Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вуліца ў месячным святле

Цвайг Штэфан

Шрифт:

– Вельмі вам удзячны, - сказаў я па-нямецку (яна страпянулася), - не варта было турбавацца.
– І я падаў яму руку. Доўгае ваганне, потым я адчуў вільготныя кашчавыя пальцы і раптам - сутаргавы ўдзячны поціск. На хвіліну яго вочы бліснулі, сустрэўшы мой позірк, потым зноў схаваліся пад апушчанымі павекамі. На злосць жанчыне я хацеў папрасіць яго сесці з намі, і, мусіць, мая рука ўжо паднялася для запрашальнага жэсту, бо яна паспешна прыкрыкнула на яго:

– Садзіся на сваё месца і не перашкаджай нам!

Тут мне раптам стала агідна ад яе з'едлівага голасу і ад усяго гэтага нязноснага катавання. Навошта мне здаўся гэты пракурадымлены прытон, гэтая брыдкая прастытутка, гэты прыдуркаваты мужчына, гэты чад ад піва, дыму і танных духоў? Мяне пацягнула на свежае паветра. Я падсунуў ёй грошы, устаў і энергічна вызваліўся з яе абдымкаў, калі яна паспрабавала ўтрымаць мяне. Мне было брыдка ўдзельнічаць у гэтым уніжэнні чалавека, і мой рашучы адпор ясна ёй паказаў, як мала мяне спакушаюць яе ласкі. Тады яна ўскіпела ад злосці і ўжо сабралася штосьці сказаць, але ўтрымалася ад моцных слоў і раптам у парыве непрытворнай нянавісці павярнулася да яго. Ён жа, адчуваючы нядобрае, паспешліва і быццам падганяны яе пагрозлівым выглядам, выхапіў з кішэні дрыготкімі пальцамі кашалёк. Ён, відаць, баяўся цяпер застацца з ёю сам-насам і, спяшаючыся, не мог разблытаць вузел кашалька, - гэта быў вязаны кашалёк, вышыты бісерам, якія носяць сяляне і простыя людзі. Лёгка было бачыць, што ён не прывык хутка выдаткоўваць грошы, не тое што матросы, якія дастаюць іх прыгаршчамі з кішэні і шпурляюць на стол; ён, відаць, прывык ашчадна абыходзіцца з грошамі і, перш чым расстацца з манетаю, любіў патрымаць яе ў руцэ.

– Як ён дрыжыць за свае дарагія пфенігі! Што ж гэтак марудна? Пачакай!
– здзекавалася яна і зрабіла крок да яго. Ён спалохана адхіснуўся, а яна, заўважыўшы яго страх, сказала, паціснуўшы плячамі і з невыказнаю агідаю ў позірку: - Я ў цябе нічога не вазьму, пляваць мне на твае грошы. Ведаю, усе яны ў цябе палічаны, твае добрыя маленькія пфенігі, ніводнага лішняга ты не аддасі. Але толькі, - яна раптам паляпала яго па грудзях, - глядзі, каб хто не ўкраў у цябе паперкі, якія ты тут зашыў.

І папраўдзе, як хворы на сэрца раптам сутаргава хапаецца за грудзі, гэтак і ён прыціснуў бледную і дрыготкую руку да пэўнага месца на пінжаку, міжвольна абмацваючы пальцамі патаемнае гняздзечка, і, супакоены, апусціў яе.

– Жмінда!
– выплюнула яна.

Але тут твар пакутніка густа пачырванеў, ён раптам шпурнуў кашалёк другой дзяўчыне, - тая спачатку ўскрыкнула спалохана, а потым зарагатала, - і кінуўся міма яе да дзвярэй, быццам ратаваўся ад пажару.

Жанчына з хвіліну стаяла ахопленая злым шалам. Потым зноў вяла апусціліся павекі, стомлена ссутуліліся плечы. Старою і стомленаю зрабілася яна ў адзін момант. Нейкая разгубленасць і няўпэўненасць адбіліся ў яе позірку, які цяпер спыніўся на мне. Нібы п'яная, якая з цьмяным адчуваннем сораму прачнулася ад дурману, стаяла яна перада мною.

– На вуліцы ён будзе хныкаць, плакаць па сваіх грошах, можа, нават пабяжыць у паліцыю, заявіць, што мы яго абрабавалі. А заўтра зноў з'явіцца. Але ягонай я ніколі болей не буду. Любога буду, толькі не ягонай.

Яна падышла да стойкі, кінула на яе некалькі манетак і залпам выпіла чарку гарэлкі. Злы агеньчык зноў загарэўся ў яе вачах, але цьмяна, быццам праз слёзы лютасці і сораму. Агіда да яе перасіліла ўва мне жаль.

– Да пабачэння!
– сказаў я і пайшоў.

Адказала гаспадыня. Жанчына не азірнулася і толькі засмяялася хрыпла і насмешліва.

Вуліца, калі я выйшаў, была скрозь ноч і неба, суцэльная душная імгла ў затуманеным, бясконца далёкім месячным святле. Прагна ўдыхнуў я цёплае, але падбадзёрлівае паветра; пачуццё агіды растала ў вялікім здзіўленні перад разнастайнасцю чалавечых лёсаў, і я зноў адчуў - гэтае пачуццё можа парадаваць мяне да слёз, - што за кожным акном абавязкова тоіцца чый-небудзь лёс, кожныя дзверы знаёмяць з якою-небудзь драмаю; жыццё ўсюдыіснае і шматграннае, і нават самы брудны куток яго так і кішыць гатовымі вобразамі, як гнілата бліскучымі жучкамі. Адышло кудысьці далёка ўсё гнюснае гэтае сустрэчы, нервовае напружанне перайшло ў прыемную млявасць, якая гатова была ператварыць усё перажытае ў прыгожыя сны. Я міжвольна агледзеўся па баках, спрабуючы знайсці дарогу дадому ў гэтым блытаным клубку завулкаў. І тут - мусіць, ён бясшумна падкраўся да мяне - нейкі цень вырас перада мною.

– Прабачце, - я адразу пазнаў гэты пакорлівы голас, - але вы, здаецца, заблудзіліся. Ці не дазволіце... Ці не дазволіце мне паказаць вам дарогу? Вы дзе жывяце?..

Я назваў свой гатэль.

– Я праводжу вас... калі дазволіце, - адразу ж дадаў ён пакорлівым тонам.

Мне зноў зрабілася не па сабе. Гэтыя крокі побач, якія краліся, амаль нячутна, як прывід, і тым не менш неадступна, у змроку матроскага квартала выцеснілі паступова ўспаміны пра перажытае, замянілі іх нейкім неўсвядомленым замяшаннем. Я адчуваў пакорлівы выраз яго вачэй, не бачыў іх, але заўважаў паторгванне губ; я ведаў, што ён хоча са мною гаварыць, але і не заахвочваў і не спыняў яго, падпарадкоўваўся пачуццю здранцвеласці, якое авалодала мною і ў якім цікаўнасць спалучалася з фізічнаю скаванасцю. Ён некалькі разоў кашлянуў, я ўгадваў яго прыглушаныя спробы загаварыць, але нейкая жорсткасць, якую таямніча перадала мне тая жанчына, цешылася з барацьбы паміж сорамам і душэўным парывам унутры яго: я не прыходзіў яму на дапамогу, а даваў магчымасць маўчанню чорнаю сцяною паўставаць паміж намі. І ўразброд гучалі нашы крокі, ягоныя - плаўныя, старэчыя, мае - наўмысна гучныя і грубаватыя, яны імкнуліся як мага хутчэй пакінуць гэты брудны свет. Усё мацней адчуваў я напружанне, якое ўзнікла паміж намі: рэзкім, немым крыкам да канца нацягнутай струны было яго маўчанне, але вось нарэшце ён парушыў яго - і спачатку з якою страшэннаю нерашучасцю!
– і загаварыў:

– Вы там былі... вы там былі... паночку... сведкам дзіўнае сцэны... Прабачце... прабачце, што я зноў звяртаюся да яе... але яна, мусіць, здалася вам дзіўнаю... а я - вельмі смешным... Гэтая жанчына... бачыце...

Ён зноў запнуўся. Нейкі клубок падняўся ў яго ў горле. Потым яго голас панізіўся да шэпту, і ён паспешліва пралепятаў:

– Гэтая жанчына... яна мая жонка.

Я, мусіць, уздрыгнуў ад здзіўлення, бо ён паспяшаўся дадаць, быццам прасіў прабачэння:

– Бачыце... яна была маёю жонкаю... Гадоў пяць таму назад... у Герацгайме, у Гесэне, на маёй радзіме... Я не хацеў бы, паночку, каб вы дрэнна пра яе думалі... Гэта, мабыць, мая віна, што яна такая. Яна такою не заўсёды была... Я... я мучыў яе... Я ўзяў яе, хоць яна была вельмі бедная, нават бялізны ў яе не было, нічога, зусім нічога... а я багаты... лепш будзе сказаць, заможны... не багаты... скажам так, у мяне раней былі грошы... і ведаеце, паночку... я, мабыць - яна тут мае рацыю, - быў ашчадны... але ўсё гэта было раней, паночку, да няшчасця, і я сябе за гэта праклінаю... Але і тата мой быў ашчадны, і, можа, усе... І мне кожны пфеніг даваўся нялёгка... а яна была легкадумная, ёй падабаліся прыгожыя рэчы... а яна ж была бедная, і я ўвесь час папікаў яе гэтым... Мне не трэба было гэтага рабіць, цяпер я гэта ведаю, паночку, бо яна гордая, вельмі гордая... Вы не думайце, што яна такая, якою прыкідваецца... Гэта няпраўда, і яна сама сябе гэтым мучыць... толькі... толькі для таго, каб зрабіць мне балюча, каб памучыць мяне... і... бо... бо ёй самой сорамна... Можа, яна і сапраўды сапсавалася, але я... я ў гэта не веру... бо, паночку, яна была добрая, вельмі добрая...

Ён выцер вочы і спыніўся, спрабуючы перасіліць хваляванне. Міжвольна я паглядзеў на яго, і раптам ён перастаў здавацца мне смешным, і нават гэты дзіўны ўгодлівы зварот «паночку», якім карыстаюцца ў Германіі толькі ніжэйшыя саслоўі, болей не абураў мяне. Твар яго гаварыў пра тое, якіх намаганняў патрабуе кожнае слова, і калі ён, хістаючыся, цяжка ступаючы, пайшоў далей, вочы яго пільна ўглядаліся ў брук, як быццам ён чытаў на ім у хісткім святле тое, што так пакутліва вырывалася з яго здаўленай глоткі.

– Так, паночку, - сказаў ён, глыбока пераводзячы дыханне і зусім другім, нізкім голасам, які быццам выходзіў з самых патаемных глыбінь ягонай душы, - яна была вельмі добрая... і да мяне таксама, была вельмі ўдзячная за тое, што я выратаваў яе з галечы... і я ведаў таксама, што яна мне ўдзячная... але... я... хацеў гэта слухаць... зноў і зноў... зноў і зноў... мне было радасна слухаць удзячныя словы... паночку, гэтак бясконца радасна адчуваць, адчуваць, што я лепей за яе... хоць я і ведаў, што я горшы... Я аддаў бы ўсе свае грошы за тое, каб гэта ўвесь час слухаць... А яна была вельмі гордая і не хацела паўтараць, калі заўважала, што я патрабую гэтага, яе ўдзячнасці... Таму... толькі таму, паночку, прымушаў я яе заўсёды прасіць... ніколі не даваў дабравольна... Мне падабалася, што ёй трэба было прыходзіць і выпрошваць кожную сукенку, кожную стужку... Тры гады я гэтак мучыў яе, усё болей... але, паночку, было гэта толькі таму, што я яе кахаў... Мне падабалася, што яна гордая, але ўсё-такі я, вар'ят, заўсёды хацеў адолець яе гордасць, і калі яна чаго-небудзь прасіла, я злаваўся... Але ўсё гэта, паночку, было прытворства... для мяне была асалодаю кожная магчымасць яе ўнізіць, бо... бо я і сам не ведаў, як моцна кахаю яе...

Ён зноў змоўк. Ішоў ён, моцна хістаючыся. Пра мяне ён, відаць, забыўся. Гаварыў механічна, як са сну, і голас яго рабіўся ўсё гучнейшым.

– Гэта... гэта я зразумеў тады толькі, калі аднаго разу... у той злашчасны дзень... адмовіўся даць ёй грошай для яе маці, зусім нямнога... зрэшты, я ўжо падрыхтаваў іх, але хацеў, каб яна прыйшла яшчэ раз... яшчэ раз папрасіла... Дык што я казаў?.. Так, тады я гэта зразумеў, калі вярнуўся дадому, а яе не было, толькі запіска на стале... «Заставайся са сваімі праклятымі грошамі, мне болей нічога не трэба ад цябе»... вось што было напісана там, болей нічога... Паночку, я тры дні і тры ночы быў як шалёны. Прымусіў абшукаць лес і рэчку, сотні марак заплаціў паліцыі... абегаў усіх суседзяў, але яны толькі смяяліся і здзекаваліся з мяне... Нічога не ўдалося знайсці, нічога... Нарэшце мне сказалі ў суседняй вёсцы... што яе бачылі... у цягніку з нейкім салдатам... яна паехала ў Берлін... У той жа дзень і я туды паехаў... кінуў работу... страціў не адну тысячу... мяне абакралі мае работнікі, мой аканом, усе, усе... Але, клянуся вам, паночку, мне было ўсё роўна... Я застаўся ў Берліне, і недзе праз тыдзень знайшоў яе ў гэтым чалавечым віры... і пайшоў да яе...
– Ён перавёў дыханне.
– Паночку, клянуся вам... ні слова папроку не сказаў ёй... я плакаў... стаяў на каленях... прапаноўваў ёй грошы... усё сваё багацце, хай распараджаецца ім, бо ўжо тады ведаў... без яе я не магу жыць. Я кахаю кожны валасок яе... яе вусны... яе цела, усё, усё... і гэта ж я адзін саштурхнуў яе ўніз... Яна збялела як смерць, калі я нечакана ўвайшоў... я падкупіў яе гаспадыню, зводніцу, агідную, подлую жанчыну... Яна збялела як крэйда... Выслухала мяне. Паночку, мне здаецца, яна была... так, яна была амаль рада, убачыўшы мяне... Але калі я пачаў гаварыць пра грошы... а я ж зрабіў гэта толькі дзеля таго, каб паказаць ёй, што болей не думаю пра іх... то яна плюнула... а потым... бо я ўсё яшчэ не хацеў пакідаць яе... пазвала свайго палюбоўніка, і яны пачалі здзекавацца з мяне... Але я, паночку, усё роўна прыходзіў туды кожны дзень. Жыхары таго дома расказалі мне ўсё, я даведаўся, што гэты нягоднік яе кінуў, што яна жыве ў нястачы, і тады я пайшоў яшчэ раз да яе... яшчэ раз, паночку, але яна накінулася на мяне і парвала грошы, якія я потайкам паклаў на стол, а калі я ўсё-такі зноў прыйшоў, яе там не было... Чаго толькі не рабіў я, паночку, каб знайсці яе! Цэлы год, клянуся вам, я не жыў, а толькі высочваў яе, наймаў агентаў, пакуль не даведаўся нарэшце, што яна за морам, у Аргенціне... У адным... у адным дрэнным доме...

123
Поделиться с друзьями: