Ведзьміна тоня
Шрифт:
– Мы іх амаль не бачым. Ноччу гэтай шумелі.
– А дзе ж вы былі? – здзівіўся Аркадзь.
– Мы будан у садку зрабілі. Там і спім...
– Т-э-эк, – Аркадзь пакруціў галавой, палез па цыгарэты.
– Сябравалі мы з тваёй маці, – загаварыла цётка. – Ой, якімі сяброўкамі былі. І ў бацьку твайго, было, удваіх закахаліся, яшчэ дзесяцікласнікамі. Вой, маці твая прыгажуняй была, ну, а я... Мне вось гэта золата дасталася, – яна кіўнула на мужа.
– Чаму... Чаму мая маці п’е? – глуха запытаўся Сяргей.
Цётка Галя ўздыхнула.
– Каб ведалі адказ, то і п’яніц не было б. Як твой бацька загінуў, пачала яна выпіваць. Як пахавала твайго бацьку, цябе пакінула ў бабы, сама сышла на тыдзень. Думалі, ужо рукі на сябе дзе налажыла. У райцэнтры яе знайшлі. П’яную, малако ў грудзях перагарэла, захварэла. Тыдзень у бальніцы была... А прыйшла... Напачатку на тыдзень яе цвярозасці хапала, добра – баба, свякруха жывая была. Ды яна праз год памерла... А апошнія гады тры – няма прасвету.
– Навалач тую гнаць трэба было ёй! – ускрыкнуў Аркадзь.
– Цяпер ужо позна нешта казаць, – ціха прамовіла цётка.
– Ага, позна, – узвіўся раптам з-за стала Аркадзь, падбег да прыпечка, залапаў па паліцы, па сцяне. – Дзе тут запалкі?
Знайшоў запалкі, закурыў, зацягнуўся раз і другі.
– Позна і позна... То таго ідала позна ратаваць, а іх во? – ён нервова кіўнуў на Сяргея і Нэлу. – Позна? Гэта пры жывой маці і... – раптам стукнуў сябе ў грудзі, – і пры суседзях такіх харошых ідзе хлопец зарабляць адзёжкі для малой!
– Не крычы! – нервова адазвалася цётка. – Дзяцей напужаеш.
– Не бойся, Нэла ж дзядзьку не баіцца, праўда? –падміргнуў Аркадзь Нэле, а тая і праўда назірала за ўсім і слухала без страху на тварыку.
– От ты сяброўкай Зоі была, – зноў павысіў голас Аркадзь, стаў казаць з абвінавачваннем: – А ты сама не магла здагадацца, што трэба гэтаму дзіцяці? Не ведала, што Зойка...
– Мы пойдзем, – Сяргей узняўся з-за стала. – Не трэба з-за нас сварыцца. Я не маленькі. Мы галадаць не будзем. Нэла! – ён працягнуў руку.
– Чакай, чакай, – не мог астыць Аркадзь. – Ты хлопец разумны, але ж ты тут да восені. А далей, далей што?
– Я тут застануся. Працаваць пайду...
– Вучыцца табе трэба, заканчваць школу...
– Не трэба мне вучыцца. Я ўсё роўна... Мне навука не ідзе...
Сяргей падняў вузел, узяў Нэлу за руку.
– Дзякуй.
– І табе дзякуй, – Аркадзь падаў руку на развітанне, і Сяргей на гэты раз смела паціснуў шырокую далонь мужчыны.
– Значыць, пакуль мае вырастуць, я на цябе магу разлічваць у выпадку чаго, так? – прыжмурыўся хітравата Аркадзь.
– Разлічвайце, – кіўнуў Сяргей, і яны з Нэлай выйшлі з хаты.
Жонка Аркадзя з хвіліну маўчала, потым нерашуча сказала:
– А як скажуць, што ты хлопца за парабка трымаеш?
– А пайшлі яны ўсе!.. – Аркадзь раптам злосна, гучна мацюкнуўся. – Хлопца пабачаць! А меншую хто-небудзь бачыць? Ты бачыш?
Частка 10
Рыхтаваліся доўга, ажно два дні. У першы дзень майстравалі рагаткі. Эдзік прывёз з сабой у вёску здабыты недзе гумавы медыцынскі бінт. Во гэта рэч! Гэта не чорная гума з веласіпедных камер. Палоскі з гэтага бінту можна расцягваць на ўсю руку, а б’е рагатка – ні з чым не параўнаць. А трапнасць якая! Двух вераб’ёў Віцька збіў чатырма каменьчыкамі, а Эдзік злаўчыўся ластаўку на ляту падстрэліць. Не забіў, тая яшчэ жыла, пасадзілі яе на плот – няхай ачухваецца, бо ластаўка ўсё ж.
На другі дзень збіралі каменьчыкі. За вёскай будавалі дарогу, жвіру навезлі. У тым жвіры і корпаліся паўдня, пакуль не набілі кішэні “кулямі” – велічынёй з буйны арэх на ляшчыне каменьчыкамі.
К вечару назбіралі бутэлек, аднеслі ў кар’ер і там стралялі па іх. Але надта цікава не было – то ж не паляванне.
У лес збіраліся пайсці гадзін у 9 раніцы, на ўвесь дзень. Хлеба і агуркоў з соллю павінен быў набраць Віцька. Эдзік будзе несці ваду.
У лес увайшлі, калі сонца пачало ўжо адчувальна прыпарваць.
– Слухай, птушак процьма звініць, а ні адной, халера, няма! – пакруціў галавой па баках Віцька.
– Ат, нам драбяза не трэба, – упэўнена адмахнуўся Эдзік. – Сойку вышуквай, дзятла...
Але ні сойкі, ні дзятлы на вочы не трапляліся. Блукалі на лесе, пастрэльваючы зрэдку з рагатак на галасы нябачных птушачак. Калі з гушчару лістоты пасля стрэлу спуджана вылятаў трапяткі камячок і знікаў у кроне суседняга дрэва, Эдзік, цвыркнуўшы слінай, канстатаваў:
– Паміраць паляцела.
Хадзілі ўжо з гадзіну. Урэшце прыселі на выварацень, Віцька дастаў лусту хлеба, разламаў, тое ж зрабіў з агурком.
– Пакуль тая смажаніна, з голаду адурэем...
Хрумсталі гурком, калі недзе далёка ўбаку пачуўся рэзкі сарочы трэск.
– Во! Слухай! – Эдзік аж падскочыў, павярнуўся на гук. – Сарокі!
– Ну, сарокі, – паціснуў плячыма Віцька. – А сарок ядуць?
– А яны што, не з мяса? – агрызнуўся Эдзік. – А чучала сарокі не менш прыгожае... Слухай, калі яны так стракочуць, значыць – там гняздо! А ў гняздзе – птушаняты. Ужо вялікія будуць, лета сярэдзіна. Пайшлі!
Віцька, на хаду глытаючы ваду з бутэлькі, паспяшаўся за Эдзікам у гушчар. Гняздо сарок знайшлі, калі ўжо здранцвелі шыі ад напружання і неабходнасці трымаць галаву задзёртай к небу, каб аглядаць верхавіны дрэў. Яно, гняздо, было на невысокай хвоі, і, здавалася знізу, далезці да яго – нічога цяжкага.
У гэтай сухой кучы галінак, пераплеценых між сабой, сапраўды нешта было, бо дзве дарослыя сарокі, калі хлопцы спыніліся пад хвояй, распачалі адчайны лямант.
– Так, ану, беглым па гэтых гадах – агонь! – закамандаваў Эдзік і пачаў хутка, каменьчык за каменьчыкам, закладваць у рагатку.
Віцька паспяшаўся зрабіць тое ж.
Сапраўдны залп атрымаўся! Адзін каменьчык трапіў у цела высока ляцеўшай птушкі, яна спуджана крыкнула, рэзка змяніла накірунак палёту, знікла ўбаку.
– Ага! Бачыў, як я пацэліў! – Эдзік зноў нацягваў гуму рагаткі. – Страляй па гэтай! – і каменьчык паляцеў у бок другой птушкі, што стракатала, седзячы каля гнязда.
– То я пацэліў! – запярэчыў нясмела Віцька, але спыніўся – якая розніца, цяпер не час высвятляць.
– Так, гэтую мо не прагоніш, а трапіць знізу немагчыма, хаваецца за сукамі, – спыніўся Эдзік. – Давай, лезь на хвою.
Віцька хутка пачаў узнімацца па суках, якія раслі прама ад ствала, бы спецыяльна, каб па іх лазілі.
Сарока рэзка сакатала недзе над галавой Віцькі. Перад самым яго тварам быў вялізны камяк скручаных, зблытаных неймаверна галінак. У глыбіні іх было бачна нешта стракатае.