Ведзьміна тоня
Шрифт:
Завуркатаў рухавік, аўтамабіль крутануўся і знік.
І амаль адразу ж у садок прыйшла маці – разгубленая, напужаная, вартая жалю…
– Федзьку забралі… І за што, не сказалі… Што ж гэта робіцца?
Толькі цяпер Сяргей успомніў, што “прымака” завуць Фёдар. Ён павярнуўся да маці, спытаў сур’ёзна:
– Ты чаго шкадуеш?
Маці не чакала такога пытання, маўчала, потым з апраўданнем стала казаць:
– Дык жа, сыночак, я б прапала без яго… мужчына ж усё-такі ў хаце трэба… Прывыкла я.
– Прывыкла гарэлку піць – вось да чаго прывыкла. І не без яго прапала б, а з ім, як далей застанешся – прападзеш. Глядзі: калі ён за лета не выбярэцца адсюль, мы хоць у садку не застанёмся, але і ў хату я не пайду. Я ў інтэрнат больш не паеду, бо вы Нэлу калекай зробіце на ўсё жыццё, яе вам я не пакіну. Яна са мной жыць будзе, – закончыў Сяргей цвёрда.
– Сынок, сынок, што ты такое кажаш… Ой, хоць бы ты мяне пашкадаваў…
– А ты мяне шкадавала? – голас Сяргея перайшоў на крык, крыўда, нарэшце, вырвалася вонкі: – Я, колькі сябе памятаў, есці хацеў. Нэла з-за вас размаўляць перастала, вы яе, як звярка якога, на вяроўчыну прывязваеце, здзекуецеся… Ва ўсіх хаты як хаты, а ў нас – прытон. Смурод, не зайсці. Бруд, бялізна пагніла, у агародзе пустазелле расце толькі, а ты просіш, каб я цябе пашкадаваў?
Маці моўчкі плакала. Не, не моўчкі – мёртва плакала, твар яе скамянеў, толькі з вачэй ліліся і ліліся слёзы. Сяргей разумеў, што словы яго – вельмі балючыя словы, але не мог спыніцца, не мог не даказаць таго, што год за годам збіралася на душы, акрэслівалася спачатку ў злосць на ўсіх, а потым – у жаль да сябе, і нарэшце – у нянавісць да гарэлкі і п’янства.
– Не буду я цябе такую шкадаваць! Кідай піць, едзь, закадзіруйся. Столькі людзей піць кідае, едзь і ты! Няма грошай – я пайду да людзей, пазычу, адраблю, мне дадуць! Але не пі больш! Тады ў хаце і на двары ўсё рабіць буду, тады шкадаваць буду. Няўжо нам як людзям жыць нельга, няўжо праклятыя мы з Нэлай, каб кожны дзень думаць, што на вечар паесці і дзе заўтра на хлеб зарабіць? Я па-чалавечы жыць хачу! У сваёй хаце, якую для мяне бацька будаваў. Чаго ўсякая навалач у ёй гаспадарыць? Я заб’ю яго, калі сам не выбярэцца!
Сяргей выкрыкваў гэтыя горкія словы і адчуваў, што сам вось-вось расплачацца. І адначасова з гэтым ён раптам зразумеў, што цяпер вось, нечакана для самога сябе, ён акрэсліў выразна сваё заўтрашняе жыццё: выцягнуць маці з п’янай багны, выгнаць з хаты праклятага прымака. Прыбраць там усё, вычысціць, зарабіць грошы на тэлевізар, каб зімовымі вечарамі ім можна было разам з Нэлай, седзячы на канапе ля цёплай грубкі, глядзець добры фільм… Усе гэтыя жаданні жылі ў ім кожнае паасобку, а цяпер вось сабраліся разам у выразны план дзеяння.
Зноў завішчалі тармазы УАЗіка ля варот. Знаёмыя міліцыянеры выйшлі з аўтамабіля, накіраваліся да маці і Сяргея.
– Дзень добры! – павіталіся, участковы са скрухай паглядзеў на Сяргея і за яго спіну – на будан. Там ля ўваходу стаяла напалоханая крыкамі Нэла.
– Ну што, Васільеўна, давай расказвай, – дастаў планшэтку участковы. – Толькі папярэджваю: не хітрыць.
– Што расказваць? – перапалохалася маці. – Я нічога не рабіла, то вы прыехалі, забралі Федзьку…
– Федзька твой затрыманы ў сувязі з крадзяжом цяля з фермы… Так, расказвай: дзе твой Федзька начаваў?
– Дома начаваў…– хутка адказала маці. – Дома… выпілі крышку і спалі. Ага, спалі, во пакуль не прыехалі за ім…
– Васільеўна, я цябе афіцыйна папярэджваю… – строга загаварыў участковы.
– Гавары як ёсць, мама! – умяшаўся Сяргей. – Не было яго вечарам, і не пілі гарэлку, бо ціха было да паўночы ў хаце.
Маці ўздрыгнула, азірнулася на Сяргея здзіўлена. Невядома, ад чаго яна здзівілася больш: ад таго, што Сяргей мог ведаць нешта пра прымака, ці ад таго, што за гэтулькі часу ў першы раз пачула, што яе назвалі “мама”.
– Ён мяне заб’е, – плаксіва выгаварыла яна і амаль загаласіла: – А што ж мне рабіць, божачкі…
– Супакойся і адказвай на пытанні, – спакойна працягваў пераконваць участковы. – У колькі гадзін пайшоў са двара Фёдар?
– Дык… З абеду я яго не бачыла…
– Калі прыйшоў?
– Ы-ы-х, – выдыхнула маці, сказала ледзь чутна: – Пад ранне…
– Што казаў?
– Каб маўчала…
– Так, – участковы азірнуўся на двух другіх міліцыянераў, зноў павярнуўся да маці. – Пайшлі, Зоя Васільеўна, да машыны, сядзем і запішам усё як мае быць і падпішам.
– Не буду, нічога падпісваць не буду, – стала адступацца назад маці, і Сяргей не вытрымаў, закрычаў адчайна:
– Будзеш падпісваць! Будзеш!
Ён стаў насупраць маці, амаль што роўны з ёй ростам.
– Ідзі і кажы праўду, і падпісвай, што скажаш! А не хочаш – то ідзі разам з ім у турму! Я тады не буду спадзявацца на цябе. Буду ведаць, што мы з Нэлай – сіраты поўныя. Няхай пазбаўляюць цябе бацькоўскіх правоў!
Маці заплакала – цяпер уголас, закрыўшы твар рукамі, плечы яе сутаргава калаціліся, але яна пайшла да аўтамабіля.
За ёй падаліся два міліцыянеры, участковы затрымаўся каля Сяргея, у якога вочы былі поўныя слёз.
– Неяк мы і не пазнаёміліся, – працягнуў руку участковы. – Старшы лейтэнант Сяргей Гаўрылюк. Цёзкі мы з табой. Як табе тут, цяжкавата?
Шчырая спагада гучала ў яго словах – Сяргей гэта адчуваў.
– Не цяжка. Дзед Васіль дапамагае, Віцька з Віталікам…
– Ну і добра. Ты галоўнае… Ты ідзі сабе тым шляхам, якім пачаў. І ўсё добра будзе.
– Якім шляхам? – не зразумеў Сяргей.
– Чалавечым, – усміхнуўся ўчастковы. – Ты як толькі прыехаў, мне на цябе наказалі. Я за табой колькі часу прыглядваў: малайчына, правільна жывеш, чэсна. І ты спіш спакойна, і я за цябе хвалююся.
– Няма чаго за нас хвалявацца, – буркнуў Сяргей. Яму было непрыемна чуць, што аб ім нешта дрэннае казалі ўчастковаму.
– Ну, я хвалююся па другой прычыне. Сам ведаеш... Давай, рабіце сваю справу, а зробіце – пазычыце плыт на дзень-другі? Надта ж хочацца на шчупакоў ля Савінага вострава папаляваць, – весела падміргнуў Сяргею участковы.
– Пазычым… А з маці…нічога не будзе?
Участковы зразумеў, што меў на ўвазе Сяргей, пасур’ёзнеў, адмоўна пакруціў галавой.
– Яна ў крадзяжы не замешана і наўрад ці што ведала. Гэты Федзька – птушка бітая, ён заўсёды толькі адзін на свае справы ходзіць. Таму і злавіць яго цяжка. Ды цяпер не выкруціцца: і сляды засталіся, і скуру забітага цяляці знайшлі, і пакупніка мяса адшукалі. Так што сядзець гэтаму Федзьку ў трэці раз. Ну, а ў цябе і маці шанцы ёсць… – закончыў участковы аптымістычна, працягнуў руку Сяргею. – Ты ўгаворвай яе, і мы націснем крыху: няхай едзе ды лечыцца. З гэтай заразай аднаму не справіцца. А цяпер кадзіруюць добра, у мяне на пяць алкаголікаў на ўчастку за год паменела. Не пазнаць людзей… Ну, трымайся. Глядзі за маці.