Вуліца ў месячным святле
Шрифт:
Ён не мог гаварыць далей і ледзь прахрыпеў апошнія словы. Потым зноў загаварыў, глуха, з натугаю:
– Я вельмі спалохаўся... спачатку... але потым падумаў, што толькі па маёй, толькі па маёй віне яна да гэтага дайшла... І я ведаў, як моцна павінна яна, небарака, пакутаваць... бо яна гордая, перш за ўсё гордая... Я пайшоў да свайго адваката, той напісаў консулу і паслаў грошай... але не напісаў, ад каго яны... каб толькі яна вярнулася. Мне тэлеграфавалі, што ўсё ўдалося... я ведаў, на якім параходзе... і чакаў яго ў Амстэрдаме... Прыехаў за тры дні да гэтага, так я гарэў ад нецярпення... Нарэшце ён прыйшоў. Які я быў шчаслівы, калі дым парахода паказаўся на гарызонце, я думаў, што ў мяне не хопіць сілы дачакацца, так паволі, паволі ён прычальваў, а потым пасажыры пачалі спускацца па сходнях, і нарэшце, нарэшце, яна... Я яе не адразу пазнаў... Яна была другая... нафарбаваная... і ўжо такая, якою вы яе бачылі... І калі яна заўважыла, што я прыйшоў сустрэць яе... яна пабялела... двое матросаў падхапілі яе, інакш яна ўпала б у ваду... Ледзь толькі яна ступіла на бераг, я падышоў да яе... Я не гаварыў нічога... спазма сціснула горла... Яна таксама не гаварыла нічога... і не глядзела на мяне... Насільшчык ішоў паперадзе з рэчамі, мы ішлі і ішлі... Раптам яна спынілася і сказала... паночку, як яна гэта сказала... так пакутліва-балюча мне зрабілася, так сумна гэта прагучала... «Ты ўсё яшчэ хочаш, каб я была тваёю жонкаю? Нават і цяпер?..» Я ўзяў яе за руку... Яна задрыжала, але не сказала нічога. Аднак я адчуваў, што цяпер усё зноў добра... Паночку, які шчаслівы я быў! Я скакаў вакол яе, як дзіця; калі мы зайшлі ў пакой, я ўпаў да яе ног... Гаварыў глупства, мусіць... бо яна ўсміхалася праз слёзы і мілавала мяне... вельмі нясмела, вядома... але, паночку... якое гэта было для мяне шчасце... маё сэрца млела... Я бегаў па лесвіцы ўніз, наверх, заказаў абед у гатэльнай рэстарацыі... наш вясельны абед... памог ёй адзецца... і мы пайшлі ўніз, елі, пілі, весяліліся. О, якая вясёлая яна была, як дзіця, такая сардэчная і добрая, і гаварыла пра наш дом... і як мы цяпер будзем зноў набываць усё... Але там...
– Голас яго раптам сарваўся, і ён зрабіў рукою жэст, быццам хацеў кагосьці скрышыць.
– Там... там быў адзін афіцыянт... дрэнны, подлы чалавек... ён падумаў, што я п'яны, бо я скакаў як ашалелы... і ледзь не падаў ад смеху... а я ж толькі быў шчаслівы... ах, такі шчаслівы, і вось... калі я заплаціў, ён даў мне здачу на дваццаць франкаў меней... Я на яго накрычаў і патрабаваў рэшту... Ён збянтэжыўся і паклаў залатую манету на стол... І тут... тут яна раптам гучна зарагатала... Я неўразумела паглядзеў на яе, але гэта быў другі твар... ён адразу стаў здзеклівы, жорсткі і злы... «Які ты ўсё яшчэ дакладны... нават у дзень нашага вяселля!» - сказала яна зусім холадна, рэзка... з жалем... Я спалохаўся, праклінаў сваю дробязнасць... спрабаваў зноў развесяліцца... Але яе весялосці як і не было... яна памерла... Яна патрабавала сабе асобны пакой... чаго б я не зрабіў дзеля яе... і я ляжаў ноччу адзін і ўсё думаў, што б ёй купіць раніцаю... як бы яе задарыць... паказаць ёй, што я не скнара... ніколі болей у адносінах да яе. І раніцаю я пайшоў і купіў ёй бранзалет, раненька, і калі я зайшоў да яе ў пакой... ён... быў пусты... зусім так, як і ў той раз. І я ведаў, на стале павінна быць запіска... Я выбег з пакоя, маліўся богу, каб гэта было не так... але... але... запіска ўсё ж такі ляжала там... У ёй было напісана...
– Ён запнуўся. Я міжволі спыніўся і паглядзеў на яго. Ён панурыў галаву. Потым хрыпла прашаптаў: - Там было напісана... «Пакінь мяне ў спакоі. Ты мне агідны...»
Мы ўжо падышлі да гавані, і раптам у цішыню ўварвалася шумнае дыханне блізкага прыбою. З бліскучымі вачамі, нібы вялікія чорныя жывёліны, стаялі там караблі, адны блізка, другія далей; аднекуль гучала песня. Усё было нейкае няяснае, і ўсё-такі многае адчувалася - жудасны сон і неспакойныя мары ўсёпаглынальнага горада.
Побач з сабою я бачыў прывідны цень гэтага чалавека, ён падрыгваў у мяне пад нагамі, то расплываўся, то сціскаўся ў хісткім цьмяным святле ліхтароў. У мяне не было ні слоў суцяшэння, ні аб чым спытацца, але маўчанне яго быццам ліпла да мяне, душыла сваім цяжарам. Раптам ён схапіў мяне за руку і дрыготкім голасам працягваў:
– Але я не паеду адсюль без яе... Я зноў знайшоў яе праз некалькі месяцаў... Яна мучыць мяне, але я не адступлюся... Малю вас, паночку, пагаварыце з ёю... Яна павінна быць маёю, скажыце ёй гэта... мяне яна не слухае... Я болей не магу так жыць... Я не магу болей бачыць, як мужчыны ходзяць да яе... і чакаць каля дома, пакуль яны не спусцяцца ўніз... вясёлыя і п'яныя... Уся вуліца ўжо ведае мяне... з мяне смяюцца, калі я стаю і чакаю... я ад гэтага шалею і ўсё-такі кожны вечар прыходжу зноў... Паночку, пагаварыце з ёю... я вас не ведаю, але зрабіце ласку, богам прашу... пагаварыце з ёю...
Я міжвольна паспрабаваў вырваць руку. Мне было страшна. Але калі ён адчуў, што я хачу трымацца ў баку ад яго гора, ён раптам укленчыў пасярод вуліцы і абхапіў мяне за ногі.
– Малю вас, паночку... Вы павінны з ёю пагаварыць... Павінны... інакш... інакш здарыцца няшчасце... Я патраціў усе свае грошы, шукаючы яе, і тут я яе не пакіну... жывою не пакіну... Я купіў сабе нож... У мяне, паночку, ёсць нож... Я яе не пакіну тут... жывою не пакіну... Я не знясу гэтага... Пагаварыце з ёю, паночку...
Ён як шалёны курчыўся перада мною. У гэты момант у канцы вуліцы паказаліся двое паліцэйскіх. Я сілай прымусіў яго ўстаць. Хвіліну ён разгублена глядзеў на мяне. Потым сказаў нейкім чужым голасам, суха і адрывіста:
– Пойдзеце па вунь той вуліцы. Там ваш гатэль.
– Яшчэ раз утаропіўся ён на мяне вачамі, у якіх зрэнкі быццам расплавіліся ў нейкай жахліва белай пустаце. Потым ён знік.
Я мацней захутаўся ў плашч. Мяне трэсла. Толькі стомленасць адчуваў я, нейкае дзіўнае ап'яненне, без пачуцця, чорнае, пурпуровае, быццам я спаў на хаду. Я хацеў сабрацца з думкамі і ўсё абдумаць, але кожны раз падымалася гэтая чорная хваля стомленасці і несла мяне з сабою. Я ледзь дабраўся да гатэля, зваліўся на ложак і заснуў тупа, як жывёліна.
Назаўтра раніцаю я ўжо не ведаў, што ў гэтым здарэнні было яваю, а што сном, і падсвядома працівіўся таму, каб у гэтым разабрацца. Прачнуўся я позна, чужы ў чужым горадзе, і пайшоў аглядаць царкву, якая, як мне сказалі, славілася старажытнай мазаікай. Але вочы мае не ўспрымалі таго, што бачылі, усё болей выразна паўставала ў памяці сустрэча мінулае ночы, і мяне неадольна пацягнула на тую вулічку, да таго дома. Але гэтыя дзіўныя вуліцы жывуць толькі ўначы, удзень на іх шэрыя халодныя маскі, пад якімі пазнаць іх можа толькі дасведчаны чалавек. Я не знайшоў гэтай вулічкі. Стомлены і расчараваны вярнуўся я дадому, мяне мучылі карціны не то трызнення, не то рэальнасці.
Цягнік мой адыходзіў у дзевяць гадзін вечара. З жалем пакідаў я горад. Насільшчык падняў мае рэчы і, ідучы паперадзе, панёс іх да вакзала. І раптам на адным скрыжаванні вуліц нешта быццам токам ударыла мяне, і я спыніўся: я пазнаў папярочную вулічку, якая вяла да таго дома, загадаў пачакаць насільшчыку - ён спачатку не зразумеў нічога, але тут жа ўхмыльнуўся з нахабнаю фамільярнасцю - і пайшоў зірнуць яшчэ раз на вуліцу, на якой са мною здарылася гэтая прыгода.
Было цёмна, цёмна, як учора, і ў цьмяным месячным святле паблісквалі зашклёныя дзверы таго дома. Я хацеў яшчэ раз падысці бліжэй, але тут нешта заварушылася ў змроку. Са страхам пазнаў я ўчарашняга знаёмага; ён сядзеў на парозе і знакамі падзываў мяне падысці бліжэй. Мяне ахапіў жах, я хуценька падаўся назад, з-за маладушнай боязі, каб не ўблытацца ў якую-небудзь гісторыю і не спазніцца на цягнік.
Але, падышоўшы да скрыжавання, я, перш чым завярнуць за вугал, яшчэ раз азірнуўся. Калі мой позірк спыніўся на ім, ён ускочыў, кінуўся да дзвярэй і рэзка рвануў іх на сябе. Нешта металічнае бліснула ў яго руцэ: я здалёку не мог разгледзець, манеты ці лязо нажа гэтак па-здрадніцку бліснулі ў месячным святле...