Вяртанне з апраметнай
Шрифт:
– Раней ты такой не была, – гэтыя словы даляцелi да Ядзiных вушэй ужо з гаманлiвага iнтэрнацкага калiдора.
– Усе мы калiсьцi кiмсьцi былi, – адчайна ўскрыкнула Ядзя i, абхапiўшы галаву рукамi, зайшлася ў роспачным плачы.
Так жыць яна не магла. Душны iнтэрнацкi пакой выклiкаў гiдлiвасць i пагарду, ужо смешнымi, нават iдыёцкiмi здалiся паводзiны ў звадзе з Калеснiкам.
«У Сержа i сапраўды магла быць важная сустрэча, – апраўдваючы каханка, думала Ядзя; неаднойчы чутыя тэлефонныя размовы тычылiся грашовых спраў i цяпер зусiм па-iншаму тлумачылi паводзiны Калеснiка. – Ён не бегаў, як Шаўцоў, па таварных станцыях, не разгружаў вагоны, але ж за нешта трэба было шыкаваць. Значыць, i сапраўды Серж зарабляў грошы i, канечне, у кватэры сустракаўся з дзелавымi людзьмi. Ён аберагаў мяне ад лiшняга клопату, а я, дурнiца, звычайную сiтуацыю ператварыла ў жудасны сон… Усё, хопiць, к чорту гонар, к чорту Шаўцова, я хачу быць з Сержам i толькi з iм!»
Праз гадзiну Ядзя паспешлiва ўвайшла ў пад’езд. Яна хвалявалася, нават памылкова заехала ў лiфце паверхам вышэй кватэры Калеснiка. Прыдзiрлiва агледзеўшы сябе ў маленькiм люстэрку, Ядзя падмалявала вусны, прыпудрыла шчокi, нос i, крыху супакоiўшыся, пачала спускацца па лесвiцы ўнiз. І раптам каля Калеснiкавых дзвярэй убачыла высокую русявую дзяўчыну гадоў дваццацi пяцi, апранутую ў строгi, зеленаватага колеру касцюм. Дзяўчына, вiдавочна, спяшалася. Раз-пораз паглядаючы на гадзiннiк, яна бесперапынку званiла ў дзверы. Ядзя адчула сябе нядобра, на адразу ацяжэлых ватных нагах паднялася вышэй, каб яе не было бачна, i стомлена села на прыступку. Ад думкi, што там, ля дзвярэй, новая Сержава каханка, зрабiлася млосна, гарачая хваля рэўнасцi ўскалыхнула пачуццi, болем апякла душу.
Нарэшце дзверы рыпнулi, i да слыху даляцеў да болю знаёмы голас.
– Iра? – здзiвiўся Калеснiк. – Што здарылася?
– Прабачце, Сяргей Мiкалаевiч, але я па разлiк, – адным духам умольна выпалiла дзяўчына.
«Яна назвала яго Сяргеем Мiкалаевiчам, – адразу адзначыла Ядзя, – значыць, яны не каханкi… Якое шчасце! Ён мой!..»
– Мо зойдзеш у кватэру? – з трывогай у голасе прапанаваў Калеснiк.
– Мяне чакае таксi, – ужо больш спакойна прагаварыла дзяўчына, – i я выходжу замуж.
– Ты парушаеш угавор, – сярдзiта прабурчаў Калеснiк. – Хто цябе заменiць?
– Сяргей Мiкалаевiч, мой будучы муж – вайсковец, i мы ўсё вырашылi: сёння вечарам ляцiм у Маскву, а заўтра – у Петрапаўлаўск-Камчацкi. Я спадзяюся на Вашу сумленнасць: жанiх не павiнен нiчога ведаць.
– Я не вораг нi табе, нi сабе, – усмiхнуўся Калеснiк. – Мы добра папрацавалi, толькi на ўсю долю не разлiчвай.
– Нам так патрэбны грошы, – умольна ўздыхнула дзяўчына.
– Пошук замены будзе каштаваць дваццаць працэнтаў, – рэзка перапынiў яе Калеснiк. – Зараз прынясу, што вiнен.
Калi Iрына пайшла, Ядзя яшчэ з паўгадзiны тулiлася ля сцяны на лесвiчнай пляцоўцы, разважала, спрабуючы зразумець, пра якую работу яны гаварылi, але так i не змагла ўцямiць, асэнсаваць пачутае. Больш марудзiць не магла, наважылася i з замiраннем сэрца нацiснула на кнопачку званка. Дзверы адчынiлiся нечакана хутка. Убачыўшы Ядзю, Калеснiк у першы момант разгубiўся. Было вiдавочна, што ён кагосьцi чакаў, толькi не яе. Канфуз доўжыўся нейкую хвiлiну, у наступны момант ён шчыра ўсмiхнуўся, твар засвяцiўся радасцю, Калеснiк саступiў месца на ўваходзе, запрашаючы Ядзю ў кватэру. У дзяўчыны трывожна тахкала сэрца, хацелася кiнуцца ў абдымкi да каханага, але яна стрымала гэты парыў, не наважылася. Нешта перашкаджала першай пайсцi на прымiрэнне.
– Вось ключы прынесла, – няўпэўнена працягнула яна ключы ад кватэры.
Iх вочы сустрэлiся. Калеснiк, не зважаючы на працягнутую руку, на расчыненыя дзверы, таропка хiстануўся да Ядзi, аберуч абхапiў i моцна прыцiснуў да сябе.
– Я думаў, ты нiколi не вернешся, – цалуючы Ядзю ў вусны, вочы, выдыхнуў ён, – я больш нiкуды цябе не адпушчу.
Напачатку яна вяла сябе стрымана, што нi кажы, а яна жанчына i вымушана выканаць ролю беспадстаўна пакрыўджанай. Але ж як утрымаешся, калi думкi, душа, цела даўно чакалi гэтага моманту, i дзяўчына прагна адказала на Калеснiкавы пацалункi.
Цэлы дзень яны прабылi ўдваiх. Серж, як нi дзiўна, нават не адказваў на тэлефонныя званкi. Хтосьцi званiў у дзверы, нават грукаў, але Калеснiк толькi мацней абдымаў каханку i шаптаў: «Сёння наш дзень i мы нiкога больш не хочам бачыць i чуць…» I ўсё ж Ядзя адчувала, што Сержа нешта турбуе, яна заўважала на сабе ягоныя прыдзiрлiвыя позiркi.
– Я хачу з табой пагаварыць, – наважыўся Калеснiк пасля некалькiх чарак каньяку.
– Пра Iру? – не сцярпела, здзеклiва спытала Ядзя.
– Ты яе ведаеш? – нечакана здзiвiўся Серж i весела зарагатаў. – Калi так, то гэта ўсё мяняе… Баба з воза – кабыле лягчэй.
– Я выпадкова пачула вашу сённяшнюю размову, толькi не зразумела, пра што гаварылi, – Ядзя ўстрывожана паглядзела на Калеснiка. – Ясна толькi, што ў цябе дзелавая сустрэча i, пэўна, ты захочаш, каб я начавала ў iнтэрнаце. Так?
– Наадварот, я хачу, каб ты засталася, – Калеснiк каўтануў поўную чарку каньяку i сур’ёзна дадаў: – Мы з Iрынай рабiлi важную справу, цяпер яе няма, i я хачу, каб ты замянiла яе.
– У чым? – сцiшылася Ядзя; яна адчула, як у душы варухнулася злосць на Iрыну, якая ўвесь гэты час была побач з Сержам.
– Работа не зусiм звычайная, але капейку зараблялi добрую, – п’янавата ўздыхнуў Калеснiк. – Мы працавалi ўтраiх: я, Iрына i Iван. Iрыну ты бачыла, Iван вучыцца на адным факультэце са мной. Цяпер Iрына паехала, а без прыгожай жанчыны наш бiзнес лопне.
– Я згодна дапамагчы, толькi што трэба рабiць?
– Дай слова, што наша размова застанецца памiж намi, – ўзяўшы Ядзю за рукi, сцiшана прагаварыў Калеснiк i ласкава пагладзiў далонi, пацалаваў.
– Канечне, любы, – пагадзiлася заiнтрыгаваная Ядзя.
Серж яшчэ выпiў каньяку, закусiў тонка парэзаным i густа пасыпаным цукрам лiмонам.
– Ты, пэўна, заўважала, што я жыву не па сродках?
Ядзя згодна кiўнула i таксама надкусiла скрылёк лiмона.
– Бацькоўскiх грошай хапае на тыдзень, а дзе браць астатнiя? – зноў спытаўся ў дзяўчыны Калеснiк.
Ядзя з цiкаўнасцю глядзела на Сержа i моўчкi чакала тлумачэнняў.
– Неяк я пажартаваў, – прыплюшчыўшы вочы, засяроджана працягваў Калеснiк, – выпадкова сфатаграфаваў знаёмага студэнта i дзяўчыну, што была з iм. Яны не зачынiлiся ў iнтэрнацкiм пакоi i спалi ў абдымках. Не ўцярпеў, зрабiў некалькi здымкаў i паказаў хлопцу. Пасля гэтага доўга хадзiў з падбiтым вокам. Жарт не ўдаўся, каханка аказалася замужняй, i сустракалiся яны тайна. Разумееш, пра што хачу сказаць? Сiняк прайшоў, а iдэя засталася, яна не давала спакою, стрэмкай упiлася ў мазгi. Прыйшоў такi дзень, калi я наважыўся рэалiзаваць свой план. Iрына з Iванам больш за ўсё падыходзiлi, бо былi вiнны мне грошы, i, канечне, пагадзiлiся. Мая задача заключалася ў тым, каб знайсцi клiента i пазнаёмiць увечары з Iрынай.
– Ты прымушаў яе?.. – Ядзя адхiснулася ад Калеснiка. – Ты займаешся сутэнёрствам?
– Май цярпенне выслухаць, – абурыўся Серж. – Я прыдумаў iншы i больш надзейны спосаб, як прымусiць чалавека, заўваж – самому, аддаць нам грошы. Знаёмiлiся мы звычайна ў рэстаране, потым Iрына вяла клiента на кватэру, пiлi шампанскае. Якi мужчына адмовiцца ад глытка шыпучага напiтку перад тым, як легчы ў пасцель з прыгожай дзяўчынай? Iрына ўпотайкi падсыпала ў шклянку снатворнае, i праз дзесяць – дваццаць хвiлiн клiент засынаў. Я i Iван чакалi сiгналу: даволi толькi мiргнуць святлом, i мы тут як тут. Спячага клiента распраналi, укладвалi ў ложак. Голая Iрына побач з iм. Фатаграфавалi, а ранiцай Iван выконваў ролю раз’ятранага мужа, якi нечакана вяртаўся з камандзiроўкi цi яшчэ адкуль-небудзь. Я – сябра сям’i, i таксама з’яўляюся ранiцай. Клiенту нiчога не застаецца, як прасiць мяне выручыць. Канечне ж, я ўладкоўваю справу так, што Iван з Iрынай быццам бы вырашаюць скасаваць шлюб, але клiента ў судзе не ўспомняць: у яго ж таксама ёсць жонка i дзецi… Звычайна ў такiх сiтуацыях мужчыны не таргуюцца, плацяць столькi, колькi скажам.