла, гледзячы на пазалочаныя лiтары шыльды, што матлялася на будынку насупраць. Нарэшце яна выняла з канверта пiсьмо. Не, не, не можа быць: няўжо гэта тая мiлая дурнiца, тая манашка са сваёй абмежаванасцю i прастатой пiсала гэтыя палкiя радкi? Няўжо яе сухое сэрца - (а Тэрэза ў гэтым нiколi не сумнявалася) - магло нарадзiць на свет гэтую чароўную песню песень, гэтую шчаслiвую скаргу жанчыны, што ўпершыню спазнала таямнiцу кахання:
"...Калi я сустрэла яго, не магла паверыць, што гэта ён. Ён гуляў са сваiм сабакам, бегаў i весела смяяўся. I хiба магла я ўявiць, што гэта - той хворы... А ён жа, аказваецца, зусiм не хворы. Проста бацькi берагуць яго, бо вельмi напалохалiся смерцi ягонай сястры, якая хварэла на туберкулёз. Ён нават не выглядае кволым. Ён хутчэй за ўсё хударлявы ад прыроды. I да таго ж добра распешчаны... Ты мяне не пазнала б, Тэрэза, калi б убачыла, як я бягу па яго плашч, калi заходзiць сонца i гарачыня спадае. Я ж так баюся, каб ён не прастудзiўся..."