Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

– Ну, гэта больш да нашага камандзіра звяртайся, – усміхнуўся дзед Васіль. – Як, Яўгенія, знойдзем?

Жэнька пачырванела густа-густа, да самай шыі. Яна разгубілася так, што не змагла знайсці і аднаго слова. За яе адказала маці:

– Знойдуць дзеці. Абавязкова знойдуць.

– Добра. Вось… чакайце… – павярнуўся Міклуш да маладога чалавека, нешта хутка стаў казаць на англійскай мове. Той згодна заківаў, пайшоў да машыны, вярнуўся з невялікім, але досыць умяшчальным рукзаком, запоўненым нечым. Рукзак узяў у свае рукі Пятро Міклуш, працягнуў Жэньцы. – Бярыце, калі ласка! Тут нашы гасцінцы вам: кава, вяндліна, пячэнне, кансервы… вам усё спатрэбіцца… Бярыце, бярыце, не саромейцеся, мы ж ад чыстага сэрца…

Калі Жэнька ўзяла рукзак, Пятро Міклуш крануў за руку Зарэмбу:

– Выбачайце, вы тут, здаецца, усё ведаеце. Мне б знайсці мясцовую ўладу..

– А што яе шукаць, яна тут уся, – засмяяўся Мікалай Рыгоравіч. – Вось Іван Кузьміч, старшыня сельвыканкама, вось вам дэпутат сельскага савета Алена Адамаўна Лошчык, вось і я сам – старшыня мясцовага калгаса Мікалай Рыгоравіч Зарэмба. Дарэчы, дык гэта вы мне тэлефанавалі і пыталіся, калі нашы вандроўнікі адправяцца ў паход?

– Ой, як цудоўна! Так, гэта мы ў Мінску спыніліся ў гасцініцы… О, які цудоўны, які чысты і ўтульны Мінск! Але, мы адтуль і тэлефанавалі…У мяне столькі просьбаў… Першая – мне б знайсці месца на нейкі час, каб пажыць. Я веру, што адшукаецца магіла бацькі... Вы ж перазахаванне плануеце на 3 ліпеня?

– Ну, як усё добра складзецца, – зазначыў Іван Кузьміч.

– Складзецца, у вас усё добра складваецца, калі вы робіце на карысць іншых… Я б хацеў перадаць яшчэ пэўную суму на помнік, вы ж будзеце яго рабіць? Гэта – ад маёй сям’і. Дзеці паедуць дадому, у нас кароткія водпускі, а мы з жонкай – гэта мая Марыя – хацелі б пажыць тут месяц. Ёй таксама спадабалася тады…

– Ну, хто да нас са шчырай душой, да таго і мы з адкрытым сэрцам, – развёў рукі ў бакі Іван Кузьміч. – Усё можна зрабіць, а пакуль трэба вось атрад наш адправіць. Вунь і Антон…

Сапраўды, пад’ехаў трактар. Перад ім расступіліся, каб стаў як мага бліжэй да разабранага і складзенага ля хаты плыта. У прычэпе было двое мужчын.

– Жэня! – паклікала маці. – Не лезь, там і без цябе пакуль управяцца. Ты кім жадаеш стаць? Вось, рабі здымкі! Дарэчы, вось каб ты сустрэчу Пятра Міклуша з Васілём Яўменавічам сфатаграфавала!

– А я сфатаграфавала! – весела адазвалася Жэнька. – І на дыктафон твой запісала!

Маці ўсміхнулася. Дыктафон, яны вырашылі, патрэбен будзе. І можна не запісваць на паперу падзеі дня, а дыктаваць на касету. Ну, і на ўсякі выпадак. Вось такі, напрыклад.

З пагрузкай справіліся хутка. У прычэп, акрамя мужчын, саміх хлопцаў, дзесяцікласнікаў, яшчэ заскочыла некалькі хлопцаў-вяскоўцаў, сярод іх і аднакласнікі Віцькі і Віталя. Дамовіліся: яны дапамагаюць пераносіць часткі плыта на першы востраў, а за гэта потым ім дадуць паплаваць на плыце па Ведзьмінай тоні.

Крануліся. Сяргей з Нэлай сядзелі побач з Жэнькай. Яны, у адрозненне ад астатніх, глядзелі назад, а не ўперад. Жэнька фатаграфавала: ім махалі на развітанне. І асобна стаяла маці. Яна ганарылася імі – Жэнькай і Віцькам, сама Жэнька гэта асабліва востра адчула сёння.

І яшчэ адну асобную постаць выглядзела Жэнька. Яна таўханула ў бок Сяргея:

– Глядзі! Твая маці…

Сяргей убачыў маці – яна стаяла на сваім надворку, ля студні, закрываючы вочы ад сонца сваёй далонню і гледзячы на іх – на Сяргея і Нэлу. Сяргей нейкі момант вагаўся – памахаць маці, як гэта зрабіла Жэнька сваёй, ці не, потым абхапіў рукамі Нэлу:

– Глядзі, на нас маці глядзіць! Памахай ёй рукой!

Нэла стала махаць. Маці адтуль, ад дома, заўважыла сваіх дачку і сына на трактары, павольна рука яе ўзнялася, і яна стала лёгка памахваць ёй…

Наперадзе ішоў УАЗік Зарэмбы. Дзед Васіль сядзеў на сядзенні разам са старшынёй – паказваў дарогу. За імі павольна рухаўся трактар з прычэпам. За вёскай да іх далучыўся яшчэ адзін трактар – Аркадзь Калюжны.

Да першага вострава – Заікіна – трактары асцярожна падышлі досыць блізка. Калі ўзнікла рэальная пагроза “пасадзіць на вось” трактар, Антон Аўдзееў спыніўся.

– Ху-цць-енька! Разгружаем! Але асцярожна, нічога не паламаць. Складваем, насіць потым будзеце, а то ўлезу ў балота, верталётам не выцягнем…

Разгрузіліся за хвіліны. Дарэчы прыйшоўся і другі трактар – колы гэтага паспела ўсмактаць балота, аднаму – не вылезці. А так усё абышлося.

Пачалася самая цяжкая і нудная частка іх работы: больш за пяцьсот метраў трэба было несці рэчы, зноў вяртацца, зноў несці: па чорнай гразі, па гнілых кладках. Хто разуўся – насіў босы, старэйшыя былі ў гумавых ботах.

Сам Мікалай Рыгоравіч, пакінуўшы УАЗік на бяспечным месцы, разуўся і пайшоў услед за дзедам Васілём. Дзед у высокіх сваіх цяжкіх ботах добра запыхаўся, пакуль узышоў на сухі бераг.

Тоня раскінулася перад імі чорным кругам без адной хвалі. Пад яркім сонцам вада яе здавалася незвычайна халоднай. Урэшце, і Мікалай Рыгоравіч у гэтым упэўніўся, апаласнуўшы ногі з берагу.

– Халодная якая… Якая ж веліч тут, Васіль Яўменавіч… Эх, сюды б на тыдзень які, каб хоць колькі адпачыць…

– А і прыязджай… От плыт будзе, на які востраў заплывеш – ні адно раённае кіраўніцтва не знойдзе. А вада халодная, бо крыніц многа…

– Ат, кіраўніцтва заўсёды знойдзе. А адпачыць тут будзе можна… Ах, які ж тут спакой!

Яно і сапраўды – цішыня была незвычайная, і ўсе міжволі прыглушалі свае галасы.

– Ну, што ж, поспехаў вам! – Мікалай Рыгоравіч паціснуў рукі дзеду, потым Жэньцы – ім абаім ды яшчэ і Нэле не дазволілі нічога пераносіць. – Жэнька, тэлефануй! А ты, Нэла, размаўляць вучыся!

– Доба! – выстраліла літаральна Нэла.

– Значыць, добра!

На ўчастку берага пакрысе вырастала горка будматэрыялаў, асобна складваліся неабходныя ў паходзе рэчы.

Частка 24

Здавалася, блізка, побач востраў і людзей многа, а перанасілі ўсё толькі за гадзіну. Не надта разгонішся па такой сцяжынцы, калі ці не па калена нага лезе ў чорную гразь.

Старшакласнікі яшчэ дзве невялікія вольхі ссеклі, на якія дзед паказаў. Дрэвы падцягнулі да берага, знялі кару, роўна абсеклі сучча, паклалі на беразе паралельна адно аднаму так, каб большая частка кожнага была на беразе, а канец спускаўся да гладзі тоні. Гэта будуць сходні, на іх будзе збірацца плыт, каб можна было яго потым ссунуць ў ваду, бо не такі лёгкі ён будзе, каб можна было панесці!

Поделиться с друзьями: