Вяртанне з апраметнай
Шрифт:
Але Ядзя памылялася, Калеснiк нават не заiкнуўся пра грошы i наогул у першую сустрэчу паводзiў сябе падкрэслена суха, нават афiцыйна, быццам нiчога агульнага iх не звязвала. Гэтая сухасць нават ранiла Ядзiна самалюбства, але як толькi яна даведалася пра прычыну нечаканага вiзiту, забылася на ўсё i ледзь не кiнулася да былога каханка з пацалункамi. Ён прапанаваў ёй працаваць на гарадскiм кiрмашы. Ядзя адразу зразумела перавагi новай работы, тым больш на пасадзе намеснiка дырэктара, i не хавала радасцi. Яна нават пачала какетнiчаць з Калеснiкам, некалькi разоў узгадала пра ранейшае сумеснае жыццё, але былы каханак зрабiў выгляд, што не разумее яе даволi шчырых намёкаў. Ён пакiнуў Ядзi вiзiтоўку дырэктара кiрмаша Валасевiча i хуценька, унiкаючы Ядзiных позiркаў, развiтаўся.
Цяпер Ядзi было не да адпачынку. Яна здала бiлет на самалёт у касу i на другi дзень пасля сустрэчы з Калеснiкам была ў Валасевiча. Дырэктар выглядаў гадоў на пяцьдзясят, быў невысокi, шыракатвары, з тоўстым, як дуля, носам i маленькiмi шэрымi вочкамi, што хiтра пазiралi з-пад густых чорных броваў.
– Пiшыце заяву, – пачуўшы, хто раiць Ядзю, сказаў ён, пранiзлiва агледзеў будучага намеснiка з ног да галавы i задаволена кашлянуў у кулак: вiдавочна, яна яму падабалася.
– Адразу заяву? – не паверыла вушам Ядзя.
– Вы прыйшлi працаваць цi задаваць пытаннi? Калi ставiць пытаннi, то трэба ўладкоўвацца ў мiлiцыю, – твар дырэктара расплыўся ва ўсмешцы, ён быў задаволены сваiм жартам. – Мне рэкамендавалi Вас, Ядвiга Станiславаўна, як адукаванага, а галоўнае, надзейнага работнiка. Спадзяюся, мы паладзiм…
4
Алесь Крывiцкi вось ужо тыдзень ацiраецца на мiнскiм кiрмашы, сноўдаецца без усялякай справы, засунуўшы рукi ў кiшэнi. Даўгаваты брыль чорнага скуранога капелюша прыкрывае лоб, вочы. Сярэдняга росту, хударлявы, у пацёртых джынсах i зацыраванай у некалькiх месцах скураной куртцы, ён нiчым не вылучаецца ў шматлюдным гурце. Шэрыя пранiклiвыя вочы пазiраюць з-пад брыля падкрэслена бесклапотна i сумна. Усiм сваiм выглядам ён паказвае абыякавасць да кiрмашнай мiтуснi. Калi назiраць за iм, то можа здацца, што хлопец прыйшоў сюды толькi дзеля цiкаўнасцi, ад няма чаго рабiць. Але гэта не так, Крывiцкi – iнспектар крымiнальнага вышуку, i ён на рабоце. Праўда, каб хто спытаўся, што за работа, якiя абавязкi, Крывiцкi, пэўна, не змог бы адказаць, бо i сам дакладна не ведаў.
Два тыднi таму яго, iнспектара крымiнальнага вышуку Шаркаўшчынскага аддзела мiлiцыi, што на Вiцебшчыне, адкамандзiравалi ў Мiнск, у групу маёра Астроўскага. Гэта было нечаканасцю, асаблiва для начальства. Для ўсiх засталося незразумелай, амаль невырашальнай таямнiцай: чаму менавiта Крывiцкага? Ёсць лепшыя сышчыкi, а ён толькi год, як скончыў акадэмiю мiлiцыi, i яшчэ не мае патрэбнага вопыту. Але ж хто рызыкне даваць парады сталiчнаму начальству? Крывiцкi адразу для ўсiх стаў «адрэзаны акраец». Хтосьцi з зычлiўцаў выказаў здагадку, што ў лейтэнанта ў Мiнску засталася дзяўчына, дачка нейкай мiнiстэрскай «шышкi», i зразумела, што за камандзiроўкай будзе i перавод. Iншых версiй не было, i ўсе пагадзiлiся з хуткiм Алесевым жанiхоўствам. Крывiцкага ж больш здзiвiла не плётка пра нявесту, а тое, што да яго адразу ўсе пачалi звяртацца толькi на «Вы», нават начальнiк мiлiцыi…
Сам Алесь успрыняў камандзiроўку як належнае: што нi кажы, а за мiнулы год ён разблытаў некалькi рабаванняў, чатыры крадзяжы, затрымаў узброенага злачынца, таму з гонарам лiчыў, што яго заўважылi. Але маёр Астроўскi падчас першай сустрэчы астудзiў, збiў з Крывiцкага пыху. Маёру патрэбны быў сышчык з «глухой перыферыi», якога ў сталiцы нiхто не ведаў, а Васiль Мiрончык, сябрук па мiлiцэйскай акадэмii, параiў яго, Крывiцкага.
Крывiцкi адчуў сябе нiякавата, калi даведаўся сапраўдную прычыну гэтай камандзiроўкi, але адразу супакоiў сябе тым, што, у любым выпадку, прадстаяла цiкавая работа. Яго пасялiлi ў аднапакаёўцы на Пугачоўскай вулiцы, недалёка ад кiрмашу, i Астроўскi ўдакладнiў задачу: «Абжывацца, прыглядацца i, галоўнае, – вывучаць кiрмаш». Крывiцкi пакуль што з усёй групы ведаў толькi Астроўскага i Мiрончыка. Ён атрымаў тэлефон хуткай сувязi i сувязнога – Васiля. Маёр у першую сустрэчу папярэдзiў Алеся, каб на пэўны час забыўся, што ён мiлiцыянер, не праяўляў нiякай самастойнасцi, быў непрыкметны – вось i ўся задача! У Крывiцкага адразу ўзнiклi пытаннi, толькi што зробiш: загады трэба выконваць, а не абмяркоўваць. Ён зразумеў, што перш чым Астроўскi ўсё раскажа яму пра нейкую сакрэтную аперацыю, да яго будуць таксама прыглядацца i вывучаць. Гэта ранiла самалюбства, ды Алесь ведаў, што так павiнна быць – маёр робiць правiльна.
Крывiцкi паслухаўся Астроўскага: вывучаў гарадскi кiрмаш. За тыдзень бадзяння там у яго з’явiлiся не толькi пытаннi да маёра.
«Што вывучаць? Да чаго прыглядвацца?» – злаваўся Алесь.
Ён пазiраў на доўгiя сталы, аблепленыя прадаўцамi, быццам чмялямi, што зляцелiся на мёд. Здавалася, нават паветра тут iншае, нейкае гарачае, шыпячае, быццам расплаўленае. У нейкi момант людзi i сапраўды рабiлiся падобнымi на чмялёў.
«Тут не прыглядвацца трэба, а палову з iх саджаць… Вось хоць бы тая маладжавая кабета, што круцiцца каля ўвахода. Тыдзень прадае кiтайскi пухавiк-палiто. Разоў шэсць бачыў, як яго куплялi, нават сам прымяраў, але праз паўгадзiны цётка зноў трымае ў руках тое самае палiто з рукавом, якi крыху ўпэцканы ў зеленаватую фарбу. Значыць, не пухавiк яна прадае, а тое, што схавана ў iм, зашыта пад падкладку цi ў кiшэнях. А вось тая чацвёрка – рэкецiры. Сам бачыў, што бяруць грошы з прадаўцоў i з каўказцамi ў iх нейкiя асабiстыя стасункi. Бывае, гавораць так, быццам сябры, сто гадоў не бачылiся, гатовыя цалавацца, а iншым разам ледзь не б’юцца. Адразу вiдаць, што каўказцы прадаюць не толькi мандарыны. У рэкецiраў адчуваецца дысцыплiна i нешта падобнае на дзяжурства. Сённяшняя чацвёрка, напрыклад, была тут у мiнулы чацвер. Гэта ж колькi iх, калi ў кожнай чацвёркi свой дзень? А вунь платны п’янiца i хулiган. Сядзiць сабе чалавек крыху пад мухай i быццам дрэмле каля ўвахода ў будынак адмiнiстрацыi. Але як толькi з’яўляюцца мiлiцыянты, ён прыцягвае да сябе iх увагу, пачынае крычаць, чапляцца да людзей, мацюкацца. Мiлiцыянты адразу чуюць, дзе парушэнне грамадскага парадку, i забiраюць п’янага. Толькi гэтае месца вольным не бывае, яго тут жа займае другi… I так дзень у дзень: забiраюць адных i тых i праз пэўны час адпускаюць. А п’яны зноў сюды, быццам на дзяжурства. Вось толькi незразумела, каго яны папярэджваюць?»
За тыдзень Крывiцкi так нагледзеўся на кiрмашнае жыццё, што ледзь не ванiтавала ад убачанага. Было крыўдна за мiлiцыю, за мясцовых сышчыкаў, благiя думкi бударажылi душу. Алесь не мог паверыць, што першы «вывучае» дзейнасць кiрмашных пастаяльцаў.
Iдучы да латкоў, дзе прадавалi садавiну, Крывiцкi ўзрушана разважаў пра падзеi апошнiх дзён, як у вочы кiнуўся невысокi чарнявы мужчына, апрануты ва ўсё джынсавае. Ён стаяў у чарзе за высокай жанчынай i пра нешта гаварыў. Жанчына ўважлiва слухала i не бачыла, як правая рука чарнявага расшпiлiла сумачку i ў наступны момант зеленаваты кашалёк знiк у ягонай кiшэнi. Крывiцкi ледзь стрымаўся, каб не кiнуцца i не перахапiць руку кiшэннага злодзея, але ў апошнi момант узгадаў Астроўскага i, адчуваючы сваю бездапаможнасць, зласлiва плюнуў пад ногi. Ён, не прымаючы нiякiх захадаў, хутчэй машынальна, iшоў услед за кiшэнным злодзеем, якi порстка крутнуўся з чаргi i амаль подбегам шыбаваў да выхаду. Ён спынiўся каля сметнiка, i Алесь бачыў, як туды паляцеў пусты кашалёк. Чалавек употайкi зiрнуў на тое, што засталося ў руцэ, i весела ўсмiхнуўся. Менавiта гэтая беспакараная блазенская ўсмешка штурханула Крывiцкага да тэлефона. Ён быў злы на ўвесь свет i, калi са слухаўкi пачуўся разважлiвы барытон Астроўскага, не павiтаўшыся, адным духам выпалiў:
– Гэта Крывiцкi. Так працаваць не магу, прашу дазволу на сустрэчу.
Ён хацеў крыху патлумачыць прычыну незапланаванага спаткання, але Астроўскi паспешлiва перапынiў:
– Буду на Пугачоўскай а дваццаць другой гадзiне…
Маёр Астроўскi выглядаў стомленым i старэйшым за свае сорак два гады. Невысокi, удумлiвы, ён насiў кароткiя, пад вожык валасы, меў няправiльнай формы нос, перабiты кастэтам гадоў пятнаццаць таму, калi затрымлiваў рабаўнiка. Прычоска i нос надавалi яму выгляд суровага i непрыступнага чалавека. Апошнiя днi ён не адчуваў звычайных яго характару ўпэўненасцi i душэўнай раўнавагi, з’явiлiся незразумелыя падазронасць i насцярожанасць пры прыняццi самых звычайных i простых рашэнняў. Астроўскi разумеў, што гэтая нервовая ўзбуджанасць, незадаволенасць, якая часцяком пераходзiла ў апатыю, невыпадковыя. Усё пачалося з таго моманту, калi ён узначалiў групу па раскрыццi забойства капiтана Бусла. Першае, што ён зрабiў, – пазнаёмiўся з крымiнальнымi справамi, якiмi займаўся капiтан. Прачытаўшы пра спробу крадзяжу наркотыкаў з фармацэўтычнай фабрыкi, пра забойства ў бальнiцы шафёра Кузаўкова, паспешлiвы арышт раней судзiмага Скакуна па мянушцы Князь, Астроўскi не сумняваўся, што менавiта на гэтай справе паслiзнуўся Бусел. Было не ўсё ясна з чалавекам, якi тэлефанаваў капiтану. Ён пасля смерцi Бусла нiчым пра сябе не нагадаў, як скрозь зямлю правалiўся. Адсюль i думка: а цi не спецыяльна ён так рабiў? Чаму невядомы, цi, як яго ахрысцiў капiтан, «добраахвотнiк», выбраў менавiта Бусла? Чаму не пракурора, не суддзю? I потым, не зусiм зразумелая паспешлiвасць, з якой Бусел затрымаў Князя, i ягоная ўпэўненасць, нават перакананасць у дачыненнi Скакуна да забойства Кузаўкова. Капiтан – сышчык вопытны, давяраць на ўсе сто працэнтаў «добраахвотнiку» не мог. Значыць, было нешта яшчэ, чаго ў рапартах Бусла няма. У Князя алiбi створана самой мiлiцыяй: у ноч забойства быў затрыманы ў п’яным стане на вакзале i змешчаны ў выцвярэзнiк. Ён, канечне, атрымае сваё за захоўванне зброi, але ж у раскрыццi забойства шафёра фармацэўтычнай фабрыкi i капiтана Бусла анiякiх зачэпак. I яшчэ адна акалiчнасць устрывожыла Астроўскага. На фармацэўтычную фабрыку ён накiраваў лепшых агентаў. Яны мелi неабходную адукацыю, добра складзеныя легенды, але на трэцi дзень адзiн «выпадкова» трапiў пад электракару i зламаў нагу, другi ў абедзенны перапынак выпiў бутэльку кефiру i з цяжкiм атручваннем быў дастаўлены ў бальнiцу. Канечне, усё выглядала праўдзiва, толькi Астроўскi зразумеў, што агенты рассакрэчаны i яшчэ добра адкруцiлiся, раз засталiся жывыя. I яшчэ ён зразумеў, што працуе ў правiльным накiрунку: як толькi знойдзе забойцу шафёра i тых, хто гэта задумаў, стануць вядомыя i забойцы капiтана Бусла. Хоць цяпер раскрыццём забойства Кузаўкова займаюцца iншыя людзi, маёр вырашыў весцi паралельнае следства. Але пра гэта нiхто не павiнен ведаць, ляпсус з агентамi на фармацэўтычнай фабрыцы – вельмi наглядны i не даравальны таму прыклад. Iдэя накiраваць на гарадскi кiрмаш свайго чалавека, прафесiйнага сышчыка, узнiкла не адразу. Маёр не надта спадзяваўся на поспех, але трэба было рызыкаваць. Па-першае, капiтан Бусел узгадваў у сваiх паперах кiрмаш, пра яго гаварыў «добраахвотнiк». Арыштаваны Князь таксама сцвярджаў, што купiў зброю на кiрмашы ў каўказцаў.
Астроўскi, седзячы ў кабiнеце начальнiка крымiнальнага вышуку горада палкоўнiка Качана, машынальна рабiў запiсы ў службовым блакноце. Iшло чарговае пасяджэнне, падводзiлiся вынiкi не так даўно праведзенай праверкi. Некаторыя ўставалi самi i давалi звесткi, пераканаўча спасылалiся на лiчбы. Прозвiшчы некаторых называлi, i тады пунсовыя маёры, падпалкоўнiкi таропка ўскоквалi i тлумачылi хiбы па сваiх накiрунках дзейнасцi. Астроўскi ведаў цану гэтым патрэбным для галачкi пасяджэнням. Каб ад таго, як сышчыкi валодаюць лiчбамi аб раскрытых i нераскрытых злачынствах i сапраўды паляпшалася раскрыццё, пэўна, усе толькi i займалiся б, што пасяджэннямi.
Думкi маёра былi скiраваны да гарадскога кiрмашу, да лейтэнанта Крывiцкага, якi, канечне ж, пачынае нервавацца, трацiць кантроль над сабой. Астроўскi здагадваўся пра прычыну неспакою Крывiцкага, нават быў упэўнены, што дакладна яе ведае. Упершыню ўбачыўшы лейтэнанта, хуткага, непаседлiвага халерыка, падумаў, што ён i двух дзён не вытрымае ад вымушанай бяздзейнасцi. Аж не, лейтэнант аказаўся з характарам, тыдзень цярплiва выконваў ягоны не зусiм ясны, а таму незразумелы загад «вывучаць кiрмаш». Праз тыдзень у Крывiцкага здалi нервы, але Астроўскi быў задаволены навiнамi, якiя чуў ад лейтэнанта. Усё гаварыла за тое, што ён, даверыўшыся лейтэнанту Мiрончыку, не памылiўся, Крывiцкi – той чалавек, якi патрэбен. Калi быць шчырым, не кожны сышчык здатны на ролю, якую выконвае Крывiцкi. Ён добра ўмее абагульняць, робiць правiльныя, лагiчныя высновы i, галоўнае, у яго iнтуiцыя на ліхадзеяў, а гэта не кожнаму дадзена.
Пасля правалу на фармацэўтычнай фабрыцы Астроўскi стаў больш асцярожны, ён улiчваў, што за iм могуць сачыць. Каб пазбегнуць нечаканасцей i не правалiць явачную кватэру, ён доўга блукаў па горадзе, на вакзале ўзяў таксi, даехаў да Першамайскага аддзела мiлiцыi, зайшоў у будынак, праз запасны выхад джгануў у двор, адтуль на суседнi завулак i на вулiцу Калiнiна. Нiякiх назiральнiкаў за сабой не заўважыў, але, як кажуць, беражонага Бог беражэ.
У прызначаны час маёр быў на вулiцы Пугачоўскай. Убачыўшы ўзбуджанага Крывiцкага, Астроўскi зразумеў, што не памылiўся наконт настрою лейтэнанта. Маёр, прыхiльна ўсмiхаючыся, паздароўкаўся за руку з Крывiцкiм i, кiўнуўшы на попельнiцу, у якой высiлася гара недакуркаў, хiтнуў галавою: