ЖАНРЫ

Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка

Мінскевіч Серж

Шрифт:

— Так, — кіўнулі Арцін і Алеолла.

— Дык вось, — працягнуў мастак Дроздзіч, — Паляндра — гэта ўладарка гора і смутку. Мне даводзілася яе бачыць — сухая, згорбленая, старая. Твар у яе жоўта-карычневы, а зрэдчас робіцца шэра-зялёным. На ссівелых валасах замест кароны яна носіць вянок з шасці зачаўрэлых чорных руж. І Паляндра заўсёды прагне людскога гора. Г этак жа, як мы, калі доўга не паямо, адчуваем голад, таксама і яна пакутуе ад недахопу гора. А калі Паляндра вельмі галодная горам, то робіцца чорнай-чорнай, зморшчваецца і ўся трэскаецца, як кара на балотным карчаку. Тады Жалобная Каралева загадвае сваім слугам збіраць чорных вусеняў і варыць з іх поліўку.

Алеолла і Арцін слухалі мастака з шырока раскрытымі вачамі, а той распавядаў далей:

— У Чорным Балоце, у багне, на Імховай Выспе стаіць сплецены з каравых каранёў церам. На страсе яго ў вялізных гнёздах жывуць чорныя чаплі, а Паляндра —у цераме, у пакоі з няроўнай столлю. Пад церамам знаходзіцца скляпенне для людзей, пераўтвораных у чорныя цені. Паляндра, уся ў чорных строях, лётае па свеце ў чорнай карэце, запрэжанай чорнымі чаплямі — гэта і ёсць тая хмара і віхуры, якія вы бачылі. Чаплі чапаюць і чапляюць людзей, таму яны так і завуцца — чаплі. Як убачаць яны чалавека, закружваюць яго, кружаць, кружаць, пакуль той не ператворыцца ў цень, а потым кідаюць яго ў жалезную ступу, якую Паляндра заўсёды возіць з сабою на задку карэты. Затым Жалобная Каралева разам са сваімі прыслужніцамі-чаплямі кідае цені людзей у скляпенне-цямніцу, пад тым карчакаватым церамам.

Мастак Дроздзіч прымоўк, паглядзеў на неба — ці не збіраецца на даляглядзе чорная хмара — і зноў пачаў апавядаць:

— Вакол той цямніцы ад смутку і гора людскога на балотных купах вырастаюць гнілякі, на якіх і заводзяцца чорна-бурыя вусені. Менавіта з гэтых вусеняў Паляндра гатуе сабе і сваім чаплям поліўку. Але з часам людскія цені становяцца тонкімі, зусім тоненькімі і слабенькімі. Яны ўжо не ў стане сілкаваць балотную зямлю сваім горам, і гнілякі перастаюць расці, і вусеняў на іх заводзіцца ўсё менш і менш. Вось Паляндра кожны год і адпраўляецца за новымі людзьмі. Вы, напэўна, чулі, што раз-пораз дзе-нідзе знікаюць людзі...

Алеолла і Арцін ад гэтага аповеду яшчэ больш засмуціліся.

— Ну досыць ужо, давайце лепш я вашыя партрэты напішу, — прапанаваў мастак Дроздзіч.

— Не трэба, — уздыхнула Алеолла.

— Не да забаваў нам цяпер, — смутна вымавіў Арцін.

— Давайце, давайце.

Мастак звыкла дастаў са скураной торбы мальберт, пэндзлі і фарбы, адкрыў пузаты слоік, прымайстраваў ядвабнае палатно да мальберта.

Першым мастак Дроздзіч напісаў партрэт Алеоллы, затым Арціна.

У дзяўчыны і юнака трошкі адлегла на сэрцы. Уважлівей, ужо не такім затума­ненным ад гора позіркам зірнулі яны на рэчы вандроўнага мастака — на збанкі з фарбамі, на пэндзлікі, на мальберт.

— Ой, што гэта за брыдота ў вас такая? — спытала Алеолла і паказала на вусеняў на дне слоіка.

— А, гэта. Усмуткі людзей. Цяпер там ёсць і вашыя. У мяне дамова з Жалобнай Каралевай — я хаджу па свеце, збіраю ўсмуткі людзей і ў выглядзе чорна-бурых вусеняў, прыношу ёй. Тады яна не так часта да людзей наведваецца. Аднак бачыце, якая яна ненаедная... Абагнала мяне, не паспеў я ў вашае мястэчка прыйсці.

— Пачакайце, паслухайце... — задумаўся Арцін. — Калі нашы людзі знаходзяцца ў яе скляпенні-цямніцы — значыць, іх можна адтуль вызваліць.

— Правільна! — падтрымала гэтую ідэю Алеолла. — Мы іх вызвалім!

Здавалася, знік смутак з твараў Арціна і Алеоллы. Юнак адчуў сябе сапраўдным

віцязем, а дзяўчына — яснапаннай.

— Г эта партрэт так падзейнічаў? — спытала Алеолла ў мастака Дроздзіча.

— Не, — адказаў ён. — Калі ў чалавека ў жыцці з’яўляецца мэта, яна здольна выгнаць з яго сэрца смутак і нават заглушыць любы, самы востры боль.

Раптам усё вакол пацямнела. Як ні сачыў мастак Дроздзіч за небам — не ўгле дзеў. Закруціліся над імі чорныя віхуры.

— Сюды, да мяне, хутчэй! — крыкнуў мастак Дроздзіч. — Жалобная Каралева дадому вяртаецца!

Мастак раскрыў над сабою ядвабны парасон. Пад яго шмыгнулі і Алеолла з Арцінам. Сяк-так прыціснуліся адно да аднаго.

— Гэты парасон робіць нас нябачнымі для Паляндры і яе паслугачоў, — прашаптаў мастак Дроздзіч.

І праўда — віхуры і хмара хутка пранесліся над імі і зніклі за парослымі лесам узгоркамі.

— Паслухайце, міленькі мастак Дроздзіч, — пачала прасіць Алеолла, — пазычце нам, калі ласка, на пару дзён ваш чароўны парасонік. Мы з Арцінам пойдзем на тое балота, схаваемся пад парасонам і вызвалім людзей.

— А як жа мне быць? — нахмурыў бровы мастак Дроздзіч.

— А вы, — працягвала Алеолла, — пажывіце пакуль пад гэтым мостам, папішыце карціны. Вы ж самі казалі, што чорныя чаплі тут нікога не крануць, а значыць, і вас таксама.

— Зразумейце ж, — сур’ёзна адказаў мастак Дроздзіч, — на свеце так шмат гарадоў, мястэчак і вёсак, дзе я таксама патрэбны. Пакуль буду тут расседжвацца, колькіх яшчэ людзей забярэ Паляндра!

— Тады пойдземце з намі, — настойліва прапанаваў Арцін. — Вы нас атуліце сваім парасонам, а мы зробім човен, пераплывём Чорнае Балота і вызвалім людзей.

— Што вы, — хітнуў галавою мастак Дроздзіч, — Чорнае Балота немагчыма пераплыць на чоўне: пад яго дном балота становіцца глейкім, ліпкім, човен цалкам захрасае. І перайсці гэтае балота нельга: пад нагамі яно ператвараецца ў жыжу, зацягвае на дно. Гэта жудаснае месца. Як толькі ў мяне набіраецца поўны слоік усмутак, я прыходжу на бераг Чорнага Балота, проста хаваюся пад парасон і стаўлю слоік на купіну. Тры разы прасвішчу так, як плача суслік-байбак, скажу замову, і прылятаюць чорныя чаплі, забіраюць слоік. А я чакаю, калі яны вернуць яго пустым. А дачакаўшыся, кладу слоік у торбу і зноў іду вандраваць па свеце, збіраць новыя ўсмуткі.

— Ну зразумейце, нам вельмі трэба неўзаметку пракрасціся да той цямніцы! — усклікнула Алеолла.

— Пракрасціся туды — гэта толькі палова справы, — разважліва прамовіў мастак Дроздзіч. — Нават калі ў вас атрымаецца пераплыць балота, патрапіць у карчакаваты церам і вызваліць людзей, то Паляндра і яе чаплі адразу ж іх убачаць, закруцяцца вялізным смерчам і назад у цямніцу вернуць. І вас пасадзяць туды ж. А на ўсіх людзей майго парасона ніяк не хопіць.

— І што ж нам цяпер рабіць? — з адчаем спытаў Арцін.

— Слухайце сюды, — мастак Дроздзіч прымружыў свае блакітныя вочы, паглядзеў на неба — ці не ляціць якая запозненая чапля, — і шэптам пачаў распавядаць: — Далёка на поўдні, на паўвыспе Дарвіт, якая выступае ў Вечаровае мора, расце дрэва — шаўкоўніца. Яна вельмі-вельмі старая, адна засталася ад старажытнага райскага саду, які калісьці рос па ўсёй зямлі. Яе плады — плады шчасця. Кажуць, што калі гэтыя плады альбо адвар з такіх пладоў з’ядуць чорныя чаплі, то адразу ж на пару хвілін знепрытомняць, а потым і зусім забудуць, як людзей чапаць і чапляць. А вось Паляндра, паспытаўшы гэтых ягад, будзе вечна хварэць і больш 6 ніколі ўжо не зможа лётаць па свеце.

Поделиться с друзьями: