ЖАНРЫ

Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)
Шрифт:

Калi б Бернар зайшоў у гэты час у пакой, ён убачыў бы на ложку не сваю жонку, а нейкую новую, невядомую, чужую, безыменную iстоту.... Тэрэза кiнула цыгарэту i ўзялася за другое пiсьмо:

"...Я буду чакаць, колькi спатрэбiцца, але дачакаюся. Я не баюся нiякiх перашкод. Маё каханне нават не заўважае iх. Бацькi трымаюць мяне ў Сэн-Клеры, але Аржалуза не так далёка, каб мы з Жанам не маглi сустракацца. Цi памятаеш ты наш будан? Гэта ж ты, дарагая, адкрыла яго для мяне! I там было суджана мне зведаць такую радасць... Але не падумай, што мы робiм нешта благое! Ён такi далiкатны! Ты нiчога не ведаеш пра такiх мужчын. Ён многа вучыўся, многа чытаў, - так, як i ты: але ў мужчыну гэта мяне не раздражняе i я не думаю нават, каб яго на чым-небудзь злавiць цi падкалоць. Чаго б я толькi не аддала, каб быць такой адукаванай i разумнай, як ты!.. Дарагая, гэта ж, мусiць, такое вялiкае шчасце, - якiм ты ўжо цешышся, а для мяне яно яшчэ наперадзе, - калi толькi адно прадчуванне яго прыносiць столькi асалоды i радасцi! Калi ў нашым будане, куды мы з табой, бывала, прыходзiлi са сваiм сняданкам, я сяджу з Жанам i яго рука замiрае ў мяне на грудзях, а сваю я прыцiскаю туды, дзе б'ецца яго сэрца (гэта ён заве "апошняй дазволенай ласкай"), - я адчуваю такое шчасце, што яно здаецца мне чымсьцi матэрыяльным. I я гавару сабе, што i за гэтай радасцю стаiць нейкая новая, iншая, якая чакае нас. I калi збялелы Жан пакiдае мяне, адзiн успамiн пра нашы пяшчоты i ласкi, адно трымценне перад тым, што будзе заўтра, робяць мяне глухой да скаргаў, просьбаў, папрокаў гэтых бедных людзей, якiя не ведаюць i нiколi не ведалi таго, што ведаю я цяпер. Дарагая, прабач: я гавару табе пра шчасце, як быццам ты не спазнала яго ўжо да канца! Я ж у параўнаннi з табой усяго толькi наiўная паслушнiца! Але я ўпэўнена, што ты будзеш з намi, ты будзеш супраць тых, хто хоча нас разлучыць..."

I трэцяе пiсьмо: усяго некалькi радкоў, напiсаных на скорую руку:

"Дарагая, хутчэй прыязджай! Яны разлучылi нас. З мяне не спускаюць вачэй. Яны ўпэўнены, што i ты будзеш з iмi заадно. Я iм сказала, што ўсё будзе залежаць ад цябе. Я табе ўсё растлумачу: ён не хворы, не... Я шчаслiвая - i я пакутую. Я шчаслiвая, што пакутую за яго; я люблю яго хваробу, як знак яго кахання, яго кахання да мяне..."

Далей Тэрэза не чытала. Укладаючы пiсьмо назад у канверт, яна ўбачыла там фатаграфiю. Падышла да акна i ўгледзелася ў здымак: малады чалавек... галава як быццам бы занадта вялiкая, - мусiць, таму, што вельмi ўжо густыя валасы. Тэрэза пазнала i месца, дзе рабiўся здымак: гэта грудок, за якiм пасвiлi авечак. На самым версе стаяў Жан Азеведа, якi чымсьцi быў падобны да бiблейскага Давiда. Куртка вiсела ў яго на руцэ; кашуля крыху расшпiлена на грудзях... "Гэта ён заве апошняй дазволенай ласкай" - прыгадалiся Тэрэзе словы з пiсьма... Тэрэза кiдае позiрк у люстэрка i палохаецца свайго ўласнага твару. Праз сiлу расцiскае яна зубы, змочвае адэкалонам скронi i лоб. "Анна спазнала гэтую радасць... А я? Я... А чаму не я?" Фатаграфiя засталася на стале; побач ляжала шпiлька...

"Так, я зрабiла гэта, - пад грук вагонных колаў шэпча Тэрэза, - вось ужо 2 гады, як тады ў пакоi атэля я праткнула шпiлькай фатаграфiю гэтага юнака ў тым самым месцы, дзе сэрца. Не са злосцi, не. А спакойна, нiбы гэта было самай звычайнай справай. Потым я выкiнула гэтую праколатую фатаграфiю ў туалет i спусцiла ваду".

Бернар застаў яе засяроджанай i сур'ёзнай. Так выглядае чалавек, якi доўга вагаўся, думаў i нарэшце прыняў канчатковае рашэнне. Але нашто яна столькi палiць? Сама сябе труцiць! Тэрэза выказала яму сваю думку пра гэтую гiсторыю з Аннай. Не варта надаваць вялiкага значэння капрызам дзяўчацi. Яна паспрабуе яе ўгаварыць i ўсё ўладзiць... Бернару так хацелася пачуць гэта. Ён павесялеў, тым больш што ў кiшэнi ляжалi бiлеты на цягнiк. Да таго ж i самалюбства яго было задаволена: як-нiяк сям'я просiць дапамогi ў яго жонкi. Ён заявiў, што колькi б гэта нi каштавала, але на развiтанне з Парыжам ён абавязкова звозiць жонку паснедаць у добры рэстаран у Булонскiм лесе. У таксi ён не сцiхаючы гаварыў пра свае планы на паляўнiчы сезон: яму карцела хутчэй паспрабаваць на паляваннi маладога сабаку, якога павiнны былi ўжо выдрэсiраваць. Мацi пiша, што яго кабыла паправiлася i больш не кульгае...

У рэстаране народу было мала. Затое незлiчоная колькасць прыслугi крыху бянтэжыла. Да паху закусак прымешваўся водар геранi... Бернар нiколi яшчэ не пiў рэйнвейну, але сёння - так i быць: не кожны ж дзень свята! Шырокiя мужавы плечы засланялi ад Тэрэзы залу. За вялiкiмi вокнамi цiха, бязгучна, нiбы ў нямым кiно, праязджалi i спынялiся машыны. Тэрэза бачыла, як у мужа каля вушэй перакочвалiся жаўлакi. Яна ведала, што гэта скарачаюцца скроневыя мышцы. Адразу пасля першых глыткоў вiна Бернар моцна пачырванеў: гэтаму здароваму вясковаму чалавеку ўжо некалькi тыдняў бракавала прасторы, руху, ад якiх хутчэй згарае ў арганiзме штодзённая порцыя стравы i спiртнога. Тэрэза не адчувала нiякай нянавiсцi да яго, але як жа ёй хацелася пабыць адной, падумаць пра свае пакуты, прыгадаць, дзе i калi ёй асаблiва было цяжка... Няхай бы ён проста знiк з вачэй, каб не трэба было прымушаць сябе есцi, усмiхацца, сачыць за выразам свайго твару; каб можна было хоць у думках вольна засяродзiцца на сваiм горкiм патаемным адчаi: гэтая маленькая iстота, твая сяброўка, уцякла з бязлюднага вострава, а табе ж думалася, што яна будзе там жыць побач з табой да канца дзён сваiх... Яна перайшла праз бездань, што аддзяляе цябе ад усiх людзей, паядналася з iмi, - словам, жыве цяпер на другой планеце... Але ж не, якая там "другая планета"! Анна заўсёды належала да тыпу простых натур. А можа, гэта быў толькi падманлiвы прывiд, калi Тэрэза ўглядалася ў юны тварык сяброўкi, а тая спала, паклаўшы галаву ёй на каленi?.. Сапраўднай Анны дэ ля Траў Тэрэза нiколi не ведала - той Анны, якая цяпер бегае ў будан на спатканнi з Жанам Азеведа...

– Што з табой? Чаму ты не ясi? Не трэба iм нiчога пакiдаць! Шкада за такiя грошы! Можа, табе нядобра ад спёкi? Абы толькi не стала дрэнна! А можа, цябе нудзiць? Як? Ужо?..

Тэрэза ўсмiхнулася. Усмiхнулiся толькi яе губы. Сказала, што думае пра Аннiны прыгоды. Бернар адказаў, што ён наконт гэтага зусiм спакойны, раз ужо Тэрэза ўзялася за гэтую справу. I тады яна папыталася, чаму бацькi супраць гэтага шлюбу. Ён падумаў, што яна жартуе, i папрасiў не зводзiць размовы да парадокса:

– Па-першае, як ты ведаеш, гэтыя Азеведа - жыды. Мама добра ведала старога Азеведа - таго самага, якi адмовiўся хрысцiцца.

На гэта Тэрэза адказала, што ў Бардо не знойдзеш нiчога больш даўнейшага, чым прозвiшчы партугальскiх жыдоў.

– А Азеведа ўжо тады былi важнымi асобамi, калi нашы продкi, жабракi-пастухi, калацiлiся ад лiхаманкi на сваiх балотах.

– Пачакай, Тэрэза. Ты спрачаешся абы толькi спрачацца. Усе жыды - аднаго поля ягады. I потым, гэтыя Азеведа хутка вырадзяцца: яны ж наскрозь туберкулёзныя, - усе гэта ведаюць.

Рэзкiм жэстам, якi заўсёды шакiраваў Бернара, яна запалiла цыгарэту.

– А цi не прыгадаеш ты, Бернар, ад чаго памёр твой дзед, твой прадзед? А калi ты браў мяне замуж, цi хоць пацiкавiўся, ад якой хваробы сканала мая мама? Няўжо ты думаеш, што сярод нашых продкаў не знойдзецца туберкулёзнiкаў цi сiфiлiтыкаў? Знойдзецца, дарагi, ды яшчэ столькi, што хапiла б заразы на цэлы свет.

– Тэрэза, ты зайшла занадта далёка. I дазволь табе сказаць, што нават жартам, каб падражнiць мяне, ты не павiнна чапаць нашай сям'i.

Абражаны, ён адкiнуўся ў крэсле, выпрастаў грудзi. Яму вельмi хацелася i ўзяць верх, i не падацца Тэрэзе смешным. Але тая не здавалася:

– Ды мне глядзець смешна на нашы сем'i з iх кратовай асцярожнасцю. Яны бачаць толькi тыя заганы, што самi кiдаюцца ў вочы. I ад iх жахаюцца... А што датычыць схаваных, - а iх жа куды больш, - то да гэтага нашы сем'i ставяцца зусiм спакойна. Паслухай, ты ж сам любiш гэты хiтры выраз: "сакрэтныя хваробы"... цi не? А хiба не гэтыя "сакрэтныя хваробы" - самыя страшныя, самыя небяспечныя для грамадства? Нiхто нi ў маёй, нi ў тваёй сям'i над гэтым не задумваецца. Затое ўсе цудоўна разумеюць i пагаджаюцца, што нельга выносiць смецця з хаты, што трэба як мага глыбей хаваць усё тое, што кампраметуе сям'ю... I калi б не было прыслугi, нiхто нiколi пра гэтае смецце нiчога i не ведаў бы. На шчасце, прыслуга ёсць...

– Я не жадаю табе адказваць, Тэрэза! Калi ты ўжо завядзешся, то лепш за ўсё памаўчаць. Са мной гэта яшчэ паўбяды: я разумею, што ты проста жартуеш. Але дома табе давядзецца прыкусiць язык i стрымлiваць сябе. Так жартаваць i гаварыць пра наш род у нас не заведзена.

– Род! Сям'я!
– Тэрэза не заўважала, што яе цыгарэта даўно патухла... Перад яе нерухомым позiркам зноў паўстала гэтая клетка з бясконцымi жывымi кратамi, дзе кожны шэпт будзе пачуты, кожны рух заўважаны... Тут ёй i давядзецца ў здранцвеннi чакаць сваёй смерцi...

– Тэрэза! Ну што ты! Паглядзела б ты цяпер сама на сябе...

Яна ўсмiхнулася. На твары зноў з'явiлася маска.

– Я проста забаўляюся... Якi ж ты даверлiвы, дарагi.

У таксi, калi Бернар хацеў прыцiснуцца да яе, Тэрэза рэзка адхiлiлася...

У гэты вечар, апошнi перад ад'ездам дадому, яны ляглi спаць рана, недзе каля 9 гадзiн. Тэрэза выпiла снатворнага, але яшчэ доўга не магла заснуць. На нейкае iмгненне яна задрамала, але Бернар штосьцi праз сон замармытаў, заварушыўся i разбудзiў яе. Яна адчувала побач з сабой яго дужае гарачае цела. Адсунулася на самы край пасцелi. Але праз колькi хвiлiн ён, не прачынаючыся, зноў пасунуўся да яе, нiбы цела само падсвядома шукала сваю здабычу, iмкнулася да прывычнай асалоды. Груба, парывiста яна адштурхнула яго. Бернар соладка спаў... Ах! Пiхнуць бы цябе раз i назаўсёды!.. Скiнуць з пасцелi... у бездань...

А начны Парыж жыў сваiм жыццём. Пераклiкалiся гудкамi аўтамабiлi, нiбы ў Аржалузе сабакi цi пеўнi светлай месячнай ноччу... Душна. Тэрэза запалiла лямпу i, абапёршыся локцем аб падушку, глядзела на гэтага нерухомага дваццацiсямiгадовага мужчыну. У сне ён скiнуў з сябе коўдру; дыханне амаль нячутнае; раскудлачаныя валасы спадалi на гладкiя скронi, на лоб, дзе нiводнай маршчынкi. Ён спаў, - гэты голы i безабаронны цяпер Адам, - глыбокiм, нiбы вечным сном. Тэрэза ўстала, накiнула на яго коўдру, знайшла пiсьмо, якое так i не скончыла чытаць, падышла блiжэй да лямпы:

Поделиться с друзьями: