Ведзьміна тоня
Шрифт:
– Птушаняты ёсць! – гукнуў Віцька.
– Выдатна! Кідай хутчэй! – закамандаваў знізу Эдзік.
– Ага! Ты паспрабуй залезь! – агрызнуўся Віцька, раздзіраючы голле гнязда.
Здаецца, накіданы былі галінкі абы-як, а ні адной не выцягнуць! Ды яшчэ і не ломяцца. А тут сарока над самай галавой стракоча, здаецца, вось-вось у твар кінецца.
Сяк-так расхістаў гняздо, разварушыў голле, трымаючыся адной рукой за ствол сасны. Ірваў, выдзіраў другой сухія галінкі, залазячы ўсё глыбей і глыбей да таго, што нерухома замерла ў глыбіні ў прадчуванні смерці.
Нарэшце рука дацягнулася, пальцы намацалі цёплае, жывое.
– Ого! А яны ўжо вялікія! – выгукнуў Віцька, выцягнуўшы адно сарачанё з гнязда. – Хутка б паляцелі.
– Кідай долу адно! Пабачым! – заёрзаў пад дрэвам ад нецярпення Эдзік.
Віцька паслухаўся.
Сарачанё, няўмела, бязладна ўзмахваючы крыламі, стукаючыся аб сучча хвоі, стракатым камяком упала на зямлю. Падхапілася, пабегла, трапечучы крыламі, падскокваючы.
– Куды! Куды, гадзіна!? – са злым азартам крычаў Эдзік, закладваючы каменьчык у рагатку. – На!
Каменьчык зашыўся ў ігліцу. Эдзік бег за сарачанём, страляў яшчэ, яшчэ, пакуль каменьчык не трапіў у спіну птушаняці, прыбіў яго да зямлі.
– Гітлер капут! – радасна закрычаў Эдзік. – І зблізку, паднёсшы рагатку да самага ўздрыгваючага бела-чорнага цельца, расцягнуў з усяе моцы гуму і стрэліў.
– Во даў! Віцька! Я яму мазгі выбіў, а камень у чэрапе засеў! – зарагатаў у захапленні Эдзік. – Кідай яшчэ адно!
– Дудкі! – гукнуў Віцька. – Я буду кідаць, а ты – страляць? Я таксама пастраляць хачу.
– Ну, добра, я не буду больш страляць. Кідай!
– Не, я з сабой вазьму. Тут усяго трое засталося, – адказаў Віцька, выцягваючы чарговае птушаня, якое раптам усчало рэзкі, непрыемны крык. Сарока зверху застракатала, бы загаласіла, нябачная, пагрозліва блізкая.
Трэцяе птушаня, якое Віцька клаў за пазуху, балюча клюнула яго ў палец, пабліскваючы чорным, бліскучым вочкам.
– Ну, ты, халера, за гэта адкажаш, – прыгразіў Віцька, моцна сціснуўшы птушаня. Так моцна, што адчуў, як пад пальцамі рукі затрымцела хуткімі-хуткімі ўдарамі сэрца птушкі.
– Слухай, а сэрца б’ецца, бы маторчык працуе, – Віцька злез з хвоі, прытрымліваючы рукой птушанят за пазухай. – Жывот падрапалі. Так, першы пайшоў, ты мяне клюнуў! – Віцька выцягнуў птушаня, кінуў на зямлю.
Птушка нечакана падскокнула, адчайна забіла крыламі, і яны ўзнялі яе цела на метр, вышэй, вышэй. Сарачанё паляцела, ці то з перапуду, ці то ад радасці, голасна закрычаўшы.
У наступнае імгненне яно стукнулася прама ў ствол дрэва, аглушанае, упала на ігліцу.
– Агонь! – залемантаваў Эдзік.
Стралялі здалёк, потым зблізку, а сарачанё бегала, падскокваючы, сярод тоўстых камлёў, спатыкалася, кулялася цераз галаву і крычала, крычала, крычала...
Ад трапнага пападання каменьчыкам у галаву яно крыкнула коратка і хрыпла, застыла і павольна выцягнулася, раскінуўшы шырока крыльцы, стала нечым падобнае на чорна-белы крыж на рудой ігліцы. Страпянулася яшчэ раз і заціхла.
– Другі гатоў! – адрапартаваў некаму Эдзік. – Пускай трэцяе!
– Не, не хачу, – заўпарціўся Віцька, не зводзячы позірку з распластанага на зямлі мёртвага птушаняці. – Я аднаго з сабой вазьму, будзе ў мяне жыць. Я чытаў, што сарокі добра прыручаюцца. А з другога ж ты збіраўся чучала рабіць, яго ж неяк па-другому забіваць трэба...
– Ну добра, – з неахвотай згадзіўся Эдзік. – Давай таго, што на чучала.
Ён узяў працягнутае птушаня, распрастаў яму крыльцы і, крутнуўшы, перакінуў, быццам нейкую анучу, сарачанё дагары. Яно ўцягвала галаву ў плечы, але хутка цяжкая дзюба пацягнула галаву ўніз, шыйка выцягнулася. Сарачанё вісела, бы нежывое, на расцягнутых крыльцах, толькі кропелькі вачэй блішчалі, але і на іх напаўзала брудна-белая плеўка.
– Нічога не будзе! – голасам знаўцы заявіў Эдзік, аглядаючы птушку. – Бачыш, пад крыламі пер’я няма, скура ў пухірах. Маладая яшчэ. Ну і халера яго бяры, тое чучала. Спірту ўсё роўна няма, а гарэлкай добра не прадэзінфіцыруеш. Адно памучышся са скуркай. Давай на сук во пасадзім яго і з дваццаці крокаў – хто першы пападзе, га?
Віцька паціснуў плячыма. За пазухай у яго казытліва паварушылася птушаня.
– Мо адпусціць?
– Каго? Сароку? Такога драпежніка? Ды мы, ведаеш, колькі гнёздаў карысных птушачак выратуем, калі гэту шэльму расстраляем?
– Ну, давай... – згадзіўся Віцька.
Эдзік зноў крутнуў сарачанё ў сваіх руках.
– Той вунь сук добры. А ў мяне нітка ёсць, прывяжам за нагу, каб не ўцякло. Цір будзе!
– Казаў, чучала рабіць будзем, смажаніна будзе...– разнюніўся нечага Віцька.
– Ну, сароку есці я не буду. То ж не сойка, тая птушка чыстая, арэхі есць, а гэтая і падлу цягае. Цьфу! – грэбліва пакрывіўся Эдзік. – У цябе дома кураняты ёсць, а сарока за год 25 куранят крадзе. Во!
– Дзе яна іх крадзе?
– Па вёсках. За сто кіламетраў лятае.
– Хлусіш, – не паверыў Віцька, а Эдзік тым часам ужо вязаў да лапкі птушкі тоўстую нітку.
Праз хвіліну сарачанё сядзела на суку, не варушылася, бы чучала.
Эдзік адлічыў дваццаць крокаў ад сука ў бок Віцькі.
– Во, лінія агню тут, – ён наском кеда разварушыў ігліцу, адкрыўшы чорную тлустую зямлю. – Страляй першы!
Віцька не спяшаўся. Доўга прыцэльваўся, нарэшце стрэліў. Каменьчык праляцеў побач з сарачанём, якое сцялося ўсё, нават доўгую дзюбу схавала недзе на грудзях, прыпала да сука, быццам хацела зрасціся з дрэвам.
Другі, трэці, чацвёрты стрэл – усё міма. Сарачанё бы нехта загаварыў, каменьчыкі цокалі ў сук, праляталі так блізка, што прыўздымалі пер’е птушаняці, а тое сядзела нерухома, бы нічога не адбывалася.
Нарэшце Віцька патрапіў – проста ў галаву. Нават гук быў такі незвычайны, што адразу здагадаешся – пацэліў каменьчык у жывое: “плясь”. Ад гэтага гуку ў самога Віцькі нешта пляснула ўсярэдзіне. Ён амаль фізічна адчуў, што птушаня стала раптоўна мёртвым, што знікла невядома дзе жыццё. Не моцны гук, маленькі каменьчык, а вынік – аглушальны, беззваротны...
Птушаня кульнулася ўніз, бы нырнула, павісла на нітцы. На момант раскінуліся сутаргава крылы, распушыўся маладым пер’ем хвост. А потым усё апала, сарачанё ператварылася ў шматок нерухомага пер’я.